Главная Обратная связь Поможем написать вашу работу!

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)






Знешняя палітыка ФРГ у 1970 – 1980‑я гг. “Новая усходняя палітыка”. Адносіны ФРГ з краінамі Захаду. Заходнегерманска-савецкія адносіны



Прыход да ўлады ўрадавай кааліцыі СДПГ-СвДП на чале з канцлерам В Брантам і пачатак працэсу сусветнай разрадкі стварылі спрыяльныя ўмовы для карэннага перагляду палітыкі Заходняй Германіі адносна краінаў сацыялістычнага блоку і пераходу да "новай усходняй палітыкі".

Пасля далучэння Бону да Дагавору аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі ў 1969 г. было знятае праблемнае пытанне двухбаковых адносінаў – аснашчэнне ФРГ ядзернай зброяй. Актывізаваўся заходнегерманска-савецкі дыялог на вышэйшым узроўні, які увянчаўся 12 жніўня 1970 г. падпісаннем Маскоўскага дагавору. Апрача іншага пагадненне намеціла канкрэтныя крокі па нармалізацыі адносінаў ФРГ з ГДР ды іншымі ўсходнімі суседзямі – Чэхаславакіяй і Польшчай. У выніку 7 снежня 1970 г. былі падпісаныя Варшаўскі, а 11 снежня 1973 г. Пражскі дагаворы. Удзельнікі пагадненняў прызналі непарушнасць пасляваенных межаў у Еўропе, пацвердзілі адмову ад тэрытарыяльных прэтэнзій і ўжывання сілы ў міжнародных адносінах.

У лістападзе 1971 г. Вялікабрытанія, ЗША, СССР і Францыя заключылі чатырохбаковае пагадненне па Заходняму Берліну, якое ўдакладняла яго статус з улікам інтарэсаў усіх зацікаўленых бакоў. Падпісанне гэтага кампраміснага дакументу стала штуршком да падпісання 21 снежня 1972 г. Дагавору аб асновах адносінаў паміж ГДР і ФРГ, які зафіксаваў узаемнае прызнанне абедзвюх дзяржаў. Бакі заяўлялі аб намеры развіваць узаемавыгадныя добрасуседскія адносіны, кіравацца прынцыпамі суверэнітэту і непарушнасці пасляваенных межаў. Абмен дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі, а не пасольствамі быў закліканы падкрэсліць асаблівы характар адносінаў паміж ФРГ і ГДР. У 1973 г. абедзве германскія дзяржавы сталі членамі ААН.

Г.зв. "Усходнія дагаворы", што пацвердзілі пасляваенныя рэаліі, умацавалі падмуркі еўрапейскай разрадкі і праклалі шлях да падпісання Хельсінскіх пагадненняў 1975 г. В. Брант заслужыў сваёй "новай усходняй палітыкай" значныя міжнародны аўтарытэт і прызнанне: у 1971 г. ён быў удастоены Нобелеўскай прэміі міру.



Урад Г. Шміта імкнуўся ў міжнародных справах прытрымлівацца "стратэгіі раўнавагі" – балансу паміж збліжэннем з Усходам, захаваннем нацыянальнай бяспекі і атлантычнай салідарнасці. Гэта азначала адмаўленне ад празмернага, на думку новага заходнегерманскага кіраўніцтва, крэну знешнепалітычнага курсу ФРГ у бок Усходу.

Адносіны з СССР пэўны час яшчэ захоўвалі дынамізм. У 1978 г. з афіцыйным візітам Бон наведаў савецкі лідэр Л. І.Брэжнеў, а ў 1980 г. Г. Шміт нанёс візіт у адказ. ФРГ напрыканцы 1970 - х гг. стаў галоўным знешнегандлёвым партнёрам Савецкага Саюзу на Захадзе і губляць свой эканамічны ўплыў на гэтым важнейшым рынку не жадаў нават пасля пачатку новага вітку "халоднай вайны" і "гонкі ўзбраенняў".

Аднак неабходнасць падтрымання належнага ўзроўню бяспекі і атлантычная салідарнасць дыктавалі сваё. У снежні 1979 г., літаральна адразу пасля ўводу савецкіх войск у Афганістан, сесія НАТО прыняла рашэнне размясціць на тэрыторыі Заходняй Еўропы амерыканскія ядзерныя ракеты "Першынг-2" і крылатыя ракеты "Тамагаўк". Г. Шміт даў сваю згоду прыняць значную частку гэтага смертаноснага арсеналу на тэрыторыі ФРГ.

Еўрапейская інтэграцыя па-ранейшаму заставалася прыярытэтным накірункам знешняй палітыкі ФРГ. У другой палове 1970-х гг. Г. Шміт актывізуе намаганні па адстойванню эканамічных інтарэсаў краіны ў ЕЭС. У 1974 г. сумесна з палітычным кіраўніцтвам Францыі заходнегерманскі ўрад ініцыяваў стварэнне новага органа – Еўрапейскай рады, а ў 1979 г. - стварэнне адзінай Еўрапейскай грашовай сістэмы і ўвядзенне разліковай адзінкі – экю. У 1981 г. ФРГ і Італія высунулі праект "Адзінага еўрапейскага акту", які стаў адным з найбольш этапных дакументаў у гісторыі еўраінтэграцыі.



