Главная Обратная связь Поможем написать вашу работу!

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)






Палітычнае жыццё Іспаніі ў 1980-я-2000-я гг. Заняпад СДЦ. Палітыка урадаў ІСРП і Народнай партыі. Ф. Гансалес. Х.М. Аснар. Х.Л. Сапатэра



23 лютага 1981 г., калі ў картэсах ішло галасаванне па кандыдатуры новага прэм'ер-міністра, была зроблена спроба дзяржаўнага перавароту. У парламенцкі будынак уварвалася група змоўшчыкаў – грамадзянскіх гвардзейцаў на чале з падпалкоўнікам Антоніа Тэхера. Яны высунулі шэраг патрабаванняў, накіраваных на вяртанне краіны да старых франкісцкіх метадаў праўлення. Адначасова ў бок Мадрыда высунулася танкавая калона путчыстаў. Аднак спроба вайсковага перавароту правалілася. Кароль – галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі краіны, на спрыянне якога разлічваў А. Тэхера і яго паплечнікі – рэзка асудзіў путчыстаў. Змоўшчыкі былі арыштаваныя і асуджаныя. 27 лютага 1981 г. па ўсёй Іспаніі прайшлі масавыя маніфестацыі ў падтрымку канстытуцыі і дэмакратыі (на адной з іх дзеючы прэм'ер-міністр Хасэ Луіс Сапатэра ўпершыню сустрэў сваю будучую жонку). Як аказалася, гэта быў апошні выклік старой аджылай Іспаніі маладой іспанскай дэмакратыі. Хуан Карлас І яшчэ раз красамоўна засведчыў той факт, што з'яўляецца надзейным гарантам непахіснасці канстытуцыі і яе дэмакратычных прынцыпаў. Гэта таксама вельмі паспрыяла ўмацаванню яго асабістага аўтарытэту і значнаму росту даверу да манархіі як да інстытута ўлады.

Новым прэм'ер-міністрам быў абраны Леон Кальва Сатэла (1981-1982). Яго ўрад прыняў некалькі вельмі важных і своечасовых рашэнняў. Былі абвешчаныя надзвычайныя захады па барацьбе з тэрарызмам. У чэрвені 1981 г. картэсы прынялі закон аб разводзе (з улікам ментальнасці значнай часткі іспанцаў – вельмі рызыкоўны для ўраду крок). Пачаліся перамовы аб далучэнні Іспаніі да НАТО. Тым не менш, унутры СДЦ абвастрыліся рознагалоссі, што прывялі да фактычнага расколу партыі. Урад страціў парламенцкую большасць. На кастрычнік 1982 г. былі абвешчаныя датэрміновыя парламенцкія выбары.

Перамогу атрымала ІСРП, атрымаўшы рэкордныя 10 млн. галасоў выбаршчыкаў (спатрэбіцца 18 гадоў, каб перасягнуць гэты вынік). Гэта дазволіла ёй здабыць абсалютную большасць у Кангрэсе дэпутатаў (ніжняй палаце картэсаў) – у саюзе з Каталонскай сацыяльнай партыяй (дзейнічала толькі ў Каталоніі) яна заваявала 48% і атрымала 202 месцы з 350.



ІСРП, адна з найстарэйшых партыяў у краіне, заставалася масавай партыяй, але арыентавалася ўжо не толькі на рабочы клас, але таксама і на больш памяркоўных выбаршчыкаў. Адмовіўшыся ад ідэй навуковага камунізму, сацыялісты падкрэслівалі сваю прыхільнасць да каштоўнасцяў буржуазнай дэмакратыі і сацыял-рэфармізму. Другое месца на выбарах заняў Народны альянс– 107 мандатаў. НА пачынаў, як неафранкісцкая партыя, але напачатку 1980-х гг. згуртаваўшы вакол сябе шэраг правых груповак, паступова пераўтварыўся ў буйнейшае палітычнае аб'яднанне правага кірунку. Поспех на выбарах дазволіў гэтай партыі замацавацца ў статусе вядучай апазіцыйнай сілы краіны. Новым прэм'ер-міністрам Іспаніі стаў лідэр сацыял-дэмакратаў, юрыст па адукацыі, Філіпэ Гансалес (1982-1996), які сфармаваў урад з памяркоўных сацыялістаў і тэхнакратаў.

