Главная Обратная связь Поможем написать вашу работу!

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)






Тэма 6. Вялікабрытанія ў 1990-я ‑ 2010-я гг



Дж. Мэйджар і карэкціроўка палітычнага курсу партыі торы. Палітыка "здаровага кансерватызму". "Хартыя грамадзян". Прагрэс у вырашэнні Ольстэрскай праблемы. Нарастанне стомленасці грамадства ад кансерватыўнага кіравання. Прычыны паражэння кансерватараў на парламенцкіх выбарах 1997 г.

Пачатак прэм'ерства Дж. Мэйджара (1990-1997) слаба адбіўся на персанальным складзе кансерватыўнага ўраду – ключавыя пасады засталіся за паплечнікамі М. Тэтчар. Новы кіраўнік ураду падкрэсліваў пераемнасць сваёй палітыкі. Аднак практычна адразу стаў праяўляцца яго прынцыпова адрозны палітычны стыль. Дж. Мэйджар імкнуўся дасягаць пастаўленых мэтаў не праз рашучасць і непахіснасць, характэрныя для "Жалезнай лэдзі", а праз дыялог і нават саступкі па не прынцыповых пытаннях. Падобная тактыка была названая "здаровым кансерватызмам"(кансерватызм з пэўнай доляй папулізму). Прэм'ер-міністр здолеў забяспечыць узмацненне калегіяльнасці у прыняцці ўрадавых рашэнняў, дасягнуць паляпшэння адносінаў з лідэрамі фінансавага свету. Вялікі прапагандысцкі эфект быў дасягнуты скасаваннем сумна вядомага "падушнага падатку".

Асцярожны і ўзважаны курс ураду торы прынёс плён на парламенцкіх выбарах 1992 г. Дж.Мэйджар і яго каманда зрабілі стаўку не на традыцыйную мабілізацыю ўстойлівага кансерватыўнага электарату, а на пошук падтрымкі сярод самых шырокіх слаёў грамадства. Кансерватары атрымалі 41,9% галасоў выбаршчыкаў і зноў апярэдзілі канкурэнтаў – лейбарыстаў (34,4%) і ліберал-дэмакратаў (17,8%). Праўда, у асобных выбарчых акругах торы дзейнічалі не надта ўдала, а таму страцілі без малога 40 дэпутацкіх мандатаў.

Прывёўшы сваю партыю да перамогі і тым самым атрымаўшы вотум даверу брытанцаў, Дж. Мэйджар пераходзіць да рашучых дзеянняў. Агульны фон для рэалізацыі новай кансерватыўнай праграмы быў не вельмі спрыяльным. У 1990-1991 гг. Вялікабрытанія была закранутая сусветнай рэцэсіяй. 16 верасня 1992 г. здарылася "чорная серада" – рэзкі абвал фунту, магчыма справакаваны біржавымі спекулянтамі. Урад быў прыйшлося пайсці на дэвальвацыю і выйсці з еўрапейскай валютнай сістэмы. Фінансавыя страты Вялікабрытаніі склалі каля 3,3 млрд. фунтаў Да 1994 г. эканоміка Вялікабрытаніі перажывала перыяд зацяжной рэцэсіі: запаволіліся тэмпы вытворчасці і рост ВНП, на дастаткова высокім узроўні заставаліся беспрацоўе і інфляцыя.



Эканамічная палітыка ўраду Дж. Мэйджара па-ранейшаму захоўвала значную пераемнасць адносна курсу папярэдняга прэм'ера. Была даведзена да лагічнага заканчэння прыватызацыя электраэнергетыкі і вуглездабывальнай прамысловасці. Гэта рабілася іначай, чым магло б здарыцца пры М. Тэтчар. Каб не дапусціць разрастання працоўнага канфлікту да маштабаў выступленняў сярэдзіны 1980-х гг, урад не проста зачыніў шахты і звальняў шахцёраў, а патраціў вялікія грошы на выплату кампенсацыяў і выхадных дапамогаў, на мадэрнізацыю абсталявання. Існуючыя трэнні не заўжды атрымлівалася згладжваць. Спроба прыватызацыі чыгункі і паштовай службы выклікала адмоўную рэакцыю не толькі занятых у гэтых галінах, але таксама ў значнай часткі насельніцтва краіны.

Поруч з прыватызацыяй дзяржаўнага сектару эканомікі працягваліся і іншыя накірункі тэтчарысцкіх рэформаў: ільготны распродаж муніцыпальных дамоў, падтрымка малога бізнесу, заахвочванне развіцця канкурэнцыі на дзяржаўных прадпрыемствах і г.д. Неўзабаве пасля выбараў была ліквідавана Нацыянальная рада эканамічнага развіцця. Гэта фактычна азначала крушэнне пасляваеннага грамадскага кансенсусу і замацаванне дасягнутага пры М. Тэтчар новага прыніжанага статусу прафсаюзаў. Затое ўрад актывізаваў двухбаковыя кантакты з дзелавым светам.



