Главная Обратная связь Поможем написать вашу работу!

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)






Курс на будаўніцтва сацыялізму савецкай мадэлі. Падзеі чэрвеня‑ліпеня 1953 г., іх прычыны, характар і вынікі



З абвяшчэннем ГДР пачынаецца канчатковая арыентацыя на савецкую сталінскую сацыяльна-эканамічную і грамадска-палітычную мадэль. Праграма пасляваеннага аднаўлення і развіцця эканомікі была, напрыклад, увасобленая ў двухгадовым плане, разлічаным на 1949 - 1950 гг. Асаблівая ўвага надавалася базавым для цяжкай індустрыі галінам – вуглездабычы, энергетыцы і машынабудаванню. Згодна афіцыйным дадзеным, пастаўленыя задачы былі датэрмінова выкананыя і прамысловая вытворчасць краіны дасягнула ўзроўню 1936 г. Нацыянальны даход за перыяд з 1946 па 1950 гг. вырас больш чым удвая.

У ліпні 1950 г. яшчэ больш высокія і, аб’ектыўна, нерэальныя задачы былі вызначаны на 1 - ю пяцігодку (1951-1955) ІІІ з’ездам САПГ. Неспрыяльныя ўмовы (дэфіцыт энергарэсурсаў і сыравіны, рэпарацыі і дэмантажы абсталявання), завышаныя планы, у першую чаргу ў цяжкой прамысловасці, шматлікія бюракратычныя перашкоды, аднабаковы знешні гандаль (з сацыялістычнымі краінамі) і палітычныя праблемы хутка сарвалі выкананне плану.

Перад выбарамі 1950 г. у Народную палату (парламент) палітычныя партыі і масавыя арганізацыі краіны (напрыклад, Саюз свабоднай нямецкай моладзі, Аб’яднанне свабодных нямецкіх прафсаюзаў) аб’ядналіся ў Нацыянальны фронт дэмакратычнай Германіі (НФДГ), палітычную структуру, якая пры фармальным захаванні шматпартыйнасці і шырокім прадстаўніцтве таксама фармальна грамадскіх аб’яднанняў, забяспечвала поўны кантроль САПГ.

Цалкам у духу савецкага першаўзору, на ІІІ з’ездзе САПГ была усталявана пасада генеральнага сакратара партыі. Таксама невыпадковым было абранне на яе найбольш цвёрдага германскага сталініста Вальтэра Ульбрыхта, які бачыў неабходным распаўсюдзіць партыйна-дзяржаўны кантроль на ўсе бакі грамадскага жыцця краіны.

У лютым 1950 г., як і ў іншых “братэрскіх краінах”, па савецкім ўзоры было створана Міністэрства дзяржаўнай бяспекі - штазі (ням. - Ministerium für Staatssicherheit, Stasi). Пачынаецца жорсткае змаганне са шпіёнамі і падрыўнымі элементамі, што служаць сілам імперыялізму, ідэалагічнымі ворагамі – трацкістамі і цітаістамі. (У часы Халоднай вайны разам з КДБ і ЦРУ штазі лічылася адной мацнейшых спецслужбаў у свеце. Напрыканцы 1980-х гг. прыкладна кожны 50-ты грамадзянін ГДР супрацоўнічаў з міністэрствам.)



Раскол Германіі і стварэнне ФРГ і ГДР паклалі пачатак своеасабліваму спаборніцтву паміж гэтымі дзяржавамі. На яго ход самы непасрэдны ўплыў імкнуліся аказваць супердзяржавы – ЗША і СССР. У 1950 г. Савецкі Саюз удвая скараціў рэпарацыйныя выплаты, актывізаваў пастаўкі ГДР сыравіны і тэхнікі.

У 1952 г. 2-я канферэнцыя САПГ паставіла перад партыяй, дзяржавай і грамадствам задачу пабудовы сацыялізму. Гэта азначала фарсіраванне калектывізацыі сельскай гаспадаркі, правядзенне абмежавальных захадаў супраць дробных і сярэдніх уласнікаў, масавую нацыяналізацыю прадпрыемстваў. Для змагання з варожымі сацыялістычнаму шляху элементамі прадугледжвалася ўзмацненне ролі паліцыі і сілаў дзяржаўнай бяспекі. Каб хутчэй сцерці з памяці усходніх немцаў "старарэжымныя" рэаліі, у 1952г. пачалася адміністратыўная рэформа. Замест расфармаваных 5 "гістарычных" зямель – Саксоніі, Анхальт-Саксоніі, Цюрынгіі, Брандэнбурга і Мекленбурга – ствараліся 14 штучных акругаў.

