Главная Обратная связь Поможем написать вашу работу!

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)






Эканамічнае развіццё Францыі пасля другой сусветнай вайны. Асаблівасці эканамічнага развіцця Чацвёртай рэспублікі. Францыя і "Агульны рынак"



Вайна і чатырохгадовая акупацыя каштавалі Францыі 1440 млрд. франкаў. Вялікімі былі вайсковыя страты – каля 1,1 млн. чалавек. З улікам памерлых ад голаду і хваробаў насельніцтва краіны зменшылася на 3,3 млн. На 62% скарацілася прамысловая вытворчасць, яшчэ больш архаічнай стала яе структура, працяглы час не абнаўляўся машынны парк. У параўнанні з даваенным 1938 г. амаль удвая зменшылася сельскагаспадарчая вытворчасць. Краіна практычна засталася без гандлёвага і ваеннага флоту. Паколькі вайна закранула зямлю Францыі непасрэдна (пацярпелі 80 дэпартаментаў), яе разбурэнні былі аграмаднымі. Былі зруйнаваныя або моцна пашкоджаныя 210 тыс. будынкаў, 195,5 тыс. прамысловых прадпрыемстваў, 235 тыс. сялянскіх гаспадарак. Збанкрутавала больш за 100 тыс. дробных прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў. Вартасць франка знізілася ў 6 разоў. Краіна адчувала востры недахоп прамысловага абсталявання, сыравіны, прадуктаў харчавання. Моцна разбуранай аказалася транспартная сістэма. Нават захоўваючы фармальныя атрыбуты вялікай дзяржавы, у эканамічным і вайсковым плане Францыя далёка адставала ад вядучых дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі СССР, Вялікабрытаніі і, тым больш, ЗША. Значна пагоршылася матэрыяльнае становішча насельніцтва, а 3/4 французаў сутыкнуліся з голадам. У выніку нацыяналізацыі ў краінах Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы і выплаты Францыяй ваенных пазыкаў былі канчаткова падарваныя яе пазіцыі сусветнага ліхвяра. Хутка ўздымаўся нацыянальна-вызваленчы рух у французскай каланіяльнай імперыі. Яшчэ падчас вайны пачаўся яе распад: абвясцілі незалежнасць Індакітай, Сірыя і Ліван.

Ліквідацыя пасляваеннай разрухі стала галоўнай задачай французскіх урадаў. Але разнароднасць палітычных сілаў, якія прыйшлі да ўлады пасля вызвалення, абумоўлівала адсутнасць адзінства эканамічнай і фінансавай палітыкі. У той час як буржуазныя партыі рабілі стаўку на правядзенне рэформаў грашова-фінансавай сістэмы, камуністы настойвалі на прыярытэтнасці нацыяналізацыі і стварэння сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва.



Вастрэйшыя палітычныя дыскусіі адносна эканамічных прыярытэтаў скончыліся кампрамісам. На працягу 1945-1947 гг. былі нацыяналізаваныя электраэнергетыка, вуглездабыча, газавая прамысловасць, авіяпрамысловасць, марское суднаходства, паветраны транспарт, аўтамабільныя заводы "Рэно", цэнтральная эмісійная установа краіны – Французскі банк, а таксама чатыры буйнейшыя дэпазітныя банкі, ашчадныя касы і страхавыя кампаніі. У выніку ў дзяржаўныя рукі перайшло каля 20% вытворчых магутнасцяў краіны. Нацыяналізацыя праводзілася за істотную кампенсацыю, але прадпрымальнікі-калабаранты на яе разлічваць не маглі.

Яшчэ ў 1944-1945 гг. адбыліся значныя змены ў галіне сацыяльнага заканадаўства. Былі адноўленыя 40-гадзінны працоўны тыдзень (звышурочная праца аплачвалася па падвышаных расцэнках), 2-тыднёвыя аплатныя адпачынкі для рабочых і 3-тыднёвыя – для служачых. Істотна павялічыліся памеры пенсій і сямейных дапамогаў. Была створана адна з найлепшых у свеце адзіная дзяржаўная сістэма сацыяльнага страхавання, якая распаўсюджвалася на ўсіх асобаў наёмнай працы, акрамя занятых у сельскай гаспадарцы. Улады здолелі некалькі палепшыць матэрыяльнае становішча працоўных.

У 1947 г. урад прыняў першы ў гісторыі Францыі агульны дзяржаўны план мадэрнізацыі і рэканструкцыі прамысловасці – "план Манэ" (1947-1953). Пасля заканчэння яго рэалізацыі ажыццяўляўся г.зв. "другі план" (1954-1957), які дзейнічаў амаль да канца існавання Чацвёртай рэспублікі. Дзяржаўныя планы спачатку эканамічнага, а потым і сацыяльнага развіцця сталі пастаянным элементам французскай эканомікі. Пры гэтым французская сістэма планавання насіла не абавязковы, а індыкатыўны характар.



Патрэбы аднаўлення эканомікі прывялі да таго, што большая частка капіталаўкладанняў стала скіроўвацца ў прамысловасць. Гэта дазволіла паскорыць тэмпы прамысловай вытворчасці і ўжо 1948 г. дасягнуць яе даваеннага ўзроўню. Аднаўленне ў сельскагаспадарчым сектары ішло больш павольна, таму у ім падобны рубеж быў узяты толькі ў 1950 г.

Пасля таго, як з ураду былі выключаныя камуністы быў прыпынены працэс нацыяналізацыі, а Злучаныя Штаты палічылі магчымым аказанне сістэматычнай эканамічнай дапамогі Францыі. 28 чэрвеня 1948 г. краіны падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве – Францыя далучылася да "плана Маршала". На працягу 1948-1951 гг. ЗША вылучылі для яе крэдыты, прадукты харчавання, сыравіну, прамысловыя тавары і абсталяванне на суму каля $2,5 млрд. Рэалізацыя гэтай праграмы суправаджалася актыўным пранікненнем амерыканскага капіталу ў эканоміку Францыі. Урад быў абавязаны даваць амерыканцам вычарпальную інфармацыю адносна ўсіх важнейшых паказчыкаў нацыянальнай эканомікі. Хаця падобнае ўмяшанне рэзка крытыкавалася многімі палітычнымі сіламі краінамі, найперш камуністамі, амерыканскі бізнес аказаў прагрэсіўнае ўздзеянне на рацыяналізацыю і тэхналагічнае пераўзбраенне вытворчасці.

Удзел у "плане Маршала" разам з ліквідацыяй наступстваў вайны і буйнымі дзяржаўнымі капіталаўкладаннямі, дасягненнямі навукова-тэхнічнага прагрэсу, пачаткам заходнееўрапейскай інтэграцыі і станоўчай сусветнай кан'юнктурай спрыялі павышэнню тэмпаў развіцця эканомікі. Ужо ў 1957 г. аб'ём прамысловай вытворчасці Францыі больш як удвая перавысіў даваенны. Па тэмпах росту краіна апярэдзіла Вялікабрытанію і ЗША. Асабліва паспяхова, як і паўсюль, развіваліся новыя галіны прамысловасці. 1950-я гг. прайшлі пад знакам мілітарызацыі эканомікі. Гэта было абумоўлена ўступленнем краіны ў НАТО, а таксама неабходнасцю весці каланіяльныя войны. Сельская гаспадарка перажывала бурны перыяд абнаўлення – у 1950-я гг. тут завяршыўся тэхнічны пераварот. Дзякуючы хуткаму росту прамысловасці, транспарту і сельгасвытворчасці французскі капіталізм страціў традыцыйны ліхвярскі характар. Хаця вядучую ролю ў эканоміцы адыгрывалі буйныя прамысловыя і фінансавыя карпарацыі, па ступені канцэнтрацыі вытворчасці Францыя адставала ад іншых буйных капіталістычных дзяржаў. Як і раней, працягвалі існаваць шматлікія дробныя і драбнюткія прадпрыемствы і крамы.



