Главная Обратная связь Поможем написать вашу работу!

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)






Знешняя палітыка Грэцыі і Партугалія ў другой палове 1970-х – 2000-х гг



Пасля ліквідацыяй вайсковага рэжыму і прыходу да ўлады левацэнтрысцкіх сіл на чале з А. Папандрэў асноўнай мэтай знешняй палітыкі Грэцыі абвяшчалася вызваленне краіны ад амерыканскай залежнасці. Урад абвясціў аб выхадзе краіны з вайсковай арганізацыі НАТО (гэта перадусім тлумачылася напружанымі адносінамі з яшчэ адным членам Альянсу – Турцыяй; рашэнне захоўвала сілу да 1980 г.) і выступіў з патрабаваннем ліквідацыі на грэчаскай тэрыторыі амерыканскіх вайсковых баз. У верасні 1983 г. грэка-амерыканскія спрэчкі скончыліся падпісаннем кампраміснага двухбаковага пагаднення, згодна якому базы захоўваліся на працягу яшчэ 5 гадоў. Пасля гэтага пытанне аб іх лёсе бакі дамаўляліся вырашыць канчаткова. Новыя ўлады Грэцыі былі настроеныя да амерыканскай прысутнасці больш лагодна, таму ў 1990 г. было падпісана другое пагадненне з ЗША, якое захоўвала вайсковыя базы на грэчаскай тэрыторыі. І ў далейшым адносіны Грэцыі з ЗША і НАТО захоўвалі вельмі шчыльны характар. Грэцыя па большасці пытанняў сучаснай міжнароднай палітыкі падтрымлівае паўночнаемерыканскую звышдзяржаву і бярэ ўдзел у большасці місіяў Паўночнаатлантычнага альянсу

Галоўнымі знешнепалітычнымі праблемамі для Грэцыі на сучасным этапе застаюцца: кіпрская, эгейская, а таксама македонскае пытанне. Пасля расколу ў 1974 г. кіпрскай дзяржавы на дзве часткі міжнародная супольнасць, у тым ліку ААН, прызнала тэрыторыю Паўночнага Кіпру акупіраванай Турцыяй. Грэцыя ад самога пачатку заняла падкрэслена цвёрдую пазіцыю па гэтаму пытанню. Вырашэнне далейшага лёсу вострава – падзельнае існаванне альбо уз'яднанне – на працягу ўжо некалькіх дзесяцігоддзяў ускладняе адносіны Афінаў і Стамбула.

Але асноўны камень перапоны ў грэка-турэцкіх адносінах – эгейская спрэчка, што абвастрылася напачатку 1970 г. Дагэтуль неўрэгуляванымі застаюцца пытанні: дэлімітацыі тэрытарыяльных вод дзвюх краін, нацыянальнай паветранай прасторы, выкарыстання кантынентальнага шэльфу і ўзаемныя прэтэнзіі на незаселеныя маленькія астравы ў Эгейскім моры. Пры ўсёй традыцыйнай праблемнасці грэка-турэцкіх адносін апошнім часам намецілася тэндэнцыя да іх пацяплення. У 1999 г., напрыклад, Грэцыя адыграла важную ролю ў прадастаўленні Турцыі статусу кандыдату на ўступ у ЕС.



З пачатку 1990-х гг. асабліва востра стала праяўляцца македонскае пытанне. Новаствораная Рэспубліка Македонія (да верасня 1991 г. знаходзілася ў складзе Югаславіі) ў першыя гады суверэннага існавання вяла актыўную прапаганду стварэння незалежнай дзяржавы на землях гістарычнай Македоніі, а значыць фактычна высоўвала прэтэнзіі на часткі сербскай, балгарскай і грэчаскай тэрыторыі. З вялікай занепакоенасцю Грэцыя ставіцца да спробаў македонскіх гісторыкаў і асноўнай часткі палітычных сіл гэтай краіны паставіць пад сумненне грэчаскі характар старажытнай Македоніі і падкрэсліць гістарычную пераемнасць сучаснай Македонскай дзяржавы ад славутай дзяржавы антычнасці (шырокае выкарыстанне імя Аляксандра Македонскага, прысутнасць на македонскай банкноце архітэктурнага сімвала грэчаскага гораду Салонікі і г.д.). У выніку грэчаскі бок настаяў на зацвярджэнні для Македоніі афіцыйнай міжнароднай назвы – Былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія – заблакіраваў уступленне гэтай краіны з ЕС і НАТО.

Крушэнне фашысцкага рэжыму ў красавіку 1974 г. адчыніла перад Партугаліяй выхад на шырокую міжнародную арэну. І першым жа яе крокам на ёй стала прызнанне ў чэрвені таго ж году права на незалежнасць і самавызначэнне народаў былых партугальскіх калоніяў, на тэрыторыі якіх утварыліся самастойныя дзяржавы. Пасля ліквідацыі партугальскай каланіяльнай сістэмы ў Афрыцы былі ўсталяваныя альбо адноўленыя адносіны з СССР, краінамі Усходняй Еўропы і многімі краінамі Афрыкі і Азіі.



Дэмакратызацыя Партугаліі дазволіла ўсур'ёз агучваць мэту далучэння да "Агульнага рынку". З пачатку 1986 г. краіна разам з суседняй Іспаніяй стала паўнапраўнай удзельніцай ЕЭС. (У тым жа годзе Партугалія пакінула ЕАСТ.) З часам Партугалія здолела набыць аўтарытэт у Еўрасаюзе. Адным з яго буйных дзеячаў стаў Жазэ Мануэл Барозу – з 2004 г. старшыня еўрапейскай камісіі (кіраўнік выканаўчага органу ўлады ЕС). У 2007 г. партугальскай сталіцы было даверана пачэснае права прыняць у сябе лёсавызначальны для ЕС форум, на якім адбылося падпісанне г.зв. Лісабонскага трактату.

Адным з важнейшых накірункаў знешняй палітыкі Партугаліі на сучасным этапе застаюцца яе адносіны з былымі калоніямі ў Афрыцы – Анголай, Мазамбікам, Гвінеяй-Бісаў, Каба-Вердэ (былыя Астравы Зялёнага Мысу), Сан-Тамэ і Прынсіпі. Разам з Бразіліяй і самой Грэцыяй гэтыя краіны ў 1996 г. ўвайшлі ў Садружнасць партугаламоўных краін.

 

 

Тэма 17. Румынія ў 1945-2010-я гг.

