Главная Обратная связь Поможем написать вашу работу!

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)






Прэзідэнцкія выбары 2008 г. Б. Абама і палітыка яго адміністрацыі



Пазіцыі рэспубліканцаў яшчэ больш ускладніліся пасля пачатку іпатэчнага (2007), а потым і фінансавага (2008) крызісаў. Сур'ёзнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне разам з дарагімі і малапаспяховымі ваеннымі акцыямі адміністрацыі Дж. Буша-малодшага на Блізкім Усходзе (Афганістан, Ірак), наадварот, стваралі для Дэмакратычнай партыі цудоўныя перспектывы на прэзідэнцкіх выбарах 2008 г.

Кандыдатам ад дэмакратаў быў намінаваны сенатар ад штату Ілінойс – толькі 5-ты сенатар-афраамерыканец у гісторыі краіны – Барак Абама. (Яго галоўным сапернікам была экс-першая лэдзі Хілары Клінтан). Б. Абама выступаў за хуткае заканчэнне Іракскай вайны, энергетычную незалежнасць краіны і ўсеагульную сістэму аховы здароўя. Важнай асаблівасцю кампаніі дэмакратычнага кандыдата было тое, што ён стаў першым кандыдатам у прэзідэнты, які адмовіўся ад дзяржаўнага фінансавання. Прывабныя лозунгі ("Перамены, у якія мы можам паверыць" і "Да, мы можам"), а таксама прадуманая PR-кампанія ў сродках масавай інфармацыі, асабліва ў сетцы Інтэрнэт, дазволіла Б. Абаму і яго выбарчаму штабу сабраць на выбарчыя патрэбы прыватныя ахвяраванні на суму каля шасцісот мільёнаў долараў. Яго галоўным канкурэнтам з'яўляўся кандыдат ад Рэспубліканскай партыі патомны афіцэр і ветэран В'етнамскай вайны (быў збіты над Ханоем і правёў у палоне 5,5 гадоў) сенатар ад Арызоны Джон Маккейн. У цэнтры перадвыбарчых дыскусій апынулася ўзрастальнае пагаршэнне эканамічнай абстаноўкі ў краіне. Найбольш рашучыя антыкрызісныя захады прапаноўваў кандыдат-дэмакрат.

Амерыканцы выступілі ў падтрымку перамен і абнаўлення. Амаль 70 млн. чалавек (52,9%) прагаласавалі за Б. Абаму, што прынесла яму 365 галасоў выбаршчыкаў (у Дж. Маккейна – толькі 173). Гэткім чынам Б. Абама (2009 – ) стаў першым афраамерыканцам, абраным прэзідэнтам ЗША, а яго напарнік Джон Байдэн – першым віцэ-прэзідэнтам-каталіком. Поспех Дэмакратычнай партыі на прэзідэнцкіх выбарах быў падмацаваны перамогай на выбарах у Кангрэс: дэмакраты ўмацавалі сваю большасць у абедзвюх палатах.



Першыя крокі новай прэзідэнцкай адміністрацыі былі накіраваныя на пераадоленне фінансава-эканамічнага крызісу і аднаўленне пазіцый амерыканскай эканомікі на міжнароднай арэне. Ужо ў лютым 2009 г. прэзідэнт падпісаў г.зв. "Акт аднаўлення" (Recovery Act), які прадугледжваў выдаткаванне $787 млрд. на забеспячэнне падатковых стымулаў, павелічэнне дапамог па беспрацоўю ды іншых сацыяльных выплат, рост асігнаванняў на адукацыю і ахову здароўя, паляпшэнне інфраструктуры, у тым ліку на энергетычны сектар.

Адным з важнейшых пунктаў унутрыпалітычнай праграмы Б. Абамы стала рэформа сістэмы аховы здароўя. Праблема, якую напачатку 1990-х гг. спрабаваў вырашыць Б. Клінтан, не толькі не страчвала сваёй актуальнасці, але нават абвастралася. У ЗША адсутнічае бясплатная медыцына і за паслугі ўрача плацяць страхавыя кампаніі. Кошт медыцынскай страхоўкі ў год складае каля $3 тыс. у год што па кішэні далёка не ўсім амерыканцам. У выніку па дадзеных на 2008 г. без медыцынскай страхоўкі абыходзілася 47 млн. амерыканцаў – прыкладна шостая частка насельніцтва краіны.