Стрымліваючымі фактарамі ў развіцці французскай эканомікі былі небывала высокія тэмпы інфляцыі і хуткі рост цэн. Да 1957 г. цэны ў 25 разоў перавысілі даваенны ўзровень. Узнікла "інфляцыйная спіраль", калі за ростам цэн, адбывалася падвышэнне заробкаў, якое ў сваю чаргу правакавала новы скачок цэн. У выніку за той жа перыяд намінальныя заробкі падняліся толькі ў 21 раз, што на практыцы азначала падаражанне кошту жыцця. Даць рады інфляцыі і дарагоўлі Францыя была няздольная: хранічная няўстойлівасць урадаў, дарагія і безвыніковыя каланіяльныя войны абыходзіліся дарагой цаной.

Прамысловы ўздым і навукова-тэхнічны прагрэс істотна паўплывалі на структуру насельніцтва Францыі. Згодна з дадзенымі перапісу насельніцтва 1954 г. у прамысловасці было занята больш за 37% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сферы паслуг – 35% і толькі каля 28% – у сельскай гаспадарцы (на 10% менш, чым у перадваенны перыяд). Паскорыўся працэс урбанізацыі, хаця яе тэмпы і саступалі тым, што назіраліся ў ЗША, Японіі і ФРГ.

Quot;Часовы рэжым". Новая расстаноўка палітычных сіл. Дзейнасць Устаноўчага сходу. Канстытуцыя 1946 г. Палітычнае жыццё Чацвёртай рэспублікі ў Францыі. Выключэнне камуністаў з ураду. Кааліцыя "трэцяй сілы" і яе палітыка. Дзейнасць урада рэспубліканскага фронту. Абвастрэнне сацыяльна-палітічных супярэчнасцей. Крызіс Чацвёртай рэспублікі, яе падзенне.

У ходзе вызвалення Францыі ад гітлераўскіх акупантаў улада ў краіне перайшла да створанага 9 верасня 1944 г. Часовага ўраду на чале з генералам Шарлем дэ Голем. Ва ўрадзе бралі ўдзел усе асноўныя групоўкі Супраціўлення, у тым ліку камуністы. Гэтак быў усталяваны Часовы рэжым, праіснаваўшы да прыняцця ў 1946 г. канстытуцыі Чацвёртай рэспублікі.

Становішча Францыі было катастрафічным. Яго вельмі красамоўна апісаў Ш. дэ Голь: "Усё на месцы, не хапае толькі дзяржавы". З падзеннем рэжыму Вішы рухнулі існаваўшыя ўладныя інстытуты і дарэшты зруйнавала апошнія фрагменты канстытуцыйнай сістэмы Трэцяй рэспублікі. Згодна з надзвычайнымі ўрадавымі арданансамі аднаўлялася сістэма прэфектур і муніцыпалітэтаў. Новыя ўлады неадкладны прыступілі да сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў. Хуткія і рашучыя дзеянні дазволілі ў самыя кароткія тэрміны спыніць далейшую палітычную дэцэнтралізацыю, ліквідаваць "вакуум улады" і нармалізаваць жыццё ў краіне.

Бясслаўны крах Трэцяй рэспублікі, акупацыя, дзейнасць калабарацыянісцкага рэжыму Вішы, разгортванне магутнага руху Супраціўлення і ўзрастанне аўтарытэту Савецкага Саюзу аказалі аграмадны ўплыў на расстаноўку палітычных сілаў у Францыі. Большасць правых партыяў дыскрэдытавала сябе і страцілі ранейшы ўплыў. На вядучыя пазіцыі высунуліся антыфашысцкія, патрыятычныя групоўкі, шчыльна звязаныя з Супраціўленнем. Сярод іх вылучаліся левыя сілы.

Буйнейшай палітычнай партыяй краіны стала Французская камуністычная партыя (ФКП), у шэрагах якой у 1946 г. знаходзілася 900 тыс. чалавек (амаль утрая болей, чым у сацыялістаў!). Марыс Тарэз і Жак Дзюкло, лідэры камуністаў, імкнуліся да пашырэння сацыяльнай базы партыі за кошт сялянства, рамеснікаў і служачых, адмовіліся ад найбольш радыкальных праграмных установак. Першачарговымі задачамі ФКП сталі дэмакратызацыя дзяржаўнага кіравання, антыманапалістычная палітыка, барацьба з ваеннай пагрозай і антыкаланіялізмам.

Па-ранейшаму трывалыя пазіцыі захоўвалі сацыялісты – Сацыялістычная фракцыя Рабочага інтэрнацыяналу(СФІО;Section Française de l'Internationale Ouvrière). Пакуль пасада генеральнага сакратара партыі заставалася ў Леона Блюма сацыялісты працягвалі выказвацца за адзінства дзеянняў з камуністамі і знішчэнне капіталізму. З пераходам партыйнага лідэрства ў рукі Гі Мале пад уплывам неабходнасці барацьбы з ФКП за электарат і спаўзання свету да "халоднай вайны" адбываецца паправенне сацыялістаў. Ідэолагі СФІО распрацоўваюць канцэпцыю "дэмакратычнага сацыялізму" і арыентуюцца на супрацоўніцтва з рэспубліканскімі буржуазнымі партыямі.

Крах Трэцяй рэспублікі адмоўна паўплываў на становішча аднаго з яе "слупоў" – Партыю радыкалаў і радыкал-сацыялістаў. Яе лідэр Э. Эрыо ужо не меў таго аўтарытэту, як у даваенныя гады, калі неаднаразова узначальваў французскі ўрад. Статус вядучай рэспубліканскай буржуазнай сілы дастаўся г.зв "памяркоўнай плыні", базу якой склалі Рэспубліканская партыя свабоды, Сялянская партыя сацыяльнага дзеяння і група "незалежных рэспубліканцаў". У яе ідэалагічным падмурку ляжалі безумоўны прыярытэт ліберальных прынцыпаў у эканоміцы і палітыцы, развіццё свабоднага рынку і атлантычная салідарнасць на міжнароднай арэне.

У 1944 г. група каталіцкіх дзеячаў руху Супраціўлення арганізавала новую партыю – Народна-рэспубліканскі рух (МРП; Mouvement Républicain Populaire). Адметнасцю дактрыны МРП з'яўлялася спалучэнне агульнадэмакратычных ідэяў Супраціўлення з сацыяльным каталіцызмам. Гэта рабіла партыю цалкам унікальнай з'явай у французскім палітычным жыцці: традыцыйна палітычныя партыі Францыі стаялі на свецкіх пазіцыях і крытычна ставіліся да каталіцкага касцёлу. МРП прызнавалі важнасць правядзення структурных, у тым ліку нацыяналізацыі, і сацыяльных рэформаў. У адрозненне ад "памяркоўнай плыні", якая перадусім гуртавала ў сваіх шэрагах уплывовых палітыкаў міжваеннай пары і таму магла быць кваліфікаваная як "элітарная партыя" або "партыя натабляў", Народна-рэспубліканскі рух з'яўляўся масавай хрысціянска-дэмакратычнай партыяй з шырокай сацыяльнай базай – ад буржуазіі да працоўных слаёў.