Прыярытэты знешняй палітыкі Г. Коля былі сфармуляваныя яшчэ ў перыяд барацьбы за пасаду канцлера. Ён лічыў неабходным замацаваць ролю ФРГ як члена сусветнай супольнасці, які выступае за ўмацаванне дэмакратыі і міжнародна-прававой сістэмы, пільнавацца прынцыпу атлантычнай салідарнасці, змагаючыся пры гэтым за раўнапраўныя адносіны паміж членамі НАТО, актыўна спрыяць працэсу еўрапейскай інтэграцыі, прызнаючы асноватворную ролю ў ім франка-германскага саюзу.

Несумненным поспехам знешняй палітыкі ФРГ у 1980-х гг. стала пераадоленне супярэчнасці ў становішчы краіны як эканамічнага гіганта і "палітычнага карліка". Яна ператварылася ў аднаго з найбольш надзейных членаў НАТО і блізкіх саюзнікаў ЗША ў Еўропе. У 1984 г. з ФРГ былі знятыя апошнія абмежаванні на вытворчасць цяжкіх відаў узбраення, ваенных караблёў буйнога класа, бамбардзіроўшчыкаў і ракет. Забарона на вытворчасць зброі масавага паражэння, тым не менш, захоўвалася.

Г. Коль, пры падтрымцы міністра замежных спраў Ганса-Дзітрыха Геншара (СвДП), зрабіў значны ўнёсак у разгортванне новага этапу еўрапейскай інтэграцыі. Франка-германскае супрацоўніцтва, у тым ліку актыўнае ўзаемадзеянне лідараў дзвюх дзяржаў, забяспечылі прыняцце ў 1986 г. Адзінага еўрапейскага акту і пачатак яго рэалізацыі.

Знаходзячыся на пярэднім краі халоднай вайны і будучы зацікаўленай у нармалізацыі адносінаў паміж супердзяржавамі, ФРГ энергічна падтрымала палітыку перабудовы ў СССР і савецка-амерыканскі дыялог на вышэйшым узроўні. Г. Коль, у прыватнасці, паспрыяў канструктыўнаму вырашэнню пытання аб ракетах сярэдняй і малой дальнасці. Заходнегерманскае кіраўніцтва наладзіла вельмі інтэнсіўны і прадуктыўны дыялог з савецкімі калегамі. Адной з важнейшых сфераў супрацоўніцтва стала пытанне аб лёсе нямецкай нацыянальнай меншасці ў СССР, забеспячэнні магчымасці выезду жадаючых на гістарычную радзіму. Высокі ўзровень адносінаў паміж дзяржавамі ды іх лідэрамі – Г. Колям і М.С. Гарбачовым – значна спрасціў вырашэнне ў самым хуткім часе цэнтральнай задачы знешняй палітыкі ФРГ – пытання аб уз'яднанні Германіі.



Тэма 10. ФРГ ў 1990 – 2010-х гг.

 

Аб'яднанне Германіі.

Падзенне Берлінскай сцяны і агульны дэмакратычны ўздым, які ахапіў ГДР, незваротна вялі да германскага адзінства. Вялікае значэнне мела пазіцыя савецкага лідэра – М.С. Гарбачова, які адмовіўся ад падтрымкі штучнай жыццядзейнасці ўсходнегерманскай дзяржаўнасці, і заклікаў кіраўніцтва ГДР прыслухоўвацца да голасу свайго народу. У значнай ступені лёс Германіі вырашаўся у сакавіку 1990 г. на выбарах у Народную палату ГДР. Іх вынікі недвухсэнсава прадэманстравалі жаданне большасці усхонегерманскага насельніцтва аб'яднацца з ФРГ. Народная палата зрабіла першыя захады ў гэтым накірунку (гл. тэму "Усходняя Германія і ГДР у 1945-1990 гг.").

Вядучыя партыі ФРГ, акрамя "зялёных", падзялялі ідэю аднаўлення адзінства Германіі. Адрозненні былі толькі ў падыходах да тэрмінаў і тэмпу аб'яднаўчага працэсу. ХДС/ХСС і СвДП, напрыклад, выступалі за хутчэйшае аб'яднанне, наколькі гэта дазволіць няпросты працэс уладкавання міжнародных аспектаў. Заходнегерманская СДПГ, наадварот, была супраць паскоранага аб'яднання, паколькі лічыла, што дзяржаўна-палітычная інтэграцыя павінна суправаджацца сацыяльна-эканамічнай, а выроўніванне умоваў жыцця дзвюх Германій запатрабуе шмат часу і фінансавых сродкаў.