Рэформа, з аднаго боку, была павінна абмежаваць свавольства страхавых кампаніяў, а з другога, даць больш бяспекі і стабільнасці тым, у каго ёсць медыцынская страхоўка і даць страхоўку тым, у каго яе няма. На ажыццяўленне паэтапнага рэфармавання галіны за дзесяць гадоў дэмакратычная адміністрацыя збіралася патраціць парадку $900 млрд. У 2009 г. адпаведны праект быў праведзены праз Кангрэс, а напачатку 2010 г. набыў сілу закону.



Будучы ад самага пачатку гарачым праціўнікам Іракскай вайны, Б. Абама абнародаваў план вываду войск ЗША з Іраку. Асноўныя злучэнні павінны былі пакінуць краіну напрыканцы жніўня 2010 г., але каля 50 тыс. амерыканскіх вайскоўцаў засталіся для аказання дапамогі іракскім уладам. 1 верасня 2010 г. віцэ-прэзідэнт Дж. Байдэн абвясціў пра афіцыйнае заканчэнне аперацыі "Іракская свабода" і пра пачатак новай небаявой аперацыі амерыканскай арміі.

Адным з галоўных абяцанняў перад выбарамі і першых рашэнняў Б. Абамы на пасадзе прэзідэнта (было зроблена ўжо на другі дзень знаходжання ў Белым Доме) стала распараджэнне пра закрыццё турмы для асабліва небяспечных злачынцаў на ваеннай базе ЗША ў Гуантанама (Куба). У гады дзейнасці адміністрацыі Дж. Буша гэтая турма здабыла ў свеце змрочную славу з-за шматлікіх фактаў выкарыстання катаванняў і бесчалавечных адносін у дачыненні вязняў, галоўным чынам падазраваных у тэрарызме. Да канца 2009 г. турма была павінна спыніць сваё існаванне.

Нягледзячы на велізарныя федэральныя выдаткі, эканамічная сітуацыя ў краіне паляпшалася вельмі павольна. Тэмпы эканамічнага росту былі невысокімі, а бюджэтны дэфіцыт пастаянна павялічваўся. Доля беспрацоўных ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва працягвала расці і ў 2010 г. трымалася на высокім ўзроўні – звыш 9,5%. Рашэнне прэзідэнта пра закрыццё турмы ў Гуантанама з-за супрацьдзеяння кангрэсменаў таксама не было выканана (у краіне ўзрастала колькасць праціўнікаў пераводу на тэрыторыю ЗША вязняў, якія падазраваліся ў тэрарыстычнай дзейнасці).

Гэтыя і некаторыя іншыя праблемы, з якімі сутыкнулася адміністрацыя Б. Абамы, не маглі не адбіцца на ўзроўні папулярнасці Дэмакратычнай партыі. Гэта яскрава падкрэслілі вынікі прамежкавых выбараў у Кангрэс 2010 г. Дэмакраты здолелі захаваць нязначную большасць у Сенаце, але страцілі 63 мандаты ў Палаце прадстаўнікоў і саступілі там першынство рэспубліканцам.



У снежні 2010 г. адміністрацыя Б. Абамы выканала яшчэ адно важнае абяцанне сваім выбаршчыкам. Быў падпісаны закон, які скасоўваў акт 1993 г. пра забарону службы ва ўзброеных сілах ЗША адкрытых прыхільнікаў аднаполай любові (прынцып "Не запытвай, не кажы" – англ. Don't ask, don't tell); яшчэ раней закон 1993 г. быў прызнаны антыканстытуцыйным.

У красавіку 2011 г. Б. Абама заявіў пра жаданне ўдзельнічаць ў прэзідэнцкіх выбарах 2012 г. і афіцыйна распачаў новую прэзідэнцкую кампанію.

Амерыканская дыпламатыя ва ўмовах канчатковага распаду біпалярнага сістэмы. ЗША і НАТА. Удзел ЗША у вайсковых аперацыях у Югаславіі, Афганістане, Іраку. Знешняя палітыка адміністрацыі Б. Абамы.

У сферы знешняй палітыкі адміністрацыя Б. Клінтана працягвала курс на ўмацаванне лідарства ЗША ў вырашэнні міжнародных праблем. З распадам біпалярнай сістэмы міжнародных адносін і пераўтварэннем Злучаных Штатаў у адзіную звышдзяржаву ідэя глабальнай адказнасці ЗША за стан спраў у свеце стала асновай знешнепалітычнага менталітэту амерыканскіх палітыкаў.