Палітыка сацыялістаў у Іспаніі аказалася не зусім традыцыйнай для партыяў падобнай арыентацыі. Шэраг прынятых законаў прадугледжваў захады па падвышэнні якасці жыцця мільёнаў іспанцаў, што было вельмі важна ва ўмовах эканамічных цяжкасцяў пачатку 1980-х гг. Гэтак, напрыклад, уводзіўся 40-гадзінны працоўны тыдзень, да 30 дзён павялічваліся аплатныя адпачынкі, падвышаліся дапамогі шматдзетным сем'ям, да 65 гадоў быў зніжаны пенсійны ўзрост, а медыцынскае абслугоўванне стала даступнае практычна для ўсіх іспанцаў. Тым не менш, у краіне ажыццяўлялася прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў, урад выкарыстоўваў жорсткія манетарысцкія захады барацьбы з інфляцыяй, узмацняла барацьбу з фінансавымі махлярствамі, пільна сачыла з падатковай дысцыплінай.



Таксама сацыялісты ажыццявілі цэлы шэраг іншых рашучых пераўтварэнняў. Рэформа дзяржаўнага апарату скараціла колькасць дзяржаўных служачых. Быў узяты курс на рацыяналізацыю работы дзяржаўных структураў з мэтай пераўтварыць іх у прыладу сацыяльных рэформаў і дэмакратызацыі краіны. Вайсковая рэформа зменшыла колькасць афіцэрскага корпусу, забяспечыла большыя магчымасці для кар'ернага росту ніжэйшых чыноў, прадугледжвала захады па прадухіленні магчымасці вайсковага перавароту. Была праведзена рэформа агульнаадукацыйнай школы, уведзена аўтаномія ўніверсітэтаў.

Трывалая сацыяльна база, эфектыўная сацыяльна-эканамічная палітыка, ўзважаны знешнепалітычны курс і абноўленая ідэалагічная база партыі дазволілі ІСРП і яе лідару Ф. Гансалесу надоўга замацавацца на іспанскім палітычным Алімпе. На парламенцкіх выбарах 1986, 1989 і 1993 сацыялісты захоўвалі парламенцкую большасць і права фармаваць урад. Хаця перавага ІСРП над канкурэнтамі была ўжо не настолькі камфортнай. Напрыклад, на датэрміновых выбарах 1989 г. яна заваявала ў Кангрэсе дэпутатаў толькі 175 мандатаў (39,6%) з 350 і мела большасць толькі за кошт таго, што 4 дэпутаты баскскай нацыяналістычнай партыі "Эры Батасуна" ніколі не бралі ўдзелу ў пасяджэннях. Напярэдадні гэтых выбараў на базе галоўнай апазіцыйнай партыі Народны альянс была створана правацэнтрысцкая Народная партыя (НП), якую ўзначаліў малады і перспектыўны лідар Хасэ Марыя Аснар. На выбарах у Картэсы 1993 г. ІСРП атрымала ўжо толькі 159 месцаў (38,8%) і страціла абсалютную большасць. Яе лідар Ф. Гансалес быў пераабраны прэм'ер-міністрам толькі за кошт падтрымкі баскскіх і каталонскіх нацыяналістаў. Затое моцны рывок да ўлады зрабіла Народная партыя – 141 мандат (34,8%).



За 13 гадоў і 4 месяцы, што ІСРП знаходзілася пры ўладзе, было дапушчана нямала памылак і пралікаў. Напрыклад, у сярэдзіне 1990-х гг. беспрацоўе дасягнула 22% (найгоршы паказчык па ЕС). Як бывае практычна з любой партыяй, што "заседзелася" пры ўладзе, яе члены неаднаразова аказваліся ў цэнтры карупцыйных скандалаў. За гэты час канчаткова аформілася моцная апазіцыя праўленню ІСРП ў асобе Народнай партыі.