Было працягнутае рэфармаванне падатковай сістэмы. Галоўнай яго задачай кансерватыўны ўрад лічыў істотнае аблягчэнне прамога падаткаабкладання дзеля павелічэння інвестыцыйных магчымасцяў бізнесу. Кампенсацыя стратаў дзяржаўнага бюджэту ажыццяўлялася за кошт некаторага рост ўскосных падаткаў. У выніку гэтая палітыка кансерватыўнага ўраду прывяла да агульнага росту падатковага цяжару насельніцтва і стала адной з прычынаў падзення яго папулярнасці.

У сферы сацыяльнай палітыкі палітыка Дж. Мэйджара была больш самастойнай і наватарскай. Яго ўрад імкнуўся ўсталяваць больш устойлівы баланс прыватнага і дзяржаўнага сектараў. Акцэнт рабіўся не толькі і не столькі на рост выдаткаў на сацыяльныя патрэбы, колькі на падвышэнне якасці абслугоўвання. Адмаўляючы мэтазгоднасць аднаўлення "дзяржавы дабрабыту", Дж. Мэйджар імкнуўся ўмацаваць прававую базу грамадзянскай супольнасці, забяспечыць спалучэнне ідэалаў спаборнасці і канкурэнцыі з прынцыпамі салідарнасці і супрацоўніцтва. Дзеля рэалізацыі гэтага на працягу 1992-1994 гг. урад распрацаваў цэлую серыю дакументаў пад агульнай назвай "Хартыя грамадзян" ("Хартыя бацькоў", "Хартыя пасажыраў" і г.д.). Пэўныя зрухі адбыліся ў сферы аховы здароўя і адукацыі. Напрыклад, прыняцце Акту аб далейшай і вышэйшай адукацыі (1992) дазволіла пераўтварыць ва ўніверсітэты 35 былых політэхнічных інстытутаў.

Яшчэ адным дасягненнем ураду Дж. Мэйджара стала дасягненне прагрэсу ў вырашэнні Ольстэрскай праблемы. У выніку напружаных перамоў з лідэрамі Паўночнай Ірландыі ды Ірландскай рэспублікі напачатку 1995 г. было дасягнута гістарычнае пагадненне паміж апошняй і Злучаным Каралеўствам. Урады дзвюх краінаў выказалі гатоўнасць пераглядзець свае заканадаўчыя акты, вытрыманыя ў канфрантацыйным духу адносна адзін аднаго. Варагуючыя групоўкі дамовіліся наконт спынення агню. Тым не менш, новая ўспышка гвалту (напрыклад, выбухі, што грымелі ў краіне падчас правядзення еўрапейскага футбольнага першынства 1996 г.) у чарговы раз не дазволіла дамагчыся замірэння асноўных бакоў паўночнаірландскага канфлікту.



Пачатак у другой палове 1990-х гг. новага эканамічнага ўздыму не выклікаў росту папулярнасці ўраду Дж. Мэйджара, яго прэстыж працягваў няўхільна падаць. Не здолелі выправіць гэтае становішча ні ратыфікацыя Маастрыхцкіх пагадненняў, ні дасягнутае ў 1995 г. пагадненне аб спыненні агню ў Паўночнай Ірландыі. За 18 гадоў кансерватыўнага праўлення насельніцтва Злучанага Каралеўства паспела стаміцца ад традыцыйнай палітыкі партыі торы і ад добра знаёмых і па дасягненнях, і па злоўжываннях (шэраг высокапастаўленых торы аказаўся замешаны ў карупцыйных скандалах), і па правалах палітыках (напрыклад, многія брытанцы працягвалі дакараць кансерватараў за "чорную сераду"). Аслаблялі партыю спрэчкі паміж "еўраскептыкамі" і прыхільнікамі паглыблення еўрапейскага курсу краіны.

У 1997 г. правячая партыя правяла дастаткова традыцыйную для сябе выбарчую кампанію, акцэнтуючы ўвагу на ўласных поспехах (нізкі ўзровень беспрацоўя, добры стан эканомікі) і недахопах канкурэнтаў. Гэтага аказалася недастаткова. Брытанцы жадалі абнаўлення, а найперш падвышэння сацыяльнай аддачы ад дзейнасці ўраду. Гэта і абяцалі лейбарысты.

Quot;Новы лейбарызм" Э. Блэра і яго практычнае ажыццяўленне. Нацыяналізм і праблема палітычнага тэрарызму. Дэвалюцыя ў Шатландыі і Уэльсе. Поспехі ў справе паўночнаірландскага ўрэгулявання. Урад .Г. Браўна і яго палітыка. Аслабленне пазіцыяў лейбарыстаў і паражэнне на выбарах 2010 г.