Рэзкае ўзрастанне прэтэнзій ЗША на ролю міжнароднага арбітра значна ўзмацніла выкарыстанне метадаў дыктату ў канкрэтных знешнепалітычных аперацыях. З асаблівай сілай гэта праявілася ў новай канцэпцыі рэгулявання рэгіянальных канфліктаў, якая стала ўжывацца адміністрацыяй Б. Клінтана. Яе сутнасць складалася ў тым, што ад удзелу ў традыцыйных аперацыях па падтрыманні міру і пільнаванні ўжо дасягнутых пагадненняў пад эгідай і сіламі міратворчых кантынгентаў ААН амерыканская дыпламатыя стала пераходзіць да аперацый па "прымушэнню да міру" варагуючых бакоў. Гэтыя аперацыі ладзіліся з ініцыятывы ЗША сіламі ваенна-палітычнага блоку НАТО без удзелу ААН, а часам і ў абыход яе рашэнняў.

Упершыню гэтыя новыя метады былі выкарыстаны Злучанымі Штатамі ў 1994-1995 гг., калі адміністрацыя Б. Клінтана дамаглася ўмяшання ўзброеных сіл НАТО ва ўнутрыюгаслаўскі канфлікт з мэтай навязвання варагуючым бакам выгодных для ЗША ўмоў урэгулявання этнаканфесійнага канфлікту ў Босніі. Падобны ж характар насіла чарговае ўмяшанне Злучаных Штатаў у супярэчнасці на Балканах у 1999 г. Яно прывяло да адкрытых ваенных дзеянняў сіл НАТО на чале з ЗША супраць Югаславіі (Касаўскі канфлікт).

Выпрабаванні ў 1998 г. ядзернай зброі Індыяй і Пакістанам, ракет сярэдняй дальнасці Іранам і Паўночнай Карэяй вымусілі прэзідэнта перагледзець сваё стаўленне да проціракетнай абароны. У 1999 г. Б. Клінтан абвясціў пра павелічэнне ваенных выдаткаў і пачатак рэалізацыі планаў стварэння нацыянальнай сістэмы ПРА. Дзеля ўмацавання амерыканскіх пазіцыяў у свеце і нацыянальнай бяспекі ЗША рашуча выступала за далейшае пашырэнне НАТО на Ўсход.

Важнейшай задачай знешняй палітыкі адміністрацыі Б. Клінтана сталі таксама намаганні па падтрыманні эканамічнага першынства ЗША, якое ў 1970-1980-я гг. стала падрывацца ўзрастальнай канкурэнцыяй з боку Еўрапейскіх супольнасцяў і краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну. Для падвышэння канкурэнтаздольнасці амерыканскай эканомікі ЗША пайшлі на паглыбленне і дзяржаўна-прававое афармленне паўночнаамерыканскай інтэграцыі. У лістападзе 1993 г. Кангрэс ратыфікаваў пагадненне з Канадай і Мексікай пра стварэнне Паўночнаамерыканскай асацыяцыі свабоднага гандлю (НАФТА). У 1994 г. з ініцыятывы амерыканскага прэзідэнта было прынята рашэнне пра стварэнне Зоны свабоднага гандлю Амерык ( ФТАА; англ. Free Trade Area of the Americas, FTAA).

Падчас перадвыбарчай кампаніі Дж. Буш-малодшы акцэнтаваў увагу на неабходнасці умацавання эканамічных і палітычных сувязяў з краінамі Лацінскай Амерыкі, асабліва з Мексікай, абмежавання ўцягвання ЗША у лакальныя канфлікты, у тым ліку з мэтай "экспарту дэмакратыі". Ён настойваў на стварэнні нацыянальна сістэмы ПРА і выступаў у падтрымку ўступлення Кітаю ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (на яго думку, свабодны гандаль павінны быў падштурхнуць дэмакратычныя працэсы ў гэтай краіне).

Падзеі 11 верасня 2001 г. унеслі сур'ёзныя карэктывы ў знешнепалітычныя прыярытэты адміністрацыі Дж. Буша-малодшага. 20 верасня ў сваім звароце да Кангрэса і амерыканскага народу прэзідэнт афіцыйна абвясціў вайну тэрарызму: "Наша вайна з тэрарызмам пачынаецца з "Аль-Каіды", але гэтым не скончыцца. Яна не скончыцца пакуль кожная тэрарыстычная група ў свеце не будзе знойдзена, спынена і пераможана".

