Главная Обратная связь

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)






Тэма 7. Партызанская і падпольная барацьба на акупаванай тэрыторыі Беларусі



14.

15. Станаўленне і развіццё партызанскага руху. Складаная міжнародная сітуацыя 30-х гг. вымусіла савецкі ўрад на выпадак нападу фашысцкай Германіі пачаць ўздоўж заходняй мяжы падрыхтоўку да партызанскай барацьбы, якой займаліся партыйныя органы і камандуючы войскамі Беларускай ваеннай акругі І.П. Убарэвіч, прыхільнік тэорыі ўзаемадзеяння рэгулярных войскаў з партызанамі. На захад ад лініі Полацкага, Мінскага, Слуцкага і Мазырскага ўмацаваных раёнаў органамі дзяржбяспекі стваралася заканспіраваная сетка абучаных падпольных дыверсійных груп і дыверсантаў-адзіночак у гарадах і на буйных чыгуначных вузлах, фарміраваліся Бабруйскі, Барысаўскі, Мазырскі, Мінскі, Полацкі, Слуцкі манеўраныя партызанскія атрады па 300 – 500 чал. кожны на чале з К.П. Арлоўскім, С.А. Ваўпшасавым, В.З. Коржам, С.А. Макарэвічам, А.М. Рабцэвічам, А.К. Спрогісам. У склад партызанскіх фарміраванняў уваходзілі камуністы, камсамольцы, удзельнікі грамадзянскай вайны, якія прайшлі спецыяльнае навучанне ў закрытых школах. У лясах для кожнага атрада ўтвараліся сховішчы зброі, боепрыпасаў, амуніцыі, харчавання, сродкаў сувязі і інш. Аднак у 1937–1938 гг. атрады былі расфарміраваны, запасы зброі і боепрыпасаў ліквідаваны, а падрыхтаваныя партызанскія камандзіры, акрамя тых, хто ваяваў у Іспаніі, рэпрэсіраваны.

16. Даваенная ідэалагічная ўстаноўка аб баявых дзеяннях у выпадку нападзення выключна на тэрыторыі праціўніка і масавыя рэпрэсіі партызан грамадзянскай вайны, з аднаго боку, і хуткае наступленне ворага, з другога, перашкаджалі партыйным і савецкім работнікам належным чынам падрыхтавацца да падпольнай дзейнасці. Асноўная работа па арганізацыі падполля і партызанскага руху вялася ва ўмовах акупацыі.

17. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны партыйнымі органамі прымаецца рад праграмных дакументаў, у якіх вызначаліся асноўныя задачы па разгортванні партызанскай барацьбы на акупаванай тэрыторыі, даваліся канкрэтныя ўказанні па формах арганізацыі, сродках сувязі і мерах канспірацыі. У дырэктыве СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 29 чэрвеня 1941 г. партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей загадвалася арганізоўваць у захопленых ворагам раёнах партызанскія атрады і дыверсійныя групы, паўсюдна ствараць невыносныя ўмовы для захопнікаў і знішчаць іх на кожным кроку, зрываць усе мерапрыемствы фашысцкіх улад. У адпаведнасці з гэтай дырэктывай ЦК КП(б)Б прыняў дырэктыву № 1 "Аб падрыхтоўцы да пераходу на падпольную работу партарганізацый раёнаў, якія знаходзіліся пад пагрозай фашысцкай акупацыі" (30 чэрвеня 1941 г.) і дырэктыву № 2 "Партыйным, савецкім і камсамольскім арганізацыям па разгортванню партызанскай вайны ў тыле ворага" (1 ліпеня 1941 г.), у якіх камсамольцам і камуністам рэкамендавалася застацца на занятай ворагам тэрыторыі, а перад партызанамі ставілася задача шукаць ворага, не даючы яму спакою ні днём, ні ноччу, падрываць масты, цягнікі, парушаць тэлефонна-тэлеграфную сувязь, падпальваць склады і інш. Асноўную ролю ў арганізацыі партыйнага падполля і разгортванні партызанскага руху сыграла пастанова ЦК ВКП(б) ад 18 ліпеня 1941 г. "Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск", у якой партызанская барацьба разглядалася як ўзброеная форма палітычнай барацьбы.



18. На захопленай ворагам тэрыторыі для ваенна-палітычнай і арганізацыйна-кіруючай дзейнасці стваралася сетка падпольных цэнтраў, пярвічных арганізацый і груп: абласныя і раённыя партыйныя камітэты, цэнтры, тройкі і інш. Для арганізацыі падполля і партызанскага руху ЦК і абкомы КП(б)Б пакінулі на месцах 1215 камуністаў, каля 5 тыс. камсамольцаў. Усяго летам 1941 г. для барацьбы ў тыле ворага ў Беларусі засталося каля 8 тыс. камуністаў. Аднымі з першых пачалі дзейнічаць Мінскі, Гомельскі, Пінскі абласныя і Гомельскі гарадскі падпольныя партыйныя і камсамольскія камітэты. У акупаваных пазней Гомельскай і Палескай абласцях партыйныя органы здолелі лепш падрыхтавацца да партызанскай барацьбы.

19. Але з-за шэрага прычын: нявопытнасць, страты, слабае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, адсутнасць сувязі і інш. большасць з партыйных органаў у пачатку вайны не здолелі цэнтралізавана і мэтанакіравана ўзначаліць барацьбу з фашыстамі.

20. Ініцыятарамі стварэння партызанскіх атрадаў і груп сталі камуністы, савецкія работнікі, беспартыйныя патрыёты, байцы, камандзіры і палітработнікі Чырвонай арміі, што апынуліся ў тыле фашысцкіх войскаў па розных прычынах, трапілі ў акружэнне ў пачатку вайны або вырваліся з варожага палону. У адрозненне ад арганізацый, пакінутых ці накіраваных на акупаваную тэрыторыю з савецкага тылу, яны вызначаліся больш эфектыўнай дзейнасцю. Асновай многіх партызанскіх атрадаў былі патрыятычныя групы, якія ўзніклі паўсюдна на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Значную ролю ў арганізацыі партызанскага руху адыгралі дыверсійна-разведвальныя групы, якія перакідваліся за лінію фронта ў тыл ворага. Для паскарэння падрыхтоўкі людзей, якія накіроўваліся за лінію фронту са спецыяльнымі заданнямі, у раёне Гомеля быў створаны аператыўна-вучэбны цэнтр Заходняга фронту. Пры ім у вёсцы Марковічы Церахаўскага раёна Гомельскай вобласці працавала школа з філіяламі ў Мазыры і Арле па падрыхтоўцы партызанскіх кадраў, якую на працягу лета 1941 г. скончылі амаль 1,5 тыс. чал. Пэўную ролю ў стварэннне партызанскіх фарміраванняў унеслі органы ўнутраных спраў Беларусі (НКУС – НКДБ). Увогуле на працягу 1941 г. было падрыхтавана і накіравана ў тыл праціўніка каля 4,5 тыс. чал. Ва Усходняй Беларусі да 30 партызанскіх атрадаў і груп ўзніклі на базе знішчальных батальёнаў і падраздзяленняў народнага апалчэння. Большую частку партызанскіх фарміраванняў, асабліва на Усходзе Беларусі, арганізавалі партыйна-савецкія органы. Касцяком партызанскіх атрадаў былі партыйна-камсамольскія работнікі. Так, у Гомельскай вобласці даваенныя кіраўнікі складалі каля 89% камандзіраў і камісараў партызанскіх атрадаў.



21. У ліку першых, узнікшых самастойна, быў Пінскі партызанскі атрад пад камандаваннем загадчыка фінансавага сектара Пінскага абкама партыі, удзельніка грамадзянскай вайны ў Іспаніі В.З. Каржа, які налічваў каля 60 чал. У вёсцы Загалле Любанскага раёна баявую партызанскую групу стварыў Дз. Хаміцэвіч. У Чашніцкім раёне узброеную барацьбу супраць акупантаў узначаліў Ц.Я. Ермаковіч. З ліку рабочых і службоўцаў Пудацьскай кардоннай фабрыкі ў Суражскім раёне 9 ліпеня быў створаны атрад на чале з яе дырэктарам М.П. Шмыровым. У 1941 г. сваёй актыўнасцю вызначаліся партызанскія атрады Камарова (В.З. Каржа) у Пінскім раёне, "Чырвоны Кастрычнік" на чале з Ц.П. Бумажковым і Ф.І. Паўлоўскім у Кастрычніцкім раёне Палескай вобласці, "Бацькі Міная" (М.П. Шмырова) і "Радзіма" ў Віцебскай вобласці, "Бальшавік" у Гомельскай вобласці, атрады А.І. Далідовіча ў Любаньскім, В.Ц. Меркуля ў Старобінскім, М.І. Жукоўскага ў Слуцкім, М.П. Пакроўскага ў Рудзенскім, І.Я. Яраша ў Барысаўскім раёнах Мінскай вобласці, 277 Клічаўскі партызанскі атрад пад камандаваннем С.А. Мазура і камісара І.З. Ізоха ў Магілёўскай вобласці і інш.

22. У цэлым, у гістарычнай літаратуры няма адзінства думак наконт дакладнай колькасці партызанскіх фарміраванняў Беларусі ў 1941 г. Па дадзеным на 25 ліпеня 1941 г. у рэспубліцы было сфарміравана 118 партызанскіх атрадаў і груп, у якіх налічвалася 2644 чал., з якіх 88 былі перапраўлены ў занятыя ворагам раёны за лінію фронта з Магілёва, Лёзна, Рослаўля, Гомеля. Многія атрады, асабліва ў заходніх абласцях, арганізоўваліся стыхійна, пад уплывам воінаў-акружэнцаў і мясцовых актывістаў. Большая частка з іх праіснавала нядоўга і потым распалася па прычынах рознага характару. Не ўсе атрады, створаныя да ўстаноўленага тэрміну, змаглі прыступіць да сваёй дзейнасці непасрэдна ў тыле ворага. Гэта датычыцца шэрага атрадаў, сфарміраваных загадзя ў раёнах да іх акупацыі ці падрыхтаваных у прыфрантавой паласе для адпраўкі на акупаваныя тэрыторыі, але па розным прычынам не прыступіўшых да выканання даручаных ім заданняў у варожым тыле. Але ўсё ж такі значная частка атрадаў здолела прыйсці на месца дыслакацыі і стаць арганізацыйным ядром для баяздольных партызанскіх фарміраванняў. Усяго, па няпоўных дадзеных, у 1941 г. у Беларусі было арганізавана і дзейнічала 247 партызанскіх атрадаў і падпольных груп.

