Главная Обратная связь Поможем написать вашу работу!

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)






Іншаземцы ў Германіі. Праблемы палітыкі мультыкультуралізму



Пасля заканчэння другой сусветнай вайны ў Германія па вядомых прычынах пражывала вельмі мала асобаў ненямецкага паходжання. Да іншаэтнічнага насельніцтва краіны збольшага належалі лужыцкія сербы Усходняй Германіі і датчане Шлезвігу. У 1950-х гг. у сувязі з хуткімі і тэмпамі эканамічнага развіцця – германскім "эканамічным дзівам", калі ў ФРГ стала ўзрастаць патрэба ў дадатковай працоўнай сіле, пачалася вярбоўка замежных рабочых – "гастарбайтэраў" (ням. - Gastarbeiter). Спачатку працоўная сіла запрашалася з Італіі, Іспаніі, потым з Югаславіі, Грэцыі, але найбольш – з Турцыі. Спачатку меркавалася, што гэтыя мігранты будуць працаваць абмежаваны перыяд часу (пакуль не скончыцца кантракт), а затым іх будуць заменяць новыя замежныя рабочыя. Аднак прынцып ратацыі хутка даказаў сваю эканамічную неэфектыўнасць і працадаўцы, незадаволеныя падвышэннем выдаткаў сваіх прадпрыемстваў на навучанне персаналу і, адсюль, падаражаннем прадукцыі, дамагліся яго скасавання. Замежныя рабочыя атрымалі магчымасць змяніць дазвол на часовае знаходжанне на пастаянны від на жыхарства. Таму следам за гастарбайтэрамі-мужчынамі ў ФРГ стала хутка расці іміграцыя ў краіну іх сем'яў.

У 1970-1980-я гг. этнічны склад насельніцтва ФРГ стаў яшчэ больш стракатым за кошт прытоку асобаў, якія шукалі на Захадзе палітычнага прытулку (уцекачы з Самалі, Шры-Ланкі, Ірану ды інш.). Імігранты выконвалі найбольш цяжкія і нізкааплатныя работы, займалі найменш прэстыжнае і нізкаякаснае жыллё. У гарадах на захадзе Германіі ўзніклі цэлыя турэцкія кварталы ў бедных ускраінах.

Замежныя рабочыя выкарыстоўваліся і ва Ўсходняй Германіі. Афіцыйна мэтай прыезду маладых людзей з краін сацыялістычнай арыентацыі (Кубы, Мазамбіку, Паўночнай Карэі і, асабліва, В'етнаму) называлася "атрыманне і падвышэнне прафесійнай адукацыі".

У выніку ў 1997 г. на тэрыторыі Германіі пражывала 7,4 млн. іншаземцаў. Самай шматлікай групай з'яўляліся туркі (2,1 млн.), за імі ішлі выхадцы з былой Югаславіі (0,7 млн.), італьянцы (0,6 млн.) і г.д. У 2004 г. колькасць іншаземцаў ужо складала каля 8 млн. чалавек і па-ранейшаму вылучаліся туркі, якіх па розных дадзеных налічвалася ад 2,5 да 3 млн. Тым часам, на думку дэмографаў, пры захаванні існуючых тэндэнцыяў у 2015 г. некарэннае насельніцтва будзе складаць 19% ад усіх жыхароў краіны. Пра гэта сведчаць і сучасныя міграцыйныя працэсы, што паскараюцца глабалізацыяй.



Падобная сітуацыя дыктуе правядзенне прадуманай урадавай палітыкі. З 1980-х гг. ажыццяўлялася ліберальная мультыкультурная мадэль інтэграцыі іншаземцаў у германскае грамадства. Ідэя "дамінуючай культуры" (культуры большасці – немцаў), якую прапаведавалі сацыял-дэмакраты, не карысталася папулярнасцю. Тым не менш, жыццё паставіла пад сумненне ідэалы мультыкультуралізму, у якім адрозныя культуры шчасліва суседнічаюць, супольнасці суіснуюць у талерантнасці, але не змешваюцца паміж сабой.

Праблема крызісу мультыкультуралізму асабліва выпукла праяўляецца ў становішчы мусульманскіх супольнасцяў Германіі. У той час, як на 2009 г. у краіне налічвалася 4,3 млн. мусульман (5% насельніцтва; 2/3 ад гэтай лічбы – туркі) і палова з іх валодала нямецкім пашпартам (па пашпарце любы грамадзянін Германіі, незалежна ад паходжання, лічыцца немцам), толькі чвэрць атаясамлівала сябе з Германіяй. З другога боку, большасць г.зв. "карэнных" грамадзян не ўспрымае мусульман як частку нямецкага грамадства. Барацьба з ісламскім фундаменталізмам і тэрарызмам, грамадскія дыскусіі адносна традыцыйнай мусульманскай жаночай вопраткі і пільнавання законаў шарыяту насуперак канстытуцыі свецкай дзяржавы і яе заканадаўству, сацыяльныя праблемы, якія прасцей за ўсё ўвязаць з палітыкай "негасцінных" гаспадароў альбо, наадварот, з "няўдзячнасцю нахабных прыхадняў" пагражаюць нармальнаму існаванню германскага грамадства і спараджаюць новыя і новыя цяжкасці. Палітычнае кіраўніцтва Германіі было вымушанае прызнаць крах гэтай палітыкі, але што прапанаваць наўзамен яе пакуль не зусім ясна.



Аб’яднаная Германія ў Еўропе і свеце. ФРГ і Маастрыхцкі дагавор. Сучасныя праблемы удзелу Германіі ў інтэграцыйным працэсе. Знешняя палітыка кабінетаў Г. Коля, Г. Шродэра і А. Меркель. Пазіцыя Германіі па вастрэйшых міжнародных праблемах сучаснасці.

Пасля аб'яднання Германіі ў Еўропе склалася новая геапалітычная рэальнасць. У цэнтры Еўропы ўзнік 82-мільённы эканамічны і палітычны гігант. Рэзка ўзрасла роля ФРГ як стратэгічнага партнёру Злучаных Штатаў па блоку НАТО. Абапіраючыся на сваю эканамічную магутнасць як трэцяй прамысловай дзяржавы свету, Германія з'яўляецца маторам еўрапейскай інтэграцыі. Пасля распаду сацыялістычнай садружнасці і СССР яна стала запаўняць палітычны вакуум ва Ўсходняй і Паўднёва-Ўсходняй Еўропе, была адным з ініцыятараў прасоўвання Паўночнаатлантычнага альянсу на Ўсход, бо гэта фактычна азначала пашырэнне зоны германскага ўплыву.

Першым выпрабаваннем новага статусу Германіі на міжнароднай арэне стала вайна ў Персідскім заліве (1991). Нягледзячы на прапанову ЗША далучыцца да кааліцыйных сілаў, яна вырашыла абмежаваць свой удзел фінансавай дапамогай памерам у 17 млрд. марак. У сувязі з гэтай вайной, Г.Коль заявіў, што Германія больш не можа займаць староннюю пазіцыю, а павінна ускласці на сябе долю адказнасці за падтрыманне сусветнай стабільнасці, для чаго краіне трэба змагацца за трыманне статусу пастаяннага члена Рады Бяспекі ААН (гэты статус дагэтуль маюць толькі вялікія дзяржавы-пераможцы ў дугой сусветнай вайне – Вялікабрытанія, Злучаныя Штаты, Кітай, Расія (правапераемніца СССР) і Францыя).



Набыццё новай міжнародна-палітычнай ідэнтычнасці патрабавала вырашэння цэлага шэрагу няпростых праблемаў. Напрыклад, у 1994 г. разгарэлася дыскусія адносна магчымасці ўдзелу частак арміі ФРГ (бундэсверу) ў вайсковых аперацыях за межамі рэгіёну адказнасці НАТО (мелася на ўвазе Самалі і Боснія). Спрэчку паміж ХДС/ХСС, які быў гатовы пашырыць геаграфію германскай прысутнасці, з аднаго боку, і СДПГ з СвДП, што выступалі катэгарычна супраць, з другога, прыйшлося вырашаць Федэральнаму канстытуцыйнаму суду. Згодна з яго вердыктам, для адпраўкі частак бундэсверу за межы зоны НАТО патрабавалася падтрымка парламенцкай большасці.

Разам з Францыяй Германія застаецца галоўным "лакаматывам" працэсу еўрапейскай інтэграцыі. У лютым 1992 г. яна падпісала Маастрыхцкі дагавор аб стварэнні Еўрапейскага Саюзу (ЕС), які прадугледжваў далейшае збліжэнне палітычнае збліжэнне і замацаванне эканамічнага і валютнага саюзу 12 краін-удзельніц. У 1996 г. Парыж і Лондан выступілі з сумеснай ініцыятывай па ўдакладненні і пашырэнні шэрагу інтэграцыйных праграм, якія змяшчаліся ў Маастрыхцкім пагадненні. Пры актыўным удзеле Германіі ў 1997 г. быў выпрацаваны Амстэрдамскі дагавор. Ён пашырыў кампетэнцыі ЕС у галіне сацыяльнай, унутранай палітыкі, у сферы экалогіі, а за Еўрапарламентам замацоўваў большыя паўнамоцтвы ў фармаванні заканадаўства Еўрапейскай супольнасці. Гэтым дагаворам былі дэталізаваныя сумесная знешняя палітыка і палітыка бяспекі краін ЕС, пільнаванне правоў чалавека і дэмакратыі.

Прыход на канцлерскую пасаду Г. Шродэра першапачаткова не пацягнуў за сабой значных зменаў у знешнепалітычнай арыентацыі ФРГ. Прыярытэтнымі задачамі германскай дыпламатыі абвяшчаліся: захаванне і развіццё германа-французскага сяброўства, германа-амерыканскага партнёрства і шчыльнай германа-расійскай кааперацыі.