Германа-германскае збліжэнне рабіла неабходным найхутчэйшае ўрэгуляванне міжнародна-прававых аспектаў аб'яднання Германіі, паколькі з'яўлялася не толькі ўнутранай справай дзвюх нямецкіх дзяржаў. Яно выклікала трывогу адносна захавання еўрапейскай бяспекі і гарантыяў непарушнасці пасляваенных межаў у Еўропе. Вызначэнне міжнародна-прававой формулы аб'яднання стала прадметам перамоваў у фармаце "2+4" – ФРГ, ГДР і чатыры дзяржавы-пераможцы: Вялікабрытанія, ЗША, СССР і Францыя. Пачаліся яны ў лютым 1990 г. у Атаве, а працягнуліся ў Боне ў траўні таго ж году. Па выніках перамоваў 12 верасня 1990 г. у Маскве быў падпісаны "Дагавор 2+4", у якім Вялікабрытанія, Злучаныя Штаты, СССР і Францыя, а таксама прадстаўнікі абедзвюх германскіх дзяржаў пацвердзілі стварэнне аб'яднанай Германіі, а знешнія межы яе былі прызнаныя канчатковымі. З ратыфікацыяй Дагавору аб аб'яднанні і "Дагавору 2+4" скончылася дзеянне правоў і абавязкаў чатырох дзяржаў-пераможцаў адносна Берліну і Германіі. Германія набывала поўны суверэнітэт у сваёй унутранай і знешняй палітыцы.

Адначасова з урэгуляванне міжнародна-прававых аспектаў германскага адзінства паміж урадамі ФРГ і ГДР вяліся перамовы па канкрэтных пытаннях і дэталях аб'яднання. Спрэчкі, напрыклад, выклікала практычная рэалізацыя пераходу да адзінай валюты. З 1 ліпеня 1990 г. набыў моц "Дагавор аб стварэнні эканамічнага, валютнага і сацыяльнага саюзу", згодна якому заходнегерманская марка станавілася адзіным сродкам плацяжоў, а эканамічная і сацыяльная сістэма ФРГ фактычна распаўсюджвалася і на ГДР.

23 жніўня 1990 г. Народная палата падала афіцыйную заяву на ўступленне ГДР у склад ФРГ на падставе Артыкула 23 Асноўнага закону, які прадугледжваў "магчымасць уваходжання ў Федэратыўную рэспубліку" тэрыторыяў заселеных немцамі". На Ўсходзе Германіі аднаўляўся гістарычны дзяржаўна-тэрытарыяльны падзел на землі (Брандэнбург, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Анхальт і Цюрынгія).

31 жніўня 1990 г. ў Боне паміж ФРГ і ГДР быў падпісаны Дагавор аб аб'яднанні ("Дагавор аб аднаўленні адзінства Германіі"). У верасні былі падпісаныя дадатковыя пратаколы. Гэткім чынам да канца верасня былі створаныя прававыя перадумовы для аб'яднання. У ноч з 2 на 3 кастрычніка 1990 г набыў моц Дагавор аб аб'яднанні: пяць новых усходнегерманскіх зямель увайшлі ў склад ФРГ, а ГДР спыніла сваё існаванне. 3 кастрычніка стаў нацыянальным святам ФРГ – Днём нямецкага адзінства. Сталіца Германіі вярталася з Бону ў Берлін.

Аб'яднанне Германіі з'явілася адной з буйнейшых палітычных падзеяў канца ХХ ст. Была падведзеная канчатковая рыса пад пасляваенным урэгуляваннем, скончылася "пасляваенная эпоха". Аб'яднаная Германія стала раўнапраўным і суверэнным членам сусветнай супольнасці.

Пераход да рыначнай эканомікі ва ўсходніх землях: эканамічныя, сацыяльныя і псіхалагічныя аспекты. Спад германскай эканомікі ў 1990-я гг. Сацыяльна-эканамічнае становішча Германіі на сучасным этапе.

Аб'яднанне Германіі было палітычным актам. Цяпер паўстала задача эканамічнай інтэграцыі абедзвюх частак краіны. Раскол Германіі спарадзіў утварэнне на яе тэрыторыі дзвюх разнародных і несумяшчальных эканамічных сістэм. Уваходжанне усходніх зямель у склад адзінай дзяржавы адбылося на ўмовах прызнання імі прыватнай уласнасці, рыначных адносінаў, свабоднага цэнаўтварэння і канкурэнцыі. Працэс пераводу эканомікі былой ГДР, арганізаванай на прынцыпах камандна-адміністрацыйнай сістэмы, у сістэму сацыяльна рыначнай гаспадаркі, атрымаў назву "эканамічнай трансфармацыі" або "рэканструкцыі".

Перабудова усходнегерманскай эканомікі пачала перыяд спрыяльнай кан'юнктуры і ўстойлівага стану фінансаў. Але ў 1992 г. эканоміка Заходняй Германіі стала паступова пераходзіць у фазу спаду, які ўзімку 1992-1993 г. трансфармаваўся ў адзін з самых глыбокіх за пасляваенную гісторыю крызісаў. Перад эканомікай ФРГ паўсталі задачы: ажыццявіць яе структурную перабудову, прыстасавацца да новых патрэбаў зменлівага сусветнага рынку эпохі глабалізацыі, знайсці выйсце з крызісу і правесці сістэмную рэканструкцыю эканомікі на Усходзе краіны.

Напачатку працэсу трансфармацыі падаўляючая большасць жыхароў Усходняй Германіі знаходзілася ў стане эйфарыі, спадзеючыся, што шматмільярдныя інвестыцыі хутка паспрыяюць аздараўленню эканоміку былой ГДР і забяспечаць выроўніванне асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў у абедзвюх частках краіны. Аптымізм адносна хуткага поспеху трансфармацыі выказвалі і афіцыйныя асобы, у тым ліку сам канцлер Г. Коль.