23. Першыя партызанскія атрады, падпольныя арганізацыі і дыверсійныя групы наладжвалі засады і праводзілі дыверсіі на грунтавых і шашэйных дарогах, чыгунках, лініях сувязі, рабілі налёты на гарнізоны, ваенныя склады і базы, вялі разведку, у прыфрантавой паласе ўзаемадзейнічалі з часцямі Чырвонай арміі. Пінскі партызанскі атрад пад камандаванем В.З. Каржа, створаны 26 чэрвеня з партыйна-савецкіх работнікаў і камсамольцаў Пінска, ужо 28 чэрвеня правёў свой першы бой. Партызанскі атрад "Чырвоны Кастрычнік", створаны 26 чэрвеня 1941 г. на базе знішчальнага батальёна, вёў баі разам з часцямі Чырвонай арміі. Пры падтрымцы браняпоезда атрад 18 ліпеня разбіў штаб нямецкай дывізіі ў вёсцы Воземля Акцябрскага раёна, знішчыў каля 80 салдат і афіцэраў праціўніка, захапіў палонных і значныя трафеі. 6 жніўня 1941 г. кіраўнікам атрада Ц.П. Бумажкову і Ф.І. Паўлоўскаму першымі з савецкіх партызан было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Аднак у цэлым удары па акупантам у 1941 г. былі лакальнымі і разрозненымі, меліся недахопы ва ўзгодненасці і скаардынаванасці дзеянняў партызан і падпольшчыкаў.

24. З наступленнем зімы і ў сувязі з адсутнасцю вопыта барацьбы, вопытных арганізатараў, камандных кадраў, спецыялістаў партызанскай барацьбы, неабходнай колькасці зброі, боепрыпасаў, прадуктаў харчавання, цёплай вопраткі і медыкаментаў шэраг атрадаў і груп часова разбуйніліся ці перайшлі на паўлегальнае становішча, каб з наступам вясны зноў узяцца за зброю. Частка атрадаў і груп, створаных летам і восенню 1941 г., была разбіта ці рассеяна, некаторыя самараспусціліся, іншыя пасля выканання заданняў выйшлі ў савецкі тыл. На пачатку 1942 г. у Беларусі дзейнічала каля 3 тыс. партызан.

25. Такім чынам, станаўленне партызанскіх фарміраванняў у Беларусі пачалося яшчэ напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і працягвалася ў пачатковы перыяд вайны. Вялікую ролю ў арганізацыі партызанскіх фаріміраванняў адыгралі даваенныя партыйныя і савецкія работнікі, воіны-акружэнцы, беспартыйныя патрыёты. Другая палова 1941 г. была перыядам станаўлення партызанскага руху ў Беларусі, які перажываў арганізацыйныя цяжкасці. Партызанскія атрады і групы ўзніклі на ўсёй тэрыторыі Беларусі, чаму садзейнічала лясіста-балоцістая мясцовасць.

26. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны асноўная работа па арганізацыі падпольнай і партызанскай барацьбы вялася ва ўмовах акупацыйнага рэжыму пры адсутнасці падрыхтаваных кадраў і вопыту барацьбы, што вылілася напачатку ў вялікія страты сярод патрыётаў. Арганізацыйныя недахопы, застарэлае разуменне задачаў партызанскай барацьбы, адсутнасць міна-выбуховых сродкаў і немагчымасць тым самым праводзіць буйныя дыверсіі, нястача сродкаў сувязі, выбар адкрытых баёў як адной з асноўных формаў дзеянняў партызан, недаацэнка дыверсійных формаў барацьбы, нежаданне вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва СССР вызваліць уласных ваеннапалонных – усё гэта не дазволілі скарыстацца нямецкім правалам ў арганізацыі тылавога забеспячэння войскаў да пачатку зімы. Камунікацыі нямецкіх войскаў не сталі аб'ектам шырокамаштабнай дзейнасці партызан. Частыя сутыкненні, а часам і адкрытыя баі з карнікамі абумовілі значныя страты сярод патрыётаў.

27. Развіццё партызанскага руху. Узмацненне барацьбы.Актывізацыя партызанскага руху ў Беларусі была звязана з перамогай савецкіх войскаў над нямецка-фашысцкімі захопнікамі пад Масквой і контрнаступленнем Чырвонай Арміі зімой 1941/42 гг. Вялікую ролю ў далейшым разгортванні партызанскай барацьбы адыгралі Віцебскія (Суражскія) «вароты» – 40-кіламетровы пралом у лініі фронту на стыку нямецка-фашысцкіх груп армій «Поўнач» і «Цэнтр» паміж Веліжам і Усвятамі, які стварыўся ў выніку наступлення савецкай 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту і вызвалення прыфрантавых раёнаў партызанамі. Вароты дзейнічалі з 10 лютага да 28 верасня 1942 г. Праз «вароты» партызаны падтрымлівалі кантакты з Віцебскім абкомам КП(б)Б і аблвыканкомам, якія размяшчаліся на тэрыторыі Усвяцкага і Веліжскага раёнаў Смаленскай вобласці, з Паўночна-Заходняй аператыўнай групай ЦК КП(б)Б, камандаваннем 4-й ударнай арміі; у тыл ворага накіроўваліся арганізатарскія і дыверсійныя групы, зброя, боепрыпасы, медыкаменты, літаратура; з акупаванай тэрыторыі выходзілі партызанскія атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі, каб уступіць у Чырвоную Армію, насельніцтва, якое ратавалася ад карнікаў (эвакуіравана ў савецкі тыл каля 200 тыс. чал.— жанчын, старых, дзяцей), ішлі абозы з прадуктамі ў фонд Чырвонай Арміі.

28. Значны ўклад ва ўстанаўленні сувязі з партызанамі і падпольшчыкамі Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, аказанні ім дапамогі адыграла створаная ў сакавіку 1942 г. у вёсцы Тарапецкага раёна Калінінскай вобласці Паўночна-Заходняя аператыўная група ЦК КП(б)Б на чале з Р.Б. Эйдзінавым. Праз віцебскія "вароты" яна пераправіла ў тыл ворага больш за 20 партызанскіх атрадаў, 102 арганізатарскія і 62 дыверсійныя групы (больш 3 тыс. чал.), больш як 5 тыс. адзінак зброі, газеты, лістоўкі. Філіял аператыўна-вучэбнага цэнтра пры групе падрыхтаваў больш за 600 падрыўнікоў.

29. Станоўчую ролю ва ўдасканаленні пабудовы і кіраўніцтва партызанскіх сіл, абагульненні баявога вопыта, каардынацыі дзеянняў партызан і арганізацыі іх узаемадзеяння з Чырвонай арміяй, забеспячэнні патрыётаў зброяй, узрыўчаткай, радыёсувяззю, каманднымі кадрамі адыграў створаны 30 мая 1942 г. з мэтай цэнтралізацыі кіраўніцтва партызанскім рухам пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання ваенна-аператыўны орган – Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з 1 сакратаром ЦК КП(б)Б П.К. Панамарэнка. 9 верасня 1942 г. замест расфарміраванай Паўночна-Заходняй аператыўнай групы ЦК КПБ(б)Б быў створаны Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) на чале з П.3. Калініным, які спачатку размяшчаўся ў вёсках Тарапецкага раёна Калінінскай вобласці, пазней – у Маскве, на ст. Сходня каля Масквы, у в. Чонкі Гомельскага раёна. Пазней з мэтай паляпшэння аператыўнага кіраўніцтва баявымі дзеяннямі партызанскіх фарміраванняў, каардынацыі іх дзеянняў з савецкімі войскамі былі створаны і прыкамандзіраваны да ваенных саветаў 1, 2, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў аператыўныя групы БШПР. Гэта дазволіла скіраваць барацьбу партызан на максімальную дапамогу Чырвонай Арміі, узмацніць удары па камунікацыях ворага, асабліва па чыгуначных магістралях.

30. У 1942 г. ЦК КП(б)Б накіраваў на тэрыторыю акупаванай Беларусі 14 партызанскіх атрадаў і 92 арганізатарскія групы (2600 чал.), падрыхтаваных ў Асобым беларускім зборы – спецкурсах для падрыхтоўкі кадраў для партызанскіх фарміраванняў, працаваўшых з красавіка 1942 г. каля Мурама Горкаўскай вобласці. Кадры для партызанскага руху і падполля рыхтаваліся таксама ў 4 спецшколах: падрыўнікоў на базе аператыўна-вучэбнага цэнтра Заходняга фронту; радыстаў, падрыўнікоў, сувязных-разведчыкаў у спецшколах ЦШПР. У 1942 г. імі было падрыхтавана і накіравана ў тыл ворага 175 дыверсійных груп (2077 чал.).

31. Ваеннапалонныя, адпушчаныя з лагероў на зімоўку ў вёскі да родных і блізкіх, праігнаравалі ўказ вермахта, абвешчаны ў сакавіку 1942 г. аб вяртанні ў лагеры і папоўнілі шэрагі партызан. У 1942 – 1943 гг. узмацніўся прыток асобаў, якім пагражала вынішчэнне альбо пагроза смерці, моладзі, якая хавалася ад прымусовага вываза на працу ў Германію, вясковага насельніцтва, якое апанаваў страх перад пагрозай нямецкіх карных аперацый. Усё гэта разам з дапамогай савецкага тыла і спрыяльнай ваенна-стратэгічнай сітуацыяй на фронце (буйныя аперацыі ішлі на поўдні) выклікала хуткі рост партызанскіх сіл. У канцы 1942 г. налічвалася каля 50 тыс. партызан (1/4 з іх – акружэнцы). На пачатак студзеня 1943 г. колькасць партызан у Беларусі перавысіла 56 тыс. чал., у т.л. больш 11 тыс. у Заходняй Беларусі. Узброеную барацьбу супраць захопнікаў вялі 220 атрадаў, аб'яднаных у 56 брыгад і 292 самастойна дзейнічаючых атрады. Партызанскі рэзерв складаў на гэты час звыш 150 тыс. чалавек.