У кастрычніку ЗША і Вялікабрытанія разам з сіламі афганскага Паўночнага Альянсу распачалі ваенную аперацыю ў Афганістане. Яе мэтай стала знішчэнне тэрарыстычнай сеткі "Аль-Каіды", ліквідацыі рэжыму талібаў, што служыў важнейшым апірышчам для тэрарыстаў, і стварэнне жыццяздольнай дэмакратычнай афганскай дзяржавы. Створаная Злучанымі Штатамі контртэрарыстычная кааліцыя, таксама прадугледжвала абмен разведвальнымі дадзенымі, замарожванне фінансавых актываў тэрарыстычных арганізацый і г.д. Напрыканцы 2001 г. Дж. Буш-малодшы абвясціў пра існаванне "Восі Зла" – краін, якія нясуць пагрозу існаванню "свабоднага свету" – Ірака, Ірана і Паўночнай Карэі.

Дзеля апраўдання аперацыі ў Афганістане адміністрацыя Дж. Буша-малодшага заяўляла, што мае права засцерагчы сябе ад краін, якія даюць прытулак ці дапамогу тэрарыстычным групам. Крыху пазней у г.зв. "Дактрыну Буша" былі уключаныя дадатковыя элементы, у тым ліку вельмі спрэчная палітыка прэвентыўнай вайны, якая палягала ў тым, што Злучаным Штатам трэба змяшчаць рэжымы ў краінах, што ўяўляюць патэнцыйную ці меркаваную пагрозу для бяспекі ЗША.

Менавіта зыходзячы з гэтай логікі ў сакавіку 2003 г. Злучаныя Штаты распачалі вайну супраць іракскага рэжыму С. Хусэйна, абвінавачанага ў фінансаванні тэрарыстычных арганізацый і аднаўленні распрацоўкі зброі масавага паражэння. Хуткае скіданне С. Хусэйна не прынесла міру і спакою ў Ірак. Абвастрэнне сацыяльна-эканамічных, палітычных і міжканфесійных супярэчнасцей, пачатак партызанскай вайны і бясконцыя тэрарыстычныя акты, што абрынуліся на іракскі народ следам за ўварваннем сіл кааліцыі на чале з ЗША, прынеслі ад 400 тыс. да 1 млн. ахвяраў сярод іракцаў. Злучаным Штатам гэтая вайна каштавала многія сотні мільярдаў долараў і прывяла да рэзкага пагаршэння іх аўтарытэту ў свеце, асабліва, у мусульманскага і арабскага Ўсходу.

Як і яго папярэднік, Б. Клінтан, Дж. Буш-малодшы пільна сачыў за падзеямі ў маладых краінах – былых рэспубліках СССР. ЗША падтрымлівалі дэмакратычныя працэсы ў Грузіі і Ўкраіне ("кветкавыя рэвалюцыі"). А вось адносіны з Расіяй заставаліся дастаткова халоднымі, як з прычыны далейшага распаўсюджвання НАТО на Ўсход і планаў разгортвання амерыканскай ПРА ў Еўропе, гэтак і з-за скрайне негатыўнай рэакцыі Вашынгтона на дзеянні Расіі падчас расійска-грузінскай вайны 2008 г.

Важнае значэнне набыло аднаўленне адміністрацыяй Дж. Буша-малодшага шчыльных адносін з Індыяй, перажываўшых крызіс пасля правядзення ў 1998 г. гэтай краінай выпрабаванняў уласнай ядзернай зброі. Вялікая зацікаўленасць Вашынгтону ў падтрымцы Дэлі барацьбы з тэрарызмам і візіт амерыканскага прэзідэнта ў Індыю (2006) прывялі да заключэння ў 2008 г. двухбаковага пагаднення па супрацоўніцтву ў сферы выкарыстання мірнай атамнай энергіі.

Адміністрацыя Б. Абамы атрымала ў спадчыну ад рэспубліканцаў не толькі ахопленую крызісам краіну, але й цэлы комплекс праблем у сферы знешняй палітыкі. Парушэнне нормаў міжнароднага права, знешнія інтэрвенцыі, падзел дзяржаў на сяброўскія і варожыя ("Вось Зла") няўхільна вялі да падзення аўтарытэту Злучаных Штатаў у свеце.