У сакавіку 1996 г. на выбарах у Картэсы ІСРП пацярпела сакрушальнае паражэнне, набраўшы толькі 37,8% галасоў выбаршчыкаў. Народная партыя заваявала 38,8% галасоў (156 мандатаў – найменшая ўрадавая фракцыя ў гісторыі краіны) і яе старшыня Хасэ Марыя Аснар стаў новым прэм'ер-міністрам Іспаніі (1996-2004). Адметнасцю і новага ўраду стала тое, што ён не абапіраўся на парламенцкую большасць (НА мела толькі на 15 мандатаў болей, чым ІСРП). Выбары таксама прадэманстравалі яўную тэндэнцыю да складвання сістэмы дамінавання дзвюх асноўных канкурэнтных сілаў – правацэнтрысцкай НП і левацэнтрысцкай ІСРП.

Важнейшымі праблемамі новага ўраду сталі наданне новага імпульсу сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны і барацьба з сепаратызмам і тэрарызмам. Першая задача вырашалася даволі паспяхова. Але другая пераўтварылася ў бясконцы галаўны боль, пазбавіцца якога было немагчыма нават сумеснымі намаганнямі усіх палітычных партыяў – у іспанскім грамадстве існуе кансенсус адносна адзінага фронту барацьбы супраць тэрарыстаў. (гл. далей)

Палітыка НП выявіла немалую пераемнасць адносна курсу папярэдніка. Была працягнутая лібералізацыя эканомікі. Пры фінансавай дапамозе ЕС былі палепшаныя асноўныя эканамічныя паказчыкі, зніжаны ўзровень беспрацоўя. У межах падатковай рэформы праводзілася зніжэнне падаткаў. Ажыццяўлялася лібералізацыя і прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў. Урад Х.М. Аснара здолеў забяспечыць сацыяльны мір у краіне, суцішыць забастовачны рух, стварыць умовы для хуткага эканамічнага росту і стабілізаваць палітычную абстаноўку.

Эканамічны і палітычны курс Народнай партыі быў падтрыманы іспанцамі на выбарах у Картэсы 2000 г. НП супрацьстаяла аб'яднаная апазіцыя сацыялістаў і камуністаў, якія перад выбарамі заключылі пакт аб адзінстве дзеянняў. Апрача таго, левыя мелі ўсе шанцы прыцягнуць на свой блок баскскіх і каталонскіх нацыяналістаў. Сацыялісты і камуністы выступілі з вельмі радыкальнымі прапановамі: увесці 35-гадзінны працоўны тыдзень, значна падвысіць мінімальны заробак, зраўняць мінімальную пенсію з мінімальным заробкам і г.д. НП парыравала гэтыя папулісцкія абяцанні тым, што іх выкананне будзе каштаваць бюджэту ледзьве не $20 млрд. і прывядзе краіну да фінансавага краху. Гэтым разам Х.М.Аснар атрымаў магчымасць стварыць урад большасці: яго партыя здабыла рэкордную падтрымку іспанцаў (10,3 млн. галасоў або 44,5%) і атрымала 183 мандаты (у ІСРП засталося толькі 125 месцы).

Чарговае паражэнне на выбарах выклікала ўнутрыпартыйны крызіс у ІСРП. Новым лідэрам гэтай партыі стаў дастаткова малады палітык Хасэ Луіс Сапатэра (ён быў абраны ў парламент яшчэ ў 26-гадовым узросце, стаўшы самым маладым дэпутатам у гісторыі). Змены ў партыйным кіраўніцтве вывялі партыю на шлях абнаўлення. Ідучы следам за Э. Блэрам ("трэці шлях") і Г. Шродэрам ("новы цэнтр"), Х.Л. Сапатэра прапанаваў нацыі больш цэнтрысцкія і ліберальныя ідэі, якія будаваліся вакол гэткіх паняццяў як прагматызм і эфектыўнасць, на базе прызнання безумоўнага імператыву ў сучасным грамадстве свабоднай рыначнай эканомікі, а не класічнага сацыялізму.