У палітычным жыцці пасляваеннай Францыі актыўны ўдзел бралі невялікія групы, што выйшлі з руху Супраціўлення. На базе некаторых з іх у 1945 г. быў створаны Дэмакратычны і Сацыяльны саюз Супраціўлення(ЮДСР; L'Union démocratique et socialiste de la Résistance). У адрозненне ад ФКП ці МРП гэтая партыя не з'яўлялася масавай і не мела разгалінаванай рэгіянальнай структуры, а была тыповай "парламенцкай партыяй" з цэлым шэрагам моцных і амбітных лідэраў. Зусім не адрознівалася ЮДСР і ўнутранай аднароднасцю і згуртаванасцю. У партыі вылучыліся тры плыні. Першую склалі прыхільнікі Ш. дэ Голя, якія потым далучыліся да галісцкага руху. Цэнтрысцкую плынь, што выступала за стварэнне шырокай цэнтрысцкай кааліцыі і захаванне парламенцкай дэмакратыі, узначальваў старшыня партыі Рэнэ Плевэн,а левую, куды ўвайшлі прыхільнікі ідэі заснавання некамуністычнага левага блоку і праціўнікі генерала дэ Голя, Франсуа Мітэран.

Асаблівае месца ў партыйным спектры Францыі займалі прыхільнікі – галісты. Заснавальнік "Свабоднай Францыі" і галава Часовага ўраду генерал Ш. дэ Голь імкнуўся захаваць імідж агульнанацыянальнага лідэра і не спяшаўся надаць руху сваіх прыхільнікаў нейкую арганізаваную форму. Дэ Голь і галісты крытыкавалі саму спробу аднавіць "рэжым партыяў", якія прывёў францыю да катастрофы 1940 г. Акрамя таго Ш. дэ Голь не спяшаўся фармуляваць разгорнутую праграму сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, а рабіў акцэнт на вырашэнні пытання змены канстытуцыйнага ладу, узмацненне і цэнтралізацыю дзяржаўных інстытутаў.

Адным з важных крокаў у накірунку стабілізацыі функцыянавання дзяржаўных органаў улады стала чыстка чыноўніцкага апарату ад прыхільнікаў вішысцкага рэжыму. Больш за 2 тыс. актыўных вішыстаў на чале з кіраўнікамі марыянетачнага ўрада П'ерам Лавалем і Анры Петэнам былі асуджаныя на смяротнае пакаранне, а яшчэ каля 40 тыс. атрымалі розныя тэрміны турэмнага зняволення. (У сувязі з вельмі сталым узростам 89-гадоваму Петэну замянілі смяротную кару пажыццёвым зняволеннем.)

21 кастрычніка 1945 г. адбыліся выбары ва Ўстаноўчы сход і адначасова рэферэндум адносна неабходнасці яго склікання і абмежавання яго функцыяў выключна пытаннямі канстытуцыйнага будаўніцтва. Выбары адбываліся па прапарцыйнай сістэме, таму іх вынікі дастаткова дакладна адлюстравалі палітычныя перавагі і настроі французаў. Важнай асаблівасцю выбараў ва Ўстаноўчы сход стала тое, што ўдзел у іх упершыню бралі жанчыны. Перамагла ФКП, якая набрала амаль26% галасоў, другое месца заваявала МРП – 23,9%, трэцяе з 23,4% - СФІО. "Памяркоўныя" і радыкалы атрымалі адпаведна 15% і 10%. Галісты, якія адмовіліся да арганізацыйнай кансалідацыі свайго руху, ужо ў кароткатэрміновай перспектыве рызыкавалі застацца на ўзбочыне нацыянальнага палітычнага жыцця.

Супольна камуністы і сацыялісты мелі абсалютную большасць ва Ўстаноўчым сходзе і мелі магчымасць утварыць левы ўрад. Аднак кіраўніцтва СФІО насцярожана паставілася да гэткага супрацоўніцтва і настаяла на ўключэнне ва ўрад і МРП. У выніку у кааліцыйны Часовы ўрад увайшлі па 5 прадстаўнікоў ад ФКП, СФІО і МРП, а таксама 6 беспартыйных прыхільнікаў Ш. дэ Голя, які і стаў прэм'ер-міністрам. Гэткі стракаты саюз – ад камуністаў да галістаў – быў асуджаны на нядоўгае існаванне. Ужо праз месяц на знак пратэсту супраць умяшання Устаноўчага сходу ў справы Часовага ўраду Ш. дэ Голь сышоў у адстаўку.

Увесну 1946 г. быў падрыхтаваны праект новай канстытуцыі, згодна якому Францыя павінна была стаць парламенцкай рэспублікай з поўным дамінаванне органаў прадстаўнічай (заканадаўчай) улады. Супраць праекту падчас абмеркавання рашуча выступалі толькі галісты і "памяркоўныя", але на травеньскім рэферэндуме 1946 г. большасць яго удзельнікаў (51,6%) адмовіла яму ў падтрымцы. Правал рэферэндуму выклікаў неабходнасць правядзення новых выбараў і склікання новага Устаноўчага сходу.

Новыя выбары прынеслі даволі падобныя вынікі, што і некалькі месяцаў раней (МРП – 28,1%, ФКП, 26,4%, СФІО – 21,1%). Гэтым разам пад кіраўніцтвам лідэраў МРП абмеркаванне канстытуцыйнай рэформы праходзіла ў больш канструктыўным ключы. Важную ролю ў ажыццяўленні канстытуцыйнай рэформы адыграла вяртанне ў вялікую палітыку Ш. дэ Голя. У чэрвені 1946 г. выступаючы на ўрачыстасцях прысвечаных 2-гадоваму вызваленню горада Байё, генерал сфармуляваў свой канстытуцыйны праект. У яго падмурку ляжала ідэя "моцнай дзяржавы", здольнай забяспечыць веліч Францыі, нацыянальную незалежнасць і адзінства. Ш. Дэ Голь выступіў супраць аднаўлення парламенцкай рэспублікі з засіллем у ёй своекарыслівых і непрымірымых партыяў. У якасці альтэрнатывы ён прапаноўваў прынцып "прамой дэмакратыі", заснаванай на рэферэндумах і прамых, усеагульных выбарах прэзідэнта рэспублікі, надзеленага самымі шырокімі паўнамоцтвамі. Прадугледжвалася строгае размежаванне і ўраўнаважанне заканадаўчай, выканаўчай і юрыдычнай уладаў.

Сутыкнуўшыся з узрастальным уплывам галістаў Устаноўчы сход здолеў дасягнуць доўгачаканага кампрамісу і ў кастрычніку 1946 г. прадставіў новы праект канстытуцыі на суд грамадзян. Гэтым разам рэферэндум даў станоўчы вынік – сказалі "да" 53,1% яго ўдзельнікаў.