Падзеі 23 жніўня 1944 г. і пераход Румыніі на бок антыгітлераўскай кааліцыі. Утварэнне Народна-дэмакратычнага фронту і яго барацьба за ўладу. Кааліцыйны ўрад П.Грозы і яго палітыка. Восеньскі палітычны крызіс 1945 г. Становішча "гістарычных партый" і караля Міхая І. Парламенцкія выбары 1946 г. Мірны дагавор з Румыніяй.

Пераможны для СССР зыход Яска-Кішынёўскай аперацыі, калі была нейтралізавана амаль 600-тысячная нямецка-румынская групоўка, даў магчымасць каралю Міхаю І і лідэрам буржуазна-дэмакратычных партый разам з сіламі левай апазіцыі правесці зладжаную акцыю па ліквідацыі фашысцкага рэжыму.



23 жніўня 1944 г. падчас аўдыенцыі ў караля быў арыштаваны І. Антанэску, а пазней і іншыя уплывовыя члены фашысцкага ўраду. У той жа дзень левая апазіцыя (камуністы, сацыял-дэмакраты і інш.) пачалі ўзброенае паўстанне супраць уладаў. У ноч на 24 жніўня Міхай І абвясціў аб выхадзе Румыніі з вайны на баку Германіі і аб далучэнні да антыгітлераўскай кааліцыі.

Неўзабаве пачаліся перамовы з СССР аб заключэнні перамір'я. 12 верасня 1944 г. у Маскоўскім пагадненні аб перамір'і Румынія абавязвалася выплаціць СССР рэпарацыі на суму $300 млн.

Пасля ліквідацыі рэжыму Антанеску пачынаецца павольнае ўзвышэнне Камуністычнай партыі Румыніі (КПР). Нягледзячы на сваю малалікасць (каля тысячы чалавек) і слабую папулярнасць – давалі аб сабе ведаць доўгія гады праведзеныя ў падполлі – дзякуючы непасрэднай і непрыхаванай падтрымцы Савецкай Арміі яна стала адной з найбольш уплывовых сіл у краіне.

Сумесна з Нацыянал-царанісцкай (НЦП), Нацыянал-ліберальнай (НЛП) і Сацыял-дэмакратычнай (СДП) партыямі КПР утварыла Нацыянальна-дэмакратычны блок (НДБ). Разам з вайскоўцамі (у т.л. прэм'ер) прадстаўнікі НДБ сфармавалі антыфашысцкі ўрад. Новая ўлада занялася ліквідацыяй наступстваў фашызму і ўсталяваннем буржуазна-дэмакратычных свабодаў. Было адноўлена дзеянне Канстытуцыі 1923 г.

Паколькі шчырае супрацоўніцтва “гістарычных партыяў” (НЦП і НЛП) і левых, асабліва камуністаў, якія спадзяваліся на ўсталяванне прынцыпова новага рэжыму, было ў перспектыве малаверагодным, рабочыя партыі ўзялі курс на стварэнне самастойнай арганізацыі. 12 кастрычніка 1944 г. быў заснаваны Народна-дэмакратычны фронт (НДФ). Для прыстойнасці туды запрасілі і цараністаў з лібераламі, але тыя, натуральна, адмовіліся.

НДФ абвінавачваў буржуазных міністраў і каралеўскую групоўку ў сабатажы рэалізацыі ўмоў перамір'я і 4 лістапада 1944 г. ва ультыматыўнай форме запатрабаваў ад Міхая І стварыць новы кааліцыйны ўрад. Пры масіраванай савецкай прысутнасці кароль проста не меў выбару і ў чарговым урадзе трэць партфеляў дасталася членам НДФ.

Камуністы ды іхныя саюзнікі працягнулі ціск на Міхая І. Ужо праз месяц яму прыйшлося прызначыць новага кіраўніка ўраду – генерала Нікалаэ Радэску, які за сваю антыгерманскую пазіцыю ў свой час нават высылаўся з краіны. Кароль спадзяваўся, што з падобным палітыкам СССР і яе пятая калона не будзе мець зачэпак для крытыкі. Але адносіны паміж буржуазнымі і прасавецкімі дзеячамі абвастраліся. Апошнія прама патрабавалі перадачы ім усёй паўнаты ўлады. Напрыканцы лютага 1945 г. Міхай І быў вымушаны адправіць і Н. Радэску ў адстаўку.

Гэтым разам (сакавік 1945 г.) Міхая прымусілі прызначыць прэм'ер-міністрам лідэра партыі-удзельніцы НДФ – Фронту земляробаў – П. Грозу. Фронтаўцы атрымалі і 12 з 17 міністэрскіх пасадаў. З "гістарычных партый" ва ўрад не ўключылі нікога – яны былі цалкам адхілены ад рэальных рычагоў кіравання дзяржавай.

Урад П. Грозы прыступіў да радыкальных рэформ. Згодна з палажэннямі аграрнай рэформы буйныя зямельныя ўладанні падлягалі канфіскацыі. (П. Гроза некалі сам быў буйным памешчыкам, аднак па ўласнай волі напачатку 1930-х гг. адмовіўся ад сваіх уладанняў і стварыў левасялянскую партыю, за што атрымаў мянушку “Чырвоны буржуй”) Большая частка іх размяркоўваліся паміж малазямельнымі і беззямельнымі сялянамі, меншая дасталася дзяржаве. Ва ўласнасць дзяржавы таксама пераходзілі памешчыцкія машыны і інвентар. На гэтай аснове ствараліся машынна-пракатныя пункты.

У выніку гэтай рэформы была не проста выкаранена буйная зямельная ўласнасць – памешчыкі былі цалкам ліквідаваны як сацыяльны слой. Тым не менш, гэтая рэформа (напрыклад, з пункту гледжання колькасці раздадзеных зямель або эканамічнай мэтазгоднасці) нашмат саступала "буржуазнай" зямельнай рэформе 1918-1921 г. Праблемы перанаселенасці вёскі, вельмі нізкай прадукцыйнасці сельскагаспадарчай працы, церазпалосіцы і драбнення надзелаў так і не былі вырашаны. Але, як і папярэдняя рэформа, яна здолела нейтралізаваць сялянства і аб'ектыўна паставіць яго на службу інтарэсам новых палітычных сілаў, што прагнулі неабмежаванай ўлады.

Урад прыняў захады па дэмакратызацыі і рэарганізацыі сістэмы кіравання. Спецыфічная трактоўка левымі дэмакратыі вяла да таго, што разам з фашысцкімі элементамі выдалялі з дзяржаўных органаў і проста апазіцыйна настроеных спецыялістаў. Паўсталі перад судом ваенныя злачынцы.