Упершыню за многія гады ў цэнтры перадвыбарчай барацьбы ў 2004 г. аказалася знешнепалітычная праблема – стаўленне да вайны ў Іраку. Нягледзячы на адназначна антываенную пазіцыю большасці іспанцаў, урад Х.М. Аснара далучыўся да праамерыканскай кааліцыі і паслаў на барацьбу з рэжымам С. Хусэйна іспанскі вайсковы кантынгент. Сацыялісты выступалі супраць удзелу ў несанкцыяванай ААН акцыі і рашуча патрабавалі вываду іспанскіх войск з Іраку.

Напярэдадні выбараў гэтая праблема паўстала ў поўны рост. 11 сакавіка 2004 г. адбыўся тэрарыстычны акт на некалькіх станцыях прыгарадных цягнікоў Мадрыду, які забраў жыцці 191 чалавека (яшчэ звыш 1800 чалавек былі параненыя). Мала хто сумняваўся, што гэта справа рук баскскіх тэрарыстаў. Пра гэта афіцыйна заявіў і прэм'ер-міністр. Калі стала ясна, што злачынства – справа рук Аль-Каіды, якая гэткім чынам адпомсціла Іспаніі за Ірак, узніклі сур'ёзныя падазрэнні ў тым, што заявы Х.М. Аснара і яго паплечнікаў маглі быць не памылкай, а наўмыснай хлуснёй, закліканай зняць ускосную адказнасць за трагедыю з правячай партыі.

Сацыялісты удала скарысталіся сваім шанцам. Яшчэ за тыдзень да галасавання аналітыкі абяцалі перамогу, няхай і не гэткую бліскучую, як у 2000 г., новаму лідару НП – Марыяна Рахою. Але ІСРП з лёгкасцю абышла свайго галоўнага канкурэнта – 43,4% супраць 38,3% галасоў. Хаця сацыялісты не атрымалі абсалютнай большасці ў Кангрэсе дэпутатаў (не хапіла 11 мандатаў), абранне Х.Л. Сапатэра (2004 – ) не пасаду прэм'ер-міністра падтрымалі яшчэ 5 партыяў, а супраць выступіла толькі адна НП.

Новы ўрад сацыялістаў распачаў маштабныя пераўтварэнні ў сферы сацыяльнай палітыкі. Былі прыняты закон аб роўнасці паміж жанчынамі і мужчынамі, усталяваны спецыяльны суд для разгляду спраў, звязаных з гвалту супраць жанчын і г.д. Паколькі мінімальны памер аплаты працы ў Іспаніі складаў толькі €460 у месяц (адзін з найменшых у ЕС), у 2004 г. урад прыняў рашэнне павялічыць яго да €600. З 2005 г. пачалося рэфармаванне сістэмы рэгіянальных аўтаноміяў, якое прадугледжвала далейшае пашырэнне іх правоў і паўнамоцтваў. Узаконьванне аднаполых шлюбаў, адмова ад выкладання Закона Божага ў школах і імкненне забяспечыць роўнасць рэлігіяў у сістэме дзяржаўнай адукацыі выклікала вялікія спрэчкі ў грамадстве і абвастрыла адносіны паміж правячай партыяй і каталіцкім касцёлам.

Вынікі выбараў у Картэсы 2008 г. на першы погляд зусім нязначна адрозніваліся ад вынікаў папярэдніх – 43,8% галасоў набрала ІСРП і 39,9% дасталася Народнай партыі. Х.Л. Сапатэра захаваў пасаду прэм'ер-міністра (упершыню ў іспанскай гісторыі ў яго новым урадзе жанчыны колькасна пераважалі над мужчынамі – 9 супраць 8). Аднак гэтым разам перавага дзвюх партый-лідэраў над астатнімі была проста беспрэцэдэнтнай. З астатніх 11 партыяў, што ўзялі ўдзел у выбарах, прабіліся ў Кангрэс дэпутатаў толькі 8 і на іх долю засталося толькі 27 дэпутацкіх мандатаў! З гэтых 11 партыяў толькі дзве былі агульнаіспанскімі арганізацыямі, астатнія прадстаўлялі рэгіёны (Каталонію, Краіну Баскаў, Галісію, Канарскія астравы і г.д.), а таму маглі разлічваць толькі на абмежаваны, мясцовы поспех. Усё гэта было сведчаннем поўнага трыумфу двухпартыйнасці ў Іспаніі.