Канстытуцыя 1946 г. усталявала ў Францыі рэжым Чацвёртай рэспублікі. Асноўны закон абвяшчаў асноўныя правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, суверэнітэт народу, рэспубліканскае ўладкаванне, законнасць нацыяналізацыі манапалістычнай уласнасці, мірны характар знешняй палітыкі. Важнейшым канстытуцыйным прынцыпам стала абвяшчэнне "сацыяльнай дзяржавы", у якой правы асобы спалучаюцца з "агульным дабром" і абмяжоўваюцца грамадскімі інтарэсамі.

Згодна з палажэннямі Канстытуцыі 1946 г. у Францыі складвалася вельмі дэцэнтралізаваная дзяржаўна-палітычная сістэма: прэзідэнт рэспублікі валодаў толькі прадстаўнічымі паўнамоцтвамі, шырокія правы атрымлівала мясцовае самакіраванне, абраны варыянт прапарцыйнай выбарчай сістэмы адкрываў доступ у парламент цэламу шэрагу дробных партыяў. На думку ідэолагаў рэжыму Чацвёртай рэспублікі менавіта гэткая канфігурацыя магла даць французам сапраўдную дэмакратыю. Далейшы ход падзеяў паказаў памылковасць гэтых разлікаў.

Першыя выбары ў Нацыянальны сход (ніжнюю палату, якая выконвала асноўныя заканадаўчыя функцыі) адбыліся ў лістападзе 1946 г. У чарговы раз сваё лідэрства пацвердзіла ФКП, якая атрымала 28,6% галасоў. Гэты вынік стаў найвышэйшым у гісторыі партыі. На другім месцы замацавалася МРП (26,33%), а замкнула тройку пераможцаў Сацыялістычная партыя (17,9%). Правядзенне выбараў і набыццё моцы канстытуцыяй азначалі заканчэнне Часовага рэжыму і пачатак новага перыяду – Чацвёртай рэспублікі (1946-1958).

Па выніках выбараў трохпартыйны кааліцыйны ўрад (ФКП, МРП і СФІО) быў захаваны. Аднак вострыя дыскусіі вакол стратэгіі і тактыкі эканамічных пераўтварэнняў, нарастанне міжнароднай напружанасці і пачатак "халоднай вайны" няўхільна вялі былых саратнікаў па Руху Супраціўлення да расколу. Напрыклад, камуністы выступалі за ўсталяванне сяброўскіх адносін з СССР і рашуча выступалі супраць развязвання каланіяльнай вайны ў В'етнаме, а хрысціянскія дэмакраты і сацыялісты рабілі стаўку на ўмацаванне знешнепалітычнай арыентацыі на ЗША і Вялікабрытанію, а сыход з Індакітаю лічылі недапушчальным. Нарастанне забастовачнай барацьбы і падтрымка камуністамі патрабаванняў рабочых рабіла супрацоўніцтва партыяў кааліцыі немагчымым. ФКП была абвінавачана ў парушэнні прынцыпу "міністэрскай салідарнасці" і выключана з ураду.

Адносная слабасць правячай кааліцыі тлумачылася і з'яўленнем у красавіку 1947г. новай масавай і ўплывовай палітычнай сілы на правым флангу французскай палітыкі – галісцкага "Згуртавання французскага народу"(РПФ;Rassemblement du peuple français). Лідэры партыі выступалі за адмаўленне ад тупіковай Канстытуцыі 1946 г. і фармавання рэжыму "моцнай улады" у асобе незалежнага ад партыяў прэзідэнта (зразумела, на ўвазе меўся Ш. Дэ Голь).

Дзеля фармавання моцнага і дзеяздольнага ўраду пры адначасовым захаванні ізаляцыі ФКП і РПФ была высунутая ідэя кааліцыі "трэцяй сілы" у складзе МРП, СФІО і радыкалаў. Менавіта яна і валодала парламенцкай большасцю да новых парламенцкіх выбараў 1951 г. Новы ўрад пайшоў на шчыльнае супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі і далучыў Францыю да рэалізацыі "плана Маршала". Імкнучыся захаваць палітычны рэжым Чацвёртай рэспублікі, напярэдадні парламенцкіх выбараў 1951 г. кааліцыя "трэцяй сілы" правяла выбарчую рэформу з увядзеннем мажарытарна-прапарцыйнай сістэмы. Асноўны сэнс пераўтварэнняў зводзіўся да таго, каб знівеляваць перавагі масавых партыяў – ФКП і РПФ – і ўмацаваць пазіцыі цэнтрысцкай кааліцыі. Выбарчая рэформа паспрыяла ўзбуйненню палітычных сілаў. Напрыклад, у 1951 г. узнік Нацыянальны цэнтр незалежных і сялян (СНІП;Centre National des Indépendants et Paysans). Аднак да канца свайго існавання СНІП вызначаўся як выбарчае аб'яднанне і быў зусім слаба згуртаваны распадаючыся на практычна самастойныя арганізацыі.

Вынікі парламенцкіх выбараў 1951 г. апраўдалі спадзяванні правячай кааліцыі не ў поўнай меры. Камуністы засталіся самай папулярнай партыяй краіны. Сацыялісты і МРП страцілі ледзьве не палову выбаршчыкаў, затое узрос уплыў РПФ і некаторых правых партыяў. Ніводная дзеючая палітычная групоўка не атрымала абсалютнай большасці, таму быў утвораны правацэнтрысцкі блок у складзе правых і цэнтрыстаў (МРП і радыкалаў). Сацыялісты перайшлі ў апазіцыю. Аднак і новая палітычная канфігурацыя не здолела пазбавіць Францыю яе хранічнай хваробы – ўрадавай нестабільнасці. З часу заканчэння вайны і да 1958 г. змянілася 20 урадаў. У сярэднім кожны трываў толькі па паўгады, а некаторыя затрымліваліся пры ўладзе нават на некалькі дзён.

Вынікам нестабільнасці ўрадаў, з аднаго боку, і фактарам далейшага росту іх няўстойлівасці, з другога, сталі масавыя рухі пратэсту, якія асабліва актывізаваліся ў першай палове 1950-х гг. Вялікага размаху дасягнулі выступленні супраць каланіяльных войнаў, асабліва в'етнамскай. Нягледзячы на значны прагрэс сацыяльнага і рабочага заканадаўства, актывізуецца рух працоўных. Напрыклад, летам 1953 г. у стачцы працаўнікоў дзяржаўнага сектару бралі ўдзел каля 4 млн. чалавек. На поўдні і ў цэнтры краіны ўзнікае рух крамнікаў і рамеснікаў, на чале з П'ерам Пужадам. Ва ўмовах неэфектыўнага парламентарызму "пужадысты" адстойвалі інтарэсы "простага чалавека", патрабавалі ўсталявання "моцнай улады" і бязлітаснага задушэння нацыянальна-вызваленчых рухаў калоніяў.