Адным з першых знешнепалітычных рашэнняў новай прэзідэнцкай адміністрацыі стала абяцанне скончыць на працягу наступных 18 месяцаў ваенныя аперацыі ў Іраку (31 жніўня 2010 г. Б.Абама заявіў пра заканчэнне амерыканскай ваеннай місіі ў гэтай краіне). Ужо ў лютым і сакавіку 2009 г. віцэ-прэзідэнт Дж. Байдэн і дзяржаўны сакратар Хілары Клінтан пад час сваіх замежных візітаў абвясцілі пра пачатак "новай эры" ў стасунках паміж ЗША, з аднаго боку, і Еўропай ("Прарыў") і Расіяй ("Перазагрузка"), з другога.

Знакавым для дэманстрацыі гатоўнасці шукаць паразуменне з арабскім светам стала рашэнне Б. Абамы даць сваё першае інтэрв'ю ў якасці прэзідэнта арабскамоўнаму каналу навінаў "Аль-Арабія". Некалькі пазней амерыканскі прэзідэнт выступіў з дастаткова прымірэнчым зваротам да народа і ўраду Ірану. (Іранскае кіраўніцтва адрэагавала на яго ў традыцыйна антыамерыканскім ключы. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2009 у Іране і жорсткіх урадавых акцый супраць апазіцыі амерыканская адміністрацыя зноў выступіла з крытыкай Тэгерану. Нежаданне іранскага кіраўніцтва наладзіць поўнамаштабнае супрацоўніцтва з міжнароднай супольнасцю ў ядзернай сферы – на Захадзе гэта выклікае падазрэнні наконт распрацоўкі ў Іране ядзернай зброі – абумоўлівае асаблівую напружанасць амерыкана-іранскіх адносін на сучасным этапе.) У чэрвені 2009 г. у прамове ў Каірскім універсітэце Б. Абама заклікаў да "новага пачатку" ў адносінах паміж ісламскім мірам і Злучанымі Штатамі і выказаў імкненне садзейнічаць мірнаму ўрэгуляванню араба-ізраільскага канфлікту.

У кастрычніку 2009 г. Б. Абама атрымаў Нобелеўскую прэмію міру з фармулёўкай "за экстраардынарныя намаганні ва ўмацаванні міжнароднай дыпламатыі і супрацоўніцтва паміж людзьмі". Гэтая высокая ацэнка першых дыпламатычных крокаў новай амерыканскай адміністрацыі выглядала як выдача шчодрага авансу – для некаторых палітыкаў і назіральнікаў неапраўданым авансам – новаму прэзідэнту ЗША. Тым не менш, пасля знешняй палітыкі ў духу "дактрыны Буша", знешнепалітычны курс Б. Абамы не мог не выклікаць у свеце сама меней стрыманы аптымізм.

У красавіку 2010 г. у Празе Б. Абама і расійскі прэзідэнт Дз.А. Мядзведзеў падпісалі двухбаковы дагавор паміж ЗША і Расіяй адносна далейшага ўзаемнага скарачэння (с кожнага боку прыкладна на 1/3) арсеналаў разгорнутых стратэгічных ядзерных узбраенняў – СНУ-3. Падпісанне гэтага новага пагаднення павінна было паслужыць ўмацаванню даверу паміж дзвюма дзяржавамі і палепшыць атмасферу міжнародных адносін у цэлым.

Важнай асаблівасцю блізкаўсходняй палітыкі ЗША падчас першых галоў дзейнасці адміністрацыі Б. Абамы стала адмаўленне ад адназначнай і безагаворачнай падтрымкі Ізраілю ў пытаннях урэгулявання складаных праблем рэгіянальнай палітыкі. У сакавіку 2010 г. Злучаныя Штаты адкрыта выказаліся супраць планаў працягу будаўніцтва ізраільскіх паселішчаў на спрэчных тэрыторыях у ваколіцах Усходняга Іерусаліму. А ў траўні 2011 г. Б. Абама выступіў за тое, каб межы будучай палесцінскай дзяржавы былі заснаваныя на базе, існаваўшых да араба-ізраільскай вайны 1967 г., г.зн. за адмаўленне Ізраілю ад захопленых тэрыторый – сектара Газа, заходняга берага ракі Іардан і Ўсходняга Іерусаліму.


Просмотров 350

Эта страница нарушает авторские права




allrefrs.ru - 2021 год. Все права принадлежат их авторам!