32. Партызанскія сілы Беларусі на працягу 1943 г. папоўніліся на 96 тыс. чал. (толькі ў Мінскай вобласці звыш 22 тыс. чал.), прычым больш за 85% з іх складалі мясцовыя жыхары. Асабовы склад партызан ў 1943 г. вырас у 2,7 раза (з 56,7 да 153,5 тыс. чал.). У гэтым жа годзе ў выніку распрапагандавання з ваенна-паліцэйскіх фарміраванняў у партызанскія атрады ўлілося каля 12 тыс. чал. У 1943 г. ЦК КП(б)Б і БШПР накіравалі ў Беларусь 13 атрадаў і 111 арганізацыйных і дыверсійных груп (больш 1,9 тыс. чал.), павялічыўся прыток спецыялістаў- падрыўнікоў. У партызанскіх фарміраваннях узмацнілася ваенная падрыхтоўка спецыялістаў, ствараюцца камсамольска-маладзёжныя дыверсійныя групы. Колькасны рост беларускіх партызан у 1943 г. абумовіў разгрупаванне і перабазіраванне партызанскіх сіл у рамках ажыццяўлення запланаванага размеркаванне атрадаў і брыгад па раёнам.

33. У чэрвені 1943 г. ЦК КП(б)Б прыняў пастанову "Аб мерапрыемствах па далейшым разгортванні партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі". Для развіцця партызанскага руху ў Заходняй Беларусі праводзілася перадыслакацыя шэрагу партызанскіх фарміраванняў з усходніх у заходнія вобласці, а таксама іх перамяшчэнне ў межах асобных абласцей. Да зімы 1943/44 г. баявымі рэйдамі на захад выйшлі 12 брыгад і 14 асобных атрадаў агульнай колькасьцю каля 7 тыс. чал. У выніку гэтай акцыі колькасць партызанскіх сіл у заходніх абласцях павялічылася на працягу года больш чым ў тры разы (з 11,1 да 36,8 тыс. чал.), а колькасць атрадаў узрасла з 60 да 282.

34. Важнае значэнне для развіцця партызанскага руху мела матэрыяльна-тэхнічная дапамога з Вялікай зямлі. З савецкага тылу партызаны атрымлівалі зброю (аўтаматы, пісталеты, карабіны, вінтоўкі, кулямёты, процітанкавыя ружжы, мінамёты), боепрыпасы (міны, патроны), міна-выбуховыя сродкі (гранаты, тол, капсулі, бікфордаў і дэнатарны шнуры), амуніцыю, радыёстанцыі, медыкаменты, грузы з адзеннем, абуткам і прадуктамі. Толькі з чэрвеня 1942 г. па сакавік 1944 г. партызаны атрымалі 80 тыс. вінтовак, аўтаматаў, кулямётаў, 100 млн. патронаў, 400 т. выбуховых рэчываў. Але асноўнай крыніцай ўзбраення ўсё ж заставаліся трафейныя рэсурсы. Працоўныя савецкага тылу накіроўвалі партызанам пасылкі з абмундзіраваннем, цёплым адзеннем, медыкаментамі, харчамі, праводзілі збор сродкаў у фонд дапамогі народным мсціўцам. На працягу вайны на акупаваную тэрыторыю Беларусі было заслана з савецкага тылу больш 11,5 тыс. чал. спецыялістаў, у т.л. камандзіры атрадаў і груп, інструктары мінна-падрыўной справы, падрыўнікі, радысты, камсамольскія работнікі і г.д.

35. Арганізацыйная структура.Асноўнымі арганізацыйнымі формамі партызанскіх сіл у Беларусі былі група, атрад, полк, брыгада, злучэнне.

36. Партызанская групы як першапачатковыя арганізацыйна-баявыя адзінкі партызанскіх сіл ствараліся партыйнымі і савецкімі органамі на акупаванай захопнікамі тэрыторыі, а таксама фарміраваліся ў савецкім тыле. У пачатку групы стваралі камуністы, былыя члены КПЗБ, камсамольцы, беспартыйныя патрыёты і савецкія ваеннаслужачыя, якія трапілі ў акружэнне ці збеглі з варожага палону. Паводле прызначэння і спосабу фарміравання адрозніваліся партызанскія, ініцыятыўныя, спецыяльныя, дыверсійныя, разведвальныя і інш. групы. Дыверсійныя групы спачатку фарміраваліся ў савецкім тыле з кантынгенту, які быў абучаны падрыўной справе. 3 лістапада 1942 г. і асабліва летам 1943 г. пад кіраўніцтвам БШПР вялася масавая падрыхтоўка падрыўнікоў у партызанскіх брыгадах і атрадах. Вясной 1942 г. у сувязі з масавым прытокам мясцовага насельніцтва да партызан, выхаду ў лес падпольных груп партызанскія групы сталі хутка колькасна павялічвацца, у выніку чаго на іх базе масава ствараліся партызанскія атрады (зімой і вясной 1941—42 гг. на базе груп створана 150 новых атрадаў, за лета 1942 г. гэта лічба павялічылася яшчэ на 121 атрад).

37. Партызанскі атрадасноўная арганізацыйна-баявая адзінка партызан. У Беларусі за ўвесь перыяд акупацыі дзейнічала 1255 партызанскіх атрадаў, у т.л. 202 дзейнічалі самастойна. Узначальвалі атрад камандзір і камісар. Апрача начальніка штаба і яго апарату, камандзір атрада меў намеснікаў па разведцы, дыверсіях, памочніка па забеспячэнню з адпаведнымі падраздзяленнямі. У партызанскіх атрадах былі пярвічныя партыйныя і камсамольскія арганізацыі. У перыяд арганізацыі і станаўлення атрады мелі па 25—70 партызан, дзяліліся на 2—3 баявыя групы. Тыповая структура атрада была блізкая да структуры рэгулярных войск: штаб, 3—4 роты, па 3 узводы ў кожнай, з 3 аддзяленнямі ва ўзводзе. У атрадзе фарміраваліся адна-дзве баявыя дыверсійныя групы, падраздзяленні баявога забеспячэння і матэрыяльнага абслугоўвання. Колькасны і баявы склад атрада быў непастаянны. Паводле прызначэння партызанскія атрады падзяляліся на звычайныя (унітарныя), спецыяльныя (дыверсійна-разведвальныя), кавалерыйскія, артылерыйскія, штабныя, рэзервовыя, мясцовыя самаабароны, маршавыя. Першыя атрады называліся паводле месца дыслакацыі, прозвішча або псеўданіма камандзіра, пазней ім надаваліся імёны вядомых палкаводцаў, палітычных, ваенных дзеячаў Савецкай дзяржавы, герояў грамадзянскай вайны і партызан, што загінулі. Атрадная форма арганізацыі партызанскіх сіл шырока распаўсюджваецца з вясны 1942 г. Да лістапада 1942 г. ужо налічвалася 430 партызанскіх атрадаў.

38. Партызанскі полк як адна з арганізацыйных форм аб'яднання партызанскіх сіл быў пашыраны на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, дзе дзейнічала 14 палкоў, з іх 11 уваходзілі ў склад ваенна-аператыўных груп (ВАГ). Колькасць партызан, узбраенне і структура апарату кіравання палка былі амаль такія ж, як і ў партызанскай брыгадзе.

39. Партызанская брыгада – асноўнае злучэнне партызанскіх атрадаў. Аб'яднанне партызанскіх атрадаў у брыгады было выклікана разгортваннем партызанскага руху. На Беларусі першае падобнае да брыгады злучэнне партызанскіх атрадаў — «гарнізон Ф.I. Паўлоўскага» — было створана ў студзені 1942 г. у Акцябрскім раёне. У красавіку 1942 г. узніклі першыя брыгады: 1-я Беларуская пад камандаваннем М.Ф.Шмырова і "Аляксея" на базе атрадаў, якія дзейнічалі ў Суражскім і сумежных з ім раёнах Віцебскай вобласці. Брыгада М.Ф. Шмырова сумесна з часцямі Калінінскага фронту абараняла "Віцебскія вароты". На тэрыторыі 15 вызваленых сельсаветаў партызаны аднавілі савецкую ўладу. Першыя брыгады ўзніклі ў Віцебскай і Мінскай абласцях: у чэрвені 1942 г. іх было 12, а да канца года —53. Усяго на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 199 партызанскіх брыгад. Брыгады былі атраднага (радзей батальённага) складу, ядналі ў асноўным 3—7 атрадаў, мелі ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч байцоў. У большасці брыгад былі штабныя роты, ці ўзводы сувязі, аховы, радыёстанцыя, падпольныя друкарні, у многіх — свае шпіталі, майстэрні па рамонту зброі і маёмасці, узводы боезабеспячэння, пасадачныя пляцоўкі для самалётаў. Брыгады мелі зоны баявой дзейнасці, асноўныя і запасныя базы, стваралі вузлы супраціўлення, заставы, сістэму апорных і назіральных пунктаў, разгалінаваную сетку сувязных, скрытыя рэзервы, атрады і групы мясцовай самаабароны, сямейныя атрады і лагеры, наладжвалі прамысловую вытворчасць, якая задавальняла патрэбы партызан і насельніцтва. Баявую і палітычную дзейнасць брыгад на акупаванай тэрыторыі Беларусі накіроўвалі ЦК КП(б)Б, ЦШПР і БШПР, падпольныя абкомы, райкомы і міжрайкомы партыі.

40. Большасць з партызанскіх злучэнняў як адной з арганізацыйных форм аб'яднання партызанскіх брыгад, палкоў, атрадаў было створана ў 1943 г. Злучэнні фарміраваліся ЦШПР, БШПР, падпольнымі абкомамі, міжрайкомамі, міжрайпартцэнтрамі і райкомамі партыі, звычайна ўзначальваліся сакратарамі падпольных абкомаў, міжрайкомаў (міжрайпартцэнтраў) партыі. Баявы і колькасны склад злучэнняў залежаў ад партызанскіх сіл у раёне, іх дыслакацыі, умоў размяшчэння, матэрыяльнага забеспячэння, характару баявых задач. На акупаванай тэрыторыі Беларусі ў розны час дзейнічала каля 40 злучэнняў, якія называліся злучэннямі, ваенна-аператыўнымі групамі (ВАГ) і цэнтрамі.