Пачатак свайго новага ўзыходжання да ўлады лейбарысты пачалі у сярэдзіне 1990-х гг. Безнадзейнае выступленне партыі на апошніх чатырох выбарах (1979, 1983,1987 і 1992) прымушала сур'ёзна задумацца аб прычынах няўдач і шляхах выпраўлення памылак. Аднымі з ключавых рашэнняў павінны былі стаць прынцыповая ідэйная трансфармацыя лейбарызму і як адна з неабходных умоў яе ажыццяўлення – кардынальнае кадравае абнаўленне партыі.

У 1994 г. новым лідэрам Лейбарысцкай партыі быў абраны прадстаўнік маладой хвалі брытанскіх палітыкаў 40-гадовы Энтані (Тоні) Блэр. Ён і яго паплечнікі, перш за ўсё Гордан Браўн і Пол Мéндэльсан, бачылі вострую неабходнасць у прыстасаванні Лейбарысцкай партыі да рэаліяў постіндустрыяльнага грамадства. Лейбарысты павінны былі развітацца з традыцыйным іміджам рабочай партыі і пераўтварыцца ў сапраўды агульнанацыянальную партыю – выказніка інтарэсаў усіх грамадзян. Пачалося фармаванне новага аблічча партыі, яе лідэраў і ўкараненне яго ў масавай свядомасці пры дапамозе найноўшых PR-тэхналогіяў.

Велізарнае значэнне мела пазачарговая канферэнцыя Лейбарысцкай партыі 1995 г., прысвечаная змене партыйнага статуту. Асноватворны дакумент партыі вызначыў партыю як "дэмакратычную і сацыялістычную", якая арыентуецца на стварэнне "справядлівага грамадства", забяспечвае роўнасць магчымасцяў і гарантыі супраць беднасці. Са статуту былі выключаныя прынцыповыя палажэнні (г.зв. "чацвёрты пункт") аб прыярытэце грамадскай уласнасці на сродкі вытворчасці. Канцэпцыя "новага лейбарызму"("трэцяга шляху") ставіла мэту стварэння сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, у якой індывідуальная ініцыятыва і прадпрыемлівасць спалучаліся б з калектывізмам (па тэрміналогіі Э. Блэра – "камунітарызмам") грамадзянскай супольнасці і сацыяльнай адказнасцю дзяржавы.

Ідэалагічная перабудова партыі знайшла сваё ўвасабленне ў перадвыбарчым маніфесце 1997 г. Лейбарысты заяўлялі аб неабходнасці прававых рэформаў і змены знешнепалітычнага курсу. У прыватнасці, прапаноўвалася рэформа Палаты лордаў, умацаванне ў палітычным жыцці інстытуту рэферэндуму, выбарчая рэформа, канстытуцыйная рэформа ў Паўночнай Ірландыі, Уэльсе і Шатландыі. Лейбарысты асуджалі рыначны фундаменталізм і абяцалі выправіць перакосы ў сацыяльна-эканамічнай палітыцы тэтчарыстаў. У прапанаванай праграме спалучаліся эканамічныя ідэі, блізкія да "посттэтчарызму", практыка сацыял-ліберальнага рэфарматарства амерыканскіх дэмакратаў на чале з Білам Клінтанам (барацьба з беспрацоўем, увядзенне мінімуму заробкаў) і дастаткова радыкальная для Вялікабрытаніі ідэя "вяртання ў Еўропу" (далучэнне да Сацыяльнай хартыі ЕС і Еўрапейскай валютнай сістэмы).

Вынікі парламенцкіх выбараў 1997 г. перасягнулі самыя фантастычныя чаканні Лейбарысцкай партыі і яе прыхільнікаў. Партыя атрымала 43,2% галасоў выбаршчыкаў і ў Палату абшчынаў былі абраныя 419 яе дэпутатаў (ніводная партыя ў гісторыі не мела больш). У вялікіх гарадах, Уэльсе і Шатландыі Лейбарысцкая партыя не пакінула кансерватарам аніякіх шанцаў. З'едлівыя палітолагі і журналісты нават адзначалі, што торы пераўтварыліся ў англійскую вясковую партыю. Кансерватары набралі крыху болей за 30% галасоў. Менш – 29,2% – было толькі ў далёкім 1832 г. Былі заваяваныя 165 дэпутацкіх мандатаў – на 178 дэпутацкіх мандатаў меней, чым у 1992 г. (Горшы вынік быў толькі ў 1906 г.) Правалілі выбары і не былі абраныя нават некаторыя члены кабінету Дж. Мэйджара, у тым ліку міністр абароны Майк Парціла і міністр замежных спраў і па справах Садружнасці Малкальм Рыфкінд. Дастаткова паспяхова выступіла Ліберальна-дэмакратычная партыя. Хаця ў параўнанні з папярэднімі выбарамі яна заваявала менш галасоў, у парламент былі абраныя 46 яе дэпутатаў – найбольшы поспех любой трэцяй партыі з 1929 г.