Урад П. Грозы рашуча змагаўся з любымі праявамі сабатажу і спекуляцыі і паступова ўводзіў дзяржаўны кантроль над вытворчасцю, размеркаваннем тавараў, цэнамі і заробкамі – на змену рыначным механізмам кіравання эканомікай сталі прыходзіць камандна-адміністрацыйныя.

Яшчэ адразу апасля 6 сакавіка 1945 г., калі камуністы сваімі ўльтыматыўнымі патрабаваннямі дамагліся ад Міхая І стварэння выгоднага сабе ўраду на чале з П. Грозай, кіраўніцтва "гістарычных партыяў" выступіла з заявай аб яго непрадстаўнічым характары. ЗША і Вялікабрытанія на Патсдамскай канферэнцыі таксама пагражалі не прызнаць урад П. Грозы і сарваць падпісанне мірнага дагавору з Румыніяй, калі не адбудзецца яго рэарганізацыя.

Восенню 1945 г. кароль Міхай І паспрабаваў выкарыстаць факт непрызнання ўраду і падтрымку Захаду, каб адправіць кабінет П. Грозы ў адстаўку. Прэм'ер жа справядліва ўпэўнены ў падтрымцы Савецкага Саюза проста праігнараваў патрабаванне галавы дзяржавы. Пасля гэтага Міхай І з'ехаў у свой загарадны маёнтак і адмовіўся падпісваць дзяржаўныя дакументы (без гэтага яны былі несапраўднымі, але падобныя юрыдычныя тонкасці мала турбавалі камуністаў). Склалася пікантная сітуацыя манарх баставаў у краіне, дзе панавалі камуністы.

8 лістапада падтрымаць караля і павіншаваць яго з днём нараджэння ў Бухарэсце сабраўся шматтысячны натоўп. Аднак камуністычныя атрады міліцыі і адмыслова створаная для абароны рэвалюцыі дывізія Уладзімірэску разагналі яго.

"Гістарычныя партыі" ніхто пакуль не збіраўся забараняць. Новыя гаспадары Румыніі, якія знаходзіліся пад надзейнай аховай савецкіх штыхоў і карысталіся з беднасці і даверлівасці значнай часткі румын, імкнуліся іх раскалоць і дыскрэдытаваць. Выкінутыя на ўзбочыну нацыянальнай палітыкі партыйныя лідэры нейтралізоўваліся у выніку рэпрэсіяў (самыя небяспечныя), асуджалі сябе на забыццё (самыя асцярожныя) або разам з паслядоўнікамі спяшаліся прымкнуць да пераможнага боку (самыя беспрынцыповыя). З прычыны засілля лаяльных Чырвонай Арміі і СССР партый, раздзёраў і аддаленасці ад рэальнай улады "гістарычныя партыі" гублялі падтрымку ў грамадстве, а наступленне на "эксплуататарскія класы" пазбаўляла іх трывалай сацыяльнай і матэрыяльнай базы.

Стаўленне савецкага кіраўніцтва і яго румынскіх падапечных да манархіі і Міхая І было адмоўным. Але роля караля ў ліквідацыі фашысцкага рэжыму і папулярнасць у народзе рабілі яго тэрміновае адхіленне ад улады небяспечным. (У Маскве маладога манарха называлі "каралём-камсамольцам".) Ворагі манархіі чакалі зручнага моманту для дыскрэдытацыі Міхая І.

У снежні 1945 г. на Маскоўскай канферэнцыі міністраў замежных спраў Вялікай тройкі (СССР, Вялікабрытаніі і ЗША) была выпрацавана формула, якая мелася выправіць рэпутацыю румынскага ўрада на міжнароднай арэне. У адпаведнасці з ёй два сапраўдных члена “гістарычных партыяў” (па аднаму з НЦП і НЛП), а не камуністычныя спачувальнікі, якія толькі фармальна заставаліся ў сваіх партыях, павінны былі увайсці ва ўрад. Пасля гэтага ЗША і Вялікабрытанія прызнавалі кабінет П. Грозы, які неўзабаве мусіў правесці свабодныя выбары, адкрытыя для ўсіх, у тым ліку апазіцыйных партыяў. Два новыя міністры, тым не менш, засталіся без партфеляў (без канкрэтных міністэрстваў, а значыць не мелі магчымасці распараджацца бюджэтнымі сродкамі) і папросту ігнараваліся калегамі, а іхныя партыі па-ранейшаму падвяргаліся нападкам.

Выбары ж былі адкладзены амаль на год і прайшлі толькі 19 лістапада 1946 г. Яны, як таго і трэба было чакаць, не былі адкрытымі і свабоднымі, а да старой румынскай традыцыі фальсіфікацыі выбарчых бюлетэняў камуністы дадалі свой асноўны агітацыйны метад – запужванне.

Перамог камуністычны Блок дэмакратычных партый (БДП), які па афіцыйных звестках набраў каля 80% галасоў. Сапраўдная апазіцыя – НЦП і НЛП – атрымала ў парламенце толькі 35 месцаў (з 414). Два іх міністры выйшлі ў адстаўку, а іх калегі-новаабраныя дэпутаты ў знак пратэсту супраць масавых парушэнняў у ходзе выбараў адмовіліся заняць свае парламенцкія крэслы.

Злучаныя Штаты і Вялікабрытанія выступілі з жорсткай крытыкай румынскіх уладаў, але не разарвалі з імі дыпламатычных адносінаў, а потым 10 лютага 1947 г. падпісалі з імі Мірны дагавор. Падобная непаслядоўнасць і мяккацеласць заходніх дэмакратый толькі развязала рукі камуністам. (Сталін у сваёй грубаватай манеры выказваўся больш шчыра і паслядоўна: "Свабодна абраны ўрад у любой з гэтых краін (краін Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы, што аказаліся пад кантролем СССР – У.Ф.) быў бы антысавецкім, а на гэта мы пайсці не можам".)

Палітычны крызіс у лістападзе 1947 г. Разгром буржуазных партый. і ліквідацыя манархіі. Абвяшчэнне Румынскай народнай рэспублікі. Аб’яднанне камуністычнай і сацыял-дэмакратычнай партыяў Румынскую рабочую партыю. Канстытуцыя 1948 г. і пераход да дыктатуры пралетарыяту. Будаўніцтва савецкай мадэлі сацыялізму. Палітычныя рэпрэсіі. Першая і другая пяцігодкі. Абвяшчэнне перамогі сацыялістычных вытворчых адносін.