Рэальныя працэсы пераводу цэнтралізавана кіраванай эканомікі ў эканоміку, якая дзейнічае па законах рынку, аказаліся куды больш складанымі, чым меркавалася. Структурная перабудова ўсходнегерманскай эканомікі насіла стыхійны характар. Мела месца пераацэнка яе рэальнага стану і магчымасцяў (канкурэнтаздольнымі, напрыклад, аказаліся толькі 10% прадпрыемстваў). Скрайне адмоўнае ўздзеянне для вытворчасці аказала страта гарантаваных і ёмістых рынкаў усходнееўрапейскіх краінаў і СССР. У выніку ў 1990-1991 гг. многія прадпрыемствы на Ўсходзе ФРГ былі зачыненыя або зведалі драматычнае скарачэнне вытворчасці і звярнуліся да масавых звальненняў.

У рэкордна хуткія тэрміны ў новых землях была праведзеная прыватызацыя. У 1990-1991 гг. праводзілася г.зв. "малая прыватызацыя": у рукі галоўным чынам жыхароў былой ГДР перайшлі тысячы крамаў, гатэляў, кавярняў, рэстаранаў, аптэк ды іншых падобных аб'ектаў. Адначасова ішоў распродаж 8 тыс. буйных дзяржаўных прадпрыемстваў (спачатку – скрайне павольнымі тэмпамі). У выніку на працягу чатырох гадоў прамысловасць былой ГДР перайшла ў прыватныя рукі. Аднак матэрыяльная і сацыяльная цана гэткай імклівай прыватызацыі аказалася вельмі высокай. Былая ўласнасць ГДР прынесла мізэрныя даходы і ўсклала на дзяржаўную скрабніцу аграмадныя даўгі. Ужо ў працэсе прыватызацыі грамадзянам новых зямель ФРГ прыйшлося сутыкнуцца з даўно забытай праблемай – беспрацоўем. На працягу ўсіх 1990-х гг. доля толькі афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных трымалася на ўзроўні 15-17% ад колькасці занятых. Для прадухілення наступстваў масавага беспрацоўя ўрад Г. Коля быў вымушаны пастаянна павялічваць выдаткі на вырашэнне сацыяльных праблемаў. Толькі за перыяд 1991-1997 гг. агульная сума грашовых трансфертаў з федэральнага бюджэту і фондаў ЕС на гэтыя патрэбы склала 1,4 трлн. марак. Гэтыя грошы давалі слабы плён. Назіраўся пастаянны адток насельніцтва з Усходу на Захад ФРГ: за 1991-2000 гг. у гэтым напрамку выправіліся сотні тысяч чалавек.

Тым не менш, нягледзячы на цяжкасці і памылкі ў працэсе эканамічнага выроўнівання дзвюх частак Германіі, былі дасягнутыя значныя поспехі: няхай і не гэткімі тэмпамі, як марылася раней, узрастала эфектыўнасць эканомікі Усходу Германіі, прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця жыхароў новых зямель ФРГ. Асабліва прыкметныя поспехі былі дасягнутыя ў мадэрнізацыі інфраструктуры Усходняй Германіі.

З прыходам ва ўрад "зялёных" (1998) у эканамічнай палітыцы Германіі стала відавочнай яе большая экалагічная скіраванасць. Улады вырашылі паступова адмовіцца ад выкарыстання ядзернай энергетыкі і павялічыць асігнаванні на развіццё ўзнаўляльных відаў энергіі. Але напрыканцы 1990-х - напачатку 2000-х гг. сацыяльна-эканамічнае становішча ФРГ было няпростым. Па-першае, зусім невысокім заставаўся прырост ВНП – з 2-2,3% за год ён знізіўся да 1-1,5%. Па-другое, хранічна высокім заставалася беспрацоўе – блізу 4,4 млн. чалавек (каля 10% самадзейнага насельніцтва). Дадатковым цяжарам для сістэмы сацыяльнага забеспячэння станавілася далейшае старэнне насельніцтва краіны.

Нарастанне сацыяльна-эканамічных праблемаў дыктавалі неабходнасць рашучых дзеянняў з боку германскага ўраду. У 2003 г. канцлер Герхард Шродэр выступіў з планам рэформаў (Agenda 2010), якая была скіраваная на мадэрнізацыю сістэмы сацыяльнага забеспячэння і рынку працы дзеля забеспячэння высокіх тэмпаў эканамічнага росту і скарачэння беспрацоўя. Канкрэтная праграма дзеяння прадугледжвала зніжэнне падаткаў, значнае скарачэнне бюджэтных выдаткаў на медыцынскае абслугоўванне, пенсійных выплат і дапамог па беспрацоўю. Па многіх параметрах праграма лідэра сацыял-дэмакратаў моцна нагадвала брытанскі тэтчарызм і амерыканскую рэйганоміку 1990-х гг. Вынікі рэалізацыі праграмы рэформаў яшчэ застаюцца прадметам вострых дыскусіяў эканамістаў і палітыкаў. Тым не менш, прынамсі ў адным яна дасягнула пэўнага поспеху: ў сярэдзіне 2007 г. беспрацоўе ўдалося збіць да ўзроўню 8,8% эканамічна актыўнага насельніцтва.