"Чырвона-зялёны" ўрад працягнуў актыўную еўрапейскую палітыку сваіх папярэднікаў. З ініцыятывы Германіі і Францыі быў распрацаваны і летам 2003 г. прадстаўлены праект Канстытуцыі ЕС. Напачатку 2000-х гг. Германія заставалася важнейшай эканамічнай сілай ЕС. У ФРГ выраблялася чвэрць валавога нацыянальна прадукту Еўрапейскага саюзу. Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, звязаныя з выдаткамі на аб'яднанне краіны і застойнымі з'явамі ў сацыяльна эканамічнай сферы напрыканцы 1990-х – напачатку 2000-х гг. унёскі Германіі ў агульную скарбніцу ЕС дасягалі чвэрці яе бюджэту.

Падчас канфлікту ў Косава як частка кантынгенту НАТО туды былі адпраўленыя германскія вайсковыя фармаванні. Гэта быў першы выпадак у пасляваеннай гісторыі Германіі, калі яе ўзброеныя сілы ўзялі ўдзел у баявых дзеяннях. Урад Г. Шродэра прадэманстраваў салідарнасць са Злучанымі Штатамі Амерыкі пасля тэрарыстычнай атакі на гэтую краіну 11 верасня 2001 г.: германскія вайскоўцы ў складзе міжнародных сілаў былі скіраваныя у Афганістан змагацца з сіламі сусветнага тэрарызму.

Тым не менш, Германія разам з Францыяй і Расіяй рашуча запярэчыла планам ЗША развязаць вайну супраць Іраку, а калі канфлікт распачаўся (2003), то выступіла з жорсткай крытыкай знешняй палітыкі амерыканскай адміністрацыі на Блізкім Усходзе. З гэтага часу германа-амерыканскія адносіны ўступаюць у паласу рэзкага ахалоджвання. Упершыню за ўвесь пасляваенны перыяд Германія паставіла пад сумненне прыярытэтнасць стратэгічнага партнёрства з ЗША.

Урад Г. Шродэра адмовіўся ад былога курсу Г. Коля, скіраванага на простае аказанне фінансавай дапамогі Расіі і перайшло да вылучэння крэдытаў пад канкрэтныя праекты пры кантролі за іх выкананнем з нямецкага боку. Адным з найбольш значных прыкладаў новага фармату супрацоўніцтва стала заключэнне ў 2005 г. пагаднення "Паўночны паток", якое прадугледжвае пракладванне па дне Балтыйскага мора газаправоду з Расіі з Германію. Усталёўваюцца блізкія адносіны паміж лідэрамі двух дзяржаў – Г. Шродэрам і У.У. Пуціным.

З абраннем на канцлерскую пасаду А. Меркель знешняя палітыка Германіі стала больш узважанай. Былі нармалізаваныя адносіны са Злучанымі Штатамі. Германскаму лідару ўдалося наладзіць добрыя асабістыя адносіны з Джорджам Бушам-малодшым, а потым і з Баракам Абамам. Расійска-грузінская вайна з непрызнаннем Германіяй самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і газавыя канфлікты паміж Расіяй і Украінай, якія нават прывялі да зрыву паставак расійскага газу ў Заходнюю Еўропу, зрабілі германа-расійскія адносіны больш стрыманымі.

Адной з важнейшых задачаў знешнепалітычнага курсу А. Меркель стала пераадоленне крызісу ў еўрапейскім інтэграцыйным працэсе, які ўзнік у сувязі з правалам праекту Канстытуцыі ЕС. Германія, якая ў 2007 г. старшынствавала ў Еўрасаюзе прыклала вялікія намаганні для заключэння новага этапнага пагаднення – Лісабонскага дагавору (2007). У далейшым галоўным клопатам германскага ўраду становіцца вырашэнне шматлікіх эканамічных і фінансавых праблемаў, з якімі пастаянна сутыкаюцца краіны-удзельніцы ЕС падчас і пасля сусветнага фінансавага крызісу 2008-2009 гг. Неабходнасць падтрымання і нават выратаванне эканомік слабейшых еўрапейскіх партнёраў, стабілізацыі становішча агульнай валюты еўра стварае для бюджэту ФРГ адчувальныя пагрозы і выклікае ўзрастальныя пратэсты часткі палітычных сілаў і большасці грамадзян краіны.

Надзвычай вострай праблемай знешняй палітыкі Германіі на сучасным этапе застаецца лёс яе 4-тысячнага кантынгенту ў Афганістане. Сумнеўныя поспехі дзейнасці міжнародных сілаў падтрымання стабільнасці ў гэтай краіне і яшчэ больш цьмяныя перспектывы ставяць пад пытанне неабходнасць германскай прысутнасці ў гэтай няпростай краіне. Большасць немцаў лічыць місію сваіх суайчыннікаў у Афганістане вычарпанай і патрабуюць адклікання іх дадому.

Тэма 11. Італія ў 1945-1980-я гг.

 

Вынікі другой сусветнай вайны для Італіі. Урады Нацыянальнага адзінства пры ўладзе. Рэферэндум 1946 г. Перабудова партыйнай сістэмы краіны. Выбары ва Ўстаноўчы сход. Роля знешняга фактара у грамадска-палітычным жыцці Італіі. Умацаванне палітычнага ўплыву мафіі. Прыняцце Канстытуцыі 1947 г. Палітыка ўрада А. Дэ Гаспэры. Парламенцкія выбары 1948 г.

Паражэнне ў другой сусветнай вайне прынесла Італіі немалыя чалавечыя і матэрыяльныя страты. На франтах, у палоне, ад ранаў загінулі ці прапалі без вестак 374 тыс. італьянскіх салдат і афіцэраў. (Яшчэ каля 350 тыс. былі параненыя, а 620 тыс. патрапілі ў палон.) Таксама загінулі 105 тыс. мірных жыхароў Італіі. Нацыянальнае багацце краіны зменшылася на адну трэць. У грашовым выражэнні страты Італіі склалі каля $50 млрд. Было разбурана 60% дарог дзяржаўнага значэння, 90% партовых збудаванняў,знішчана 60% агульнага парку лакаматываў і таварных вагонаў, 80% пасажырскіх вагонаў. Аграмаднымі былі страты гандлёвага флоту. Сотні тысяч італьянцаў засталіся без даху над галавой.

Аб'ём прамысловай вытворчасці ў 1945 г. быў на 60% меншым за даваенны. У вельмі цяжкім становішчы знаходзілася і сельская гаспадарка. Вытворчасць яек, напрыклад, знізілася на 48%, а мяса – на 40%. На прадукты харчавання была ўведзеная карткавая сістэма. Значных памераў дасягнула спекуляцыя ды інфляцыя. Армія беспрацоўных вырасла да 2 млн. чалавек. Умовы пасляваеннага хаосу спрыялі росквіту бандытызму.

Разгром фашызму спрыялі дэфашызацыі і дэмакратызацыі Італіі. Ужо на працягу 1943-1945 гг. былі ліквідаваныя найбольш рэакцыйныя інстытуты былога рэжыму: распушчана і забаронена фашысцкая партыя, фашысцкая міліцыя ды іншыя падобныя арганізацыі. На поўначы Італіі ўлада на першых парах апынулася ў руках Камітэту нацыянальнага вызвалення Паўночнай Італіі (КНВПІ), у якім вядучая роля належала левым антыфашысцкім партыям. Адміністратыўная ўлада на месцах ажыццяўлялася Камітэтамі нацыянальнага вызвалення (КНВ) і дэмакратычнымі джунтамі (італ. giunta – саюз) – органамі народнай ўлады на месцах. Народныя трыбуналы чынілі суд над фашыстамі. У Паўднёвай Італіі, якая была вызваленая саюзнікамі і дзе рух Супраціўлення не атрымаў шырокага развіцця, КНВ не набылі масавага характару. Тут больш трывалыя пазіцыі меў каталіцкі касцёл і традыцыйныя кансерватыўныя сілы.

Тым не менш, Італьянская дзяржава мела патрэбу ў фундаментальным абнаўленні. Амаль 20 гадоў фашысцкай дыктатуры зруйнавалі былую партыйную сістэму краіны. Найбольш уплывовай буржуазнай партыяй пасля вайны стала Хрысціянска-дэмакратычная партыя (ХДП), створаная ў 1943 г. на базе даваеннай каталіцкай Народнай партыі (папалары). Адыгрываючы важную ролю ў італьянскім Супраціўленні, партыя імкнулася займаць цэнтрысцкія пазіцыі і ўлічваць інтарэсы шырокіх народных мас: сярэдніх слаёў, дробнай і сярэдняй буржуазіі, часткі рабочых. У праграмным дакуменце партыі "Пераўтваральныя ідэі хрысціянскай дэмакратыі", напісаным яе стваральнікам і лідэрам Альчыдэ Дэ Гаспэры, гаварылася аб неабходнасці "назаўжды знішчыць здань беспрацоўя", выказвалася ідэя аб "знікненні пралетарыяту як класу" шляхам ператварэння яго ў клас дробных уласнікаў. У праграму былі ўключаныя і гэткія прагрэсіўныя патрабаванні, як правядзенне аграрнай, прамысловай і фінансавай рэформаў, знішчэнне панавання буйнога манапалістычнага капіталу, дэмакратызацыя палітычнай сістэмы краіны. Рэжым, аб усталяванні якога ў Італіі марыла ХДП, называўся "хрысціянскай цывілізацыяй".