Эканамічная палітыка ўраду Э. Блэра не вызначалася навізной. Сучасная эканамічная мадэль, пабудаваная двума папярэднімі кабінетамі кансерватараў працавала і патрабавала толькі нязначнай пераналадкі. Галоўным накірункам дзейнасці кабінету Э. Блэра стала канстытуцыйная рэформа. Яна прадугледжвала дэцэнтралізацыю кіравання (прадастаўленне аўтаноміі Уэльсу і Шатландыі і большай самастойнасці дзевяці рэгіёнам Англіі), рэформу выбарчага заканадаўства з частковай адмовай ад даўно крытыкаванай мажарытарнай сістэмы, пераўтварэнні верхняй палаты і ўвядзенне яе абранасці, прыняцце Білю аб правах, актуальнасць якога тлумачылася адсутнасцю пісанай канстытуцыі, дзе звычайна акрэсліваюцца правы і свабоды грамадзян, і ў перспектыве нават магчымасць распрацоўкі самой канстытуцыі.

Адной з буйнейшых рэформаў, праведзеных лейбарыстамі напрыканцы ХХ – напачатку ХХІ ст., стала рэформа рэгіянальнага і мясцовага кіравання. Калі лейбарысты прыйшлі да ўлады, Злучанае Каралеўства заставалася адной з найбольш цэнтралізаваных дзяржаў Еўропы. Урад Э. Блэра вярнуўся да актыўнага абмеркавання праблемы дэвалюцыі, што ў канчатковым выніку прывяло да ўсталявання ў Шатландыі, Уэльсе і Паўночнай Ірландыі заканадаўчых і выканаўчых органаў улады. (гл. ніжэй) У 1998 г. быў прыняты Акт аб органах рэгіянальнага развіцця, які у прыватнасці прадугледжваў стварэнне на тэрыторыі Англіі дзевяці рэгіянальных асамблеяў. Праведзеныя рэформы расчысцілі шлях для паступовага пераўтварэння Вялікабрытаніі з унітарнай у федэратыўную дзяржаву.

Рэалізацыя намераў па паступоваму пераходу да змешанай, прапарцыйна-мажарытарнай выбарчай сістэмы для парламенцкіх выбараў і выкарыстання прапарцыйнай сістэмы на выбарах у Еўрапарламент сутыкнулася з чаканымі цяжкасцямі. Урадавы законапраект чатыры разы адхіляўся Палатай лордаў і лейбарысты былі вымушаныя ад яго часова адмовіцца. У выніку прапарцыйная сістэма стала выкарыстоўвацца толькі на рэгіянальным узроўні.

Згодна з планамі лейбарыстаў павінна была да непазнавальнасці змяніцца Палата лордаў. Першы этап рэформы прадугледжваў выдаленне з верхняй палаты ўсіх спадчынных пэраў і замена іх прызначанымі пажыццёвымі. Аднак потым прыйшлося пагадзіцца з недатыкальнасцю да заканчэння ўсёй рэформы 92 пэраў. Рэформа Палаты лордаў 1999 г. стала не толькі важным крокам у накірунку далейшай дэмакратызацыі брытанскага парламенту, але таксама падарвала бясспрэчнае і заўсёднае дамінаванне ў верхняй палаце кансерватараў (напрыклад, да рэформы налічвалася 350 пэраў-кансерватараў і толькі 19 лейбарыстаў і 23 ліберальныя дэмакраты).

Стабільная эканамічная сітуацыя і даволі паспяховае выкананне перадвыбарчых абяцанняў дазваляла правячай партыі з упэўненасцю глядзець у будучае напярэдадні датэрміновых выбараў 2001 г. Што датычыцца кансерватараў, то партыя перажывала не лепшыя часы. Сакрушальнае паражэнне 1997 г. не спрыяла ўмацаванню ўнутрыпартыйнага адзінства. Напрыклад, кансерватары па-ранейшаму не маглі паразумецца адносна перспектываў Вялікабрытаніі ў ЕС. З пераходам лейбарыстаў на цэнтрысцкія пазіцыі торы аказаліся выціснутыя ўправа і працягвалі губляць электаральную базу.

Новыя выбары, што адбыліся ў чэрвені 2001 г., прайшлі дастаткова ціха – яўка выбаршчыкаў не дацягнула да 60% – і не прынеслі нечаканасцяў. Практычна паўсюль перамаглі дзеючыя дэпутаты. Лейбарысты захавалі камфортную большасць – 40,7% і 413 дэпутацкія мандаты, кансерватары заваявалі 31,7% і 166 мандатаў, а ліберал-дэмакраты адпаведна – 18,3% і 52.