1947 г. быў вырашальным для лёсу Румыніі. Увесну 1947 г. па краіне пракацілася хваля запужвальных начных арыштаў апанентаў камуністаў. У ліпені пры спробе ўцячы за мяжу быў затрыманы цэлы шэраг лідэраў НЦП. Іх абвінавацілі ў антырумынскай дзейнасці і на гэтай падставе забаранілі дзейнасць самой партыі. Восенню яе лідэры Юліу Маніу і Іон Міхалаке паўсталі перад паказальным судом і былі асуджаны да пажыццёвага зняволення ў адзіночцы.

У лістападзе выбухнуў урадавы крызіс – з ураду былі выкінутыя былыя лібералы на чале з Г. Татарэску. На іх месца прыйшлі т.зв. "маскалі" – камуністы, якія пасля доўгага выгнання прыехалі на радзіму з СССР. Камуністы з адданымі саюзнікамі цалкам апанавалі ўрадам.

А ў перадапошні дзень году, 30 снежня 1947 г., скончылася анамальнае караляванне Міхая І. Неўзабаве пасля вяртання з Вялікабрытаніі, дзе ён прысутнічаў на шлюбнай цырымоніі брытанскай прынцэсы Лізаветы (з 1952 г. яна – каралева Лізавета ІІ) і абвясціў аб заручынах з прынцэсай Ганнай Бурбон-Пармскай, яго вымусілі вырачыся пасаду. Манархія была ліквідавана. Напачатку 1948 г. былі распушчаныя і канчаткова спынілі існаванне "гістарычныя партыі".

Цяпер Румынія дэ-факта стала рэспублікай. Юрыдычнае афармленне гэтага статусу адбылося амаль імгненна – яшчэ 30 снежня 1947 г., калі дэпутаты парламента адзінагалосна (апазіцыі там ужо і быць не магло) за скасаванне манархіі і абвяшчэнне Румыніі народнай рэспублікай.

8 сакавіка 1948 г. прайшлі выбары ў Вялікі нацыянальны сход (ВНС), вышэйшы орган дзяржаўнай улады. Перамог Фронт народнай дэмакратыі (ФНД), куды ўваходзілі Румынская рабочая партыя (РРП, утварылася на аб'яднаўчым сходзе КПР і СДП (люты 1948 г.)) і яе сатэліты. Выбары праходзілі пад дыктоўку камуністаў і завяршыліся прадказальна. Як паведамілі, 93% выбаршчыкаў прагаласавала за ФНД.

13 красавіка 1948 г. ВНС прыняў першую Канстытуцыю Румынскай Народнай Рэспублікі. Дэклараваліся дэмакратычныя правы і свабоды (цана падобных абяцанкаў была вядомая), а эксплуататарскія і варожыя элементы пазбаўляліся выбарчага права. Канстытуцыя канстатавала наяўнасць у эканоміцы Румыніі трох сектараў: дзяржаўнага, дробнатаварнага і прыватнакапіталістычнага. Разам з тым у Канстытуцыі ўказвалася, што дзяржава падтрымлівае толькі такое прыватнае прадпрымальніцтва, якое пастаўлена "на службы грамадству". У яго інтарэсах буйная прыватная ўласнасць можа быць перададзена дзяржаве. Нетры зямлі, воды, крыніцы энергіі, шляхі зносінаў, Нацыянальны банк станавіліся дзяржаўнай уласнасцю.

Палажэнні Канстытуцыі 1948 г. паслужыла прававой асновай для нацыяналізацыі, якая збольшага завяршылася ў чэрвені 1948 г. А ў 1949 г. на базе канфіскаванай у памешчыкаў і кулакоў зямлі пачалася калектывізацыя (да 1962 г.). У тым жа годзе пачынаецца эканамічнае планаванне. Прымаліся планы рознай працягласці, але, звычайна, пяцігадовыя. Усе планы давалі прыярытэт індустрыялізацыі з акцэнтам на развіццё цяжкой прамысловасці.

Адной з асаблівасцяў унутрыпалітычнага становішча РРП у першыя пасляваенныя гады з'яўлялася адсутнасць трывалага кіруючага ядра і агульнапрызнанага лідэра, якім, напрыклад, быў для балгарскіх камуністаў Г. Дзімітраў.Камуністычнае ядро РРП (пра сацыял-дэмакратычны "баласт" – гаворка асаблівая) складвалася на базе дзвюх груповак, адну з якіх прадстаўлялі камуністы, што знаходзіліся падчас вайны ў турмах або падполлі (напрыклад, Г. Георгіу-Дэж і Н. Чаўшэску), а іншую – тыя, хто знаходзіўся ў савецкай палітычнай эміграцыі – "маскалі".

У 1951 г. паміж Г. Георгіу-Дэжам і Ганнай Паўкер ("маскалька") узніклі разыходжанні па некаторых пытаннях, у т.л. па праблеме калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Хаця звычайна І.В. Сталін падтрымліваў усходнееўрапейскіх камуністаў, якія былі добра вядомыя па працы ў СССР, тут ён узяў бок Георгіу-Дэжа. Лёс Г. Паўкер і яе "каманды" быў прадвызначаны. "Антыўрадавая група Паўкер-Лýкі" была выкрыта, а "маскальскае" крыло разгромлена. Менавіта пад час гэтай чысткі здолеў высунуцца на высокія пазіцыі ў РРП Н. Чаўшэску. Неўзабаве ён стаў кандыдатам у члены Палітбюро і сакратаром ЦК РРП. З іншадумствам і ў краіне і ў партыі было скончана.

Радыкальныя змены ва ўсіх сферах жыцця краіны знайшлі сваё ўвасабленне у новай Канстытуцыі, прынятай 27 верасня 1952 г. Канстытуцыя заканадаўча замацавала кіраўніцтва Румынскай рабочай партыі ва ўсіх сферах жыцця грамадства. Таксама ў ёй указвалася на вядучую ролю сацыялістычнага сектара ў эканоміцы краіны. На базе новага Асноўнага закону напрыканцы таго ж года прайшлі выбары ў ВНС. Як таго і трэба было чакаць, ФНД атрымаў 99% галасоў.

У пасляваенны гады адбыліся значныя зрухі ў эканамічным становішчы Румыніі. З адсталай і аграрнай яна пераўтварылася ў індустрыяльна-аграрную краіну. Была створана, па сутнасці, новая матэрыяльна-тэхнічная база, ядром якой стала цяжкая індустрыя і ў першую чаргу такія галіны, як металургія, энергетыка, машынабудаванне, хімія. Ужо ў 1965 г. даваенны ўзровень вытворчасці быў перавышаны амаль у 10 разоў.

У вёсцы пасля завяршэння калектывізацыі былі створаны дзяржаўны сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і вытворчыя кааператывы, уводзілася комплексная механізацыя. Узрасла ураджайнасць. Тым не менш, калектыўная гаспадарка і тут не вытрымлівала канкурэнцыі з боку аднаасобнай гаспадаркі.