Другі тэрмін прэм'ерства Х.Л. Сапатэра аказваецца надзвычай праблемным. Наступленне эканамічнага крызісу 2008 г. і далейшае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі хутка выявілі няздольнасць ураду Х.Л. Сапатэра прапанаваць дзейсныя рэцэпты аздараўлення нацыянальнай эканомікі. Прапанаваныя сацыялістамі антыкрызісныя мерапрыемствы, напрыклад, рэформа рынку працы, выклікáлі рэзкую рэакцыю грамадства і прафсаюзаў і таксама падрывалі давер да дзеючай ўлады. Не дзіўна, што яшчэ больш чым за год да чарговых парламенцкіх выбараў Х.Л. Сапатэра адмовіўся ад барацьбы за захаванне крэсла старшыні ўраду.

Сур'ёзнасць грамадска-палітычнай сітуацыі, у якой Іспанія апынулася ў першай палове 2011 г., тлумачыцца тым, што і апазіцыйная Народная партыя, на думку многіх іспанцаў, не можа прапанаваць рэальную альтэрнатыву курсу ІСРП. Напярэдадні мясцовых выбараў 2011 г. вельмі моцна гучаць галасы тых, хто заклікае галасаваць супраць партый-гегемонаў, што сведчыць пра крызіс двухпартыйнасці і партыяў, якія яе ўвасабляюць.

Нацыянальнае пытанне.

Прычыны міжэтнічнай канфліктагеннасці, якая захоўвалася на працягу ХХ ст., ідуць глыбока ў гісторыю. Яны выкліканыя супраціўленнем розных этнічных груп зліццю ў адзіную нацыю, цэнтрам якой стала сярэднявечная Кастылія са сваёй мовай, культурай, адміністрацыяй і войскам. Таксама вастрыня нацыянальных праблемаў тлумачыцца тым, што ва ўмовах інтэрнацыяналізацыі матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў, урбанізацыі, міграцыі значных людскіх мас, малыя народы паўстаюць перад пагрозай акультурацыі, страты мовы, традыцыяў і звычаяў. Імкненне баскаў, галісійцаў, каталонцаў да самазахавання натуральным чынам фармавала вобраз гістарычнага ворага – іспанскага (кастыльскага) экспансіянізму.

У апошняй чвэрці ХХ – напачатку ХХІ ст. самай складанай праблемай міжэтнічных адносінаў у Іспаніі заставаўся баскскі сепаратызм і тэрарызм. Нягледзячы на атрыманне Краінай Баскаў аўтаноміі, тут па-ранейшаму дзейнічае сепаратысцкі нацыяналістычны рух ЭТА (баск. – Euskadi Ta Askatasuna)– "Краіна Баскаў і свабода". За больш як паўстагоддзя ўзброенай барацьбы баскаў-тэрарыстаў ад іх рук загінула каля 2000 чалавек.

Падчас пераходнага перыяду ад франкісцкай дыктатуры да дэмакратыі новыя ўлады спрабавалі дамагчыся ад ЭТА спынення барацьбы, але сепаратысты адмовіліся скласці зброю наўзамен за прапанаваную амністыю. Напрыканцы 1980-х гг. новыя перамовы з ЭТА таксама не прынеслі аніякіх вынікаў.