Адным з галоўных напрамкаў унутранай палітыкі ўраду Э. Блэра заставалася правядзенне канстытуцыйнай рэформы. Аднак працяг мадэрнізацыі Палаты лордаў сутыкнуўся з рознагалоссямі ў лагеры саміх лейбарыстаў адносна прынцыпаў і працэдураў яе фармавання. Летам 2003 г., нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з падзеямі вакол Іраку, Э. Блэр выступіў з новымі ініцыятывамі: ён прапанаваў скасаваць пасаду лорда-канцлера, стварыць Вярхоўны суд і незалежнай камісіі па прызначэнні суддзяў. Галоўная ідэя заключалася ў тым, каб праз умацаванне судовай улады забяспечыць далейшы прагрэс у стварэнні сапраўднага падзелу ўлады. Для дэмакратычнай сістэмы вельмі дзіўным было спалучэнне ў руках аднаго чалавека, лорда-канцлера, функцыяў члена ўраду, спікера верхняй палаты парламенту, і вярхоўнага суддзі, які аднаасобна прызначае суддзяў. Хаця сама пасада лорда-канцлера скасаваная не была, функцыі высокага чыноўніка былі моцна абмежаваныя пераважна сферай адказнасці выканаўчай улады.

Напярэдадні парламенцкіх выбараў 2005 г. лейбарысты акцэнтавалі ўвагу брытанцаў на моцнай эканоміцы. Але гэтым разам разлічваць на паўтарэнне бліскучых поспехаў двух папярэдніх выбараў было вельмі цяжка.

Непапулярнасць вайны ў Іраку і малазразумелая перакананасць Э. Блэра ў праваце кааліцыйных сілаў на чале з ЗША адчувальна білі па папулярнасці правячай партыі і асабіста яе лідэра. Лейбарысты акцэнтавалі ўвагу на выдатныя эканамічныя паказчыкі і спрабавалі мінімізаваць страты ад непапулярнага рашэння ўзяць удзел у Іракскай вайне. Кансерватары рабілі стаўку на больш жорсткае іміграцыйнае заканадаўства, змагацца са злачыннасцю і палепшыць якасць медыцынскага абслугоўвання. Ліберальныя-дэмакраты галоўным пунктам сваёй праграмы абралі крытыку авантурыстычнай знешняй палітыкі Э. Блэра і планаў ценявога ўраду кансерватараў.

Лейбарысты страцілі 5,5% (35,2% найменшы паказчык для ўраду большасці ў брытанскай гісторыі) і 47 месцаў; большасць складала цяпер толькі 66 мандатаў, а не 167. Кансерватары і ліберальныя дэмакраты атрымалі адпаведна 198 і 63 месцы. Адным з вынікаў выбараў стаў прыход на пасады старшыні Кансерватыўнай партыі і кіраўніка ценявога новага ўраду маладога лідэра – 39-гадовага Дэвіда Кэмерана.

Апошнія гады прэ'мерства Э. Блэра прайшлі пад хвалямі вастрэйшай крытыкі за празмерна праамерыканскі знешнепалітычны курс і ўдзел ва ўзброеных авантурах ЗША. Узровень грамадскай падтрымкі лейбарысцкага лідэра аказаўся гэткім слабым, што ставіў пад сумненне любыя спадзяванні правячай партыі на чарговую перамогу на выбарах у парламент. У чэрвені 2007 г. Э. Блэр склаў з сябе паўнамоцтвы прэм'ер-міністра і перадаў лідэрства ва ў радзе і партыі свайму паплечніку, а потым і канкурэнту Гордану Браўну.

На працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў ХХ ст. у Злучаным Каралеўстве назіралася ўзмацненне нацыянальнай самасвядомасці народаў брытанскіх ускраінаў – шатландцаў і валійцаў. Напрыканцы 1970-х гг. спроба дэвалюцыйнай рэформы, як вядома, не мела поспеху. Аднак на фоне росту папулярнасці нацыяналістычных партыяў і сепаратысцкіх настрояў (нават у былым кельцкім Карнуоле!) неабходнасць абнаўлення рэгіянальнай палітыкі станавілася відавочнай усім асноўным палітычным сілам краіны. У 1994 г. кансерватары ажыццявілі рэформу мясцовай улады ў Шатландыі: рэгіянальныя органы кіравання атрымалі больш шырокія паўнамоцтвы ў пытаннях адукацыі, аховы здароўя, дарожнага і жыллёвага будаўніцтва, экалагічнай палітыкі. Ва Ўэльсе былі ўведзеныя элементы г.зв. "карпаратыўнай аўтаноміі", заснаванай на кансалідацыі нацыянальнай моўнай прасторы. Былі нарэшце замацаваныя прывілеі валійскай мовы, у тым ліку абавязковае вывучэнне яго ў школах Уэльсу, стварэнні тэлеканалаў на валійскай мове, напісанне ўсіх указальнікаў і назваў на двух мовах.