ХДП абвясціла сябе партыяй супрацоўніцтва паміж класамі ў рамках нацыі. Аднак хрысціянска-дэмакратычная трактоўка карпаратывізму (класавага супрацоўніцтва ў грамадстве) істотна адрознівалася ад фашысцкай. Калі фашызм імкнуўся стварыць адзіны блок народных мас і правячай эліты вакол ідэяў першаснасці "дзяржавы" і "нацыі", што цалкам падаўлялі асобу, то ХДП высунула ў якасці гуртуючай дактрыны хрысціянства. Хрысціянска-дэмакратычная ідэалогія, пададзеная ў рэлігійнай абалонцы, і маштабная сацыяльная праграма дала магчымасць ХДП актыўна ўздзейнічаць на народныя масы, асабліва на сялянства. У сярэдзіне 1946 г. у шэрагах гэтай партыі налічвалася каля 1 млн. чалавек. Масавая база ХДП стварала ёй значную перавагу над буржуазнымі канкурэнтамі і дазваляла разлічваць на станоўчы зыход барацьбы з масавымі рабочымі партыямі

З ХДП непасрэдна сапернічала Ліберальная партыя, адноўленая ў 1943 г. пад кіраўніцтвам выдатнага філосафа Бенедэта Крочэ. Гэтая свецкая, г.зн. не звязаная з касцёлам і каталіцкай ідэалогіяй, партыя імкнулася да аднаўлення буржуазнай дэмакратыі дафашысцкага перыяду. Аднак у адрозненне ад тых часоў большасць італьянцаў ужо не ўспрымала лібералаў як сілу, здольную забяспечыць Італіі развіццёвы прарыў. Сапраўды, пасля другой сусветнай вайны Ліберальная партыя аб'ядноўвала найбольш кансерватыўныя колы буржуазіі і памешчыкаў. Левы фланг у лагеры буржуазных партыяў займалі Італьянская рэспубліканская партыя і Партыя дзеяння.

На скрайне правым флангу дзейнічаў неафашысцкі рух "Фронт шараговага чалавека" (італ. Fronte dell'uomo qualunque; г.зв. "куалюнкісты"), якія стаяў на антыкамуністычных манархічных пазіцыях. Праўда, пасля з'яўлення новай больш моцнай неафашысцкай арганізацыі "Італьянскі сацыяльны рух" (ІСР) куалюнкісты даволі хутка сышлі з палітычнай арэны.

Пасля перамогі над фашызмам аграмадны ўплыў набываюць яго паслядоўныя праціўнікі – камуністы і сацыялісты. Ужо на момант вызвалення краіны Камуністычная партыя Італіі (КПІ) аб'ядноўвала каля 400 тыс. чалавек, а да канца 1945 г. членства ў ёй вырасла да 1,7 млн., прычым каля 280 тыс. камуністаў былі працаўнікамі вёскі. Пальміра Тальяці, генеральны сакратар КПІ, не толькі карыстаўся папулярнасцю ў сваёй краіне, але таксама лічыўся адным з буйнейшых дзеячаў міжнароднага камуністычнага руху. Італьянскія камуністы выступалі з праграмай буйнамаштабных пераўтварэнняў ва ўсіх сферах жыцця грамадства, але на першых парах былі згодная супрацоўнічаць з шырокай кааліцыяй антыфашысцкіх дэмакратычных сілаў. Важным рэсурсам камуністаў быў іх магутнейшы ўплыў у асяроддзі італьянскай творчай інтэлігенцыі. Членамі партыі, напрыклад, былі класікі італьянскага і сусветнага кіно Лукіна Вісконці, Віторыа дэ Сіка і Джузэпэ дэ Сантіс.

Важнае месца ў рабочым руху таксама належала Італьянскай сацыялістычнай партыі пралетарскага адзінства (ІСППА) – напрыканцы 1945 г. яна налічвала 700 тыс. членаў. У першыя пасляваенныя гады ІСППА выступала з праграмай блізкай да праграмы КПІ і ў кастрычніку 1946 г. рабочыя партыі заключылі пакт аб адзінстве дзеянняў, дзе падкрэслівалася неабходнасць нацыяналізацыі манаполіяў і правядзення аграрнай рэформы, аб заваяванні дэмакратычным шляхам большасці выбаршчыкаў і прыходзе да ўлады працоўных класаў.

У чэрвені 1945 г. прэм'ер-міністрам стаў буйны дзеяч Супраціўлення, лідэр Партыі дзеяння Феруча Пары (чэрвень-снежань 1945 г.), у яго ўрад Нацыянальнага адзінства увайшлі прадстаўнікі асноўных палітычных сіл Італіі. Тым не менш, шырокая кааліцыя хутка сутыкнулася з праблемамі і ў снежні 1945 г. яе пакінулі лібералы, нязгодныя супрацоўнічаць з камуністамі. Новым прэм'ер-міністрам стаў лідэр ХДП А. Дэ Гаспэры (1945-1953).

Адной з важнейшых палітычных праблемаў пасляваеннай Італіі з'яўлялася вызначэнне формы праўлення ў краіне. Некалі слаўная італьянская манархія і яе Савойская дынастыя, прывёўшая Італію да нацыянальнага адзінства, за гады фашысцкай дыктатуры згубілі свае прывабнасць і легітымнасць у вачах значнай часткі грамадства. Левыя партыі і нават частка хрысціянскіх дэмакратаў патрабавалі абвяшчэння рэспублікі.

Разумеючы хісткасць становішча італьянскай канстытуцыйнай манархіі, Віктар Эмануіл ІІІ у траўні 1946 г. выракся трону на карысць сына – Умбэрта ІІ. Тым не менш, гэты запознены манеўр не прынёс чаканых палітычных дывідэндаў. 2 чэрвеня 1946 г. адбыўся рэферэндум аб форме дзяржаўнага праўлення. Усенароднае галасаванне адбылося пры высокай актыўнасці выбаршчыкаў (упершыню ў гісторыі краіны да выбарчых урнаў прыйшлі жанчыны) і прынеслі перамогу рэспубліканскім сілам: 12,7 млн. (54,3%) італьянцаў прагаласавалі за рэспубліку і толькі 10,7 млн. (45,7%) – за захаванне манархіі. (Яшчэ 1,5 млн. бюлетэняў былі прызнаныя несапраўднымі.) Прычым перавагі італьянцаў размеркаваліся вельмі характэрным чынам: у паўночнай палове краіны падтрымалі рэспубліканскае дзяржаўнае ўладкаванне, а ў паўднёвай – манархічнае. Умбэрта, празваны "травеньскім каралём", выказаў нязгоду з вынікамі і назаўжды пакінуў радзіму. 18 чэрвеня 1946 г. Італія была афіцыйна абвешчана рэспублікай, а дзень 2 чэрвеня, калі праходзіў рэферэндум, стаў нацыянальным святам – Днём Рэспублікі.

Адначасова з рэферэндумам па прапарцыйнай сістэме праходзілі выбары ва Ўстаноўчы сход. Перамога на іх дасталася вядучым партыям КНВ. Хрысціянскія дэмакраты атрымалі 35% галасоў выбаршчыкаў. Сацыялісты і камуністы здабылі адпаведна 21% і 19% галасоў. Ліберальная партыя, якая ўзначальвала Нацыянальна-дэмакратычны саюз, выступіла няўдала: разам з партнёрамі па блоку яна атрымала менш за 7%. (Усяго ва Ўстаноўчы сход прабіліся прадстаўнікі 16 партыяў.)

25 чэрвеня 1946 г. Устаноўчы сход пачаў сваю работу. Спачатку быў абраны часовы галава дзяржавы – ліберал Энрыка дэ Нíкала. Па яго даручэнні А. Дэ Гаспэры сфармаваў новы, таксама кааліцыйны, ўрад, у якім былі прадстаўленыя ХДП, ІСППА, КПІ ды Італьянская рэспубліканская партыя. Гэткая стракатая правячая групоўка даволі хутка стала сутыкацца з праблемамі ў практычнай дзейнасці. Камуністы, напрыклад, патрабавалі ўвесці ўрадавы кантроль над вытворчасцю і пераразмеркаваннем, надзвычайны падатак на маёмасныя класы, нацыяналізацыю цэлага шэрагу прамысловых манаполіяў і банкаў, увесці рабочы кантроль на прадпрыемствах і распачаць радыкальную аграрную рэформу на карысць бяднейшай часткі сялянства. Гэтая радыкальная праграма была адкінутая хрысціянскімі дэмакратамі, якія звязвалі аднаўленне нацыянальнай эканомікі з выкарыстаннем традыцыйных сродкаў і механізмаў і, перадусім, з амерыканскай фінансавай дапамогай.

Падчас візіту ў Вашынгтон (студзень 1947 г.) А. Дэ Гаспэры быў запэўнены амерыканскім бокам, што Італія можа разлічваць на заем на суму $100 млн. пры ўмове выдалення з ураду камуністаў і сацыялістаў. Практычна адначасова з гэтым адбыўся раскол у ІСППА: правыя сацыялісты на чале з Джузэпэ Сарагатам патрабавалі скасавання пакту з камуністамі аб адзінстве дзеянняў і застаўшыся ў меншасці выйшлі з партыі ўтварыўшы Сацыялістычную партыю італьянскіх працоўных (з 1952 г. – Італьянская сацыял-дэмакратычная партыя, ІСДП). Левыя сацыялісты абралі для сваёй партыі старую назву (насілі яе да 1943 г.) - Італьянская сацыялістычная партыя (ІСП). Раскол у лагеры сацыялістаў стаў нагодай для ўрадавага крызісу. Аднак выдаліць з ураду камуністаў тады не атрымалася: ІСП прыгразіла выхадам з кааліцыі, а без яе А. Дэ Гаспэры губляў большасць ва Ўстаноўчым сходзе.

Але пасля абвяшчэння "дактрыны Трумэна" (5 сакавіка 1947 г.) лёс кааліцыі быў прадвызначаны. Хрысціянскія дэмакраты разгарнулі масіраваную антыкамуністычную кампанію і ў траўні 1947 г. дамагліся стварэння аднапартыйнага ўраду (пазней у яго ўвайшлі рэспубліканцы і сарагатаўцы).

Антыкамуністычная істэрыя супала з актывізацыяй італьянскай мафіі. Сіцылія практычна апынулася пад кантролем мафіёзных кланаў. Адзін з яе лідэраў дон Джуліяна нават выношваў планы аб далучэнні вострава да ЗША у якасці яе 49-га штату (тады іх налічвалася толькі 48). Мафія разгарнула барацьбу супраць "камунізму і бальшавізму", адкрыта выкарыстоўваючы зброю. У адным з сіцылійскіх мястэчак была расстраляная першамайская дэманстрацыя. Гэтак Італія ізноў сутыкнулася з мафіяй, здавалася б канчаткова пераможанай рэжымам Б. Мусаліні. Гэтая праблема ў наступныя дзесяцігоддзі (да пачатку 1990-х гг.) будзе заставацца адным з найбольш сур'ёзных выклікаў дэмакратыі і законнасці ў Італьянскай Рэспубліцы.