У верасні 1998 г. падалося, што праблема баскскага тэрарызму як ніколі блізкая да свайго вырашэння: ЭТА абвясціла аб поўным і бестэрміновым спыненні сваёй тэрарыстычнай дзейнасці. Урад пайшоў, у сваю чаргу, пайшоў на вызваленне шэрагу актывістаў руху. Перамір'е, аднак, працягвалася толькі 14 месяцаў. Напярэдадні парламенцкіх выбараў 2000 г. тэракты аднавіліся, зноў пралілася кроў. Урад быў вымушаны дзейнічаць яшчэ больш рашуча: у 2003 г. у краіне была забаронена дзейнасць палітычнага крыла ЭТА – партыі "Эры Батасуна" ("Адзінства народу"; баск. Herri Batasuna).

У чарговы раз ЭТА абвясціла "пастаяннае спыненне агню" ў 2006 г. У абмен на добраахвотную адмову ад узброенай барацьбы баявікі збіраліся дамагчыся ад уладаў амністыі некалькіх соцень баскскіх зняволеных, якія былі абвінавачаныя ў тэрарыстычнай дзейнасці, і легалізацыі сваёй партыі. У ліпені 2006 г. у Сан-Себасцьяне пачаліся першыя афіцыяльныя мірныя перамовы паміж правячай ІСРП і забароненай "Эры Батасуна". Перамовы не далі сур'ёзных вынікаў. Ізноў аднавіліся тэрарыстычныя акты. У 2008 г. па абвінавачанні ў сувязях з тэрарыстамі была забароненая яшчэ адна партыя – Баскскае нацыянальнае дзеянне.

У верасні 2010 г. ЭТА выступіла з заявай аба адмове ад узброенага змагання дзеля дасягнення незалежнасці і будзе прытрымлівацца толькі мірных сродкаў. Напачатку 2011 г. ЭТА яшчэ раз пацвердзіла сваё рашэнне. Іспанія і сама Краіна Баскаў з нецярплівасцю чакаюць канчатковай нармалізацыі абстаноўкі і дасягнення міжнацыянальнай згоды.

Не слабеюць нацыяналістычныя і сепаратысцкія настроіў Каталоніі – самай багатай (даход насельніцтва на 25% перавышае сярэднеіспанскі ўзровень) і густанаселенай правінцыі Іспаніі, якая карыстаецца шырэйшай аўтаноміяй, чым Краіна Баскаў. Лідэрства ў каталонскім палітычным жыцці належыць нацыяналістычнай партыі "Канвергенцыя і Саюз Каталоніі". Тым не менш, на фоне супрацьстаяння мадрыдскага ўраду з баскскімі непрымірымымі групоўкамі сітуацыя ў Каталоніі, а тым больш у яшчэ адной нацыянальнай правінцыі Галісіі, выглядае нашмат больш спакойнай і стабільнай.

Знешняя палітыка Іспаніі ў другой палове 1970-х-1980-х гг. і яе галоўныя прыярытэты. Уступленне ў НАТО і ЕЭС. Знешняя палітыка Іспаніі ў 1990-я - 2010-я гг. Разбурэнне нацыянальнага кансенсусу. "Дактрына Сапатэра".

Працэс дэмакратызацыі палітычнага рэжыму Іспаніі не прывёў да рэзкіх разваротаў у знешняй палітыцы. Дамінавалі пераемнасць і традыцыйнасць нацыянальных інтарэсаў. Тым не менш, не абышлося і без пэўнай карэкціроўкі знешнепалітычнага курсу. У меншай ступені яна закранула прыярытэтныя і падчас франкізму іспана-амерыканскія адносіны. У студзені 1976 г. Іспанія і ЗША заключылі двухбаковы Дагавор аб сяброўстве і супрацоўніцтве. Злучаныя Штаты па-ранейшаму заставаліся галоўным інвестарам у іспанскую эканоміку. Працягвалі функцыянаваць амерыканскія ваенныя базы. Заканчэнне эпохі разрадкі паставілі пытанне наконт перагляду нейтральнай знешнепалітычнай арыентацыі. Іспанія ўзяла курс на збліжэнне з Паўночнаатлантычным альянсам. Нягледзячы на шырокі размах антынатаўскага руху, напрыканцы 1981 г. Іспанія накіравала ў Брусель просьбу аб прыёме ў НАТО. З 1982 г. краіна стала паўнапраўным членам гэтага вайскова-палітычнага блоку. Іспанія пераўтвараецца ў "натаўскі авіяносец", які кантралюе Міжземнаморскі рэгіён.