Калі з сярэдзіны 2000-х гг. адбылося прыкметнае ажыўленне сусветнай эканомікі, Германія як вядучы сусветны экспарцёр здолела палепшыць сваё эканамічнае становішча. Тым не менш, пачатак у 2008 г. сусветнага фінансавага крызісу выклікала новыя праблемы. У студзені 2009 г. ураду Ангелы Меркель прыйшлося прыняць увесці ў дзеянне план эканамічнай падтрымкі на агульную суму ў €50 млрд., які быў закліканы абараніць асобныя сектары эканомікі ад спаду і не дапусціць далейшага росту колькасці беспрацоўных. Энергічная ўрадавая дапамога дазволіла краіне выйсці са стану рэцэсіі ўжо ў сярэдзіне 2009 г. Працягваючы палітыку папярэдніка ў справе барацьбы з беспрацоўем, урад А. Меркель дасягнуў адчувальных поспехаў: у сярэдзіне 2010 г. без працы заставалася ўжо толькі 7,6% эканамічна актыўнага насельніцтва, а ў красавіку 2011 г. яшчэ менш – 7,1% або 2,9 млн. чалавек – мінімальная лічба з 1992 г.

Даволі бедная прыродна-сыравіннымі рэсурсамі (у вялікіх аб'ёмах здабываюцца толькі вугаль і калійная соль), Германія моцна залежыць ад імпарту нафты і прыроднага газу. Тым не менш, краіна можа пахваліцца вельмі развітай постіндустрыяльнай структурай эканомікай. Каля 70% ВНП вырабляецца ў сферы паслуг, 29% - у прамысловасці, і толькі крыху менш за 1% - у аграрным сектары. Большасць германскіх тавараў ствараецца ў машына- і аўтамабілебудаванні, металаапрацоўцы, хімічнай галіне. Германія з'яўляецца буйнейшым вытворцам ветравых турбінаў і лідэрам у сферы распрацоўкі тэхналогіяў атрымання сонечнай энергіі. Гановер, Франкфурт-на-Майне і Берлін з'яўляюцца буйнымі фінансавымі і гандлёвымі цэнтрамі еўрапейскага кантыненту. Германія застаецца першай эканомікай Еўропы і захоўвае трывалыя пазіцыі ў свеце, займаючы 2-е месца па аб'ёму экспарту (толькі ў 2010 г. яе апярэдзіў 1,5-мільярдны Кітай) і 4-е – па памерах ВНП (саступае толькі ЗША, Кітаю і Японіі).

Палітыка ўраду Г. Коля пасля аб'яднання Германіі. Выбары 1998 г. і паражэнне блоку ХДС/ХСС. Вынікі "эпохі Коля". Палітычная праграма СДПГ. Палітычны курс кааліцыйнага ўраду сацыял-дэмакратаў і зялёных. Вынікі парламенцкіх выбараў 2002 г. Унутраная палітыка ўраду Г. Шродэра. "Вялікая кааліцыя" і яе распад.

Першыя парламенцкія выбары аб'яднанай Германіі, якія адбыліся 2 снежня 1990 г., праходзілі пад знакам вострых дыскусіяў адносна праблемаў эканамічнай інтэграцыі. Выбарчая праграма ХДС/ХСС акцэнтавала ўвагу на неабходнасці стварэння жыццяздольных рыначных структураў ва Ўсходняй Германіі і забеспячэнне сацыяльных гарантыяў для яе насельніцтва. Прывабныя лозунгі і папулярнасць лідэраў правячага блоку – канцлера Г. Коля і яго намесніка і міністра замежных спраў свабоднага дэмакрата Г-Дз. Геншара, галоўных "бацькоў" аднаўлення германскага адзінства, прынеслі іх партыям поспех. Блок ХДС/ХСС атрымаў 43,8%, а СвДП – 11%. СДПГ выступіла няўдала – толькі 33,5%. Партыя "зялёных" зусім праваліла выбары і нават не здолела прабіцца ў бундэстаг. Затое, атрымалі прадстаўніцтва ў агульнагерманскім парламенце дзве партыі, якія дзейнічалі толькі на новых землях ФРГ – "Альянс-90" (усходнегерманскія "зялёныя") і Партыя дэмакратычнага сацыялізму (ПДС). Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што на гэтых выбарах галасы на Ўсходзе падлічваліся асобна.

1994 г. атрымаў у ФРГ назву "году супервыбараў". Сапраўды на гэты год былі запланаваныя выбары ў бундэстаг, прэзідэнта Германіі, у Еўрапарламент і ў ландтагі 8 зямель. Незадавальненне эканамічным крызісам, фінансавай рэформай, беспрацоўем абумовіла расчараванне значнай часткі насельніцтва новых зямель ФРГ: выбары ў ландтагі там праігнаравала амаль палова выбаршчыкаў.

Пэўнае расчараванне сітуацыяй у краіне прадэманстравалі і агульнанацыянальныя парламенцкія выбары, што адбыліся ў кастрычніку 1994 г. Перавага правячай кааліцыяй над апазіцыяй склала мікраскапічныя 0,3%. Блок ХДС/ХСС набраўшы 41,5% галасоў выбаршчыкаў (слабейшы вынік з 1949 г.; на долю ХДС прыйшлося 34,2%), застаўся самай папулярнай партыяй. Немалую ролю ў гэтай перамозе адыграў Г. Коль. Станоўчы псіхалагічны эфект для яе мела і заканчэнне вываду расійскіх войск (правапераемнікаў Савецкай арміі) з нямецкай зямлі.