Тым часам у гэтых складаных умовах ва Ўстаноўчым сходзе працягвалася работа над распрацоўкай канстытуцыі. 22 снежня 1947 г. канстытуцыя Італіі была ўхваленая. З 1 студзеня 1948 г. яна набыла моц, а часовы галава дзяржавы Э. Дэ Нікала стаў першым прэзідэнтам Італьянскай Рэспублікі.

Італьянская Канстытуцыя 1947 г. стала адной з самых дэмакратычных канстытуцыяў свету. У Італіі забаранялася аднаўленне ў якой заўгодна форме распушчанай фашысцкай партыі. Скасоўваліся шляхецкія тытулы, членам і нашчадкам Савойскай дынастыі забаранялася знаходжанне на тэрыторыі краіны, а іх уласнасць пераходзіла да дзяржавы. Італія абвяшчалася дэмакратычнай рэспублікай, заснаванай на працы. За ўсімі грамадзянамі прызнавалася права на працу і заахвочванне "ўмоваў, якія робяць гэтае права рэальным". Канстытуцыя гарантавала дэмакратычныя правы і свабоды.

Канстытуцыя ўсталёўвала два віды ўласнасці – дзяржаўную і прыватную, прычым апошняя магла быць адчужаная ў грамадскіх інтарэсах за справядлівае ўзнагароджанне. Таксама прадугледжвалася ўсталяванне максімальных памераў зямельнай уласнасці.

Усталёўвалася парламенцкая рэспубліка. Парламент складаецца з Палаты дэпутатаў і Сената рэспублікі, якія маюць роўныя заканадаўчыя функцыі і абіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5-гадовы тэрмін на базе прапарцыйнага прынцыпу (з 1994 па 2006 гг. дзейнічала змешаная выбарчая сістэма з перавагай мажарытарнага прынцыпу). Галава дзяржавы – прэзідэнт набываў дастаткова шырокія паўнамоцтвы (распускае парламент, прызначае рэферэндум, з'яўляецца галоўнакамандуючым і г.д.), аднак бясспрэчна першай асобай ў новай палітычнай сістэме Італіі станавіўся прэм'ер-міністр – Старшыня ўраду.

Вялікае значэнне для краіны з устойлівымі каталіцкімі традыцыямі мела ўрэгуляванне пытання ўзаемаадносінаў паміж касцёлам і дзяржавай. Асноўныя палітычныя сілы Італіі здолелі дасягнуць няпростага кампрамісу. Было вырашана, што адносіны паміж дзяржавай і касцёлам будуць па-ранейшаму вызначацца на базе Латэранскіх пагадненняў 1929 г. Гэта азначала, што рымска-каталіцкі касцёл захоўваў уплыў на сферу сямейнага заканадаўства і школьнай адукацыі.

Таксама Канстытуцыя 1947 г. усталявала адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Італіі на 20 абласцей. (Традыцыйна вылучаюцца 8 паўночных (Вале д'Аоста, П'емонт, Лігурыя, Ламбардыя, Эмілія-Раманья, Венета, Трэнціна-Альта-Адзіджэ, Фрыулі-Венецыя-Джулія), 4 цэнтральных (Таскана, Марке, Умбрыя, Лацыа,) і 8 паўднёва-астраўных ( Абруцца, Малізэ, Кампанія, Апулія, Базіліката, Калабрыя, Сіцылія, Сардзінія) абласцей.)

18 красавіка 1948 г. адбыліся парламенцкія выбары. Градус палітычнага напружання быў скрайне высокім. Незадоўга да італьянскіх выбараў фактычна ў выніку дзяржаўнага перавароту да ўлады ў Чэхаславакіі прыйшлі камуністы. Многія ў Італіі і за яе межамі баяліся, што тут камуністы ды іх саюзнікі могуць прыйсці да ўлады электаральным шляхам і потым уцягнуць краіну ў сферу савецкага ўплыву. Не дзіва, што адным з найбольш шчодрых фундатараў ХДП выступіла Цэнтральнае Разведвальнае Ўпраўленне (ЦРУ) Злучаных Штатаў.

У выніку хрысціянскія дэмакраты заваявалі ўпэўненую перамогу на выбарах у абедзве палаты (48%). Іх галоўны канкурэнт – Народна-дэмакратычны фронт у складзе КПІ ды ІСП – задаволіліся толькі 31% галасоў і, адпаведна, дэпутацкіх мандатаў. (Колькасць прадстаўленых у Палаце дэпутатаў партыяў скарацілася да 10.) Гэты зыход дазволіў А. Дэ Гаспэры застацца на чале ўраду. Была сфармаваная цэнтрысцкая кааліцыя ў складзе ХДП, лібералаў, рэспубліканцаў і сацыял-дэмакратаў Дж. Сарагата.

Поспех на выбарах антыкамуністычных сілаў адкрыў для краіны магчымасць запрасіць амерыканскай фінансавай дапамогі. У чэрвені 1948 г. было падпісана італа-амерыканскае пагадненне аб дапамозе Італіі ў рамках "плану Маршала" тэрмінам на 2 гады. Агульны аб'ём паставак Злучаных Штатаў (прадукты харчавання і прамысловае абсталяванне) склаў $1,5 млрд.

Італія ў 1950 – 1960‑я гг. Перадумовы хуткага эканамічнага развіцця. Дыспрапорцыі ў эканоміцы. Сацыяльна-палітычныя наступствы "эканамічнага дзіва". Палітычная барацьба. Палітыка ХДП і лева-цэнтрысцкіх урадаў у 1950 – 1960‑я гг. Неафашызм. Ліпеньскія падзеі 1960 г. Становішча ў рабочым руху. Антыфашысцкі, студэнцкі рухі. Знешняя палітыка Італіі ў 1945 – 1960-я гг. Заключэнне Італіяй мірнага дагавору.

У першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі італьянская эканоміка перажывала моцны ўздым. Асабліва хуткімі тэмпамі яна развівалася ў 1950-х - пачатку 1960-х гг. падчас г.зв. "італьянскага эканамічнага дзіва" (італ. il boom). За 1950-я гг. аб'ём прамысловай прадукцыі ўзрос на 87% і ў 2,5 разы перавысіў даваенны ўзровень. З 1959 г. італьянская прамысловасць ўступіла ў паласу буму. Тэмпы прыросту прамысловай прадукцыі ў 1959-1962 гг. дасягнулі 14% у год! Высокія тэмпы росту эканомікі ў 1950-1960-х гг. прывялі да павелічэння нацыянальнага даходу Італіі амаль удвая. За гэты час склалася мадэль паскоранага "даганяючага" развіцця, характэрная для краін Паўднёвай Еўропы. Пры гэтым "італьянскі варыянт " аказаўся сутнасна бліжэйшым да развітых краін Захаду, чым іншыя дзяржавы паўднёваеўрапейскай перыферыі. У выніку Італія пераўтварылася ў індустрыяльную дзяржаву і ўвайшла ў сямёрку буйнейшых эканомік свету.

Эканамічнаму ўздыму Італіі спрыяў цэлы шэраг фактараў: удзел у рэалізацыі "плану Маршала"; рост попыту на сталь падчас Карэйскай вайны (1950-1953); да 1950-х гг. у краіне ў цэлым скончылася мадэрнізацыя прамысловасці; распрацоўка адкрытых у краіне радовішчаў нафты, метану і гідракарбанатаў; прыток долараў у сувязі з развіццём масавага турызму; уступленне Італіі ў "Агульны рынак". Акрамя таго важнай перадумовай італьянскага эканамічнага дзіва аказалася актыўнае і, галоўнае, эфектыўнае ўмяшанне дзяржавы ў эканоміку. Захаваўся і працягваў адыгрываць важную ролю ў крэдытаванні прамысловасці створаны яшчэ пры фашыстах дзяржаўны Інстытут прамысловай рэканструкцыі (ІРІ). З адкрыццём у Італіі запасаў нафты была створана дзяржаўная кампанія ЭНІ (італ. Ente Nazionale Indrocarburi, ENI; Нацыянальнае вуглевадароднае агенцтва), якая цалкам узяла ў свае рукі новую галіну італьянскай прамысловасці – нафтахімічную. Немалаважнае значэнне меў вялікі лішак працоўнай сілы ў Італіі і, значыць, магчымасць утрымання на нізкім узроўні заробкаў, скарачэнне выдаткаў вытворчасці і г.д.

Асабліва хуткімі тэмпамі развіваліся металургія, хімічная і аўтамабільная галіны прамысловасці. Паказальным быў поспех італьянскага аўтапрамысловасці. У 1957-1960 гг. вытворчасць аўтамабіляў вырасла на 89%. Прычым галіновы лідэр канцэрн ФІАТ (Fabbrica Italiana Automobili Torino) здолеў атрымаць на свае развіццёвыя патрэбы 35% усіх італьянскіх крэдытаў па "плану Маршала".

Эканамічныя перамены выклікалі значныя палітычныя і сацыяльныя зрухі, змяніліся спажывецкія стандарты, жыццёвы ўклад і нават мысленне італьянцаў. Пры гэтым цана эканамічнага дзіва азначала нераўнамернасць і цыклічнасць эканамічнага развіцця, залежнасць ад замежных капіталаўкладанняў і імпартных тэхналогіяў, адставанне сельскай гаспадаркі. Напрыклад, моцна паскорыла ўнутраныя міграцыйныя працэсы. Усяго на працягу 1950-1960-х гг. вёскі пакінула 1,8 млн. чалавек. Галоўным чынам з аграрна перанаселенага Поўдню італьянцы перабіраліся на больш развітую індустрыяльную Поўнач. Аднак часам урбанізацыя набывала ўсе рысы "несапраўднай урбанізацыі", калі імклівы рост колькасці гарадскога насельніцтва не суправаджаўся дастатковым ростам колькасці працоўных месцаў, а былое сельскае насельніцтва проста папаўняла армію беспрацоўных і паўночнаітальянскія гарады абрасталі мноствам заняпалых трушчобных прадмесцяў.