Г. Георгіу-Дэж і "нацыянальная рэвалюцыя зверху". Дэкларацыя РРП па пытаннях міжнароднага камуністычнага руху 1964 г. Фармаванне "асобага курсу" РКП і пачатак яго рэалізацыі. Пераход да ўлады групоўкі Н. Чаўшэску. Усталяванне дыктатуры клана Чаўшэску. Культ асобы Н. Чаўшэску. Дзейнасць "Секурытатэ". Умацаванне "асаблівай" пазіцыі Румыніі ў сацыялістычным лагеры.

Вядучыя румынскія палітыкі неадназначна паставіліся да крытыкі на ХХ з'ездзе КПСС культу асобы Сталіна. Г. Георгіу-Дэж непакоіўся, як бы ўсталяванне больш дэмакратычных нормаў партыйнага жыцця, развіццё дэмакратызацыі румынскага грамадства і рэабілітацыя асуджаных не выклікала непажаданыя для яго наступствы. Румынскі правадыр пралетарыяту і яго каманда (у т.л. Н. Чаўшэску) засталіся верныя сталінізму. А тых партыйцаў, што спрабавалі выступіць з асуджэннем культу асобы ў Румыніі, чакала палітычная смерць.

Умацаванне Г. Георгіу-Дэжа у якасці галоўнага палітычнага кіраўніка у выніку прывяло да таго, што асноўным крытэрыям кадравай палітыкі стаў прынцып даўніх сувязяў па падполлі і асабістай адданасці правадыру. Гэта яшчэ больш узмацніла пазіцыі Н. Чаўшэску ў партыі.

З пачатку 1950-х гг. пачынаецца "нацыянальная рэвалюцыя зверху" – сярод кіраўніцтва РРП узмацняюцца нацыяналістычныя і нават антысеміцкія і шавіністычныя настроі. Гэта, напрыклад, праявілася ва ўнутрыпартыйных рэпрэсіях 1952 г.: сярод "маскалёў" было нямала яўрэяў. На гэтай глебе мацнее антысаветызм. Галоўным чынам гэта праяўлялася ў імкненні пазбавіцца ад сумесных савецка-румынскіх акцыянерных прадпрыемстваў, ад размешчаных на тэрыторыі краіны савецкіх войск, у незадаволенасці памерамі рэпарацыйных выплатаў, а таксама ў выказваннях на карысць аднаўлення традыцыйных сувязяў з краінамі Захаду (сацыяльна-эканамічны і грамадска-палітычны лад Румыніі гэтая дзіўная пазіцыя аніяк не закранала).

У перыяд 1958-1962 гг. адбываецца працэс кансалідацыі ядра нацыяналістычна настроеных дзеячаў у румынскім кіраўніцтве і фармаванне "асобага курсу" РРП. Упершыню гэты курс знайшоў сваё адлюстраванне ў рашэннях лістападаўскага (1958 г.) пленума ЦК РРП, які ўхваліў палітыку фарсіраванай індустрыялізацыі краіны і рэзкага пашырэння яе эканамічных сувязяў з вядучымі капіталістычнымі краінамі. Падобная лініі была прынята пасля таго, як пры дапамозе СССР у Румыніі была створана дастаткова трывалая эканамічная база, канчаткова замацавалася пры ўладзе РРП, а савецкія войскі былі выведзены з яе тэрыторыі (восень 1958 г.).

Разам з пачаткам крытыкі савецкага кіраўніцтва лідэры РРП разгарнулі шавіністычную ў сваёй агрэсіўнасці кампанію па усхваленні "тысячагадовых традыцый румынскага народа", барацьбы за нацыянальную незалежнасць ад пасяганняў Турцыі, Расіі, Аўстра-Венгрыі (румынская прапаганда дакучліва падводзіла да працягу гэтага ланцужку – СССР). Становішча этнічных меншасцяў унутры краіны, асабліва венграў, моцна пагоршылася.

У красавіку 1964 г. кіраўніцтва РРП адкрыта выклала свой "асаблівы курс" у заяве пленума ЦК РРП “Аб пазіцыі РРП па пытаннях міжнароднага камуністычнага руху”. Савецкі Саюз у рэзкай форме абвінавачваўся ва ўзмацненні ціску на Румынію і іншыя краіны сацыялістычнай садружнасці, ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы Румыніі, у яе эксплуатацыі, пасяганні на тэрытарыяльную цэласнасць. Сувязі Румыніі з СССР сталі скарачацца. Пачалася "дэрусіфікацыя" сістэмы народнай адукацыі. На Захадзе "Румынскае нацыянальнае адраджэнне" натуральна віталі.

Аб цяжкой хваробе лідэра румынскіх камуністаў Г. Георгіу-Дэжа было вядома яшчэ з 1961 г. Менавіта тады і пачалася барацьба за месца яго пераемніка. Н. Чаўшэску здолеў паспяхова выкарыстаць сваё становішча сакратара ЦК па арганізацыйных пытаннях для таго, каб расставіць сваіх прыхільнікаў у партыйным і дзяржаўным апараце, а потым заручыцца падтрымкай "старой гвардыі". Закулісная дзейнасць Н. Чаўшэску дазволіла яму пасля смерці Г. Георгіу-Дэжа (1965 г.) абрацца на сакавіцкім (1965 г.) пленуме ЦК РРП на пасаду першага сакратара партыі. Так пачалася новая эпоха ў гісторыі Румыніі – эпоха Нікалаэ Чаўшэску.

У сакавіку 1965 г. Н. Чаўшэску быў абраны на пасаду першага сакратара РРП. А ў ліпені 1965 г. адбыўся ІХ з'езд РРП. Румынская рабочая партыя была перайменавана ў Румынскую камуністычную партыю (РКП).

Пасля з'езда пачалі ўзмацняцца палітычныя пазіцыі кіруючага ядра, што групавалася вакол Н. Чаўшэску. На ключавыя пасады ў партыі і дзяржаве прыйшлі асобы, блізкія да новага партыйнага лідэра. Адначасова з гэтым намецілася тэндэнцыя да паслаблення пазіцыяў прадстаўнікоў старэйшага пакалення, якія карысталіся вялікай павагай і ўплывам пры Г. Георгіу-Дэжы.