Слабым месцам кааліцыі стала СвДП – яе падтрымалі толькі 6,9%. Складвалася ўражанне, што ва ўмовах германскай "двухспалавіннай" партыйнай сістэмы статус дробнага, але крытычна неабходнага партнёра паступова пераходзіць з рук свабодных дэмакратаў да "зялёных", якія заваявалі 7,3%. Падобная трансфармацыя не ўяўлялася фантастычнай. У зямлі Ніжняя Саксонія ўжо падчас гэтых выбараў лідэр мясцовых сацыял-дэмакратаў Герхард Шродэр утварыў нязвыклую для нямецкіх выбаршчыкаў "чырвона-зялёную" кааліцыю. Партнёрам СДПГ тут стала ўтвораная ў 1993 г. з заходне- ("зялёныя") і ўсходнегерманскай ("Альянс-90") арганізацыяў партыя "Альянс-90/Зялёныя". Г. Шродэр, вядомы сваім цэнтрызмам і прагматызмам, неўзабаве стаў успрымацца як папулярны лідэр, здольны кінуць выклік непераможнаму Г. Колю.

Напярэдадні выбараў у бундэстаг 1998 г. склалася некалькі іншая грамадска-палітычная сітуацыя, чым чатырма гадамі раней. Асноўныя канкурэнты – ХДС/ХСС і СДПГ – імкнуліся знайсці новыя шляхі вырашэння актуальных праблемаў, што стаялі перад ФРГ, і распрацаваць новыя мадэлі абнаўлення германскага грамадства ў ХХІ ст. Блок ХДС/ХСС акцэнтаваў увагу выбаршчыкаў на ўражальныя поспехі, дасягнутыя ў 1982-1998 гг.: аб'яднанне Германіі, стабільнае развіццё "сацыяльнай рыначнай гаспадаркі", высокая якасць жыцця грамадзян. СДПГ рабіла стаўку не на мінулыя дасягненні, а на абнаўленне: абяцала павялічыць фінансаванне навукі і адукацыі, развіваць сучасныя тэхналогіі з мэтай падвышэння канкурэнтаздольнасці германскіх тавараў на сусветным рынку, садзейнічаць умацаванню дробнага і сярэдняга бізнесу. Больш выйгрышна выглядаў і прэтэндэнт на канцлерскую пасаду ад сацыял-дэмакратаў – маладзейшы і энергічны Г. Шродэр. Што да заслужанага дзеючага канцлера, то нават у сваёй партыі ён ужо не адчуваў былой маналітнай падтрымкі. Асабліва рэзкую крытыку выклікаў яго празмернае захапленне германа-расійскімі праектамі (каля 40% усіх замежных інвестыцый у Расіі былі нямецкімі). Абвяшчэння расійскім урадам дэфолту ў жніўні 1998 г., літаральна напярэдадні выбараў, яшчэ больш падарвала пазіцыі Г. Коля.

У выніку вераснёўскія выбары 1998 г. прынеслі перамогу СДПГ. Сацыял-дэмакраты атрымалі 40,9%, а ХДС/ХСС – толькі 35,1%. Здабыўшы права сфармаваць урад, Г. Шродэр вырашыў аддаць перавагу ўтварэнню "чырвона-зялёнай" кааліцыі – з "Альянсам-90/Зялёныя", які набраў 6,7% галасоў выбаршчыкаў). Пасады віцэ-канцлера і міністра замежных спраў дасталіся лідэру "зялёных" Ёшку Фішару.

Развітанне Г. Коля, слаўнага "канцлера аб'яднання", з уладай аказалася азмрочанае скандалам. У 1999 г. высветлілася, што ХДС атрымліваў ананімныя сродкі, з якіх не плацілі падаткі, а самому Г. Колю высунулі абвінавачанні ў карупцыі і незаконным фінансаванні партыі. Палітык быў вымушаны скласці з сябе паўнамоцтвы старшыні ХДС і нават паўстаў перад следствам.

Цалкам у духу часу новы канцлер Германіі Г. Шродэр (1998-2005) імкнуўся выступаць не з пазіцыяў палітыка пэўнай партыйна-палітычнай арыентацыі (канкрэтна – сацыял-дэмакратычнай), а ў ролі агульнанацыянальнага лідэра. Канцлер высунуў ідэю "новай сярэдзіны" ("новага цэнтру"), што прадугледжвала згуртаванне працоўных і сярэдніх слаёў вакол гэткіх каштоўнасцяў, як дэмакратыя, талерантнасць, федэралізм, еўрапейская інтэграцыя і г.д. Імкненне здабыць падтрымку сярэдняга класу каштавала сацыял-дэмакратам стратай былога даверу з боку традыцыйнага электарату партыі – асобаў наёмнай працы, беспрацоўных, пенсіянераў. Левае крыло СДПГ на чале са старшынёй партыі і міністрам фінансаў Оскарам Лафантэнам аказалася незадаволеным гэткім разваротам. У сакавіку 1999 г. О. Лафантэн пакінуў свае пасады і абрынуўся на канцлера з крытыкай яго правальнай сацыяльнай палітыкі. Адмоўную рэакцыю левых сацыял-дэмакратаў і значнай часткі германскага грамадства выклікаў удзел ФРГ у вайсковых дзеяннях у Югаславіі (1999). Ідэалагічнае перафарматаванне і палітычная барацьба паміж "мадэрнізатарскім" (Г. Шродэр) і "традыцыяналісцкім" (О. Лафантэн) накірункамі у лагеры сацыял-дэмакратаў негатыўна адбіўся на выніках зямельных і камунальных выбараў 1999-2000 гг. і выклікаў падзенне членства ў партыі.