41. Баявая дзейнасць партызан. Барацьба партызанскіх сіл супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў набывала розныя формы і віды. У залежнасці ад умоў і напрамкаў дзейнасці можна вылучыць наступныя: 1. барацьба на камунікацыях праціўніка: дыверсіі і сабатаж на чыгунках (падрыў і абстрэл эшалонаў, вывад са строю чыгуначнага палатна, мастоў, дыверсіі на чыгуначных станцыях сумесна з падпольшчыкамі, напад на станцыі і саставы з жывой сілай і тэхнікай, "рэйкавая вайна", знішчэнне вадакачак); дзеянні партызан на шашэйных і грунтовых дарогах (іх пашкоджанне шляхам мініравання, завалаў, налёты на адзінкавыя машыны, на невялікія калоны і маршавыя падраздзяленні, засады, знішчэнне мастоў); барацьба на водных камунікацыях (нападзенне і захоп рачнога транспарта, перарыванне лесасплава, вывад з строю каналаў); 2. барацьба з варожымі гарнізонамі; 3. барацьба супраць авіяцыі праціўніка (напад і дыверсіі на аэрадромах і авіяскладах, абстрэл з вінтовак і кулямётаў асобных самалётаў, вынішчэнне лётнага складу і матэрыяльнай часткі пры транспарціроўкі і інш.); 4. дэзарганізацыя працы сродкаў сувязі (вывад са строю наземных і падземных тэлефонна-тэлеграфных ліній сувязі, тэлефонных і тэлеграфных вузлоў, радыёстанцый); 5. вынішчэнне вадкага паліва; 6. барацьба з карнікамі; 7. дыверсіі і сабатаж на ваенных аб'ектах (усяго беларускія партызаны знішчылі 939 складоў); 8. зрыў эканамічных планаў акупантаў (напад на дзяржаўныя маёнткі, валасныя ўправы, дапамога насельніцтву ва ўкрыцці харчавання, жывёлы, сыравіны, зрыў фашысцкіх планаў па абрабаванню прыродных рэсурсаў, прымусовага вываза людзей у Германію, напад на канвоі, якія суправаджалі жывёлу, абозы і г.д.); 9. партызанская разведка і контрразведка; 10. дапамога Чырвонай арміі шляхам збору разведвальных звестак, сумесных баявых аперацый і г.д.

42. Важнае значэнне ў барацьбе з акупантамі мелі ўдары партызан па камунікацыях праціўніка, у першую чаргу па чыгунках, мастах і буйных вузлах. Паступова пашыралася барацьба партызан на чыгуначных камунікацыях праціўніка. Толькі з сакавіка па верасень 1942 г. колькасць выбухаў на беларускай чыгунцы павялічылася з 25 да 695. У жніўні 1942 г. партызаны брыгады «За Савецкую Беларусь» Віцебскай вобласці знішчылі 110-метровы мост цераз р. Дрыса на чыгунцы Полацк — Даўгаўпілс, спыніўшы рух на 16 сутак. Атрады Мінска-Палескага злучэння ў лістападзе 1942 г. узарвалі 150-метровы мост цераз р. Пціч на чыгунцы Брэст — Гомель, паралізаваўшы рух на 18 сутак. У 1942 г. беларускія партызаны падарвалі каля 850 эшалонаў, разбурылі 179 мастоў.

43. Паказчыкам узросшага майстэрства партызан з'явілася правядзенне ў адзін і той жа тэрмін у межах акупаванай тэрыторыі Беларусі буйнамаштабных аперацый па масавым разбурэнні чыгуначных камунікацый, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Рэйкавая вайна», якая ставіла мэтай зрыў ваенных перавозак праціўніка і максімальнае садзейнічанне наступленню Чырвонай Арміі. Аперацыя "Рэйкавая вайна" планавалася ЦШПР: вызначаліся ўчасткі чугунак і колькасць рэек для падрыву, у партызанскія атрады і брыгады былі накіраваны інструктары-мінёры і міна-вубуховыя сродкі. На Беларусі аперацыя «Рэйкавая вайна» ажыццяўлялася ў тры этапы. Першы этап пачаўся ў ноч з 3 на 4 жніўня 1943 г., калі каля 74 тыс. партызан Беларусі нанеслі магутны удар па чыгунках у час контрнаступлення савецкіх войскаў пад Курскам і працягваўся да сярэдзіны верасня 1943 г., другі пад назвай «Канцэрт» — з 19 верасня 1943 г. да пачатку лістапада 1943 г., у пачатку вызвалення Беларусі. Трэці этап пачаўся ў ноч на 20 чэрвеня 1944 г. і працягваўся да поўнага вызвалення Беларусі. Партызаны пускалі пад адхон эшалоны, узрывалі рэйкі, масты, вадакачкі. За час 1-га і 2-га этапаў «рэйкавай вайны» беларускія партызаны ўзарвалі звыш 200 тыс. рэек, пусцілі пад адхон каля 1900 эшалонаў, узарвалі 295 чыгуначных мастоў, 32 вадакачкі. Поўнасцю былі разбураны чыгуначныя лініі Цімкавічы — Асіповічы, Бабруйск — Старушкі, Жлобін — Калінкавічы. На многіх чыгуначных магістралях рух быў перапынены ад 4 да 15 сутак, а ўчасткі Магілёў — Крычаў, Полацк — Дзвінск, Магілёў — Жлобін, Баранавічы — Лунінец былі выведзены са строю на некалькі тыдняў. Прапускная здольнасць беларускіх чыгунак знізілася на 40 %. Напярэдадні наступлення Чырвонай Арміі ў ноч на 20 чэрвеня 1944 г. партызаны падарвалі больш за 40 тыс. чыгуначных рэек, да 29 чэрвеня – яшчэ 20 тыс., што парушыла работу аператыўнага тылу ворага. Аднак трэба адзначыць, што ў чэрвені 1944 г. ў раёне баявых дзеянняў 1-га Прыбалтыйскага фронту было ўзарвана звыш 80 % рэйкавых пуцей, што знізіла тэмпы наступлення Чырвонай Арміі. Войскі вымушаны былі выдзяляць частку сіл і сродкаў для аднаўлення чыгункі. Усяго беларускія партызаны за 3 гады барацьбы падарвалі і пусцілі пад адхон 11128 эшалонаў, 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыгуначных станцый, узарвалі, спалілі і разбурылі 819 чыгуначных мастоў, перабілі больш за 300 тыс. рэек.

44. У 1943 г. партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі. Яны сарвалі спробы акупантаў выкарыстаць для ваенных перавозак суднаходныя рэкі: паралізавалі рух параходаў і барж па Заходняй Дзвіне, Сожы, Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, у 1943 г. вывелі са строю Дняпроўска-Бугскі канал. Усяго беларускія партызаны падарвалі і знішчылі больш 18 тыс. аўтамашын, больш 4,7 тыс. мастоў.

45. Важная значэнне набыла барацьба партызан супраць гарнізонаў праціўніка. Найбольш умацаванымі гарнізонамі былі раёны, прылеглыя да зон актыўных дзеянняў партызанскіх фарміраванняў, вобласць армейскага тылу групы армій «Цэнтр», слабыя ўчасткі найбольш важных магістральных і ракадных камунікацый. Сістэмай гарнізонаў прыкрываліся подступы да гарадоў, вузлоў чыгунак і шашы. Барацьба партызан Беларусі супраць варожых гарнізонаў вялася з пачаткам вайны. У 1941 г. гэта былі эпізадычныя налёты слабых яшчэ партызанскіх атрадаў і груп на параўнальна невялікія апорныя пункты ворага (Сураж, Чырвоная Слабада, Багушэўск, Любань і інш.). 17 студзеня 1942 г. партызаны атрадаў Ф.І. Паўлоўскага і А.І. Далідовіча вызвалілі Капаткевічы – першы райцэнтр Беларусі. У лютым 1942 г. група партызанскіх атрадаў разграміла нямецкі гарнізон у Азарычах. 20 сакавіка 1942 г. партызаны захапілі райцэнтр Клічаў, завяршыўшы вызваленне раёна ад акупантаў. У жніўні 1942 г. партызаны амаль месяц утрымлівалі ў сваіх руках райцэнтр Косава Брэсцкай вобласці. Выкарыстоўваючы тактыку блакады, партызаны вымусілі гітлераўцаў восенню 1942 г. пакінуць Асвею, Расоны, Ушачы, у снежні – Бягомль. 3 восені 1942 г. стала магчымым нанясенне адначасовых удараў па вузлах абароны ворага аб'яднанымі сіламі партызанскіх фарміраванняў на вялікай аператыўнай прасторы. Асноўнымі тактычнымі прыёмамі барацьбы партызан сталі раптоўныя імклівыя налёты, блакіраванне і поўная ізаляцыя ўмацаваных гарнізонаў шляхам засад, мініравання шляхоў зносін, знішчэння ліній сувязі, дыверсій падпольшчыкаў унутры гарнізонаў, адначасовых ўдараў буйных партызанскіх сіл па сістэме варожых гарнізонаў, а таксама ў час партызанскіх рэйдаў. Толькі ў сакавіку 1943 г. партызаны (па няпоўных звестках) зрабілі 70 нападаў на фашысцкія гарнізоны. У маі 1943 г. партызанскі полк "Трынаццаць" разбіў фашысцкі гарнізон на ст. Чаусы. У 1943 г. партызаны разбілі варожыя гарнізоны ў Плешчаніцах, Нароўлі, Лепелі, Чашніках, Докшыцах, Круляўшчызне, Бялынічах і інш. Усяго партызаны Беларусі ў баявым узаемадзеянні з партызанскімі фарміраваннямі Калінінскай, Смаленскай абласцей, Літвы, Латвіі, Украіны зрабілі каля 1,5 тыс. налётаў і разграмілі 948 штабоў і гарнізонаў. Разгром гарнізонаў меў вырашальнае значэнне ў стварэнні і пашырэнні тэрыторыі партызанскіх зон, зрыве карных аперацый акупантаў, ратаванні савецкіх людзей ад знішчэння ці вывазу на катаргу ў Германію.