У мэтах павышэння папулярнасці і аўтарытэта Г. Чаўшэску – яго стыль работы прапаганда супрацьпастаўляла нягодным метадам Дэжа – былі выкарыстаны, у прыватнасці, захады па рэабілітацыі раней пацярпелых ад рэпрэсіяў грамадзян. І калі ў 1961 г. Н. Чаўшэску у сваім шавіністычным запале заяўляў пра тое, што, ў адрозненне ад СССР і іншых краін сацыялістычнага лагеру, у Румыніі не было масавых рэпрэсіяў, то цяпер адказнасць за шматлікія беззаконні была ўскладзена выключна на Г. Георгіу-Дэжа і яго "старую гвардыю" (ды яшчэ на СССР). У 1967-1968 гг. значная частка прадстаўнікоў старога пакалення страцілі свае высокія пасады.

Рэабілітацыя была частковай. Яна ўвогуле не закранула людзей, якія былі абвінавачаны ў прасавецкіх сімпатыях і г.зв. "патуранні каланіялісцкай палітыцы СССР". Гэта азначала б прызнанне неправамернасці той нацыяналістычнай палітычнай лініі, якой апантана працягваў рухацца сам першы сакратар.

На нацыянальнай канферэнцыі РКП (снежань 1967 г.) было прызнана мэтазгодным спалучэнне ў адных руках партыйных і дзяржаўных пасадаў. Ужо не сціпла "першы", а Генеральны сакратар ЦК РКП Чаўшэску быў абраны і старшынёй Дзяржаўнай Рады рэспублікі. Адначасова замацоўваўся прынцып падвойнага падпарадкавання мясцовых органаў дзяржаўнай адміністрацыі: першыя сакратары павятовых камітэтаў РКП станавіліся і старшынямі павятовых народных саветаў. Усе грамадскія арганізацыі былі аб'яднаныя у Фронт сацыялістычнага адзінства (пазней перйменаваны ў Фронт дэмакратыі і сацыялістычнага адзінства) на чале ізноў жа з Н. Чаўшэску.

Лінія Чаўшэску на паступовае забеспячэнне сабе выключнага становішча ў партыі і дзяржаве выпукла праявілася на Х з'ездзе РКП (1969 г.). У Статут партыі была ўнесена змена, у адпаведнасці з якой Генеральны сакратар РКП абіраўся не пленумам ЦК, а непасрэдна з'ездам партыі. Тым самым падкрэслівалася яго непадсправаздачнасць не толькі Пастаяннаму прэзідыуму і Выканкаму, але й Цэнтральнаму Камітэту.

Адначасова з гэтым для ліквідацыі магчымай апазіцыі ў Палітбюро і Выканкаме Н. Чаўшэску правёў там чыстку сярод рэшткаў "старой гвардыі". Дваіх палітыкаў абвінавацілі ў амаральных паводзінах (таемная паліцыя – "Секурытатэ" здабыла фотаздымкі і гуказапісы, якія, нібыта, сведчылі аб іх маральным разлажэнні). Для забеспячэння лаяльнасці партыйцаў па загаду Н. Чаўшэску былі падрыхтаваныя тысячы дасье з "кампраматам".

Каб не дапусціць заняцця кім-небудзь апрача яго ўплывовага становішча ў партыі, Н. Чаўшэску высунуў прынцып ратацыі кадраў. Так, з 21 члена выканкама ЦК, абранага на Х з'ездзе РКП, да наступнага з'езда практычна ніводны не застаўся на сваёй пасадзе. Ліквідаваўшы Пастаянны прэзідыум ЦК, Чаўшэску дамогся яшчэ большага зніжэння ролі і значэння іншых кіруючых дзеячаў РКП. Паступова усе партыйныя і дзяржаўныя інстытуты пераўтварыліся ў пакорлівыя і маўклівыя (калі толькі справа не даходзіла да славаслоўя на адрас Чаўшэску) прыдворныя рады, праца якіх зводзілася да фармальнага ўхвалення прапаноў і ўказанняў правадыра без іх сапраўднага глыбокага абмеркавання.

З мэтаю падаўлення незадавальнення сярод кіруючага звяна партыі Н. Чаўшэску праводзіў частыя чысткі, перастаноўкі, структурныя рэарганізацыі, накіраваныя на ўзмацненне цэнтралізацыі ўлады і амаль вайсковай дысцыпліны. Былі ўведзены ўсялякія прысягі на адданасць як па партыйнай, гэтак і па дзяржаўных лініях, прыняты шматлікія законы і адміністрацыйныя захады па забеспячэнні дзяржаўнай бяспекі, сакрэтнасці, абмежавання кантактаў з іншаземцамі. Да лагічнага завяршэння канцэнтрацыя ўсёй улады ў партыі і дзяржаве была даведзена Н. Чаўшэску ў 1974 г., калі ён быў абраны прэзідэнтам рэспублікі з сапраўды каралеўскімі паўнамоцтвамі.

Пачварныя формы набыў культ асобы Н. Чаўшэску, "самага ўлюбёнага сына румынскага народа", "дунайскага генія", "генія з геніяў" "бацькі румын" і г.д. Любыя мерапрыемствы звязваліся ўгодлівай прапагандай не з дзейнасцю народа, або партыі, а з асобай дыктатара. Чаўшэску нагэтулькі прызвычаіўся да славаслоўя і ліслівасці, што на пытанне амерыканскага карэспандэнта, як ён ставіцца да культу сваёй асобы, адказаў: "У кожнай краіне ёсць дзеячы, якія сваімі справамі дзеля народа заслужылі ўсеагульную павагу!"

У апошнія гады існавання рэжыму стаў квітнець і культ асобы ягонай жонкі - Алены Чаўшэску. Яе называлі "выбітным навукоўцам з сусветным імем", "буйным дзеячам камуністычнага руху". На мітынгах і дэманстрацыях партрэтаў жонкі правадыра бывала столькі ж, колькі і "абразоў" самога Н. Чаўшэску.

Аб тым наколькі чуйная была гэтая пара да сваёй "выключнасці" і не цярпела канкурэнцыі гаворыць выпадак з румынскім касманаўтам Думітру Прунарыу. Пасля палёту ў космас (1981 г.) яму прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. Вымушаны быў паследаваць традыцыі, прынятай у краінах сацыялістычнай садружнасці, і Чаўшэску – Д. Прунарыу прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Рэспублікі Румыніі. Аднак паколькі дагэтуль у Румыніі быў толькі адзін герой (сам Чаўшэску), касманаўту "параілі" не афішаваць свае зоркі героя. А ў поўную няміласць Д. Прунарыу трапіў, калі, да жаху арганізатараў аднаго ўрачыстага сходу, у сваім выступленні запамятаў адзначыць выбітны ўнёсак у развіццё навукі Алены Чаўшэску, не аддзячыў яе за дапамогу касманаўтам. У выніку на яго надоўга забыліся, не ўзгадвалі ў друку, не давалі чарговае званне.