На чарговых парламенцкіх выбарах 2002 г. СДПГ здолела адстаяць сваё права застацца пры ўладзе з вялікімі цяжкасцямі. Гэтаму нямала паспрыяла цвёрдая апазіцыя канцлера планам амерыканскага ўварвання ў Ірак ды эфектыўная дапамога пацярпелым ад паводкі на усходзе краіны. СДПГ і ХДС/ХСС набралі роўную колькасць галасоў – па 38,5%, але дзякуючы ўдаламу выступленню "зялёных" (8,6%) "чырвона-зялёная" кааліцыя ўсё ж здабыла большасць – атрымала306 месцаў з 603. Г. Шродэр захаваў пасаду канцлера. СвДП атрымала толькі 7,4%, што дало магчымасць мясцовым СМІ нават заяўляць аб уступленні германскага лібералізму ў фінальную стадыю крызісу.

Тым не менш становішча правячай кааліцыі заставалася недастаткова трывалым. Яе справы пагоршыліся пасля паражэння СДПГ у ключавой зямлі Паўночны Рэйн – Вестфалія ў траўні 2005 г., дзе сацыял-дэмакраты былі непераможныя на працягу апошніх 39 гадоў, яны страцілі большасць ў бундэсраце.

Паколькі ў адрозненне ад Вялікабрытаніі (і цэлага шэрагу іншых дзяржаў Еўропы) галава кабінету міністраў не можа па ўласным жаданні ініцыяваць роспуск парламента і тым самым наблізіць выгадныя для яго партыі датэрміновыя выбары, то дзеючаму канцлеру прыйшлося выкарыстаць новы для Германіі палітычны прыём. Г. Шродэр ініцыяваў галасаванне аб даверы да ўраду ў бундэстагу і папрасіў частку дэпутатаў сваёй фракцыі галасаваць супраць. "Недавер" быў забяспечаны і прэзідэнт у гэтай сітуацыі – урад, нібыта, страціў падтрымку і легітымнасць – быў вымушаны распусціць бундэстаг. Спробы апазіцыі аспрэчыць не зусім сумленныя дзеянні выканаўчай улады ў канстытуцыйным судзе не мелі поспеху.

Пачалася самая кароткая ў германскай гісторыі 3-тыднёвая перадвыбарчая кампанія. Упершыню за час выбараў у бундэстаг адным з галоўных прэтэндэнтаў на канцлерскую пасаду з'яўлялася жанчына і да таго ж усходняя немка з "піянерска-камсамольскім" мінулым – старшыня ХДС Ангела Меркель. Блок ХДС/ХСС крытыкаваў Г. Шродэра за высокае беспрацоўе і нізкія тэмпы росту эканомікі. Пераадолець гэтыя праблемы А. Меркель планавала за кошт падвышэння падатку на дабаўленую вартасць, увядзення плоскага падаходнага падатку (яго стаўка – роўная для ўсіх падаткаплацельшчыкаў незалежна ад даходу) і агульнае змяншэнне дзяржаўнага ўмяшання ў эканамічныя працэсы, у тым ліку праз скарачэнне сацыяльных праграмаў. СДПГ і "зялёныя" таксама заяўлялі аб неабходнасці пэўнага перагляду пакету сацыяльных паслугаў насельніцтву, але не за кошт сацыяльнай справядлівасці і рэзкага зніжэння дабрабыту немцаў.

Боязі выбаршчыкаў у дачыненні неакасерватыўнай праграмы ХДС/ХСС вялі да паступовага аслаблення яе перавагі над канкурэнтамі. Стала аднаўляць свае пазіцыі СДПГ. Акрамя таго, на левым флангу стала паўставаць яшчэ адна сур'ёзная палітычная сіла. Дастаткова папулярная на Ўсходзе Германіі ПДС уключыла ў свой выбарчы спіс прадстаўнікоў нядаўна створанай партыі "Праца і сацыяльная справядлівасць – Выбарчая альтэрнатыва", утворанай О. Лафантэнам і яго прыхільнікамі пасля выхаду з СДПГ, і тым самым пашырыла свой уплыў на заходнюю частку краіны. Пакуль што аб стварэнні новай адзінай партыі гаворка не ішла (ПДС, праўда, атрымала больш асцярожную назву "Левыя. ПДС"), але перспектывы аб'яднання палітычных сілаў больш левых за СДПГ выглядалі вельмі прывабна.