Парламенцкія выбары 1956 г. засведчылі рост папулярнасці левых. У чарговы раз першынство дасталася ФКП (25,4% і 150 дэпутацкіх мандатаў – 1/4 ад агульнай колькасці). Даволі ўдала выступіла СФІО (каля 15% і 95 дэпутатаў), якая разам з левымі радыкаламі і блізкімі да іх групоўкамі ўваходзіла ў "Рэспубліканскі фронт". Менавіта гэтае цэнтрысцкае аб'яднанне і атрымала права сфармаваць урад, а лідэр сацыялістаў Г. Мале стаў прэм'ер-міністрам. Тэарэтычна існавала магчымасць стварэння шырэйшай кааліцыі з удзелам камуністаў і з перспектывай фармавання ураду большасці. Аднак у чарговы раз па зразумелых прычынах ФКП пакінулі ў ізаляцыі. (Г. Мале казаў: "Камуністы не злева, яны – на Ўсходзе".)

Урад "Рэспубліканскага фронту" паспрабаваў ажыццявіць шырокую праграму сацыяльных рэформаў. Удалося павялічыць з 2 да 3 тыдняў аплатны адпачынак, падвысіла заробкі і пенсіі. Цэнтрысты імкнуліся скарэкціраваць каланіяльную палітыку Францыі. У 1956 г. урад прызнаў незалежнасць Туніса і Марока і паабяцаў даць самакіраванне карэнным жыхарам французскіх калоніяў у Трапічнай Афрыцы. Вельмі актуальным быў намер уладаў нармалізаваць сітуацыю і аднавіць мір у яшчэ адной паўночна-афрыканскай калоніі – Алжыры. Аднак неўзабаве пад ціскам каланіялісцкіх колаў ураду прыйшлося адмовіцца ад сваіх планаў. Удзел Францыі ў агрэсіі супраць Егіпту канчаткова падарваў устойлівасць ураду Г. Мале і прывёў да яго адстаўкі.

Наступныя ўрады аказаліся яшчэ менш эфектыўнымі. Адсутнасць трывалага палітычнага лідэрства і эфемернасць кааліцыяў на фоне нарастання алжырскай праблемы выклікалі рост палітычнага ўплыву французскай ваеншчыны і ультракаланіялістаў. Гэтыя сілы выступалі за ўсталявання рэжыму "моцнай рукі" і змаганне супраць нацыянальна-вызваленчага руху алжырскага народу да пераможнага канца. Выдаткі на гэтую барацьбу ўжо ў 4 разы перавысілі выдаткі на таксама не танную вайну ў Індакітаі. У Алжыр была накіраваная вялікая 500-тысячная армія.

13 траўня 1958 г. Нацыянальны сход прызначыў новым прэм'ер-міністрам П'ера Пфлімлена – прыхільніка пагаднення з алжырскімі незалежнікамі. Ультракаланіялісты лічылі недапушчальнай "здачу Французскага Алжыра" і ў той жа дзень узнялі мяцеж. Мяцежнікі адхілілі ад улады цывільную каланіяльную адміністрацыю ў алжырскай сталіцы г. Алжыры і выступілі з патрабаваннем перадачы ўлады ў Францыі Ш. дэ Голю, пагражаючы высадкай ваенна-паветранага дэсанту ў Парыжы.

Апынуўшыся перад пагрозай вайсковага перавароту і грамадзянскай вайны французскія ўлады палічылі за лепшае абаперціся на аўтарытэт бясспрэчнага нацыянальнага лідэра часоў вайны. Прэзідэнт рэспублікі звярнуўся да Ш. дэ Голя з просьбай сфармаваць урад нацыянальнага выратавання. Генерал адказаў згодай пры ўмове атрымання паўнамоцтваў для перагляду канстытуцыі. 1 чэрвеня 1958 г. на быў створаны ўрад шырокай кааліцыі (увайшлі прадстаўнікі ўсіх вядучых партыяў краіны апрача камуністаў), а на наступны дзень ён атрымаў надзвычайныя паўнамоцтвы. Ш. дэ Голь, новы прэм'ер-міністр узначаліў працэс распрацоўкі новага асноўнага закону, а рэжым Чацвёртай рэспублікі спыніў сваё існаванне.

Знешняя палітыка Францыі ў другой палове 1940‑х – 1950‑я гг. "План Шумана", "План Плевэна". Пачатак распаду каланіяльнай імперыі. Паражэнне ў Індакітаі. Вынікі каланіяльных войнаў.

Пасля прыніжальнай капітуляцыі ў чэрвені 1940 г. Францыі трэба было зрабіць нямала для аднаўлення свайго міжнароднага аўтарытэту і вяртання статусу вялікай дзяржавы. Часовы ўрад на чале з Ш. дэ Голем выступаў за ўмацаванне сувязяў з усімі удзельнікамі антыгітлераўскай кааліцыі. У снежні 1944 г. ён заключыў Дагавор аб саюзе і ўзаемнай дапамозе з СССР – першы дагавор вызваленай Францыі з вялікай дзяржавай. Падтрымліваліся вельмі шчыльныя сувязі з Вялікабрытаніяй і ЗША. Вялікае месца ў знешняй палітыцы Часовага ўраду зняла пытанне аб лёсе пераможанай Германіі. Францыя марыла пра далучэнне Саара, адасабленні ад Германіі Рэйнскай вобласці, настойвала на наданні асаблівага "міжнароднага" статусу Рура. Аднак падобныя амбіцыі не знайшлі падтрымкі іншых вялікіх дзяржаў. Каланіяльная палітыка часовага ўраду прадугледжвала цэлы шэраг саступак мясцоваму насельніцтву з мэтай захавання каланіяльнай імперыі. Яно абяцала дапусціць карэннае насельніцтва да некаторых адміністрацыйных пасадаў і нават даць яму прадстаўніцтва ў французскім парламенце.

Напрыканцы 1940-х – напачатку 1950- х гг. французская дыпламатыя адыграла важнейшую ролю ў разгортванні заходнееўрапейскай інтэграцыі. У сакавіку 1948 г. Францыя стала адным з сузаснавальнікаў Заходняга саюзу, а праз год узяла ўдзел у стварэнні Еўрапейскай рады. У 1951 г. па ініцыятыве французскага міністра замежных спраў Рабэра Шумана – "план Шумана" – было створана Еўрапейскае таварыства вугалю і сталі. У 1950 г. прэм'ер-міністрам Францыі Р. Плевэнам быў высунуты план стварэння аб'яднаных еўрапейскіх узброеных сілаў, з перспектывай іх пераўтварэння ў ядро Еўрапейскай абарончай супольнасці. Пасля правалу рэалізацыі "плану Плевэна" у другой палове 1950-х гг. з прычыны ўнутрыпалітычных і каланіяльных цяжкасцяў Францыі ініцыятыва ў паглыбленні інтэграцыйных працэсаў у Заходняй Еўропе стала пераходзіць да ФРГ і краін Бенілюксу. Францыя, якая пераўтварылася ў гэты час у плацдарм амерыканскага ўплыву сярод еўрапейскіх членаў НАТО, імкліва губляла самастойнасць і ўплыў на міжнароднай арэне.