Асабліва сур'ёзнай заставалася праблема Поўдню. 6 паўднёвых і 2 астраўных абласцей напачатку 1950-х гг. займалі 43% тэрыторыі Італіі, там пражывала каля 1/3 насельніцтва краіны. Пры гэтым доля рэгіёну ў прамысловасці складала толькі 15%. Нашмат больш нізкай на Поўдні была прадукцыйнасць працы, а беспрацоўе – удвая вышэйшым. У выніку рэгіён з'яўляўся шчыра датацыйным: ён атрымліваў у два разы больш сродкаў, чым даваў бюджэту. Аднак ні стварэнне ў 1950 г. Кáсы Поўдню – дзяржаўнага фонду спецыяльнага доўгачасовага фінансавання адсталых раёнаў, ні многія іншыя ўрадавыя мерапрыемствы не здолелі карэнным чынам выправіць рэгіянальныя дыспрапорцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Няўпэўненае выступленне ХДП (партыя страціла каля 4 млн. галасоў) і поспех левых партыяў на муніцыпальных выбарах у 1951 і 1952 гг. выклікалі небеспадстаўную трывогу ў хрысціянскі дэмакратаў за зыход будучых парламенцкіх выбараў. Восенню 1952 г. імі быў прадстаўлены распрацаваны міністрам унутраных спраў Марыа Шэльбам законапраект, згодна якому партыя або выбарчы блок, што набралі абсалютную большасць галасоў выбаршчыкаў (50%+1 голас), атрымлівалі 2/3 парламенцкіх месцаў.

Не толькі апазіцыя, але нават і некаторыя саюзнікі хрысціянскіх дэмакратаў расцанілі гэты законапраект як замах на італьянскую дэмакратыю і назвалі яго "махлярскім законам". Аўтар сумна вядомага фашысцкага выбарчага закону 1923 г. Дж. Ачэрба даў да яго наступны каментарый: "Грамадскі абвінаваўца Вярхоўнага суда (хрысціянскі дэмакрат) сцвярджаў, што мой закон 1923 г. прывёў да разбурэння найбольш свяшчэнных заваёваў Рысарджымента, і гэтым матываваў патрабаванне вынесці мне смяротны прысуд... Але вось хрысціянскія дэмакраты зрабілі закон, што з'яўляецца дакладнай копіяй закону Ачэрба – і ён абмяркоўваецца зараз у парламенце."

Адчайная кампанія апазіцыі прынесла поспех: урадавая кааліцыя на чале з ХДП (сацыял-дэмакраты, лібералы, рэспубліканцы і яшчэ дзве больш дробныя партыі) набралі толькі 49,9% (хрысціянскія дэмакраты – толькі 40,1%) і не дацягнула да планкі, якая ім гарантавала 2/3 месцаў. КПІ ды ІСП набралі адпаведна 22,6% і 12,7%. Правал планаў ХДП тлумачыўся не столькі выдатнымі вынікамі дзвюх вядучых рабочых партыяў, здолеўшых мабілізаваць левы пратэстны электарат, але таксама паспяховым выступленнем неафашыстаў з ІСР, якія здолелі адабраць нямала галасоў у ХДП на аграрным Поўдні і набралі каля 6%.

У выніку месцы ў дзвюх палатах парламента былі размеркаваныя старым прапарцыйным спосабам. ХДП паспрабавала стварыць аднапартыйны ўрад меншасці і кіраваць з разлікам на падтрымку разнародных парламенцкіх сілаў. Тым не менш, хутка стала відавочнай эфемернасць гэтых разлікаў і ў жніўні А. Дэ Гаспэры падаў у адстаўку.

З зыходам з вялікай палітыкі бацькі-заснавальніка ХДП ў гэтай партыі ўзмацняецца барацьба за ўплыў паміж яе трыма плынямі – правымі (гаспэрыстамі), левымі (падтрымлівалі ідэю шчыльнага супрацоўніцтва з сацыялістамі) і цэнтрыстамі (выступалі са стварэнне шырокай цэнтрысцкай кааліцыі).

Наступнае пяцігоддзе (1953-1958) прайшло пры перавазе цэнтрыстаў і пад знакам урадавай нестабільнасці – змянілася пяць прэм'ер-міністраў. (Яшчэ пяць узначальвалі ўрад у наступнае пяцігоддзе – за 1958 па 1963 гг.) Найбольш істотным зрухам стаў перагляд палітычнай арыентацыі ІСП. Яе кіраўніцтва на чале з П'етра Нэні пасля венгерскіх падзеяў 1956 г. разарвала супрацоўніцтва з камуністамі і, адмовіўшыся ад статусу апазіцыйнай партыі, узяло курс на ўдзел ва ўладзе.

Хрысціянскія дэмакраты, якія сутыкнуліся з праблемай стварэння трывалай урадавай большасці на базе цэнтрызму і былі зацікаўленыя ў пашырэнні сацыяльнай базы ўраду, пазітыўна ацэньвалі магчымасць ўзаемадзеяння з сацыялістамі. Тактыка "левага цэнтру" не выклікала прынцыповых пярэчанняў і з боку каталіцкага касцёлу. У энцыкліцы новаабранага папы рымскага Яна ХХІІІ Pacem in terris ("Мір на зямлі", 1958) як раз змяшчаліся заклікі да міру і супрацоўніцтва розных палітычных плыняў.

Парламенцкія выбары 1958 г. прайшлі па традыцыйнай прапарцыйнай сістэме і прынеслі партыям-удзельніцам практычна тыя ж самыя вынікі. Спачатку быў сфармаваны кааліцыйны ўрад ХДП-ІСДП на чале з Амінторэ Фанфані (1958-1959). У 1959-1960 гг. дзейнічалі два правацэнтрыскія ўрады на чале з хрысціянскімі дэмакратамі.

Апошні правацэнтрысцкі ўрад на чале з Фернанда Тамброні быў створаны пры падтрымцы ІСР. Апірышча на неафашыстаў уваходзіла ў супярэчнасць з адным з самых базавых прынцыпаў Італьянскай Рэспублікі – г.зв. тэорыяй "канстытуцыйнага скляпення" (Arco Costituzionale). Паводле яе аніводная ўрадавая або кааліцыйная партыя, якая галасавала ў падтрымку Канстытуцыі 1947 г., не павінна была мець аніякіх адносінаў з неафашысцкімі або манархічнымі сіламі, што разглядаліся як антыканстытуцыйныя. Незадавальненне "правай" палітыкай ураду нарастала. Пасля таго, як напрыканцы чэрвеня 1960 г. Італьянскі сацыяльны рух паспрабаваў правесці свой санкцыяваны ўладамі з'езд у Генуі, горадзе, узнагароджаным Залатым медалём Супраціўлення, пачаліся антыфашысцкія акцыі.

У ліпні 1960 г. масавы антыфашысцкі рух, які часам набываў яўны антыўрадавы характар (урад Ф Тамброні вінавацілі ў сімпатыях да неафашыстаў), ахапіў усю краіну. У дэманстрацыях, мітынгах стачках ўзялі ўдзел каля 2,5 млн. чалавек. У сутычках антыфашыстаў з сіламі аховы правапарадку (выкарыстоўвалася матарызаваная паліцыя і нават танкі) сотні чалавек з абодвух бакоў былі параненыя, не абышлося без чалавечых ахвяраў. Урад быў вымушаны адправіцца ў адстаўку.

У 1962 г. з'езд ХДП афіцыйна зацвердзіў тактыку "левага цэнтру". Неўзабаве пасля парламенцкіх выбараў 1963 г. (ХДП – 38,3%, КПІ – 25,3%) быў створаны першы левацэнтрысцкі ўрад на чале з новым папулярным лідэрам хрысціянскіх дэмакратаў Альда Мора (1963-1968). Дзейнасць гэтага ўраду, больш устойлівага за папярэднія, аказалася даволі плённай. Была абноўленая сістэма дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Рэформа сістэмы адукацыі распаўсюджвала канстытуцыйны прынцып аб бясплатным і абавязковым навучанні на вучняў няпоўнай сярэдняй школы ва ў зросце да 14 гадоў. Значнымі аказаліся заваёвы рабочых: былі падвышаныя заробкі, ліквідаваліся занальныя адрозненні ў аплаце працы, уводзіўся 40-гадзінны працоўны тыдзень у прамысловасці, паляпшалася пенсійнае забеспячэнне. Тым не менш запавольванне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і нарастанне крызісных з'яў у грамадска-палітычным жыцці напрыканцы 1960-х гг. моцна абмяжоўвалі эфектыўнасць палітыкі левага цэнтру.

Скарачэнне занятасці і бесперапынны рост кошту жыцця з другой паловы 1960-х гг. выклікалі ўздым сацыяльнага пратэсту. Асаблівасцю новага этапу забастовачнай барацьбы стаў яе масавы характар і ўцягванне ў барацьбу новых слаёў – студэнтаў, служачых, чыноўнікаў настаўнікаў, урачоў, пенсіянераў, якія раней займалі пасіўную пазіцыю. Забастовачная барацьба італьянцаў за паляпшэнне ўмоваў працы і жыцця была больш інтэнсіўнай і маштабнай, чым у другіх краінах капіталістычнага свету.

У 1968 г. адбыўся бурны ўсплёск студэнцкай барацьбы не толькі за рэформу вышэйшай школы, але і пад антыкапіталістычнымі лозунгамі. Вясной 1968 г. хваляванні ахапілі ўсе 36 універсітэтаў Італіі. Студэнтаў падтрымалі прафсаюзы і камуністычная партыя. У 1968 і 1969 гг. адбыліся дзве буйнейшыя агульнанацыянальныя забастоўкі за правядзенне пенсійнай рэформы і вырашэнне жыллёвай праблемы. Урад быў вымушаны пайсці на саступкі і вылучыў значныя сродкі на будаўніцтва "народных кватэраў". "Спякотнай восенню" 1969 г. выступаючы за больш выгодныя ўмовы калектыўных дагавораў баставалі некалькі мільёнаў чалавек. У выніку ў 1970 г. быў прыняты Статут правоў працоўных, які замацаваў становішча прафсаюзаў на прадпрыемствах і абмежаваў магчымасць прадпрымальнікаў на звальненне рабочых. Дасягненні забастовачнай барацьбы выклікалі рост шэрагаў прафсаюзаў і павелічэнне іх уплыву. З 1969 г. пастаяннай становіцца практыка сустрэч і перамоваў паміж прафсаюзамі і ўрадам.