Галасаванне не вызначыла яўных пераможцаў. Папулярнасць абодвух вядучых палітычных сілаў Германіі некалькі зменшылася: ХДС/ХСС набраў 35,2% і заваяваў 226 дэпутацкіх мандатаў, а СДПГ – адпаведна, 34,2% і 222. Стала ясна, што без кааліцыі будзе не абысціся. Ідэалагічна і матэматычна найбольш натуральнай была б кааліцыя з удзелам СДПГ, "зялёных" (8,3% і 51 месца) і "левых"(8,8% і 54 месца). Аднак асабістая непрыязнасць цалкам выключала магчымасць супрацоўніцтва Г. Шродэра і О. Лафантэна. Не былі рэалізаваныя і магчымасці стварэння г.зв. "святлафорнай" (СДПГ (колер партыі – чырвоны), СвДП (жоўты) і "зялёных") і "ямайскай" (па колерах сцягу Ямайкі; ХДС/ХСС (колер ХДС – чорны), СвДП (жоўты) і "зялёных"). У выніку ХДС/ХСС і СДПГ дамовіліся аб утварэнні другой "вялікай кааліцыі" (першая дзейнічала ў 1966-1969 гг.). Кіраўніком ураду стала 51-гадовая – самы малады канцлер у гісторыі ФРГ – Ангела Меркель (2005 – ).

Яўная ідэалагічная неаднароднасць "вялікай кааліцыі" не дазваляла разлічваць на ажыццяўленне маштабных пераўтварэнняў. Кожная з партыяў больш думала пра ўласныя перспектывы на будучых выбарах і баялася дапусціць фатальную памылку. Сапраўднага паразумення партнёрам па кааліцыі ўдалося дасягнуць толькі дзякуючы сусветнаму эканамічнаму крызісу 2008-2009 гг. Запамятаўшы на рознагалоссі правячыя партыі скарысталіся сваёй парламенцкай большасцю для прыняцця пакету захадаў па ажыўленні эканамічнай кан'юнктуры ў краіне, план выратавання банкаў, новы закон, які абмяжоўваў аклады менеджэраў вышэйшага звяна, а таксама пачаць нацыяналізацыю буйнога іпатэчнага банка Hypo Real Estate ў мэтах выратавання яго ад банкруцтва. Беспрэцэдэнтныя захады ўраду А. Меркель па аказанні дзяржаўнай падтрымкі эканоміцы ФРГ (напрыклад, ён вылучыў €5 млрд. на абмен старых аўтамабіляў, пайшоўшых на металалом, на новыя) дазволілі германскай эканоміцы выйсці з рэцэсіі ўжо ў жніўні 2009 г.

Перадвыбарчая кампанія ў бундэстаг 2009 г. аказалася даволі сумнай. Лідэры асноўных партыяў – А. Меркель і сацыял-дэмакрат Франк-Вальтэр Штайнмаер (віцэ-канцлер і міністр замежных спраў ураду "вялікай кааліцыі") – ніколі не вызначаліся асаблівай харызмай. Абмен крытыкай з боку ХДС/ХСС і СДПГ не мог насіць востры характар: партыі разам рэпрэзентавалі дзеючую ўладу і павінны былі ўлічваць даволі рэальную магчымасць працягу супрацоўніцтва і ў наступны чатырохгадовы тэрмін.

Не дзіва, што асноўныя прэтэндэнты на ўладу выступілі настолькі ж блякла, наколькі праводзілі перадвыбарчую кампанію. ХДС/ХСС паказала найгоршы з 1949 г. узровень падтрымкі з боку выбаршчыкаў – 33,8%, хаця і здабыла на 13 дэпутацкіх мандатаў болей. Электаральная падтрымка СДПГ аказалася проста беспрэцэдэнтна нізкай – 23%. За партыю прагаласавала на 6 млн. выбаршчыкаў (11,2%) меней, чым у 2005 г. – небывалы правал у гісторыі ФРГ! Затое найлепшыя вынік у сваёй гісторыі прадэманстравалі СвДП – 14,6% (+4,8%) і "зялёныя" – 10,7%. У 2007 г. "Левыя. ПДС" канчаткова аб'ядналіся з саюзнікамі і стварылі партыю "Левыя" (Die Linke) і таксама дасягнулі значнага поспеху – 11,9% (+3,2%).

Парламенцкія выбары 2009 г. паказалі далейшае аслабленне пазіцыяў партый-лідэраў пасляваеннай ФРГ і ўзрастальны ўплыў невялікіх партыяў. (Апрача ўзгаданых партыяў увагі заслугоўвае Пірацкая партыя (2%), якая выступае супраць існуючай абмежавальнай для грамадзян сістэмы аўтарскага права ды іншых "манаполіяў", умяшання дзяржавы ў прыватнае жыццё і г.д.) Сучасная сітуацыя ўжо не нагадвае тую, што існавала ў час росквіту "двухспалавіннай" партыйнай сістэмы. Але і гэтым разам узнікла даволі звычайная для Германіі кааліцыя ХДС/ХСС-СвДП. Ангела Меркель захавала канцлерскую пасаду, яе новым намеснікам і міністрам замежных спраў стаў лідэр свабодных дэмакратаў Гіда Вестэрвэле.


Просмотров 411

Эта страница нарушает авторские права




allrefrs.ru - 2021 год. Все права принадлежат их авторам!