У кантэксце дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне набывае асаблівую важнасць новы канцэптуальны накірунак знешняй палітыкі Мадрыду – пільнаванне правоў чалавека. У 1976 г. Іспанія далучылася да Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і да Пакту аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (важнейшыя элементы Хельсінскіх пагадненняў). У 1977 г. Іспанія стала членам гэткай вельмі патрабавальнай у плане пільнавання правоў чалавека арганізацыі, як Рада Еўропы. Той жа 1977 г. стаў годам прарыву на "усходнім" накірунку: былі ўсталяваныя або адноўленыя дыпламатычныя адносіны з СССР, Польшчай, Чэхаславакіяй, Венгрыяй, ГДР, Кампучыяй, Манголіяй і некаторымі іншымі "незаходнімі" краінамі.

Яшчэ адным прыярытэтам знешнепалітычнага курсу Іспаніі стала далучэнне да працэсу еўрапейскай інтэграцыі. (Вялікая зацікаўленасць у гэтым існавала і раней, аднак па прычыне прыроды іспанскага палітычнага рэжым практычная рэалізацыя гэтага жадання выглядала толькі марай.) Іспанія стала паўнапраўным членам "Агульнага рынку" ўжо ў 1986 г. З 1988 г. краіна пачала ўдзельнічаць у еўрапейскай абарончай структуры – Заходнееўрапейскім Саюзе (ЗЕС), стаўшы членам Групы ваеннага планавання ЗЕС.

Вялікае значэнне захоўваў і Лацінаамерыканскі напрамак – адносіны з краінамі рэгіёну ішлі каранямі ў далёкае мінулае і насілі сяброўскі, пастаянны ды інтэнсіўны характар у эканамічнай, навуковай і культурнай галінах. Іспанія ўступіла на правах назіральніка ў Арганізацыю амерыканскіх дзяржаў (ААД) і пачала ўдзельнічаць ў рабоце Эканамічнай камісіі ААН для Лацінскай Амерыкі (ЭКЛА). Напрыканцы 1970-х - напачатку 1980-х гг. адбыліся візіты караля Хуана Карласа І ў цэлы шэраг дзяржаў Лацінскай Амерыкі. Не дзіўна, што і ў канфлікце Вялікабрытаніі і Аргенціны з-за Фалклендскіх астравоў Іспанія падтрымала лацінаамерыканцаў.

Сведчаннем росту міжнароднага аўтарытэту Іспаніі стала правядзенне на яе зямлі XXV Алімпійскіх гульняў у Барселоне (1992) і сусветнай выстаўкі "Экспа" ў Севільі (1992). У 1995 г. у іспанскай сталіцы адбыўся этапны Мадрыдскі саміт ЕС.

Падчас вайны ў Персідскім заліве ў зону ваенных дзеянняў быў накіраваны атрад іспанскіх ВМС, аднак пад ціскам грамадскай думкі ўрад Ф. Гансалеса не наважыўся выкарыстоўваць іх у баявых аперацыях. З 1995 г. Іспанія ўключылася ў стварэнне "сілаў хуткага разгортвання" ЗЕС, яе механізаваная брыгада ўвайшла ў "еўракорпус", сілы якога праводзілі міратворчыя і гуманітарныя аперацыі, бралі ўдзел у ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў. Іспанскі флот актыўна ўдзельнічаў у блакадзе адрыятычнага ўзбярэжжа Югаславіі (1999).

Нацыянальны кансенсус адносна пытанняў знешняй палітыкі, які склаўся ў постфранкісцкі перыяд і з'яўляўся адной з найбольш прынцыповых яе характарыстык, трываў да пачатку ХХІ ст. Знешнепалітычны курс Х.М. Аснара пачаў станавіцца прадметам вастрэйшых палітычных дэбатаў. Іспанская знешняя палітыка перамяшчалася ў сферу міжпартыйнай, вельмі часта бескампраміснай, барацьбы. Самая яркая ілюстрацыя гэтаму – спрэчкі вакол удзелу Іспаніі ў вайсковай аперацыі ЗША ды іх саюзнікаў супраць Іраку (2003).