Важнейшай падзеяй у галіне знешняй палітыкі першых пасляваенных гадоў стала заключэнне мірнага дагавору. Умовы перамір'я, падпісаныя пры капітуляцыі Італіі, давалі магчымасць амерыкана-брытанскім прадстаўнікам умешвацца ва ўнутраныя справы краіны. 10 лютага 1947 г. быў падпісаны Парыжскі мірны дагавор. Сухапутныя межы Італіі вызначаліся збольшага ў адпаведнасці з існаваўшымі на 1 студзеня 1938 г. Італія адмаўлялася ад прэтэнзіяў на калоніі ў Афрыцы (Лівія, Эрытрэя, Італьянскае Самалі), прызнавала суверэнітэт Албаніі і Эфіопіі і вяртала Грэцыі Дадэканезскія астравы. Горад Трыест з акругай быў вылучаны ў асобную тэрыторыю, губернатар якой прызначаўся ААН. (У далейшым г.зв. "вольная тэрыторыя Трыест" была падзеленая паміж Італіяй і Югаславіяй. Трыест з 1954 г. адышоў да Італіі.). Дагавор вызначаў абмежаванні для ўзброеных сіл краіны і вызначаў, што яна павінна выплаціць рэпарацыі СССР, Югаславіі, Грэцыі і Албаніі – краінам, тэрыторыі якіх пацярпелі ад італьянскай фашысцкай агрэсіі. У верасні 1947 г. Парыжскі дагавор быў ратыфікаваны Ўстаноўчым сходам Італіі і набыў моц. А праз тры месяцы, як тое і прадугледжвалася тэкстам пагаднення, яе тэрыторыя была вызваленая ад акупацыйных войск.

Праамерыканскі знешнепалітычны курс А. Дэ Гаспэры знайшоў свой далейшы працяг у далучэнні Італіі 4 красавіка 1949 г. да блоку НАТО – яна стала адным з сузаснавальнікаў паўночнаатлантычнага альянсу. Гэтае рашэнне выклікала актыўны пратэст з боку значнай часткі італьянскага грамадства. Пад народнай петыцыяй з патрабаваннем адмовы ад удзеле ў НАТО было сабрана 8 млн. подпісаў. Тым не менш, у ліпні 1949 г. абедзве палаты італьянскага парламенту прагаласавалі "за" удзел у Паўночнаатлантычным пакце і ўступленне Італіі ў гэты блок было ратыфікаванае. Неўзабаве ўрад даў дазвол на будаўніцтва амерыканскіх вайсковых баз і размяшчэнне саюзніцкіх штабоў на тэрыторыі краіны. У партах Неапаля, Ліворна і некаторых іншых гарадоў размясціліся караблі 6-га амерыканскага флоту.

Італія і яе першы пасляваенны лідэр А. Дэ Гаспэры адыгралі значную ролю на пачатковым этапе еўрапейскай інтэграцыі. Італія была ў ліку 6 краін, якія ў 1951 г. падпісалі пагадненне аб стварэнні ЕАВС, а ў 1952 г. - дагавор аб Еўрапейскай абарончай супольнасці. Бясспрэчным сведчаннем узрастальнага аўтарытэту краіны стала тое, што менавіта ў італьянскай сталіцы ў 1957 г. адбылася цырымонія падпісання дакументаў, якія заклалі аснову для Еўрапейскай Эканамічнай Супольнасці.

Ужо з 1955 г. адбываецца прыкметнае паляпшэнне адносін паміж Італіяй і сацыялістычнымі краінамі, у тым ліку з СССР. У 1960-я гг. гэтая тэндэнцыя атрымала далейшае развіццё. Значным поспехам з'явілася італьянска-савецкае міжурадавае пагадненне 1967 г. аб эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Пры ўдзеле непасрэдным удзеле італьянскай фірмы ФІАТ у Савецкім Саюзе ажыццяўлялася будаўніцтва Волжскага аўтамабільнага заводу (ВАЗ) у горадзе Тальяці, названым так у гонар лідэра італьянскіх камуністаў. Італія становіцца адным з важнейшых гандлёва-эканамічных партнёраў СССР.

Запавольванне тэмпаў эканамічнага росту ў 1970 – 1980‑я гг. Эканамічныя крызісы 1974-1975 і 1980-1983 гг. Абвастрэнне сацыяльнага становішча. Палітычная барацьба ў 1970 – 1980‑я гг. Выбары 1976 г. Палітыка ўрада Дж. Андрэоці. ІКП у 1970 – 1980‑я гг., пошукі новага курсу. Ажыўленне левага і правага экстрэмізму. Крызіс улады на мяжы 1970 – 1980‑х гг. Актывізацыя мафіі. Карупцыйныя скандалы. Знешняя палітыка Італіі ў 1970 – 1980‑я гг. Італія і міжнародная разрадка. Адносіны з краінамі ЕЭС і СССР.

Ужо ў сярэдзіне 1960-х гг. італьянская эканоміка ўпершыню ў пасляваенны перыяд сутыкнулася з крызіснымі з'явамі. Напачатку 1970-х гг. тэмпы эканамічнага росту запаволіліся, але на агульнаеўрапейскім фоне яшчэ выглядалі нядрэнна. "Нафтавы шок" 1973 г. негатыўна адбіўся на італьянскай вытворчасці і фінансах і ў 1974-1975 гг. Італія апынулася ва ўладзе сусветнага эканамічнага крызісу. Цяжкасці былі звязаныя не толькі з агульнымі вонкавымі ўмовамі (, найперш, з ростам сусветных коштаў на паліва і сыравіну), але таксама з абвастрэннем праблемаў структуры і механізмаў узнаўлення і з новай сацыяльна-эканамічнай абстаноўкай (павелічэннем уплыву прафсаюзаў, ростам заробкаў рабочых і г.д.).

Дастаткова значная глыбіня крызісу 1974-1975 гг. (падзенне прамысловай вытворчасці склала 14%) і захаванне пэўнага патэнцыялу экстэнсіўнага развіцця эканомікі абумовілі скрайне павольнае абнаўленне гаспадарчых механізмаў італьянскай эканомікі. Прыход новага цыклічнага крызісу 1980-1983 гг. запатрабаваў ад італьянскіх уладаў больш рашучых дзеянняў. Важным накірункам палітыкі італьянскага ўраду стала "жорсткая эканомія": улады фактычна адмовіліся ад пільнавання падвышэння заробкаў адносна росту кошту жыцця, пачалі скарачэнне бюджэтных выдаткаў. Асабліва востра паўстала пытанне будучыні дзяржаўнага сектару, у якім, напрыклад, у той час было засяроджана звыш 3/4 здабываючай прамысловасці, 70% суднабудаўнічай прамысловасці, 2/3 электрамеханічнай галіны, амаль уся інфраструктура краіны. У адрозненні ад тэтчарысцкага варыянту антыкрызісных мерапрыемстваў італьянскі ўрад абмежаваўся толькі кропкавай прыватызацыяй і ліквідацыяй стратных дзяржаўных прадпрыемстваў. Што датычыцца стратэгічных для гаспадарчага арганізму краіны галінах, што ўваходзілі ў дзяржсектар, то там прадугледжвалася правядзенне тэхналагічнай рэканструкцыі і ўзмацненне навукаёмістых вытворчасцяў. Гэткім чынам і надалей дзяржаўны сектар захоўваў высокую ўдзельную вагу і лідэрскія пазіцыі ў італьянскай эканоміцы.

Адносная памяркоўнасць антыкрызісных мерапрыемстваў у Італіі была ў значнай ступені звязаная з актыўнасцю рабочага руху і левых сілаў, якія стаялі за ім. Напрыклад, у 1980-1982 гг. у Італіі ў забастоўках бралі ўдзел 42 млн. чалавек, г.зн удвая больш,чым у ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, ФРГ і Японіі разам узятых! Тым не менш, на фоне значнага паляпшэння сусветнай кан'юнктуры ў сярэдзіне 1980-х гг. праведзеных пераўтварэнняў хапіла для таго, каб ў 1987 г. здзейсніць г.зв. "абгон" (італ. il Sorpasso) – апярэдзіць Вялікабрытанію і выйсці на 6-е месца ў свеце па аб'ёме ВНП (саступалі ЗША, СССР, Японіі, ФРГ і Францыі). Тады ж Італія здолела абыйсці Францыю па вытворчасці прамысловай прадукцыі. Асаблівасцю італьянскай эканомікі была адносная нешматлікасць буйных кампаніяў і параўнальна нязначная прысутнасць транснацыянальных карпарацыяў – па-ранейшаму істотна пераважалі дробныя і сярэднія кампаніі. На мяжы 1980-х - 1990-х гг. Італія становіцца развітай індустрыяльнай дзяржавай.

Як і ў іншых краінах Захаду, у 1970-1980-х гг. у Італіі актыўна адбывалася фармаванне эканомікі постіндустрыяльнага грамадства. У шырокіх маштабах адбывалася абнаўленне тэхнічнай базы і тэхналогіі прамысловай вытворчасці: укараняліся камп'ютарныя сістэмы кіравання ёй, выкарыстанне робатаў, абсталявання на базе мікраэлектронікі і г.д. У першую чаргу гэты працэс ахапіў Цэнтр і Паўночны-Усход, якія раней саступалі самаму перадавому Паўночнаму-Захаду. Хуткімі тэмпамі развівалася сфера паслуг. Значная доля дзяржаўнага бюджэту Італіі фармавалася за кошт турыстычнай галіны. Напачатку 1980-х гг. краіну наведвала каля 30 млн. замежных турыстаў штогод і да канца дзесяцігоддзя гэтая лічба пастаянна расла. Дастаткова хуткімі тэмпамі ішло паляпшэнне ўзроўню жыцця італьянцаў, аднак, як і раней, назіраліся значныя рэгіянальныя дыспрапорцыі. Напрыклад, на 1986 г. аб'ём ВУП на душу насельніцтва ў Ламбардыі (цэнтр- г. Мілан) складаў каля 140 пунктаў, а Эміліі-Раманьі (Балонья) – амаль 125 (сярэдні паказчык па ЕЭС ўзяты за 100), а ў Кампаньі (Неапаль), Калабрыі і Базілікаце – толькі 60.