Энтузіязм, з якім усходнегерманскія рабочыя віталі першыя рэформы САПГ, хутка змяніся незадаволенасцю і адкрытым пратэстам. Стрымліванне даходаў, ураўняльныя тэндэнцыі пры матэрыяльным ацэньванні працы, невыгодныя вынікі параўнання свайго матэрыяльнага становішча з тым, што было да вайны або з тым, што мелі рабочыя ў ФРГ, дэфіцыт прадуктаў харчавання і спажывецкіх тавараў, нарастанне палітычных і антыцаркоўных рэпрэсіяў выклікалі незадаволенасць грамадзян ГДР. Смерць Сталіна і аслабленне савецкага акупацыйнага кантролю (была расфармаваная СКК і замест яе ўведзена пасада Вярхоўнага камісара) выклікалі масавыя уцёкі ўсходніх немцаў на Захад. Моцнае абурэнне ў грамадстве выклікала красавіцкае павышэнне цэн.



Разумеючы небяспеку сацыяльнага выбуху ў ГДР і працягваючы курс на лібералізацыю сваёй палітыкі, міністэрства унутраных спраў СССР накіравала кіраўніцтву ГДР мемарандум з патрабаваннем спыніць фарсіраваную індустрыялізацыю і паслабіць рэпрэсіі. Усходнегерманскія лідары былі нават выкліканыя ў Маскву, дзе прызналі свае памылкі. Па прыездзе дадому яны абвясцілі "Новы курс", скіраваны на паляпшэнне забеспячэння насельніцтва. Аднак запланаванае ўладамі ГДР павышэнне нормаў выпрацоўкі на вытворчасці засталося ў недатыкальнасці. Калі напачатку чэрвеня рабочыя атрымалі заробак і знайшлі вылічэнні за недапрацоўку, цярпенне рабочых лопнула.

16 чэрвеня 1953 г. ў Берліне пачалася забастоўка, якая на наступны дзень – 17 чэрвеня – перарасла ва ўсеагульную. На сярэдзіну дня ў цэнтры горада сабралася каля 150 тыс. чалавек. Лозунгі казалі пра рашучы настрой маніфестантаў: "Далоў урад! Далоў Народную Паліцыю!" "Мы не хочам быць рабамі, хочам быць вольнымі!", "Бародка, пуза і акуляры – гэта не воля народа" (асабісты выпад супраць В. Ульбрыхта). Акцыя набыла гвалтоўны характар. Натоўп граміў паліцэйскія ўчасткі, будынкі партыйных і дзяржаўных органаў. Знішчаліся сімвалы дзяржаўнай улады. Горад быў фактычна захоплены народам. Партыйнае кіраўніцтва было вымушанае ўцякаць пад абарону савецкіх войск у сталічнае прадмесце Карлхорст. Народныя выступленні перакінуліся і на некаторыя іншыя гарады краіны – Лейпцыг, Гале і г.д.



Рэжым выратавала толькі выкарыстанне савецкіх войск. У ходзе падаўлення паўстання загінула да 300 чалавек. В. Ульбрыхт не толькі здолеў утрымацца пры ўладзе, але таксама выкарыстаў момант для расправы з унутрыпартыйнай апазіцыяй.

Тым не менш, галоўным вынікам падзей лета 1953 г. стала значная карэкціроўка палітычнага курсу САПГ. Пры савецкай дапамозе ўлады здолелі забяспечыць падвышэнне дабрабыту насельніцтва, адмовіцца ад "перагібаў" у каапераванні сельскай гаспадаркі, палепшылі існаванне прыватнікаў у сферы дробнай і сярэдняй вытворчасці і гандлю. У 1954 г. СССР цалкам адмовіўся ад спагнання з ГДР рэпарацыйных выплатаў. Гэтак была закладзеная база пад стварэнне паспяховай і канкурэнтаздольнай па мерках савецкага лагера усходнегерманскай сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

У 1958 г. былі скасаваныя прадуктовыя карткі. Да канца 1950-х гг. ГДР выйшла на 5-е месца ў Еўропе па ўзроўню прамысловага развіцця і стала пераўтварацца ў г.зв. "вітрыну сацыялізму". Тым не менш, задача "дагнаць і перагнаць ФРГ" была далёкая ад вырашэння: спажыванне ГДР складала 25% заходнегерманскага, а вытворчасць – 30%.

Заява аб перамозе сацыялістычных вытворчых адносін, іх асаблівасці. Гаспадарчая рэформа ў ГДР 1960‑х гг. і яе вынікі. Асноўныя напрамкі эканамічнага развіцця ГДР у 1970‑я гг. Супярэчнасці эканамічнага развіцця ГДР ў 1980‑я гг.