Слабыя ўрады Чацвёртай рэспублікі аказаліся няздольнымі вырашыць праблему нацыянальна-вызваленчага руху заняволеных народаў калоніяў палітычнымі сродкамі і толькі ўцягвалі краіну ў бессэнсоўныя і безвыніковыя каланіяльныя канфлікты. Напрыклад, Францыя адмовілася прызнаць страту Індакітаю і 1946 г. развязала супраць в'етнамскага народу бясслаўную вайну, якая зацягнулася да 1954 г. Не паспела закончыцца гэтая вайна, як пачалася другая – у Алжыры (1954-1962). У 1956 г. урад "Рэспубліканскага фронту" пайшоў на прызнанне незалежнасці Тунісу і Марока. Тады ж карэнным жыхарам французскіх калоніяў Трапічнай Афрыкі было паабяцанае мясцовае самакіраванне.

Гэты ўрад таксама заяўляў і аб рашучасці пакінуць Алжыр. Аднак разарваць цэлы комплекс повязяў з гэтай калоніяй было зусім не проста. Там жылі каля мільёну французаў (каля 10% ад усяго насельніцтва), для якіх алжырская зямля была радзімай. Не лягчэй адмовіцца ад Алжыру было палітыкам і вайскоўцам. (Вельмі паказальнае ў гэтым кантэксце выказванне тагачаснага міністра ўнутраных спраў Ф. Мітэрана: "Алжыр – гэта Францыя".) Поўны вайскова-палітычны тупік у Алжыры, у якім апынулася Чацвёртая рэспубліка прывяла да яе поўнага краху.

Усталяванне Пятай рэспублікі. Канстытуцыя 1958 г. Пашырэнне дзяржаўна-манапалістычнага рэгулявання эканомікі і сацыяльных адносін. Палітычная барацьба ў перыяд рэжыму асабістай улады Ш. дэ Голя. Травеньска-чэрвеньскі эканамічны крызіс 1968 гг., яго вынікі. Адстаўка дэ Голя.

Вярнуўшыся да ўлады генерал Ш. дэ Голь узначаліў працу па распрацоўцы новай канстытуцыі Францыі. 28 верасня 1958 г. яе праект быў вынесены на рэферэндум. Асноўныя палітычныя сілы і падаўляючая большасць грамадзян (79%) падтрымала Ш. дэ Голя. Многія французы не пагаджаліся з новай канстытуцыяй і канцэптуальна, і па асобных яе палажэннях, не расцэньвалі кандыдатуру дэ Голя як найлепшую. Але адзінай альтэрнатывай ім лічылі толькі спаўзанне краіны ў хаос і грамадзянскую вайну. Паслядоўна выступалі супраць Ш. дэ Голя толькі камуністы і частка сацыялістаў.

Прыняцце Канстытуцыі 1958 г. юрыдычна замацавала стварэнне Пятай рэспублікі ў Францыі. Замест парламенцкай рэспублікі ў стваралася рэспубліка, у цэнтры ўладнай сістэмы якой знаходзіўся прэзідэнт. Новы асноўны закон значна пашыраў паўнамоцтвы галавы дзяржавы: ён старшынстваваў у Радзе міністраў, прызначаў прэм'ер-міністра і міністраў, з'яўляўся галоўнакамандуючым ажыццяўляў прызначэнні на ўсе вышэйшыя цывільныя і вайсковыя пасады, карыстаўся правам заканадаўчай ініцыятывы, мог вярнуць любы закон на паўторны разгляд ці нават вынесці яго на рэферэндум. Акрамя таго прэзідэнт меў права абвясціць надзвычайнае становішча і ўзяць у свае рукі ўсю паўнату ўлады ў выпадку пагрозы рэспубліцы або незалежнасці нацыі. Паўнамоцтвы парламенту, які складаўся з дзвюх палатаў – Нацыянальнага сходу і Сенату – былі істотна меншымі, чым у Чацвёртай рэспубліцы. Парламент прымаў законы і бюджэт, зацвярджаў праграму ўраду, але не мог ні кантраляваць, ні, тым больш, змясціць прэзідэнта.

У лістападзе 1958 г. адбыліся выбары ў Нацыянальны сход. Згодна з канстытуцыяй выбары праходзілі па мажарытарнай сістэме ў два кругі. Калі ў першым туры ніхто не набіраў абсалютнай большасці галасоў – 50%+1 голас, прызначаўся другі тур, куды выходзілі кандыдаты, якія набралі не менш за 8% галасоў. У другім туры пераможцы было дастаткова набраць адносную большасць галасоў – апярэдзіць іншых кандыдатаў.

Перамогу атрымалі прыхільнікі Ш. дэ Голя, якія незадоўга да выбараў стварылі новую партыю – Саюз за новую рэспубліку(ЮНР; Union pour la nouvelle République). Важнейшым фактарам поспеху стала новая выбарчая сістэма. Прадстаўнікі гэтай партыі набралі ў першым туры толькі 3,6 млн. галасоў (17,6% ад узяўшых удзел у галасаванні), але па выніках двух тураў заваявалі 189 месцаў (34,6% дэпутацкіх крэслаў). Палітычныя сілы, што падтрымлівалі Ш. дэ Голя (г.зв. "Большасць за Пятую рэспубліку") абсалютна дамінавалі ў ніжняй палаце – 534 мандатаў з 546! А вось за ФКП хаця і галасавалі ў першым туры 3,8 млн. чалавек, пашчасціла патрапіць у Нацыянальны сход толькі 10 дэпутатам-камуністам. Перамога галістаў была замацаваная на выбарах прэзідэнта рэспублікі. 21 снежня 1958 г. Ш. дэ Голь быў абраны галавой дзяржавы калегіяй выбаршчыкаў, куды ўваходзілі дэпутаты Нацыянальнага сходу і сходаў заморскіх тэрыторыяў, мэры гарадоў ды іх намеснікі, члены муніцыпалітэтаў (разам каля 80 000 чалавек). Пераможца атрымаў 78,5% галасоў. Прэзідэнт прызначыў новым прэм'ер-міністрам свайго паплечніка, аднаго з лідэраў ЮНР Мішэля Дэбрэ. Ва ўтвораным ім урадзе былі прадстаўлены ўсе галоўныя партыі за выключэннем камуністаў і сацыялістаў.

З усталяваннем рэжыму Пятай рэспублікі галоўным зместам эканамічнай палітыкі стала заахвочванне прамысловасці шляхам далейшай канцэнтрацыі вытворчасці, утварэння буйных манаполіяў і ўзмацненне іх сувязяў з дзяржавай. Прадугледжвалася развіццё практычна ўсіх галінаў прамысловасці. Пазней гэтая лінія атрымала назву "прамысловага імператыву" (прапарцыйнае развіццё усіх галінаў эканомікі). Вялікая роля ў гэтым адводзілася навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. На яе базе адбывалася структурная перабудова прамысловасці. Хуткае развіццё атрымліваюць авіяцыя, хімічная і аўтамабільная галіны. Ствараюцца новыя галіны ваенна-прамысловага комплексу: атамная, ракетная, аэракасмічная. Развіццё НТР прывяло да паскарэння тэмпаў прамысловага развіцця краіны. За перыяд 1958-1968 гг. аб'ём прамысловай вытворчасці узрос больш чым на 60%, а тэмпы эканамічнага росту ў сярэднім складалі 5,5% у год. Галісцкаму ўраду ўдалося стабілізаваць фінансавую сістэму краіны. Радыкальная дэвальвацыя франка (1 да 100) дазволіла стварыць цвёрдую нацыянальную валюту.