46. 3 мэтай дэзарганізацыі тыла ворага і ўзмацнення партызанскага руху праводзіліся рэйды, у час якіх партызаны грамілі нямецкія гарнізоны, паліцэйскія ўчасткі, разбуралі камунікацыі. Рэйды мелі значнае маральна-палітычнае значэнне і падраздзяляліся на кальцавыя (з вяртаннем на ранейшае месца дыслакацыі), з мэтай перабазіравання ў новыя раёны дзейнасці, з разведвальнымі мэтамі. Адны з першых кальцавых рэйдаў партызан Мінскай, Пінскай і Палескай абласцей адбыўся ў сакавіку 1942 г. У верасні-лістападзе 1943 г. за 68 дзён Беластоцкае партызанскае злучэнне правяло амаль 1000-кіламетровы рэйд па Мінскай, Пінскай, Баранавіцкай, Брэсцкай і Беластоцкай абласцях. Паспяхова прайшоў у верасні-снежні 1943 г. 860 км. рэйд брыгады імя А.К.Флегантава ад Бярэзіны да Буга з Чэрвеньскага раёна Мінскай у Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці. Узмоцнены 208 полк імя І.В. Сталіна за 50 дзён, пераадолеўшы 8 водных рубяжоў, прайшоў 660 км. з Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці да Целеханскага раёна Пінскай вобласці. З восені 1943 г. шырока практыкаваліся рэйды перадыслакацыі партызанскіх злучэнняў з усходніх раёнаў рэспублікі ў заходнія, што з'яўлялася важным сродкам ажыццяўлення ваенна-аператыўных планаў савецкага камандавання.

47. Адной з форм узаемадзеяння з часцямі Чырвонай арміі была партызанская разведка як адзін з неабходных відаў забеспячэння баявой дзейнасці партызан.Мэтанакіраваны збор, апрацоўка і перадача ваеннай, эканамічнай і палітычнай інфармацыі аб праціўніку праводзіліся як аддзяленнямі, узводамі, ротамі разведкі, спецыяльна створанымі ў складзе партызанскіх фарміраванняў (у 1944 г. налічвалі да 10% асабовага складу партызан), так і сувязнымі, падпольшчыкамі і інш. савецкімі патрыётамі, якія ўкараняліся ў акупацыйныя органы, вайсковыя фарміраванні, службы разведкі і контрразведкі гітлераўцаў, на прадпрыемствы, транспарт і сувязь акупантаў. Колькасць партызанскіх агентурных разведчыкаў хутка расла: у 1942 г. у тыле ворага дзейнічалі 5150 патрыётаў, да канца 1943 г.— больш за 8 тыс., да ліпеня 1944 г. — 24 тыс. Партызанскія разведчыкі перадавалі камандаванню савецкіх войскаў звесткі пра размяшчэнне аэрадромаў, ваенных складоў і прадпрыемстваў, абарончых умацаванняў, аб месцы дыслакацыі, колькасці і перамяшчэннях вайсковых часцей, інфармацыю аб стратэгічных планах і тэрмінах пачатку наступлення гітлераўцаў, аб распрацоўцы сакрэтнай зброі і інш. Так, у верасні 1941 г. партызаны здабылі даныя аб сканцэнтраванні буйных танкавых і авіяцыйных сіл праціўніка для наступлення на Маскву і аб прыблізных тэрмінах яго пачатку. У 1943 г. праз партызан была атрымана інфармацыя аб актыўнай падрыхтоўцы нацыстамі хімічнай вайны. Разведчыкі Мінскага абласнога злучэння з дапамогай падпольшчыкаў здабылі тактыка-тэхнічныя дадзеныя танка "пантэра". Пад кіраўніцтвам камуніста В.I. Гурыновіча, начальніка службы разведкі 18-й партызанскай брыгады імя Фрунзе, былі здабыты звесткі аб сакрэтнай зброі ворага — самалётах-снарадах і ракетах (ФАУ-1 і ФАУ-2). Каштоўныя даныя былі сабраны ў 1944 г. аб работах у Германіі над рэактыўным знішчальнікам і месцах яго доследнай вытворчасці, аб выпрабаваннях гранатамёта маркі «Фаўстгранат-43». Зімою 1943 г. захоплены ў палон разведчыкамі Магілёўскага партызанскага злучэння нямецкі афіцэр-фізік паведаміў некаторыя звесткі аб рабоце ў Германіі над «звышбомбай» (атамнай зброяй). З дапамогай падпольшчыкаў партызаны выяўлялі абарончыя рубяжы і вузлы супраціўлення гітлераўцаў. Партызанская разведка прымала ўдзел у выкрыцці ілжэпартызанскіх груп і атрадаў, якія ў правакацыйных мэтах ствараліся гітлераўцамі і для дыскрэдытацыі партызанскга руху забівалі і рабавалі мясцовых жыхароў, гвалцілі дзяўчын і жанчын, палілі дамы, спрабавалі пад выглядам дэсантнікаў забіць партызанскіх камандзіраў. Так, у канцы 1942 г. партызаны сарвалі аперацыю гітлераўскай паліцыі бяспекі і СД "Лясныя бегуны", калі фашысты накіравалі ў лясы паміж Мінскам, Брэстам і Лідай некалькі ілжэпартызанскіх груп і атрадаў.

48. Пэўнае значэнне мела барацьба беларускіх партызан супраць нямецкіх сродкаў вядзення вайны – авіяцыі, ліній сувязі, вадкага паліва і інш. Беларускія партызаны збілі ў паветры і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, разбурылі больш 7300 км. тэлефонна-тэлеграфных ліній. Так, партызаны Барысаўска-Бягомльскай зоны ў канцы 1943 г. вывелі са строю падземную лінію сувязі Берліна з групай армій "Цэнтр". Група партызан на Клічаўскам аэрадроме 14 ліпеня 1941 г. спаліла 115 т. бензіну, у кастрычніку 1941 г. жыткавіцкія партызаны ўзарвалі міжраённую нафтабазу з сотнямі тон бензіна. Партызаны брыгады М.С. Пруднікава сумесна з рабочымі Полацкай нафтабазы ў сакавіку 1943 г. знішчылі 571 т. паліва і г.д.

49. Партызаны прымалі актыўны ўдзел ў зрыве нямецкіх эканамічных планаў. У канцы 1942 г. яны разграмілі 262 маёнткаў гаспадарчага штаба "Усход" (27 %), а 363 з іх (37,5 %) апынуліся ў партызанскіх зонах. Каб абараніць насельніцтва ў час уборкі ўраджаю, толькі ў Мінскай і Магілёўскай абласцях яны правялі ў жніўні 1943 г. каля 100 буйных баёў супраць спецыяльных каманд акупантаў, прызначаных для захопу і вывазу збожжа.

50. Партызанскія зоны. У выніку вызвалення ад акупантаў значных тэрыторый утвараюцца партызанскія зоны, часцей за ўсё ў цяжкадаступных лясіста-балоцістых мясцінах ўбаку ад буйных гарадоў і сілаў праціўніка, якія кантралявалі самі партызаны. Гэтыя зоны адыгралі вялікую ролю ў арганізацыі і пашырэнні партызанскай і падпольнай барацьбы на тэрыторыі рэспублікі. Аднымі з першых ўзніклі восенню 1941 г. Кастрычніцкая, Любаньская, Клічаўская партызанскія зоны. Зону на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна былой Палескай вобласці з цэнтрам у Рудабелцы кантраляваў у студзені—лютым 1942 г. так званы «гарнізон Ф.I. Паўлоўскага» (13 атрадаў колькасцю звыш 1300 чал.). У выніку ўзмацнення партызанскага руху некаторыя раёны рэспублікі былі вызвалены ад ворага. К канцу 1942 г. партызаны кантралявалі больш 22 %, а ў канцы 1943 г. – ужо 48,4 % тэрыторыі Беларусі (108 тыс. км2), у т.л. 37,8 тыс. км2 (17 % тэрыторыі) было поўнасцю ачышчана ад праціўніка. Паводле звестак партызан, у Мінскай, Палескай і Пінскай абласцях яны кантралявалі да 75 %, у Віцебскай, Магілёўскай і Баранавіцкай – звыш 65 %, у Вілейскай – каля паловы, Брэсцкай – звыш 30 % тэрыторыі. Тут было створана звыш 20 буйных партызанскіх зон: Акцябрска-Любанская, Барысаўска-Бягомльская, Клічаўская, Полацка-Лепельская, Сенненска-Аршанская, Суражская, Расонска-Асвейская, Івянецка-Налібокская і інш. Пры аб'яднанні некалькіх зон утварыліся партызанскія краі. Дзякуючы стварэнню партызанскіх краёў складвалася цесная баявая садружнасць народных мсціўцаў Беларусі з партызанамі Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі. У краі на Палессі (14 раёнаў, больш за 200 тыс. чал.) разам з беларускімі партызанамі змагаліся ўкраінскія партызанскія злучэнні С.А. Каўпака, А.М. Сабурава, А.Ф. Фёдарава. У канцы 1942 г. сіламі беларускіх, рускіх і латышскіх партызан на стыку межаў БССР, РСФСР і Латвіі была вызвалена значная тэрыторыя і створаны партызанскі край плошчай каля 10 тыс. км2 з насельніцтвам звыш 100 тыс. чал.