VI з’езд САПГ, які адбыўся ў 1963 г., абвясціў аб пачатку этапу сацыялістычнага развіцця ГДР. У тым жа 1963 г. пачынаецца ажыццяўленне эканамічнай рэформы па стварэнню ў краіне мадэлі "сацыялістычнага рынку" – Новай эканамічнай сістэмы (НЭС). Скарачаліся дзяржаўныя датацыі на прамысловую прадукцыю, прадпрыемствы пераводзіліся на гаспадарчы разлік, пашыралася іх вытворчая самастойнасць. ГДР становіцца мадэллю для прамысловых эксперыментаў сацыялістычных краін, асабліва Савецкага Саюзу.

Асноўнай адметнасцю працэсу пабудовы сацыялізму ў ГДР стала прыцягненне да вырашэння задач пераходнага перыяду сярэдняй і дробнай буржуазіі. Ажно да лета 1972 г. у краіне працягвала існаваць значная колькасць дробных і сярэдніх прыватных прадпрыемстваў у прамысловасці, на транспарце, у гандлі. Пры гэтым дзяржава няўхільна абмяжоўвала сферу дзейнасці прыватнакапіталістычных структураў, паступова трансфармуючы іх у паўдзяржаўныя і дзяржаўныя прадпрыемствы. Рэформа дазволіла эканоміцы ГДР дасягнуць значных поспехаў, а таксама забяспечыць усходніх немцаў дастаткова высокім дабрабытам. Новая Канстытуцыя 1968 г., абвясціла ГДР "сацыялістычнай дзяржавай нямецкай нацыі" і афіцыйна замацавала палітычнае дамінаванне САПГ (арт. 1).

Пасля адстаўкі В. Ульбрыхта і абрання першым сакратаром ЦК САПГ Эрыха Хонэкера (1971 г.) адбываецца пэўная змена сацыяльна-эканамічнага курсу. Важнейшай задачай партыі і ўраду абвяшчалася "падвышэнне матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця народу", а неабходнасць карэннай мадэрнізацыі эканомікі была адсунутая на другі план. Новы лідэр у большай ступені, чым яго папярэднік, арыентаваўся на савецкую мадэль эканамічнага развіцця.

Аднак за фасаднай часткай "вітрыны сацыялізму" хаваліся немалыя праблемы. Станоўчы эфект эканамічных рэформаў 1960-х гг. не мог быць вечным. З сярэдзіны 1970-х гг. эканамічная сітуацыя ў ГДР стала пагаршацца. Павелічэнне выдаткаў на сацыяльную сферу, у прыватнасці дарагую жыллёвую праграму, знізіла аб'ём інвестыцый у развіццё і абнаўленне састарэлага абсталявання, знос якога ў прамысловасці складаў 50%, а ў сельскай гаспадарцы – 65%. Узрастальнае тэхналагічнае адставанне, нізкі ўзровень прадукцыйнасці працы (ад трэці да паловы ад заходнегерманскага), нерацыянальнае выкарыстанне замежных крэдытаў (ішлі не на інвестыцыі ці набыццё новых тэхналогій, а на імпарт сыравіны, прадуктаў харчавання і тавараў шырокага попыту для насельніцтва) падрывалі асновы усходнегерманскай сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

Нягледзячы на глыбінныя праблемы,да пачатку 1980-х гг. ГДР стала высокаразвітай індустрыяльнай краінай з інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай. Па аб’ёме выпуску прамысловай прадукцыі ГДР выйшла на 6-е месца ў Еўропе і 10-е ў свеце. Яе вядучыя галіны прамысловасці, непасрэдна закранутыя навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй (машынабудаванне, металаапрацоўка, хімічная прамысловасць, электратэхніка і электроніка, оптыка, прыборабудаванне, лёгкая прамысловасць) з’яўляліся ўзорнымі для ўсяго сацыялістычнага лагеру.

Вельмі высокім па ўсходнееўрапейскіх стандартах быў і ўзровень жыцця насельніцтва ГДР. Аднак, як хутка выявілася, яно проста жыло не па сродках. Калі напачатку 1970-х гг. знешняя запазычанасць ГДР складала 3,5 млрд. марак, то на 1989 г. – ўжо пераваліла за 30-мільярдны рубеж. На фоне далейшай арыентацыі насельніцтва ГДР на заходнія спажывецкія стандарты шанцаў на паспяховае задавальнення яго ўзрастальных патрэбаў, а значыць і на захаванне ўласнай улады, у САПГ практычна не засталося.


Просмотров 465

Эта страница нарушает авторские права




allrefrs.ru - 2021 год. Все права принадлежат их авторам!