Удзел Францыі ў заходнееўрапейскай інтэграцыі толькі ўзмацніў дзяржаўна-манапалістычныя тэндэнцыі ў эканоміцы. Клапоцячыся пра канкурэнтаздольнасць фірмаў, дзяржава рознымі сродкамі заахвочвала манапалістычную канцэнтрацыю. У выніку на працягу 1960-х гг. з'явіліся гіганцкія фінансавыя групы, якія сталі галоўнай арганізацыйнай формай манапалістычных аб'яднанняў у Францыі. Тым не менш, і ў 1960-я гг. ступень канцэнтрацыі прамысловасці у Францыі была ніжэйшай, чым у іншых высокаразвітых краінах.

НТР і пашырэнне маштабаў прамысловай вытворчасці паскорылі інтэнсіфікацыю ды індустрыялізацыю сельскай гаспадаркі. Значныя капіталаўкладанні дазволілі павялічыць за 1958-1968 гг. вытворчасць сельгаспрадукцыі на 60%, што дазволіла Францыі стаць другім пасля ЗША экспарцёрам прадуктаў харчавання, буйнейшым пастаўшчыком малака і віна, а таксама адзінай заходнееўрапейскай краінай-экспарцёрам збожжавых. Пры гэтым працягвала скарачацца доля насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы. Напачатку 1970-х гг. на вёсцы пражывала толькі 12% эканамічна актыўнага насельніцтва.

На працягу 1960-х гг. адбываецца істотная актывізацыя знешняга гандлю Францыі. Гэтаму галоўным чынам спрыялі паспяховы ход развіцця заходнееўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў і распад французскай каланіяльнай імперыі. У 1960-1963 гг. Францыя заключыла амаль з усімі сваімі былымі калоніямі пагадненні аб эканамічнай, тэхнічнай і вайсковай дапамозе. Аднак заходнееўрапейскі напрамак стаў прыярытэтным: калі яшчэ ў 1958 г. гандаль з калоніямі пераважаў над гандлем з краінамі "Агульнага рынку", то ў 1967 г. яе знешнегандлёвы абарот у межах ЕЭС быў утрая большым, чым з былымі французскімі калоніямі.

Важным дасягненнем Пятай рэспублікі аказалася ліквідацыя да 1965 г. французскай запазычанасці перад ЗША. Францыя зноў стала кранай-крэдыторам і выйшла на трэцяе месца (пасля Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі) у свеце па экспарту капіталу. Працягваў расці жыццёвы ўзровень насельніцтва. Тэрмін штогадовага аплатнага адпачынку быў павялічаны з 3 да 4 тыдняў.

Заняўшы пасаду прэзідэнта Ш. дэ Голь засяродзіў у сваіх руках асноўныя рычагі дзяржаўнага кіравання. Рашэнні па ўсіх важнейшых пытання прымаў прэзідэнт, часта нават не абмяркоўваючы іх з урадам. Нягледзячы на тое, што выбары былі, бясспрэчна, свабоднымі, дзяржава трымала манаполію на радыё і тэлебачанне. Манаполія не была абсалютнай толькі дзякуючы франкамоўнаму вяшчанню з суседніх краінаў – Манака, Люксембургу і ФРГ. Аўтарытарны стыль кіравання стаў вызначальнай рысай яго праўлення і заслугоўваў нямала крытыкі з боку апазіцыі.

Найбольш паслядоўнымі крытыкамі прэзідэнта былі камуністы, якія абвінавачвалі яго ва ўсталяванні дыктатарскага рэжыму і заклікалі народ змагацца "за аднаўленне і абнаўленне дэмакратыі". У падрыве нармальных рэспубліканскіх механізмаў абвінавачвалі Ш. дэ Голя сацыялісты і блізкія ім партыі. Лідар ЮДСР Ф. Мітэран нават выдаў у 1964 г. скрайне крытычную ў дачыненні прэзідэнта кнігу с красамоўнай назвай "Перманентны дзяржаўны пераварот". Левыя і левацэнтрысцкія сілы асуджалі курс галавы дзяржавы на празмерную мілітарызацыю Францыі, асабліва нарошчванне ядзерных арсеналаў.

Паступова апазіцыя прэзідэнту стала пашырацца. Напачатку 1960-х гг. у апазіцыю да Ш. дэ Голя перайшлі таксама правыя і цэнтрысцкія партыі, якія абвінавачвалі прэзідэнта ў здрадзе прынцыпам "атлантызму" і "еўрапеізму". У траўні 1962 г. шырокая галісцкая кааліцыя распалася – міністры з МРП і частка прадстаўнікоў СНІП пакінулі ўрад. У выніку галісты страцілі большасць у Нацыянальным сходзе і Ш. дэ Голь вырашыў яшчэ больш узмацніць ролю прэзідэнта ў сістэме дзяржаўнай улады.

Згодна з палажэннямі першапачатковага варыянту Канстытуцыі 1958 г. абранне прэзідэнта ажыццяўляла выбарчая калегія. Гэта была яўная саступка сілам, якія непакоіліся наконт аўтарытарных ці банапартысцкіх схільнасцяў Ш. Дэ Голя. (Прамыя ўсенародныя выбары прэзідэнта ў Францыі праходзілі толькі аднойчы ў гісторыі і скончыліся абраннем у 1848 г. Луі-Напалеона Банапарта, які выкарыстаў дэмакратычны механізм толькі як трамплін да ўлады і неўзабаве пераўтварыў сваю ўладу на фактычна бестэрміновую, а потым і спадчынную.) Тым не менш, згодна з перакананнямі самога Ш. дэ Голя непасрэднае дэлегаванне народам часткі свайго суверэнітэту абранаму лідэру складала аснову рэспубліканскай формы праўлення.

Гэтак прэзідэнт пайшоў на правядзенне першай значнай канстытуцыйнай рэформы ў гісторыі Пятай рэспублікі. У тым жа 1962 г. французам было прапанавана выказацца на рэферэндуме па пытанні магчымага абрання галавы дзяржавы на прамых, усеагульных выбарах. Паколькі новая працэдура абрання галавы дзяржавы азначала далейшае абмежаванне парламенцкага кантролю над прэзідэнцкай уладай, супраць прапановы Ш. дэ Голя выказвалася большая частка палітычных партыяў. Рашучую падтрымку прэзідэнту аказалі толькі галісты з Саюзу за новую рэспубліку-Дэмакратычнага саюзу працы(ЮНР-ЮДТ; Union pour la nouvelle République-Union démocratique du travail)партыі, якая ўварылася пасля далучэння да партыі-лідэра яшчэ адной галісцкай групоўкі. Нягледзячы на крытычны настрой французскіх палітычных элітаў, звыш 61% узяўшых удзел у рэферэндуме французаў станоўча адрэагавалі на прапанову Ш. дэ Голя.

Палітычная барацьба вакол рэферэндуму па працэдуры абрання прэзідэнта садзейнічала згуртаванню антыгалісцкай апазіцыі. У прыватнасці, упершыню за доўгі час камуністы і сацыялісты дамовіліся аб супрацоўніцтве падчас правядзення другога тура парламенцкіх выбараў (разумны тактычны ход, які дазваляў аб'ядноўваць рэсурсы дзвюх партыяў для заваявання першынства ў выбарчай акрузе).