Захапіўшы ў свае рукі камандныя пасады ў партыі і дзяржаве, Чаўшэску болей давяраў і абапіраўся на сваіх блізкіх і далёкіх сваякоў. Яны занялі высокія пасты ў партыі, войску, МУС, прафсаюзах, маладзёжнай камуністычнай арганізацыі, дзяржплане, сродках інфармацыі.

Галоўным і адзіным дарадцам Чаўшэску была яго жонка. Чэрствая і малаадукаваная (4 класы і "па блату" экстэрнам інстытут), але надзвычай славалюбівая жанчына, узначаліла цэнтральны інстытут хімічных даследаванняў, а потым была абраная акадэмікам. Для гэтага, праўда, прыйшлося зрабіць прадугледжанае статутам таемнае галасаванне адкрытым.

У пераемнікі Н. Чаўшэску рыхтавалі яго малодшага сына Ніку, празванага ў народзе "прынцам". Распуснік, шырока вядомы сваімі скандальнымі гулянкамі, п'янымі оргіямі і дарожнымі здарэннямі, Ніку Чаўшэску стаў першым сакратаром ЦК Саюза камуністычнай моладзі, затым кандыдатам у члены Палітвыканкама ЦК і г.д.

На ключавых пасадах знаходзіліся браты Н. Чаўшэску – Іліе быў намеснікам міністра абароны і сакратара палітсавета арміі, Андруцэ-Нікалаэ – начальнікам вышэйшай школы МУС, Іон – першым намеснікам старшыні дзяржплану, Флора – рэдактарам аддзела вядучай газеты краіны "Скынтэйя" ("Іскра"). Муж сястры дыктатара стаў сакратаром ЦК РКП, брат Алены – кіраўніком партыйнай арганізацыі Бухарэста.

Непераўзыйдзены дэмагог і крывадушнік Чаўшэску заклікаў народ берагчы народную ўласнасць, а сам меў 21 шыкоўны палац, 41 рэзідэнцыю, 20 паляўнічых домікаў і г.д. А ў швейцарскіх банках на яго рахунках ляжалі некалькі соцень мільёнаў долараў.

Для абароны свайго рэжыму Чаўшэску стварыў магутны апарат рэпрэсіяў і ўсеабдымнага кантролю за думкамі і паўсядзённымі дзеяннямі людзей. Усялякія праявы апазіцыйных настрояў, непажаданага вальнадумства душыліся ў зародку. Апарат дзяржбяспекі – "Секурытатэ" – павялічваўся з кожным годам, узрастала колькасць таемных агентаў і "стукачоў" ва ўстановах і на прадпрыемствах. Былі створаны цэнтры па праслухванні тэлефонных размоў, перлюстрацыі пошты. Вялася сочка за ўсімі членамі Палітвыканкама ЦК, іх жонкамі. Асаблівыя захады перасцярогі рабіліся для аховы дыктатара, яго жонкі ды іншых членаў клана.

Лінія на канфрантацыю з кіраўніцтвам іншых сацыялістычных дзяржаў і, асабліва, СССР была працягнута. У 1965 г. румынская дэлегацыя адмовілася ад удзелу ў нарадзе 19 камуністычных партый у Маскве і Карлаварскай нарадзе камуністычных і рабочых партый Еўропы (1967 г.), у 1968 г. румынская дэлегацыя дэманстратыўна пакінула кансультацыйную сустрэчу ў Будапешце.

Гуляючы на нацыянальных пачуццях румын, Чаўшэску заклікаў стварыць квітнеючую дзяржаву, незалежную на знешнепалітычнай арэне ад СССР і здольную абараніцца ад магчымага савецкага ўмяшання у свае ўнутраныя справы. Апошняе мела асабліва актуальны сэнс пасля чэхаславацкіх падзеяў 1968 г.

Нягледзячы на усталяванне таталітарнага, блізкага да сталінскага рэжыму, на Захадзе Н. Чаўшэску і Румынія знаходзілі станоўчыя ацэнкі. Дыктатару ладзілі пышныя прыёмы ў Лондане, Парыжы, Вашынгтоне (сустракаўся з Ніксанам, Фордам, Картэрам), там ён зарабіў рэпутацыю выдатнага палітыка. Румыніі даваліся вялікія крэдыты, а ЗША далі Румыніі статус найбольшага спрыяння.

Н. Чаўшэску марыў, каб Румынія стала цэнтрам сусветнай палітыкі. Асабіста сябе ён бачыў галоўнай постаццю і лідарам Руху недалучанасці. Ён спрабаваў выступаць пасярэднікам у канфліктах, імкнуўся лавіраваць паміж вялікімі дзяржавамі. Амаль за чвэрць стагоддзя пры ўладзе дыктатар зрабіў каля 250 візітаў у замежныя краіны і прыняў у Румыніі больш за 300 лідараў дзяржаў свету.

Але з пачаткам перабудовы папулярнасць Н. Чаўшэску на Захадзе катастрафічна ўпала. Адмаўленне ад рэформаў (па словах дыктатара, яго краіна не мела ў гэтым патрэбы) прывяло да амаль поўнай палітычнай ізаляцыі рэжыму.

Зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, абвастрэнне сацыяльных і нацыянальных праблем. Эканамічны і палітычны крызіс у Румыніі. Падзеі ў Брашаве (1987 г.). Дэмакратычная рэвалюцыя снежня 1989 г. Звяржэнне дыктатуры Н. Чаўшэску і прыход да ўлады Фронту нацыянальнага выратавання.

У адрозненне ад іншых краін Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы, Румынія не пазбавілася ад папярэдняй сталінскай стратэгіі развіцця. Дадзеная арыентацыя праявілася і ў заданні і рэалізацыі пятай пяцігодкі (1971-1975). Быў узяты курс на рост тэмпаў эканамічнага развіцця ў параўнанні з эканомікай іншых сацыялістычных краін амаль у два разы. У прыватнасці прадугледжвалася правядзенне фарсіраванай індустрыялізацыі. Праводзілася яна за кошт заходніх крэдытаў і, асабліва, за кошт стрымлівання росту жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Гэта прыводзіла да незадавальнення працоўных, якое часта прымала і адкрытыя формы.

Былі і забастоўкі на шэрагу прадпрыемстваў, і беспарадкі ў шахцёрскіх пасёлках. Першае масавае рабочае выступленне ў сацыялістычнай Румыніі адбылося ў 1977 г. у г. Лупені. Каля 35 тыс. шахцёраў пратэставалі супраць павышэння пенсійнага ў зросту і скасавання пенсіі па інваліднасці. Уціхамірваць народ прыехаў сам Н. Чаўшэску. Пасля ўрэгулявання канфлікту (улада пайшла на пэўныя ўступкі) ад пераследу "Секурытатэ" пацярпела каля 4000 чалавек.