Пасля вяртання да ўлады ІСРП у 2004 г. знешняя палітыка Іспаніі зведала значную карэкціроўку. Новы іспанскі лідар, Х.Л. Сапатэра, падкрэсліў важнасць вяртання да знешнепалітычнага курсу, які б быў забяспечаны цвёрдай падтрымкай большасці палітычных сілаў Іспаніі і, што асабліва важна, падтрымкай іспанскай грамадскай думкі. Прыярытэтамі станавілася: арганізацыя вываду іспанскіх войск з Іраку; выпрацоўка палітыкі, якая дазволіла б змякчыць непажаданыя наступствы пашырэння Еўрасаюзу на Ўсход (яно пагражала скарачэннем выплат Мадрыду з фондаў ЕС); карэкціроўка двухбаковых адносінаў з ЗША.

У выніку рэалізацыі "дактрыны Сапатэра"Мадрыд адышоў ад прыярытэтнай арыентацыі на Вашынгтон, характэрнай для палітыкі ўраду Х.М. Аснара, і аднавіў у сваім статусе "еўрапеізм" як асноўны вектар іспанскай знешняй палітыкі. Урад сацыялістаў вывеў вайсковы кантынгент з Іраку і выступіў з маштабнай ініцыятывай "Альянс цывілізацыяў", якая ў плане практычнай палітыкі была альтэрнатывай сілавому курсу амерыканскага прэзідэнта Дж. Буша.

Адным з важнейшых прыярытэтаў знешняй палітыкі Іспаніі застаецца рэгіён Міжземнага мора. У 1995-2005 гг. у межах г.зв. "Барселонскага працэсу" краіна мела ўсе шанцы ўмацаваць сваё лідарства ў справе рэалізацыі міжземнаморскага праекту. Але фактычны правал Барселонскага саміту 2005 г. (большасць лідараў рэгіёну ў ім не ўдзельнічалі) паставіў крыж на амбіцыях Мадрыду. Неўзабаве дыпламатычную ініцыятыву ў рэгіёне перахапіў Парыж.

У апошнія паўтары дзесяцігоддзі Іспанія пераўтварылася ў трэцяга па значнасці экспарцёра капіталу ў свеце, саступаючы толькі ЗША і Францыі ($84 млрд. у 2007 г.). Адным з профільных накірункаў міжнароднай палітыкі на сучасным этапе становіцца пошук новых перспектыўных знешніх рынкаў. Адсюль вялікі інтарэс да краін-гігантаў: Бразіліі, Расіі, Індыі і Кітаю.

Бясспрэчным поспехам іспанскай дыпламатыі і сведчаннем яе міжнароднай вагі стаў удзел краіны ў самітах "вялікай дваццаткі". Нягледзячы на высокія пазіцыі краіны ў эканамічнай іерархіі (13-я ў свеце і 5-я ў Еўропе), доўгі час на гэтых форумах яе інтарэсы прадстаўлялі "старэйшыя" партнёры па ЕС (Вялікабрытанія, Германія, Італія, Францыя). Прадстаўніцтва ў гэтым прэстыжным клубе дзяржаў дае магчымасць Іспаніі больш паспяхова адстойваць свае нацыянальныя эканамічныя інтарэсы на міжнароднай арэне.

Гэтак, стартаваўшы з вельмі нізкіх міжнародных пазіцыяў напачатку пераходу да дэмакратыі, Іспанія істотна пашырыла свой уплыў у міжнародных справах. Сама яе знешняя палітыка набывае рысы дыпламатычнай дзейнасці глабальнага ўзроўню і значэння.

 

 

Тэма15. Краіны Паўночнай Еўропы ў 1945-2010-я гг.

 


Просмотров 533

Эта страница нарушает авторские права




allrefrs.ru - 2021 год. Все права принадлежат их авторам!