51. У партызанскіх зонах і краях аднаўляліся органы савецкай ўлады, дзейнічалі абласныя, міжраённыя і раённыя камітэты КП(б)Б і ЛКСМБ, партыйныя арганізацыі, у вызваленых раёнах ствараліся выканкомы Саветаў дэпутатаў працоўных. Зоны жылі па законах ваеннага часу, там функцыянавалі партызанскія суды, якімі за амаральныя ўчынкі (п'янства, марадзёрства і інш. злачынствы) было расстраляна больш 2300 чал. Падпольныя органы прызначалі партызанскіх упаўнаважаных і камендантаў у сельсаветы, у вёсцы – стараст. У Расонах і Ушачах і інш. дзейнічалі партызанскія камендатуры. Для аховы грамадскага парадку і барацьбы з варожымі дыверсантамі ствараліся атрады і групы самааховы. Дзякуючы існаванню зон дзесяткі тысяч людзей былі выратаваны ад знішчэння і выгнання ў фашысцкую няволю. Пад аховай партызан у партызанскіх зонах жылі тысячы мірных жыхароў: ва Ушацка-Лепельскай — звыш 73 тыс. пры 17 тыс. партызан, Клічаўскай — больш за 70 тыс. пры 18 тыс. партызан, Івянецка-Налібоцкай — каля 60 тыс. пры 10 тыс. партызан. У зонах ствараліся сямейныя лагеры, будаваліся запасныя зямлянкі. Партызаны дапамагалі сялянам сеяць і збіраць ураджай, партызанскія ўрачы лячылі хворых. У зонах адкрываліся і працавалі лясныя школы, дзейнічалі прамысловыя (кавальска-слясарныя, гарбарныя, сталярна-бандарныя) і бытавыя прадпрыемствы, майстэрні (шавецкія і інш.), млыны, якія працавалі на патрэбы партызан і мясцовага насельніцтва. Для партызан было пашыта шмат абутку, вялікая колькасць бялізны, зроблена шмат прадметаў рыштунку: пар лыж, саней, вазоў і інш. Насельніцтва зон складала партызанскі рэзерв, абслугоўвала партызан – гатавала ежу, мыла бялізну і г.д. Насельніцтва зон актыўна ўдзельнічала ва ўзброенай барацьбе супраць акупантаў. Жыхары папаўнялі рады партызан, вялі разведку.

52. Зоны з'яўляліся агітацыйна-прапагандысцкімі цэнтрамі. Тут выпускаліся газеты, лістоўкі, працавалі радыёстанцыі, праводзіліся мітынгі, сходы, гутаркі і лекцыі, адзначаліся савецкія святы, праводзіліся канцэрты мастацкай самадзейнасці, дэманстраваліся кінафільмы. У мабілізацыі насельніцтва на барацьбу з ворагам і актывізацыі баявой дзейнасці партызан значную ролю адыграла масавая ідэйна-палітычная работа Кампартыі Беларусі, падпольны друк, партызанская мастацкая самадзейнасць, канцэрты беларускіх артыстаў, якія перадавала з савецкага тылу радыёстанцыя "Савецкая Беларусь". Асноўнымі напрамкамі ў ідэалагічнай працы былі: патрыятычнае выхаванне і праца па ўмацаванні дружбы народаў СССР, паказ мужнасці і гераізма рускіх воінаў і палкаводцаў прыкладамі з гістарычнага мінулага, выкрыццё сацыяльна-эканамічнай палітыкі фашысцкіх уладаў і іх памагатых, праца па разлажэнні мясцовых ваенна-паліцэйскіх фарміраванняў. Задачы ідэалагічнай працы вырашаліся ў форме друкаванай (выданне лістовак, зваротаў, зводак Саўінформбюро, газет, журналаў, баявых лісткоў) і вуснай (правядзенне гутарак, дакладаў, лекцый, сходаў, мітынгаў, святаў, дэманстрацыя кінафільмаў) прапаганды.

53. Для забеспячэння перавозак і сувязі з савецкім тылам у зонах дзейнічалі 41 партызанскі аэрадром і 83 пляцоўкі для прыёму парашутыстаў і грузаў. За час акупацыі савецкія лётчыкі даставілі ў тыл ворага 2403,4 т. розных грузаў, 2626 чал., вывезлі ў савецкі тыл каля 9 тыс. чал., у асноўным дзяцей і цяжкапараненых.

54. З мэтаю ліквідацыі партызанскіх зон і пагрозы сваім войскам з тылу нямецкае камандаванне правяло больш за 140 буйных карных аперацый. Ужо ў ліпені-жніўні 1941 г. 1-я кавалерыйская брыгада СС пры падтрымцы часцей 162 і 252 пяхотных дывізій ажыццяўляла першую буйнамаштабную карную аперацыю пад назвай "Прыпяцкія балоты" супраць партызан і насельніцтва. У ліпені 1942 г. звыш 30 тыс. салдат рэгулярнай арміі і паліцэйскіх пры падтрымцы танкаў, артылерыі і авіяцыі ўдзельнічалі ў карнай экспедыцыі "Адлер" супраць атрадаў Клічаўскай партызанскай зоны. Нягледзячы на цяжкія страты, партызаны выйшлі з акружэння. Не змаглі гітлераўцы знішчыць і Расонска-Асвейскую партызанскую зону ў лютым—сакавіку 1943 г. Буйную аперацыю пад назвай "Котбус", у якой удзельнічалі звыш 80 тыс. карнікаў, нямецкае камандаванне правяло ў маі — чэрвені 1943 г. супраць атрадаў Барысаўска-Бягомльскай і Полацка-Лепельскай партызанскіх зон. 3 восені 1942 г. па восень 1943 г. супраць партызан Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай і Пінскай абласцей былі праведзены 54 буйныя карныя экспедыцыі. Зімой і вясной 1944 г., каб ліквідаваць пагрозу для сваіх войск з тылу напярэдадні наступлення савецкіх войскаў, акупанты узнавілі супраць партызан буйныя карныя аперацыі. У лютым 1944 г. вораг пачаў баявыя дзеянні супраць партызан Мінскай, Магілёўскай, Пінскай, Палескай і Брэсцкай абласцей. У час адной з буйнейшых карных аперацый захопнікаў пад назвай "Веснавое свята" вясной 1944 г. 16 партызанскіх брыгад (больш 17 тыс. чал.) на чале з У.Е. Лабанком Полацка-Лепельскай зоны мужна змагаліся з амаль 60 тыс. групоўкай ворага, а пасля здолелі выйсці з заблакіраванага раёна і вывесці з сабою каля 15 тыс. мірных жыхароў. Карныя аперацыі ворага не дасягнулі мэты. Праваліліся і планы гітлераўцаў сарваць вясеннюю сяўбу, знішчыць азімыя і пакінуць насельніцтва партызанскіх зон без хлеба. Зімой 1943 — вясной 1944 гг. гітлераўскае камандаванне кінула супраць партызан да 11 дывізій вермахта, у 1-й палове 1944 г. — 18 дывізій. Усяго ў пачатку 1944 г. супраць партызан Беларусі дзейнічалі каля 250 тыс. гитлераўцаў.

55. Падпольная барацьба. Фарміраванне патрыятычнага падполля адбывалася 2 шляхамі: «знізу» — па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў і беспартыйных патрыётаў-ангыфашыстаў, і «зверху», як вынік арганізацыйнай дзейнасці камітэтаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Ядром і кіруючай сілай з'яўлялася партыйнае падполле, састаўнымі часткамі якога былі камсамольска-маладзёжнае падполле, антыфашысцкія арганізацыі, якія дзейнічалі пераважна ў заходніх абласцях Беларусі. У 1941—42 гг. фарміраванне падполля адбывалася пераважна «знізу», таму што большасць кіруючых органаў і арганізацый, створаных камітэтамі КП(б)Б і ЛКСМБ загадзя (абкомы, міжрайкомы, гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б і ЛКСМБ, раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б і ЛКСМБ), па розных прычынах не змаглі разгарнуць сваю дзейнасць адразу пасля акупацыі адпаведных раёнаў.

56. У 1941 г. пачалі дзейнасць Мінская, Аршанская, Асіповіцкая, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Полацкая, Крычаўская, Пінская, Слуцкая, Мазырская, Лідская і інш. партыйныя падпольныя арганізацыі, Мірская, Брэсцкая, Мар'інагорская, Дзятлаўская, Скідзельская, Клімавіцкая, Тураўская і інш. камсамольска-маладзёжныя арганізацыі.

57. У першы год свайго існавання падполле з-за адсутнасці падрыхтаваных кадраў і вопыту барацьбы несла вялікія страты. 3 вясны 1942 г. ЦК КП(б)Б і БШПР разгарнулі работу па ўстанаўленні сувязей з падполлем. З пачаткам 1943 г. фарміраванне падполля адбывалася ўжо ў асноўным «зверху». Вялікі ўплыў на гэты працэс мелі рашэнні Пленума ЦК КП(б)Б «Аб становішчы і задачах работы партыйных органаў і партыйных арганізацый у акупіраваных раёнах Беларусі» (люты 1943 г.) і накіраванае ў чэрвені 1943 г. у партыйныя арганізацыі пісьмо ЦК КП(б)Б «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР». У другой палове 1943 г. тут фактычна пачалася арганізацыя партыйнага падполля: з савецкага тыла былі накіраваны Баранавіцкі, Брэсцкі, Беластоцкі абкомы партыі. У 2-й палове 1943 — 1944 гг. арганізацыйная структура падполля склалася практычна ва ўсіх акупаваных раёнах.

58. 3 пачатку свайго існавання падполле спалучала сваю дзейнасць з партызанскім рухам. Дыверсіі падпольшчыкаў парушалі работу аператыўнага тылу ворага, зрывалі мерапрыемствы акупацыйных улад. Падпольшчыкі забяспечвалі партызанскія фарміраванні акупацыйнымі дакументамі, рыхтавалі матэрыялы для падпольнага друку (у акупаванай Беларусі выдавалася больш за 160 газет), з дапамогай здабытых падпольшчыкамі разведданых партызаны праводзілі баявыя аперацыі.

59. Асноўнымі кірункамі дзейнасці падполля былі: 1. агітацыйна-прапагандысцкая работа сярод насельніцтва, супрацоўнікаў акупацыйных улад (распаўсюджванне лістовак, машынапісных газет, зводак Саўінфармбюро і інш.); 2. дыверсійна-баявыя дзеянні на чыгуначным транспарце (чыгуначных вузлах, паравозных дэпо і г.д.), прамысловых і рамонтных прадпрыемствах і майстэрнях (падпальванне, пашкоджанне абсталявання і г.д.), ваенных аб'ектах (удары па базам і складам паліва і боепрыпасаў, рознай ваеннай маёмасці і г.д.) у спалучэнні з арганізацыяй масавага сабатажа эканамічных і палітычных мерапрыемстваў ворага (знішчэнне ўліковых дакументаў, утойванне прафесій, ігнараванне нямецкіх загадаў і г.д.) з мэтай дэзарганізацыі функцыянавання чыгуначнага, аўтамабільнага і воднага транспарта, ліній сувязі і г.д.; 3. вынішчэнне фашысцкіх ваенных і палітычных дзеячаў, гаспадарчых чыноўнікаў і іх памагатых у форме тэрарыстычных актаў; 4. дапамога палонным і параненым савецкім воінам, якія апынуліся ў варожым тыле, супрацьдзеянне вывазу мірнага насельніцтва; 5. удзел у стварэнні і папаўненне партызанскіх атрадаў за кошт ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва, забеспячэнне іх зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі, адзеннем, абуткам і харчаваннем, выкананне разведвальнай (збор і перадача партызанам звестак аб размяшчэнні варожых войскаў, руху эшалонаў, нямецкіх падраздзяленняў па чыгунцы і шашэйных дарогах і г.д.) і сувязной работы для партызан.