Лейбарысцкая партыя мела намер пайсці яшчэ далей. У 1997 г. яна ініцыявала правядзенне паўторных рэферэндумаў па пытаннях, звязаных з дэвалюцыйнай рэформай. Гэтым разам і шатландцы і валійцы выказаліся ў падтрымку стварэння мясцовых заканадаўчых сходаў. Прадстаўнічы орган ва Ўэльсе атрымліваў паўнамоцтвы ў сферы рэгіянальнага эканамічнага развіцця, сельскай гаспадаркі, культуры, адукацыі і экалогіі, але права прымаць рэгіянальныя законы і ваціраваць падаткі не меў. Шатландскі заканадаўчы сход надзяляўся нашмат шырэйшымі паўнамоцтвамі і ў тым ліку меў магчымасць прымаць законы і падаткі. Летам 1999 г. адбылося адкрыццё валійскай Заканадаўчай Асамблеі (першы падобны орган у гісторыі краю) і Шатландскага парламенту (апошні засядаў у далёкім 1707 г.).

Адным з найбольш значных дасягненняў першага тэрміну прэм'ерства Т. Блэра стала падпісанне 10 красавіка 1998 г. Белфасцкага пагаднення, больш вядомага пад назвай "пагадненне на Вялікую Пятніцу"(англ. Good Friday Agreement). Большасць партый Паўночнай Ірландыі пры пасярэдніцтве ірландскага і брытанскага ўраду дамовіліся аб палітычным урэгуляванні Ольстэрскага канфлікту, за тры дзесяцігоддзі якога на той час ужо загінула каля 3600 чалавек.

Пагадненне прадугледжвала стварэнне ў правінцыі аўтаномных органаў ўлады – Паўночнаірландскай Асамблеі з заканадаўчымі паўнамоцтвамі і Выканаўчага камітэту ў складзе 12 міністраў абодвух галоўных канфесій. Дзеля надання пагадненню больш трывалай інстытуцыйнай базы была запланавана арганізацыя міністэрства міжірландскай рады як органа супрацоўніцтва Паўночнай Ірландыі ды Ірландскай Рэспублікі і міжурадавай Рады Брытанскіх астравоў з удзелам прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Ірландыі, Ольстэру, Шатландыі і Уэльса. Ірландская Рэспубліка абавязвалася адмовіцца ад тэрытарыяльных прэтэнзіяў на Паўночную Ірландыю. Важнейшым палажэннем пагаднення стала раззбраенне паўночнаірландскіх ваенізаваных груповак і вызваленне з турам зняволеных.

Дамоўленасці атрымалі падтрымку грамадстваў абедзвюх частак Ірландыі на рэферэндумах, якія адначасова адбыліся 23 траўня 1998 г. У Паўночнай Ірландыі за рэалізацыю Белфасцкага пагаднення выказалася 71%, а ў Ірландскай Рэспубліцы – нават 94%. Нягледзячы на пэўныя праблемы – частыя парламенцкія крызісы і нават асобныя тэрарыстычныя вылазкі, Белфасцкае пагадненне здолела паставіць этнаканфесійныя супярэчнасці ў цывілізаваныя палітычныя межы і зняць ў грамадстве напружанне, што атручвала жыццё паўночнаірландцаў некалькі апошніх дзесяцігоддзяў. За значны ўнёсак ў справу паўночнаірландскага ўрэгулявання каталік Джон Х'юм і пратэстант Дэвід Трымбл, ідэолагі і актыўныя ўдзельнікі перагаворнага працэсу, былі ўзнагароджаныя Нобелеўскай прэміяй міру за 1998 г.

У чэрвені 2007 г. новым прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі стаў Гордан Браўн (2007-2010), былы канцлер казначэйства ў кабінеце Э. Блэра. Ужо ў першыя тыдні прэм'ерства новы лідэр выступіў з ініцыятывамі будаўніцтва новага таннага і экалагічнага жылля ў брытанскай правінцыі, новы комплекс канстытуцыйных захадаў для забеспячэння празрыстасці і адказнасці ўладаў перад народам, рэфармавання міжнародных інстытутаў, пераходу да больш стрыманых і дзелавых адносін паміж Лонданам і Вашынгтонам. Тым не менш, з рэалізацыяй агучаных планаў узніклі цяжкасці. У хуткім часе Вялікабрытанія сутыкнулася з падвойным уздзеяннем іпатэчнага крызісу ў ЗША і сусветнага фінансавага крызісу. У выніку рэкорднага ўзроўню з 1997 г. дасягнула інфляцыя, вырасла беспрацоўе. Падатковая рэформа, якая адбывалася на фоне падаражання нафтапрадуктаў і харчавання, даволі моцна ўдарыла па найбольш уразлівым сацыяльным слаям – моладзі, малазабяспечаных брытанцах, людзях сталага веку і дзяржаўных служачых.