Парламенцкія выбары 1962 г. прынеслі перамогу галістам. Найбольш папулярнай партыяй стала партыя ЮНР-ЮДТ заваявала 229 месцаў у Нацыянальным сходзе. Праўрадавай парламенцкай групоўцы "незалежных рэспубліканцаў" Валеры Жыскар д'Эстэна дасталася 32 месцы. (Гэтая групоўка ўзнікла пасля нядаўняга расколу СНІП і ў 1966 г. пераўтварылася ў партыю Нацыянальная Федэрацыя незалежных рэспубліканцаў(ФНРІ;Federation nationale des republicains independants).

Удала выступілі левыя. СФІО правяла ў Нацыянальны сход 67 дэпутатаў, а ФКП – 67. А вось цэнтрысцкія партыі паступова страчвалі падтрымку. Радыкалы, МРП і СНІП, аб'яднаныя ў блок "Дэмакратычная згода", здабылі на траіх толькі 100 мандатаў (адпаведна 44, 38 і 18). Вынікі гэтых выбараў прадэманстравалі важнейшую тэндэнцыю французскай палітыкі наступных дзесяцігоддзяў: галоўная барацьба за ўладу будзе адбывацца паміж правацэнтрысцкімі (галісты ды іх спадкаемцы) і левацэнтрысцкімі (сацыялісты і камуністы) сіламі. Радыкалам, МРП і СНІП, наадварот, было ў хуткім часе наканавана сысці з палітычнай арэны.

Гэтая тэндэнцыя праявілася і на першых прамых, усеагульных выбарах прэзідэнта Пятай рэспублікі, якія адбыліся ў снежні 1965 г. Дзеючы прэзідэнт не здолеў атрымаць пераканаўчую перамогу ўжо ў першым туры: Ш. дэ Голь набраў толькі 44,6%. Другое месца у першым туры заняў лідэр ЮДСР, кандыдат ад Федэрацыі сацыялістычных і дэмакратычных левых сілаў (акрамя ЮДСР у згуртаванне ўваходзілі СФІО і левыя радыкалы) і падтрыманы таксама ФКП Ф. Мітэран – 31,7%. Кандыдат цэнтрыстаў Жан Леканюэ здабыў толькі 15,6% галасоў.

У другім туры Ш. дэ Голь без вялікіх праблемаў адолеў Ф. Мітэрана – 55,2% на 44,8% – і быў пераабраны на наступны 7-гадовы тэрмін. Вынік яго саперніка таксама ўражваў. Даўні апанент Ш. дэ Голя, Ф. Мітэран пераўтвараецца ў буйнейшага апазіцыйнага лідэра Францыі і праз 16 гадоў здолее стаць "гаспадаром" Елісейскага палацу (галоўнай рэзідэнцыі прэзідэнта Францыі).

Нягледзячы на значныя дасягненні Ш. дэ Голя ў эканамічнай і знешнепалітычнай сферах, напрыканцы 1960-х гг. унутрыпалітычнае становішча Францыі станавілася ўсё больш і больш напружаным. Па выніках выбараў 1967 г. галісты разам з саюзнікамі захавалі ў Нацыянальным сходзе толькі 244 мандаты. Затое павялічылі сваё прадстаўніцтва левыя. Камуністы, напрыклад, правялі ў ніжнюю палату парламенту 73 дэпутаты, а сацыялісты і радыкалы, па-ранейшуму аб'яднаныя ў ФСДЛ -116. Пад час выбараў актывізаваліся леварадыкальныя ("левацкія") групоўкі або "гашысты" (ад франц. gauche – "левы"). У межах "гашызму" вылучаліся два накірункі – анархічны і трацкісцкі. Сацыяльнай базай руху былі французскія студэнты, а метады, якія выкарыстоўваліся на працягу 1960-х – пачатку 1970-х гг. зачастую былі экстрэмісцкімі і часам нават тэрарыстычнымі.

Незадаволенасць галісцкім рэжымам дасягнула свайго апагею ў траўні 1968 г. Пачалося ў ўсё з выступленняў студэнцкіх экстрэмісцкіх груповак. Потым пачаліся вулічныя сутыкненні моладзі з паліцыяй, а буйнейшыя прафсаюзы выступілі ў падтрымку і нават абвясцілі ўсеагульную забастоўку салідарнасці. На працягу траўня-чэрвеня 1968 г. па краіне баставала каля 10 млн. - амаль увесь рабочы клас, значная частка інтэлігенцыі і служачых. Напрыканцы траўня 1968 г. асноўныя патрабаванні працоўных прыйшлося задаволіць: мінімальны заробак быў падвышаны на 35%, сярэдні заробак – на 10%, а дапамогі па беспрацоўю – на 15%.

Для перагрупоўкі ўрадавых сілаў быў распушчаны Нацыянальны сход і праведзеныя новыя парламенцкія выбары. Іх зыход азнаменаваў сабой заканчэнне канфлікту. Прэм'ер-міністр Жорж Пампіду, які заклікаў ў перадвыбарчай кампаніі да "абароны рэспублікі" перад пагрозай "камуністычнай небяспекі" і звяртаўся да "маўклівай большасці", каб тая падтрымала парадак і стабільнасць, здолеў дасягнуць значнага поспеху. Галісцкая партыя Саюз дэмакратаў за Пятую рэспубліку (ЮДСР,Union pour la défense de la Cinquiéme République) новая назва перайменаванай ЮНР) атрымала абсалютную большасць месцаў у парламенце і стала першай партыяй у гісторыі Пятай рэспублікі ўзяўшай гэткі высокі рубеж.

Ш. дэ Голь і яго паплечнікі былі далёкія ад пераацэнкі значэння апошняй электаральнай перамогі. Яны разумелі, што раскол у грамадстве пераадолены не быў і патрабаваліся значныя намаганні для змякчэння класавай барацьбы і згуртавання французскай нацыі. Пачатак рэформам быў павінен пачаць законапраект аб рэформе Сенату і органаў мясцовага самакіравання. Новыя рэгіянальныя інстытуты ўлады задумваліся як прылада класавага супрацоўніцтва паміж прадстаўленымі ў іх "сацыяльна-прафесійнымі групамі" (рабочымі, сялянамі, рамеснікамі, прамыслоўцамі, прадстаўнікамі вольных прафесіяў). Каб падкрэсліць значнасць прапанаванай рэформы, здабыць ніколі не лішнюю народную падтрымку і, нарэшце, у чарговы раз паказаць у дзеянні мадэль прамой дэмакратыі, Ш. дэ Голь вырашыў вынесці законапраект аб гэтай рэформе на рэферэндум і прыгразіў французам у выпадку іх нязгоды сысці ў адстаўку. Усенароднае волевыяўленне станавілася галасаваннем адносна даверу дзеючаму прэзідэнту.

Супраць законапраекту выказаліся практычна ўсе палітычныя партыі Францыі за выключэннем ЮДСР. Як вынік, на красавіцкім рэферэндуме 1969 г. 53,2% французаў, што прыйшлі на ўчасткі для галасавання адкінулі план прэзідэнцкай рэформы. Першы прэзідэнт Пятай Французскай рэспублікі неадкладна склаў з сябе паўнамоцтвы і пайшоў у адстаўку.


Просмотров 658

Эта страница нарушает авторские права




allrefrs.ru - 2021 год. Все права принадлежат их авторам!