60. Актыўны ўдзел у арганізацыі партыйнага падполля прымалі У.Р. Ванееў, І.Дз. Варвашэня, В.І. Казлоў, П.З. Калінін, Р.Н. Мачульскі і інш.

61. Адным з першых пачало барацьбу супраць акупантаў Мінскае партыйнае падполле. Буйным яго цэнтрам з'яўляўся Мінскі чыгуначны вузел. Да канца 1941 г., па няпоўных звестках, у горадзе і наваколлі дзейнічала больш за 50 арганізацый і груп, у склад якіх уваходзіла больш за 2 тыс. чал. У снежні 1941 г. у час бітвы пад Масквой мінскія падпольшчыкі знішчылі дзве вадакачкі на чыгуначным вузле, у выніку чаго 50 цягнікоў былі пашкоджаны. Нягледзячы на вялікія страты, панесеныя ў час масавых арыштаў у сакавіку і верасні 1942 г., яны не спынілі барацьбы супраць нямецкіх захопнікаў, арганізавалі шмат буйных аперацый на прамысловых і ваенных аб'ектах, транспарце. Толькі на чыгуначным вузле ў другой палове 1943 г. было праведзена больш за 50 дыверсій. Мінскія падпольшчыкі забілі гауляйцера В. Кубэ, былога кіраўніка Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі Ф. Акінчыца, бургамістра Мінска В. Іваноўскага, рэдактара "Беларускай газэты" В. Казлоўскага. За тры гады акупацыі падпольшчыкі горада правялі больш за 1500 дыверсій. Усяго ў складзе Мінскага падполля змагалася з ворагам больш за 9 тыс. чал.

62. Да канца 1941 г. у Оршы было створана і дзейнічала больш за 20 падпольных груп. Падпольшчыкі Оршы на чале з К.С. Заслонавым з лістапада 1941 г. па люты 1942 г. сапсавалі 170 цягнікоў, пусцілі пад адхон 6 эшалонаў.

63. У Магілёве актыўна дзейнічала падпольная арганізацыя "Камітэт садзеяння Чырвонай Арміі", створаная ў 1942 г. на чале з К.Ю Матэ, з 1943 г. яе ўзначальваў П.І.Крысевіч. Падпольшчыкі паспяхова правялі шэраг аперацый на чыгуначнай станцыі, ЦЭЦ, у дэпо, пераправілі ў партызанскія атрады сотні савецкіх ваеннапалонных, а таксама насельніцтва.

64. Мужна змагаліся з акупантамі падпольшчыкі Віцебска. Восенню 1942 г. стварэннем падпольнай арганізацыі тут займалася В.З.Харужая — удзельніца рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, якой пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У 1942 г. падпольшчыкі горада арганізавалі больш за 100 буйных дыверсій на транспарце. Да лета 1943 г. у Віцебску налічвалася 60 падпольных груп.

65. У заходніх абласцях Беларусі ў барацьбе з ворагам прымалі ўдзел звыш 40 абласных, міжраённых і раённых антыфашысцкіх падпольных арганізацый. Гэтыя арганізацыі ўзніклі па ініцыятыве былых членаў КПЗБ і КСМЗБ. Сярод іх вызначаліся Брэсцкая абласная антыфашысцкая арганізацыя і Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя.

66. Значны ўклад у барацьбу з нямецкімі акупантамі ўнесла камсамольскае падполле, у арганізацыі якога прымалі ўдзел М.В. Зімянін, К.Т. Мазураў, П.М. Машэраў, С.В. Прытыцкі, Ф.А. Сурганаў і інш. У Мінску налічвалася каля 70 камсамольскіх і камсамольска-маладзёжных арганізацый і груп, якія мужна змагаліся з ворагам. Камсамольская арганізацыя "Андруша" (кіраўнік М.А.Кедышка, пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза) за два гады дзейнасці правяла 40 дыверсій на хлебазаводзе, чыгунцы, ЦЭЦ-1 і інш. Камсамолец Ф. Крыловіч у ноч на 30 ліпеня 1943 г. на ст. Асіповічы падарваў эшалон з палівам, ад полымя якога згарэў і эшалон з танкамі "тыгр". Значныя страты ворагу нанесла камсамольская арганізацыя "Юныя мсціўцы" чыгуначнай станцыі Обаль Сіроцінскага раёна. Усяго падпольшчыкі арганізавалі 21 дыверсію, у т.л. спалілі льнозавод, электрастанцыю, вадакачку, некалькі эшалонаў і мастоў. Обальскім падпольшчыцам Е.Зяньковай і З.Партновай было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

67. Усяго ў гады вайны ў Беларусі дзейнічала 10 падпольных абкомаў, 193 міжрайкомы, міжрайпартцэнтры, гаркомы і райкомы КП(б)Б, больш за 1200 пярвічных партыйных арганізацый у партызанскіх атрадах і брыгадах, 184 тэрытарыяльныя партыйныя арганізацыі, якія аб'ядноўвалі больш як 35 тыс. камуністаў. Партыйныя органы накіроўвалі дзейнасць 10 падпольных абкомаў, 214 міжрайкомаў, міжрайцэнтраў, гаркомаў і райкомаў ЛКСМБ, больш за 5500 пярвічных арганізацый, у якіх налічвалася каля 100 тыс. камсамольцаў. Больш за 12 тыс. чалавек уваходзілі ў антыфашысцкія арганізацыі Заходняй Беларусі. Падпольшчыкі, аб'яднаныя ў партыйныя, партыйна-камсамольскія, камсамольска-маладзёжныя, антыфашысцкія арганізацыі і групы згуртоўвалі ў сваіх радах больш за 70 тыс. чал. — камуністаў, камсамольцаў, беспартыйных патрыётаў, сярод іх грамадзяне ўсіх рэспублік СССР, антыфашысты іншых краін.

68. У антыфашысцкую барацьбу ўключыліся і вязні гета. На Беларусі было больш за 100 гета:самае вялікае ў Мінску (100 тыс. чал.), Брэсце (34 тыс.), 2 у Бабруйску (20 тыс.), Віцебску (20 тыс.), Барысаве (10 тыс.), Ваўкавыску (10 тыс.) і інш. За гады акупацыі ў Беларусі загінула каля 400 тыс. яўрэяў. У цяжкіх умовах у гета ўзнік антыфашысцкі рух. Адны з першых праявілі сябе падпольшчыкі ў мінскім гета. Падпольныя антыфашысцкія групы былі ў Бабруйскім, Баранавіцкім, Брэсцкім, Гродзенскім і іншых гета. Удзельнікі груп супраціўлення прымалі ўдзел у сабатажы на прадпрыемствах, якія абслугоўвалі нямецкую армію, псавалі станкі, абсталяванне, сыравіну, па заданні партызан рамантавалі або майстравалі зброю і ўзрыўныя ўстройствы, збіралі медыкаменты, адзенне і інш. У гета распаўсюджваліся лістоўкі, якія паведамлялі пра падзеі на франтах, дзеянні партызан і падпольшчыкаў. У нясвіжскім, мірскім, клецкім гета напярэдадні падрыхтоўкі фашыстамі масавых расстрэлаў адбыліся паўстанні. Узброенае супраціўленне ворагу аказалі вязні гета ў Глыбокім, Кобрыне, Навагрудку. Паміж гета і партызанскімі фарміраваннямі была наладжана сувязь. Тысячы вязняў гета папоўнілі рады партызан.

69. Армія Краёва ў Беларусі.У заходніх абласцях Беларусі дзейнічалі падраздзяленні Арміі Краёвай (АК)польскайпадпольнай ваеннай арганізацыі, якая падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане на чале з У. Сікорскім і ставіла мэтай адрадзіць польскую дзяржаву ў межах да верасня 1939 г. Створаная ў лютым 1942 г. на аснове Саюза ўзброенай барацьбы АК у палітычных адносінах будавалася на аснове "надпартыйнасці", тэорыі "двух ворагаў" — Германіі і СССР. Зыходзячы з гэтага, дзейнасць АК абмяжоўвалася арганізатарскай работай, назапашваннем зброі, боепрыпасаў, фарміраваннем шырокай сеткі падпольных арганізацый, скрытых рэзерваў, арганізацыяй ваеннага абучэння, разведкі, стварэннем штабоў і інш. органаў, якія ў выпадку краху акупацыйнага рэжыму змаглі б забяспечыць прыход да ўлады эмігранцкага ўрада, аднаўленне парадкаў і межаў даваеннай Польшчы. Згодна з прынятай тактыкай "стаяння са зброяй каля нагі", "абмежаванай барацьбы" галоўнае камандаванне АК да вясны 1944 г. не звяртала значнай увагі на стварэнне партызанскіх атрадаў, якія пачалі ўзнікаць яшчэ ў 1942 г. У большасці выпадкаў атрады арганізоўваліся ў адпаведнасці з палітычным становішчам, якое складвалася ў тым ці іншым раёне, актывізацыяй дзейнасці савецкіх партызанскіх атрадаў.

70. На тэрыторыі Беларусі існавалі Навагрудская (падпарадкоўвалася Беластоцкаму краю), Палеская (Брэст над Бугам), Валынская і Віленская акругі АК. У Навагрудскую акругу ўваходзілі 3 інспектараты: паўночны – Шчучын, Ліда, сярэдні – Навагрудак, Стоўбцы, паўднёвы – Слонім, Баранавічы, Нясвіж.