Палітычная барацьба ў Італіі станавілася даволі прадказальнай. На парламенцкіх выбарах 1972 г. хрысціянскія дэмакраты ў чарговы раз атрымалі перамогу (38%), а другое і трэцяе месца занялі камуністы (27%) і сацыялісты (10%). (Вельмі падобныя вынікі прынеслі і папярэднія выбары – у 1968 г.) Найбольш важным зрухам стаў поспех партыі Італьянскі сацыяльны рух-Нацыянальныя правыя сілы(ІСР-НПС; новая назва неафашысцкай партыі), якая набрала звыш 9% галасоў (амаль удвая болей,чым у 1968 г.). Аднак у 1974 г. па падазрэнні ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту былі распачатыя судовыя правы супраць шэрагу дзеячаў ІСР-НПС і звязаных з імі высокапастаўленых генералаў. Ужо на муніцыпальных выбарах 1975 г. неафашысты страцілі значную частку сваёй падтрымкі.

Падзенне асноўных эканамічных паказчыкаў, а потым і наступленне эканамічнага крызісу, натуральна, высоўвалі на пярэдні план палітычных дыскусіяў праблемы фінансавага аздараўлення і барацьбы з беспрацоўем. Аднак у першай палове 1970-х гг. на некаторы час паўстала яшчэ адно вастрэйшае пытанне. У 1974 г. набыў моц закон аб разводзе (італьянцы нарэшце атрымалі гэтае права). Градус канфрантацыі аказаўся настолькі высокім, што моцна нагадваў сітуацыю вакол пасляваеннага рэферэндуму адносна формы праўлення. Рэакцыйныя і кансерватыўныя сілы рашуча выступілі супраць гэтага новаўвядзення: Ватыкан, хрысціянскія дэмакраты і неафашысты дамагліся правядзення рэферэндуму па пытанні скасавання закону. Аднак 12 траўня 1974 г. большасць італьянцаў (59%) выказалася за захаванне права на развод.

На фоне актывізацыі экстрэмісцкіх і рэакцыйных сілаў, а таксама сусветнага эканамічнага крызісу актывізуюцца абнаўленчыя сілы ў ІКП. У сакавіку 1975 г. на XIV з'ездзе партыі па прапанове генеральнага сакратара ІКП Энрыка Брелінгуэра была ўхвалена ідэя "гістарычнага кампрамісу", якая азначала прынцыповую магчымасць супрацоўніцтва не толькі з сацыялістамі, але і з хрысціянскімі дэмакратамі. Ужо на абласных і правінцыйных выбарах 1975 г. камуністы паказалі небывалы вынік: за іх прагаласавала без малога трэць выбаршчыкаў краіны. Камуністы перамаглі ў Рыме, Мілане, Турыне, Фларэнцыі і шэрагу іншых важнейшых гарадоў.

Ва ўмовах далейшай секулярызацыі грамадства, паслаблення ідэалагічнага супрацьстаяння і росквіту эпохі разрадкі міжнароднай напружанасці 1970-х гг. падтрымка хрысціянскіх дэмакратаў, наадварот, працягвала падаць. У гэтых новых абставінах паспяховы вопыт супрацоўніцтва ХДП з памяркоўнымі рабочымі партыямі і пераход ІКП на пазіцыі "еўракамунізму" ставілі пытанне аб мэтазгоднасці адмовы ад маральна і практычна састарэлай тактыкі pacta ab excludendum (лат. "пакт аб выключэнні"), г.зн. кансенсусу шырокага спектру палітычных сілаў Італіі адносна ізаляцыі камуністаў, і аб магчымасці стварэння кааліцыйнага ўраду з іх удзелам.

Вынікі парламенцкіх выбараў 1976 г. сталі яшчэ адным довадам на карысць неабходнасці ўтварэння шырокай урадавай кааліцыі. На выбарах у Палату дэпутатаў ІКП атрымала 34,4% галасоў. Упершыню за ўвесь пасляваенны перыяд камуністы і сацыялісты атрымалі большую падтрымку італьянцаў, чым хрысціянскія дэмакраты (38,8%). Стала зразумела, што стварыць урад, які б не абапіраўся на падтрымку ІКП будзе вельмі праблематычна.

У выніку бы створаны аднапартыйны ўрад ХДП на чале з Джуліа Андрэоці (1976-1979). Тым не менш хрысціянскія дэмакраты праводзілі палітыку "нацыянальнай салідарнасці", г.зн. улічвалі патрабаванні парламенцкай большасці. У 1977 г. шэсць партыяў, у тым ліку і ІКП, падпісалі з урадам Дж. Андрэоці праграмнае пагадненне аб захадах па стабілізацыі эканомікі, барацьбе з тэрарызмам ды іншых самых надзённых праблемах краіны. Падобнае супрацоўніцтва дазволіла даволі паспяхова зладзіць з наступствамі сусветнага крызісу 1974-1975 гг. і ажыццявіць шэраг важных рэформаў.

Нечаканы альянс хрысціянскіх дэмакратаў і левых быў неадназначна сустрэты грамадствам, і шчыра варожа – права- і леварадыкальнымі групоўкамі. У сакавіку 1978 г. быў выкрадзены левымі экстрэмістамі і потым забіты адзін з гарачых прыхільнікаў палітыкі "нацыянальнай салідарнасці" старшыня ХДС А. Мора. Рост гвалту і бесперапынныя палітычныя скандалы (гл. далей) прывялі да фактычнага краху курсу Дж. Адрэоці. У студзені 1979 г. камуністы перайшлі ў апазіцыю, што наблізіла правядзенне новых датэрміновых выбараў.

Парламенцкія выбары 1979 г. засведчылі пэўнае расчараванне вядучымі партыямі Італіі: ХДП страціла 0,4%, а ІКП ажно 4% галасоў. Камуністы адмовіліся ад тактыкі "гістарычнага кампрамісу" і прыняла новую формулу "дэмакратычнай альтэрнатывы", якая прадугледжвала стварэнне кааліцыі левых партыяў, здольнасць паспяхова канкурыраваць з хрысціянскімі дэмакратамі. Аднак, як паказала палітычнае жыццё, падобныя разлікі былі вельмі далёкімі ад рэчаіснасці. Гэта быў толькі пачатак заняпаду ІКП. Не самыя лепшыя часы перажывала і ХДП, хаця пасля выбараў 1979 г. яна па-ранейшаму ўзначальвала правячую кааліцыю. Пасля скандалу вакол масонскай ложы П-2 (гл. далей) складваецца вельмі характэрная для ўсіх 1980-х гг. "пяціпартыйнасць" (італ. pentapartito) у складзе хрысціянскіх дэмакратаў, сацыялістаў, сацыял-дэмакратаў, рэспубліканцаў і лібералаў.

Адноснае аслабленне хрысціянскіх дэмакратаў і камуністаў дазволіла упершыню выйсці з ценю Італьянскай сацыялістычнай партыі. Пад кіраўніцтвам новага лідэра Беціна (Бенедэта) Краксі ІСП узяла курс на прыход да ўлады і дамаглася поспеху на парламенцкіх выбарах 1983 г. Безумоўна, апярэдзіць ХДС (33%) і ІКП (30%) сацыялістам было нерэальна, але на фоне адчувальнага паражэння хрысціянскіх дэмакратаў (-5,5%) нават набраныя імі 11% галасоў выбаршчыкаў рабілі партыю асноўным партнёрам ХДП. Упершыню ў гісторыі Італіі прэм'ер-міністрам Італіі стаў сацыяліст – Б. Краксі (1983-1987).

Нягледзячы на прыналежнасць да левай партыі Б. Краксі абапіраўся на неаліберальныя рыначныя метады. Пачалася частковая нацыяналізацыя. Асобным накірункам эканамічнай палітыкі ўраду стала "жорсткая эканомія" – скарачаліся выдаткі на ахову здароўя, сацыяльнае забеспячэнне і народную асвету. Акрамя таго улады дамагліся абмежавання ўплыву каталіцкага касцёлу на школу і сямейнае заканадаўства. Важным дасягненнем ураду стаў пачатак больш энергічнай вайны супраць тэрарызму і мафіі: уводзіліся надзвычайныя захады, што пашыралі паўнамоцтвы паліцыі і судовых органаў (павальныя вобыскі, павелічэнне тэрмінаў папярэдняга зняволення ды інш.)

Нягледзячы на працяглы па італьянскіх мерках тэрмін знаходжання Б. Краксі на пасадзе прэм'ер-міністра, становішча яго ўраду нельга было назваць стабільным, галоўным чынам, з-за спрэчак хрысціянскіх-дэмакратаў і сацыялістаў. Пасля парламенцкіх выбараў 1987 г. амбіцыйны лідэр сацыялістаў быў вымушаны саступіць высокую пасаду (у 1989-1991 гг. ён вяртае страчаны пост), хаця яго ІСП паказала найлепшы за ўсю пасляваенную гісторыю вынік – 14% галасоў выбаршчыкаў. Выбары 1987 г. прадэманстравалі далейшае падзенне папулярнасці ІКП: яна набрала толькі 27%. Не на шмат лепей выступіла і ХДП – 34%. Затое ўпершыню праявілі сябе на нацыянальным узроўні італьянскія "зялёныя", якія сабралі амаль мільён галасоў італьянскіх выбаршчыкаў (2,5%). Пяціпартыйны ўрад быў захаваны, аднак "электаральная бура" – рэзкая змена партыйных прыхільнасцяў італьянскіх выбаршчыкаў у 1980-я гг. з прычыны маштабных сацыяльна-эканамічных і светапоглядных зрухаў на стадыі пераходу краіны да постіндустрыяльнага грамадства – неўзабаве змяце гэтую палітычную канструкцыю, а потым напачатку 1990-х гг. і ўсю італьянскую пасляваенную партыйную сістэму, разам з сістэмаўтваральнымі партыямі – ХДС ды КПІ.