Ужо праз год прэм'ерства Г. Браўна яго асабісты рэйтынг упаў з 65% да 16% і пайшлі размовы аб яго магчымай замене на пасадах кіраўніка кабінету і лідэра партыі. Найлепшы спосаб умацаваць лідэрскія пазіцыі ў Вялікабрытаніі – прывесці сваю партыю да электаральнай перамогі. Агучаныя прэм'ер-міністрам планы абвяшчэння ранніх датэрміновых парламенцкіх выбараў, засталіся толькі словамі, а таму далі магчымасць апанентам Г. Браўна абвінаваціць яго ў непаслядоўнасці і баязлівасці.

Парламенцкія выбары адбыліся толькі 6 траўня 2010 г. Перадвыбарчая гонка аказалася як ніколі напружанай. Сур'ёзную канкурэнцыю партыям-лідэрам на склалі ліберальныя дэмакраты на чале з Нікаласам (Нікам) Клэгам. Ніводная партыя не здолела заваяваць абсалютную большасць дэпутацкіх мандатаў (326): кансерватары правялі ў парламент 306 дэпутатаў (+97 у параўнанні з 2005 г.; 36,1%), лейбарысты – 258 (-91; 29%), ліберальныя-дэмакраты – 57 (-5; 23%). Упершыню з 1979 г. узнікла сітуацыя "падвешанага парламенту" і вядучым партыям прыйшлося заняцца пошукам саюзнікаў. У гэтай справе поспех быў за кансерватарамі, якія дамовіліся аб кааліцыі з ліберальнымі дэмакратамі. Новым прэм'ер-міністрам стаў Дэвід Кэмеран (2010– ), а яго намеснікам Н. Клэг.

Вялікабрытанія і сучасныя пытанні еўрапейскай інтэграцыі. "Асаблівыя адносіны" з ЗША. Пазіцыя Вялікабрытаніі па вастрэйшых праблемах сучаснасці. Брытанская Садружнасць нацый.

У той час, як М. Тэтчар скрайне скептычна ацэньвала неабходнасць паглыблення еўрапейскай інтэграцыі, Дж. Мэйджар не проста бачыў у ёй выдатныя перспектывы для краіны, а яшчэ й здолеў выдатна абгрунтаваць сваю пазіцыю, выступіўшы з шэрагам наватарскіх тактычных ідэяў. Пазіцыя Вялікабрытаніі ў той час адыграла вялікую ролю ў адмове ад федэралісцкай канцэпцыі будаўніцтва ЕС і замацаванні паняцця "Еўрапейскі саюз", як новай якасці супрацоўніцтва еўрапейскіх краін. Дж. Мэйжар выступіў гарачым прыхільнікам "інтэграцыі розных хуткасцяў". Згодна з гэтай канцэпцыяй, працэс прасоўвання дзяржаў-членаў ЕС па шляху інтэграцыі не павінны быць сінхронным і аднастайным. Гэта дазволіла Вялікабрытаніі адмовіцца ад канкрэтных абавязкаў, не абвастраючы адносінаў з партнёрамі па ЕС. Важнымі перамогамі прэм'ер-міністра сталі галасаванне Палатай абшчынаў аб далучэнні Вялікабрытаніі да Сацыяльнай хартыі ЕС і аб пачатку імплементацыі (ажыццяўлення) рашэнняў Маастрыхцкага пагаднення.

Дж. Мэйджар заняў пасаду прэм'ер-міністра незадоўга да таго, як пачалася вайна ў Персідскім заліве (1991). Вялікабрытанія у вайсковых аперацыях ўзяла актыўны ўдзел, а яе лідэр стаў адным з ініцыятараў ідэі стварэння ў Іраку беспалётнай зоны (англ. no-fly zone) – прасторы, закрытай для палётаў іракскіх ваенна-паветраных сіл. Гэта дапамагло абараніць ад уладных рэпрэсіяў курдаў і мусульман-шыітаў Іраку.

Традыцыйна шчыльнае супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі, у чарговы раз прадэманстраванае падчас вайны у Персідскім заліве, некалькі аслабела з прыходам у Белы дом дэмакрата Біла Клінтана. Дж. Мэйджар адкрыта сімпатызаваў рэспубліканцам і ў паслявыбарчы перыяд гэтак і не здолеў усталяваць з новым амерыканскім лідэрам асабістых адносінаў, адпаведных ступені блізасці сваіх дзяржаў. Адноснае ахалоджванне брытана-амерыканскіх адносінаў праявілася падчас міжэтнічнага канфлікту ў Босніі і Герцагавіне. Вялікабрытанія рашуча выступіла супраць уцягвання міжнародных міратворчых сілаў у баявыя дзеянні. Стрыманая пазіцыя брытанскай дыпламатыі дазволіла ёй у 1995 г. выступіць пасярэднікам у арганізацыі перамоваў паміж канфліктуючымі бакамі для падпісання мірнага дагавору.