Па асноўных паказчыках узроўню сацыяльнага і матэрыяльнага жыцця румыны займалі апошнія месцы ў Еўропе (звычайна апярэджваючы толькі Албанію). Пры гэтым партыя і яе правадыр спачатку заявілі аб перамозе сацыялізму, а потым – аб пачатку пабудовы развітога сацыялістычнага грамадства. У сельскай гаспадарцы было не менш праблемаў. Нягледзячы на тое, што аднаасобныя гаспадаркі захаваліся галоўным чынам толькі ў горных і не самых прыдатных раёнах і займалі каля 12% ворыўнай зямлі, яны давалі 40% гародніны, 50% - садавіны, 48% - мяса, 60% - малака.

На працягу 1980-х гг. эканоміка краіны знаходзілася ў стане стагнацыі. Амбітныя праграмы мадэрнізацыі і інтэнсіфікацыі вытворчасці, павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі праваліліся. Пакутуючы на гігантаманію, Чаўшэску любымі сродкамі імкнуўся ўвесці Румынію ў лік перадавых індустрыяльных дзяржаў. Гэта прывяло да стварэння прамысловага патэнцыялу, які рэальна перавышаў фізічныя магчымасці краіны. Былі пабудаваныя многія нерэнтабельныя індустрыяльныя гіганты, не забяспечаныя рэсурсамі і сыравінай. Недагрузка вытворчых магутнасцяў складала каля 30%.

Дзякуючы вялікаму імпарту сучасных тэхналогій у 1970-х Румынія па асартыментнай дыверсіфікацыі прадукцыі машынабудавання амаль дагнала Францыю, але машыны не вытрымлівалі аніякай канкурэнцыі. Для рэалізацыі пражэктаў свайго лідэра Румынія імпартавала жалезную руду, кокс з Бразілія і Індыі, а потым і яшчэ з больш далёкай Аўстраліі. Але сабекошт прадукцыі рабіў саму вытворчасць стратнай.

Адчувальная залежнасць Румыніі ад заходніх рынкаў прывяла да таго, што напачатку 1980-х гг. знешняя запазычанасць Захаду дасягнула $10,2 млрд. Атрыманыя крэдыты выкарыстоўваліся абсалютна бяздарна, выплата па пазыках ажыццяўлялася шляхам скарачэння імпарту пры адначасовым павелічэнні экспарту (не куплялі (напрыклад, медыкаменты) і прадавалі за мяжу (напрыклад, прадукты харчавання), тое у чым мелі пільную патрэбу). Нездавальняючая плацежаздольнасць краіны вымусіла ўлады ў 1983 г. цалкам адмовіцца ад замежных крэдытаў. У сакавіку 1989 г. Чаўшэску ўрачыста абвясціў, што знешняя запазычанасць пагашана датэрмінова і Румынія, такім чынам, "з'яўляецца адзінай краінай у свеце, якая цалкам сплаціла свой знешні доўг". Усяго замежным крэдыторам з 1975-1989 г. было выплачана каля $22 млрд., у тым ліку звыш $7 млрд. працэнтаў.

Пры гэтым жытло грамадзян амаль ніколі не ацяплялася, газ і гарачую ваду падавалі лічаныя гадзіны на дзень, вуліцы гарадоў начамі не асвятляліся, а магазіны з-за адсутнасці электрычнасці працавалі толькі ў светлы час сутак. Назіраліся вялікія перабоі ў забеспячэнні прадуктамі харчавання. Пакуль што маўклівае незадавальненне ў краіне рэжымам Н. Чаўшэску нарастала.

Цярпенне народу стала канчацца. Восенню 1987 г. адбыліся сур’ёзныя хваляванні сярод рабочых у Брашаве. Дайшло да таго, што рабочыя штурмам авалодалі будынкамі павятовага камітэта партыі і мэрыі. У ходзе падаўлення хваляванняў службамі бяспекі былі забітыя сем і арыштаваныя больш за дзвесце чалавек. Але гэты выбух незадавальнення народа не меў працягу і новых выступленняў прыйшлося чакаць каля двух гадоў.

Н. Чаўшэску ж не збіраўся "рушыць даўніны". "Хутчэй Дунай пацячэ ў адваротны бок, чым адбудзецца "перабудова" ў Румыніі", - заявіў ён у жніўні 1989 г. На XIV з’ездзе партыі румынскі лідэр назваў перабудову "шкодніцтвам справе сацыялізму" і "пасобніцтвам імперыялізму". Пад час аднаго з выступленняў на з’ездзе зала 62 разы апладысментамі стоячы перарывала выступленне Н. Чаўшэску.

Штуршок Румынскай рэвалюцыі 1989 г. далі падзеі ў Цімішаары. Канфлікт паміж уладамі і кальвінісцкім святаром, венграм па нацыянальнасці, 16 снежня перарос у масавыя апазіцыйныя акцыі ў горадзе. 21 снежня 1989 г. у Бухарэсце па загаду Н. Чаўшэску быў скліканы 100-тысячны мітынг. Выступленне дыктатара народ сустракаў з непрыхаваным недаверам – ужо на восьмай хвіліне выступу з натоўпы раздаліся крыкі: "Цімішаара! Цімішаара!" А калі пачуліся гукі падобныя на выбух ці на страляніну, пачалася паніка. Раздаліся крыкі "Далоў тырана!", "Далоў камунізм!" Пад вечар у цэнтры Бухарэста з’явіліся сілы органаў дзяржбяспекі, армейскія аддзелы і танкі. Аднак аднавіць парадак і яны не здолелі. 22 снежня Н. Чаўшэску з жонкай пакінуў сталіцу на верталёце і схаваўся ў адной з рэзідэнцыяў. Армія стала пераходзіць на бок паўстаўшага народа.

Неўзабаве Н. Чаўшэску быў арыштаваны, а 25 снежня 1989 г. ваенны трыбунал – паспешлівае закрытае судзілішча, арганізаванае былымі паплечнікамі дыктатара, прызнаў яго і яго жонку вінаватымі ў генацыдзе, узброеным выступленні супраць дзяржавы і народу, разбурэнні дзяржаўных інстытутаў падрыве дзяржаўнай эканомікі. Смяротны прысуд быў неадкладна выкананы.


Просмотров 345

Эта страница нарушает авторские права




allrefrs.ru - 2021 год. Все права принадлежат их авторам!