71. Пасля падпісання 30 ліпеня 1941 г. дагавора паміж Польшчай і СССР акоўцы супрацоўнічалі з савецкімі партызанамі Атрады АК вялі баі з фашыстамі ў Аўгустоўскіх лясах, зрабілі налёт на Паставы. Аднак пасля разрыву адносін паміж СССР і польскім эмігранцкім урадам у красавіку 1943 г. узмацніліся тэндэнцыі да канфрантацыі АК з савецкім партызанскімі атрадамі, якія атрымалі загад разбройваць акоўцаў і ствараць польскія савецкія атрады і групы. У канцы 1943 г. – пачатку 1944 г. гітлераўцы рабілі спробы прыцягнуць атрады АК для супрацоўніцтва ў мэтах барацьбы з савецкімі партызанамі, заключалі з імі дагаворы аб сумесных дзеяннях, забяспечвалі іх зброяй, боепрыпасамі. Толькі ў Навагрудскай акрузе АК супраць партызан была праведзена 81 аперацыя, прычым 32 з іх здзейсніла стаўбцоўскае злучэнне А. Пільха. Узмацніліся пазіцыі АК у Лідскай і Навагрудскай акругах, з вясны 1944 г. назіраўся хуткі рост акоўцаў, якіх у Беларусі ў чэрвені 1944 г. налічвалася да 20 тыс. Найбольш буйныя атрады АК у Навагрудскай акругі летам 1944 г. аб'ядноўвалі больш 7 тыс. чал., прычым амаль 85% з іх прыходзілася на невялікую Лідскую акругу. У канцы 1943—летам 1944 г. на Наваградчыне і Лідчыне акоўцы распраўляліся з магчымымі праціўнікамі аднаўлення польскай улады і дзяржавы ў межах да 1939 г., забіваючы камуністаў і асобаў, якія супрацоўнічалі з партызанамі. Іх ахвярамі сталі каля 10 тыс. чал., у асноўным мірных жыхароў, членаў партызанскіх сем'яў, прадстаўнікі нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі.

72. У кастрычніку 1943 г. камандаванне АК зацвердзіла план аперацыі «Бура», які прадугледжваў захоп тэрыторыі Заходняй Беларусі і Віленшчыны ў момант адступлення нямецкіх войскаў і напярэдадні прыхода савецкіх войскаў. У час аперацыі «Бура» Навагрудская акруга перайшла ў падпарадкаванне каменданта Віленскай акругі. У ліпені 1944 г. часці АК спрабавалі авалодаць Вільнюсам (план «Вострая брама») і перашкодзіць аднаўленню савецкай улады ў Вільнюсе. Адначасова асобныя падраздзяленні АК узаемадзейнічалі з савецкімі партызанамі і часцямі Чырвонай Арміі. Эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва АК 1 жніўня 1944 г. узнялі Варшаўскае паўстанне, якое з прычыны яго непадрыхтаванасці і няўзгодненасці з камандаваннем Чырвонай Арміі было жорстка задушана гітлераўцамі. АК працягвала ўзброеную супраць савецкай улады ў Заходняй Беларусі да 1954 г.

73. На тэрыторыі Брэсцкай і Пінскай абласцей, уключаных гітлераўцамі ў склад рэйхскамісарыята "Украіна", дзейнічала арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН). Спачатку бандэраўскія фарміраванні, якія з'явіліся на Палессі ўжо летам 1942 г., не вялі актыўных баявых дзеянняў супраць савецкіх партызан, аднак варожа ставіліся да АК, а таксама перашкаджалі вывазу моладзі ў Германію. У 1943 г. ўкраінская паўстанцкая армія (УПА) пачала барацьбу з партызанамі, бо яны сваімі дзеяннямі выклікалі, на іх думку, знішчэнне мірнага насельніцтва. Да канца 1944 г. у Беларусі дзейнічала каля 250 АУНаўскіх груп і атрадаў, кожны ад 25 да 500 чал., якія выступалі ўжо супраць савецкай улады за лад "без памешчыкаў, капіталістаў і бальшавіцкіх камісараў", які "забяспечвае правы і незалежнасць кожнага народа". Бандэраўцы цалкам кантралявалі Дзівінскі раён Брэсцкай вобласці. Барацьба з імі працягвалася пасля вайны да сярэдзіны 50-х гг.

74. Вынікі дзейнасці партызан. У радах беларускіх партызан знаходзілася 374 тыс. чал. Жыхары многіх населеных пунктаў, якія былі вызвалены партызанамі ад ворага, аб'ядноўваліся ў рэзервовыя атрады ці дружыны. За гады вайны на баявым уліку ў партызанскіх атрадах і брыгадах было амаль 400 тыс. чал. рэзерву.

75. Паводле сацыяльна-палітычнага зместу партызанскі рух набыў характар масавай усенароднай вайны. Партызанскія сілы мелі стракаты сацыяльны, нацыянальны, полаўзроставы, прафесійны склад. Сярод беларускіх партызан было каля 72% беспартыйных, больш 19% камсамольцаў, 16% жанчын. Мясцовыя жыхары складалі больш 88% ад агульнай колькасці партызан, у т.л. амаль 72% з іх – беларусы, больш 19% – рускія, амаль 4% – украінцы, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей СССР. На долю сялян прыпадала 39% ад усёй колькасці партызан, інтэлігенцыі і служачых — 20,5%, рабочых — 17%, навучэнцаў — 12%, былых ваеннаслужачых — звыш 11%. 45% партызан складалі людзі ад 18 да 25 год, 42% – ад 26 да 45 год, больш 12% – асобы маладзей 18 і старэй 45 год. У складзе партызан Беларусі змагаліся каля 4 тыс. антыфашыстаў замежных краін, у т.л. 3 тыс. палякаў, больш за 400 славакаў і чэхаў, 235 югаславаў, амаль 100 немцаў, 70 венграў, 60 французаў, 31 бельгіец, 24 аўстрыйцы, 16 галандцаў і інш.

76. Разам на акупіраваных тэрыторыях СССР змагалася з ворагам больш 1,1 млн. партызан, амаль 250 тыс. падпольшчыкаў. Беларусы змагаліся ў складзе партызанскіх фарміраванняў Украіны, Расіі. Так, напрыклад, сярод украінскіх партызан было 6,6 % беларусаў.

77. За тры гады вайны ў тыле ворага патрыёты Беларусі знішчылі і паранілі больш за 500 тыс. гітлераўцаў. Страты беларускіх партызан склалі больш 44 тыс. чал., больш за 180 тыс. з іх уліліся ў Чырвоную Армію.

78. Партызанскі і падпольны рух прымушаў захопнікаў выдаткоўваць значныя сілы для аховы сваіх тылоў і барацьбы з народнымі мсціўцамі, і таму па маштабах, палітычных і ваенных выніках набыў значэнне важнага ваенна-стратэгічнага і палітычнага фактара ў разгроме агрэсара.

79. За гераізм і адвагу ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў каля 130 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а 72 партызанам і 16 падпольшчыкам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Літаратура

Боярский В.И. Партизаны и армия. –Минск: Харвест, 2001. – 300с .

Барабаш В.В. Поляки в антифашистской борьбе на территории Беларуси (1941 – 1944 гг.). – Гродно: Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, 1998. – 144 с.

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945: Энцыклапедыя. – Мн.: БелСЭ, 1990. – 680 с.

Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: праблемы гістарыяграфіі і крыніцазнаўства. – Мн.: Беларуская навука, 1999. – 251 с.

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны : В 3 т. – Мінск: Беларусь, 1983 – 1985. – Т. 1 – 3.

Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944): Документы и материалы в 3 Т. – Мн.: Беларусь, 1967. – Т. 1. Зарождение и развитие партизанского движения в первый период войны (июнь 1941 – ноябрь 1942 г.). – 744 с.; Т. 2. Кн. 1. (ноябрь 1942 – июнь 1943 г.). – 1973. – 765 с.; Т. 2. Кн. 2. (июль – декабрь 1943 г.). – 1978. – 754 с.; Т. 3. (январь – июль 1944 г.). – 1982. – 742 с.

Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области 1941 – 1944. – Мн.: Навука і тэхніка, 1992. – 412 с.

Доморад К.И. Разведка и контрразведка в партизанском движении Белоруссии 1941 – 1944 гг. – Мн.: Навука і тэхніка, 1995. – 254 с.

Иоффе Э.Г. Белорусские евреи: трагедия и героизм 1941 – 1945. – Минск, 2003. – 427 с.

Комсомол Белоруссии в Великой Отечественной войне: Документы и материалы. – Мн.: Беларусь, 1988 – 240 с.

Кузьменко В.И. Советская интеллигенция в партизанском движении Белоруссии 1941 – 1944 гг. – Мінск: Навука і тэхніка, 1991. – 116 с.

Лемяшонак У. Партызанскі рух у Вялікаю Айчынную вайну // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Мінск:БелЭн, 1999. – Т. 5. – С. 413 – 417.

Памяць: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. – Мінск, 1985 – 2004.

Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944). – Мінск: Беларусь, 1983. – 765 с.

Партийное подполье в Белоруссии 1941 – 1944: Страницы воспоминаний. Минская область и Минск. – Минск: Беларусь, 1984.

Партийное подполье в Белоруссии 1941 – 1944: Страницы воспоминаний. Витебская, Могилёвская, Гомельская, Полесская области. – Минск: Беларусь, 1985.

Партийное подполье в Белоруссии 1941 – 1944: Страницы воспоминаний. Вилейская, Барановичская, Пинская, Брестская, Белостокская области. – Минск: Беларусь, 1986.

Нарысы гісторыі Беларусі. – Мінск: Беларусь, 1995. – Ч. 2. – 560 с.

Пономаренко П.К. Всенародная борьба в тылу немецко-фашистских захватчиков 1941-1944. – М.: Наука, 1986. – 440 с.

Сямашка Я. Армія Краёва на Беларусі. – Мінск, 1994.

Хацкевич А.Ф., Крючок Р.Р. Становление партизанского движения в Белоруссии и дружба народов СССР. – Мн.: Навука і тэхніка, 1980. – 319 с.

Цанава Л. Усенародная партызанская вайна ў Беларусі супроць фашысцкіх захопнікаў. Мн.: Дзяржвыд БССР, 1950. Ч. 1. Зараджэнне і развіццё партызанскага руху. 342 с.

Якубовский Н.А. В тыл врага. – Мінск: Беларусь, 1979. – 175 с.


Эта страница нарушает авторские права

allrefrs.ru - 2019 год. Все права принадлежат их авторам!