Вялікабрытанія пільна сачыла за падзеямі ў СССР, аказваючы падтрымку сілам, якія выступалі за дэмакратычныя перамены. У адрозненне ад многіх сваіх заходніх партнёраў брытанскія ўлады рашуча асудзілі крывавыя студзеньскія падзеі 1991 г. у Літве і Латвіі і путч 19 жніўня 1991 г. Пасля распаду СССР Вялікабрытанія імкнулася садзейнічаць дэмакратычнаму прагрэсу ў постсавецкіх дзяржавах. Напрыклад, падчас вастрэйшага канфлікту Б. Ельціна з парламентам у кастрычніку 1993 г. Дж. Мэйджар першым з заходніх лідэраў выказаў падтрымку свайму расійскаму калегу. Добра ведаючы ўсе турботы змагання з сепаратызмам брытанскі прэм'ер-міністр дастаткова стрымана адрэагаваў на пачатак Чачэнскай вайны.

Сярод найбольш яўных пралікаў брытанскай дыпламатыі часоў Дж. Мэйджара можна назваць ігнараванне вастрыні палітычных праблемаў Руанды. Нежаданне Вялікабрытаніі і шэрагу іншых дзяржаў Захаду павялічыць сілы ААН у гэтай афрыканскай краіне вельмі верагодна каштавала не менш за 800 тыс. жыццяў людзей, якія сталі ахвярамі генацыду.

З прыходам да ўлады лейбарысцкага ўраду на чале з Т. Блэрам адбываецца адраджэнне "асаблівых адносінаў" Вялікабрытаніі са Злучанымі Штатамі. У межах "новага старога" курсу у 1998 г. Вялікабрытанія падтрымала амерыканскія антытэрарыстычныя акцыі ў Судане і Афганістане, а потым ажыццявіла сумесную вайсковую аперацыю "Ліса пустыні" супраць Іраку. У 1999 г. брытанскія ўзброеныя сілы ўзялі актыўны ўдзел у вайне супраць Югаславіі. Вялікабрытанія паслядоўна выступала за пашырэнне НАТО на Усход – прыём у Паўночнаатлантычны альянс былых краін сацыялістычнага лагеру і савецкіх рэспублік.

Абвяшчэнне Дж. Бушам-малодшым вайны супраць тэрарызму аказала на брытанскую знешнюю палітыку моцны ўплыў. Вялікабрытанія стала яшчэ больш адданым саюзнікам Злучаных Штатаў ва ўсіх яе дзеяннях на міжнароднай арэне. Актыўны ўдзел у вайне ў Афганістане (з 2001 г.) і, асабліва, вайна ў Іраку (з 2003 г) выклікалі вострую крытыку лейбарысцкага ўраду, а найперш Э. Блэра. Пры абмеркаванні ўварвання ў Ірак супраць знешнепалітычнай лініі прэм'ер-міністра выступілі 139 дэпутатаў лейбарыстаў, што з'яўлялася небывалай праявай ігнаравання партыйнай дысцыпліны. Малазразумелыя мэты вайсковых акцыяў і тым больш іх крывавыя наступствы сталі важнейшым фактарам падзення папулярнасці Э. Блэра і яго датэрміновай адстаўкі.

Еўрапейскі накірунак знешняй палітыкі Э. Блэра аказаўся не гэткім выніковым, як на тое разлічваў яе галоўны ідэолаг. "Самы еўрапейскі лідэр Вялікабрытаніі ў яе гісторыі" не здолеў пераканаць еўрапейцаў у сур'ёзнасці інтэграцыйных намераў сваёй краіны, а брытанцаў у неабходнасці "вяртання ў Еўропу". Прэтэнзіі Т. Блэра на дасягненне Вялікабрытаніяй лідэрства ў ЕС слаба спалучаліся з падкрэслена праамерыканскім курсам прэм'ер-міністра, а пытанні далучэння да зоны еўра і прыняцця еўраканстытуцыі выклікалі вострыя дыскусіі ў грамадстве і нават правячай партыі.

Знешнепалітычны курс Г. Браўна, нягледзячы на заяўленыя карэкціроўкі, мала чым адрозніваўся ад дыпламатыі Т. Блэра і гэта стала адным з фактараў, якія не дазволілі лейбарыстам заваяваць перамогу на парламенцкіх выбарах 2010 г.

Тэма 7. Францыя ў 1945-1970-я гг.

 


Просмотров 367

Эта страница нарушает авторские права




allrefrs.ru - 2021 год. Все права принадлежат их авторам!