Поспехі забастовачнай барацьбы канца 1960-х гг., эканамічныя цяжкасці і рост беспрацоўя выклікалі актывізацыю праварадыкальных сілаў. Разгарнулі энергічную дзейнасць неафашысцкія арганізацыі і групоўкі. Значна павялічылася колькасць тэрарыстычных актаў з іх боку.

Мэтай "чорнага" тэрору стала стварэнне гэткай абстаноўкі ў краіне, пры якой быў бы магчымы дзяржаўны пераварот або, як мінімум, "навядзенне парадку" – г.зв. "курс напружанасці". На першых парах найбольш крывавымі вылазкамі неафашыстаў сталі выбух бомбы у 1969 г. у будынку Сельскагаспадарчага банку ў Мілане на плошчы Фантана (16 чалавек забітых і каля 100 параненых) і выбух у цягніку каля Балонні ў 1974 г. (загінула 12 пасажыраў). У 1970 г. "Новы парадак", адна з баявых арганізацыяў неафашыстаў, пад кіраўніцтвам князя Ю. Баргезэ нават паспрабавала ажыццявіць дзяржаўны пераварот. Праўда, спроба захапіць міністэрства ўнутраных спраў скончылася фіяска.

На чале неафашысцкага руху заставалася ІСР/ІСР-НПС, колькасць членаў якой у першай палове 1970-х гг. узрасла да 400 тыс. чалавек. Сапраўднай масавай базай для партыі сталі жыхары бедных гарадскіх прадмесцяў, люмпен пралетарыят і, асабліва, маргінальныя слаі адсталага Поўдня. Партыя працягвала дастаткова паспяхова выступаць на выбарах ды імкнулася да стварэння рэспектабельнага іміджу ("фашызм у двубортным пінжаку").

Аднак з сярэдзіны 1970-х гг. "чорны" тэрор ультраправых стаў адыходзіць на другі план, саступаючы месца "чырвонаму" тэрору левых радыкалаў. Легальныя палітычныя структуры скрайне левых моцна саступалі ў папулярнасці арганізацыям скрайне правых. Ультралевы блок "Пралетарская дэмакратыя" атрымліваў на выбарах толькі парадку 1,5%.

Па меры таго, як "пакаленне 1968 г." расчароўвалася ў сваіх утапічных планах пераўтварэння буржуазнага грамадства, частка левых актывістаў стала спаўзаць да тактыкі тэрору. Найбольш небяспечнымі леваэкстрэмісцкімі тэрарыстычнымі падпольнымі арганізацыямі сталі г.зв. "чырвоныя брыгады" (Brigate Rosse). Узніклі яны ў 1970 г. як непасрэдная рэакцыя на міланскі выбух на плошчы Фантана. Ідэалагічная база "чырвоных брыгад" вылучалася сваім эклектызмам: у яе праграме спалучаліся тэорыя маркізму-ленінізму, ідэі мааізму і культурнай рэвалюцыі, практыка гарадской герыльі. Сваёй галоўнай мэтай яны лічылі стварэнне рэвалюцыйнай дзяржавы ў выніку ўзброенай барацьбы і разрыў з заходнімі дзяржавамі (у тым ліку выхад з блоку НАТО). Абсалютызацыя гвалту суправаджалася практычным і выкарыстаннем негвалтоўных метадаў – прапаганды, стварэння паўлегальных арганізацыяў на прадпрыемствах і ва ўніверсітэтах. Напрыканцы 1970-х гг. ахвярамі гэтых левых экстрэмістаў станавіліся палітыкі і суддзі, каталіцкія дзеячы, прадпрымальнікі і журналісты, паліцэйскія чыны. Найбольш гучным тэрарыстычным актам "чырвоных брыгад" (і ўсіх радыкальных тэрарыстычных груповак увогуле) стала выкраданне і забойства ў 1978 г. былога прэм'ер-міністра Альда Мора.

На мяжы 1970-1980-х гг. Італію захлынула новая хваля тэрарызму. Толькі за адзін 1980 г. адбылося каля 1200 тэрарыстычных актаў. Буйнейшы з іх – выбух на вакзале ў Балонні – пазбавіў жыцця 85 чалавек, а яшчэ звыш 200 былі параненыя. Аднак паступова бесчалавечнасць і, што важна, бессэнсоўнасць тэрору стала прывабліваць да правага і левага экстрэмізму усё менш і менш італьянцаў. Да сярэдзіны 1980-х гг. ён практычна знікае разам з пакаленнем радыкалаў, што яго спарадзіла.

У пасляваенныя дзесяцігоддзі адбываецца якасны скачок у італьянскіх мафіёзных структурах. Адыходзіў у нябыт маральны кодэкс мафіі, які хоць нейкім чынам абмяжоўваў гвалт. Сіцылійская ("коза ностра"), неапалітанскаяы ("камора") і яшчэ больш жорсткая калабрыйская ("ндрангета") галіны мафіі імкліва прасоўваліся на Поўнач краіны, усталёўваючы ўсё больш і больш шчыльныя повязі са светам бізнесу і палітыкі. Умацоўваліся міжнародныя кантакты арганізаванай злачыннясці.

Урадавая нестабільнасць, унутрыпартыйныя звады, узрастальны недавер да ўладаў з боку значнай часткі насельніцтва не дазвалялі дзяржаве даць рады ўсёдазволенасці мафіёзных кланаў. Больш за тое, неад'мнай рысай палітычнага жыцця Італіі станавілася рознага роду скандалы. У 1978 г. па падазрэнні ў карупцыі (амерыканская карпарацыя "Локхід" заплаціла хабар за закупкі італьянскімі ваенна-паветранымі сіламі сваіх самалётаў) і нявыплаце падаткаў быў абвінавачаны прэзідэнт краіны, член ХДП Джавані Леонэ. Вялікі рэзананс атрымала справа масонскай ложы П-2 ("Прапаганда-2"). Цэлы шэраг буйных – у тым ліку вышэйшых – дзяржаўных чыноўнікаў былі абвінавачаныя ў змове супраць рэспублікі. (Дзейнасць П-2 трапляла пад дзеянне 18-га артыкула Канстытуцыі Італіі, якая забараняла "сакрэтныя арганізацыі, якія пераследуюць, хаця б ускосна, палітычныя мэты шляхам стварэння структуры вайсковага характару").

У 1970-1980-я гг. стрыжнявую ролю ў знешняй палітыцы Італіі па-ранейшаму адыгрываў атлантызм. Прычым, калі ў эпоху разрадкі італьянскія ўлады падкрэслівалі яго прынцыповую сумяшчальнасць з паслабленнем напружанасці ў міжнародных адносінах. Напрыканцы 1970-х - напачатку 1980-х гг. разуменне атлантызму стала больш традыцыйным. Італьянскі ўрад выказаў гатоўнасць размясціць на тэрыторыі краіны 112 крылатых ракет.

З выхадам міжнародных адносінаў на новы віток халоднай вайны і гонкі ўзбраенняў італьянская дыпламатыя стала праяўляць пэўны інтарэс да магчымасці больш актыўнага вайсковага супрацоўніцтва дзяржаў ЕЭС. Тым не менш, у той час аніякай рэальнай альтэрнатывы блоку НАТО не існавала.

Яшчэ адным прыярытэтным напрамкам знешняй палітыкі Італіі з'яўляўся актыўны ўдзел у еўрапейскай інтэграцыі. Сведчаннем узмацнення пазіцыяў краіны ў Еўропе і свеце стала яе імкненне не дапусціць у ЕЭС ніякіх "унутраных альянсаў", перш за ўсе ФРГ і Францыі. Для дасягнення гэтай складанай задачы Італія часта апелявала да Вялікабрытаніі як да "балансіру", але ў іншых выпадках, калі самі брытанцы праяўлялі гегеманісцкія схільнасці, інтрыгавала і супраць іх. Італія падтрымлівала ідэю пашырэння ЕЭС і разлічвала на стварэнне свайго роду ўнутранага "паўднёвага блоку" з новай удзельніцай "Агульнага рынку" – Іспаніяй. Вельмі эфектыўнай аказалася дзейнасць італьянскіх палітыкаў у спробах актывізацыі працэсу палітычнай інтэграцыі ў Еўропе. Італія была адным з ініцыятараў распрацоўкі і прыняцця "Адзінага еўрапейскага акту" (1986).

З надыходам эры разрадкі на новы этап выйшлі італьянска-савецкія адносіны. У 1972 г. СССР наведаў прэм'ер-міністр Італіі Дж. Андрэоці. Але узровень палітычных адносінаў паміж краінамі пэўны час адставаў і ад двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва, і ад якасці ўзаемадзеяння СССР з Францыяй, ФРГ і ЗША. Сітуацыя стала змяняцца пасля дзяржаўнага візіту ў СССР прэзідэнта Італіі Дж. Леонэ. Адным з яго важнейшых вынікаў стала падпісанне Сумеснай савецка-італьянскай дэкларацыі. Нягледзячы на значныя змены міжнароднай абстаноўкі на мяжы 1970-х і 1980-х гг., італьянска-савецкія адносіны і надалей развіваліся даволі ўстойліва. З пачаткам перабудовы адбываецца іх актывізацыя, асабліва на ўзроўні двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва.

Значнае месца ў знешняй палітыцы Італіі у гэты перыяд сталі займаць Афрыканскі, Азіяцкі і Лацінаамерыканскі рэгіёны, асабліва зона Міжземнаемор'я – сфера традыцыйных інтарэсаў дыпламатыі Рыму.

 

 

Тэма 12. Італія ў 1990‑я – 2010-я гг.


Просмотров 452

Эта страница нарушает авторские права




allrefrs.ru - 2021 год. Все права принадлежат их авторам!