Главная Обратная связь Поможем написать вашу работу!

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)






Ольстэрская праблема ў 1970-1980-я гг



Напачатку 1970-х гг. сітуацыя ў Паўночнай Ірландыі пачынае выходзіць з-пад кантролю Лондану. Хаця летам 1971 г. ў правінцыі ўжо знаходзілася каля 15 тыс. брытанскіх салдат, а сілы "аховы правапарадку" атрымалі практычна неабмежаваныя магчымасці, беспарадкі працягваліся. Брытанскі кантынгент успрымаўся каталіцкай меншасцю як акупацыйнае войска і стаўленне да яго было адпаведным. У сапраўдную мішэнь для тэрарыстычных актаў вайскоўцы ператварыліся пасля падзеяў "крывавай нядзелі" 30 студзеня 1972 г., калі войскі адкрылі агонь па католіках у Дэры, забіўшы пры гэтым 13 чалавек (сярод іх 6 непаўналетніх і адзін святар). 30 сакавіка 1972 г. брытанскі парламент прыпыніў дзейнасць Сторманта і ўвёў рэжым прамога лонданскага праўлення, што па сутнасці азначала ўвядзенне надзвычайнага становішча.

Правядзенне праз год, у сакавіку 1973 г. паўночнаірландскага рэферэндуму па пытанні знаходжання ў складзе Злучанага каралеўства і чаканы поспех на ім юніянісцкіх сілаў аніяк не здолелі паспрыяць урэгуляванню крызісу. Гэтак жа не змяніла сітуацыю і заключэнне вядучымі юніянісцкімі і нацыяналістычнымі (каталіцкімі) партыямі пры ўдзеле брытанскага ды ірландскага ўраду Санінгдэйльскага пагаднення (снежань 1973 г.). Мала плёну дало таксама абранне ў 1975 г. Канстытуцыйнага канвенту. Юніянсцкая большасць, зацікаўленая ў захаванні status-quo, завяла дзейнасць сходу ў тупік, а таму кіраванне правінцыяй па-ранейшаму ажыццяўлялася з Лондану.

Тым часам, гвалтоўныя акцыі як з боку пратэстантаў, гэтак і з боку каталікоў множыліся. Улады не знаходзілі нічога лепшага за ўзмацненне рэпрэсіяў супраць сепаратыстаў. Паступова увага да Ольстэрскага канфлікту выходзіць далёка за межы Злучанага Каралеўства. Сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў Ольстэры нават вымусілі Еўрапейскі суд прыняць у студзені 1978 г. рашэнне, якое ўскладала на брытанскую паліцыю адказнасць за "бесчалавечнае і прыніжальнае абыходжанне са зняволенымі".

Рэпрэсіі не маглі спыніць гвалт. Наадварот, ірландскія радыкалы паступова сталі скочвацца да тактыкі індывідуальнага тэрору супраць брытанскіх палітычных дзеячаў. У 1979 г. баявікі з Ірландскай нацыянальна-вызваленчай арміі (ІНВА; выступала за незалежнасць Ольстэру з мэтай усталявання там "марксісцка-ленінскай рабоча-сялянскай рэспублікі") забілі прадстаўніка каралеўскай фаміліі, апошняга віцэ-караля Індыі лорда Маўнтбэтэна, а часовая ІРА расправілася з вядомым дэпутатам брытанскага парламенту ад кансерватыўнай партыі Эйры Нівам.



Шырокі розгалас у свеце набывае галадоўка 1981 г. зняволеных праціўнікаў брытанскага ўладарання ў Паўночнай Ірландыі, якія патрабавалі, каб да іх ставіліся не як да крымінальнікаў, а як да ваеннапалонных або палітычных вязняў. Для дзесяці з іх яна скончылася трагічна, у тым ліку для 27-гадовага члена ІРА Роберта Сэндса, незадоўга да гэтага абранага дэпутатам Палаты абшчынаў. М. Тэтчар у звычайным для сябе жорсткім і бескампрамісным стылі адрэагавала на гэта наступным чынам: "Суд прызнаў містэра Сэндса злачынцам. Ён вырашыў пазбавіць сябе жыцця. Яго арганізацыя многім сваім ахвярам гэткага выбару не пакідала." Тым не менш, нямала людзей у Паўночнай Ірландыі і па ўсім свеце бачылі ў пазіцыі брытанскага ўраду адкрытую непавагу да правоў чалавека, а Р Сэндса і яго паплечнікаў лічылі барацьбітамі за грамадзянскія правы каталіцкай меншасці.

Чарговы правал арганізацыі паўночнаірландскай асамблеі (1982) ізноў засведчыў глыбіню расколу грамадства мяцежнай правінцыі. У кастрычніку 1984 г. ІРА ажыццявіла гучны тэрарыстычны акт у гатэлі горада Брайтана, дзе спыніліся дэлегаты канферэнцыі Кансерватыўнай партыі, у тым ліку М. Тэтчар. Выбух амаль 50-кілаграмовай бомбы забраў жыцці 2 чалавек, яшчэ 34 былі параненыя.



Змякчэнню супрацьстаяння павінна было паспрыяць заключэнне Англа-ірландскага пагаднення 1985 г. Злучанае каралеўства ды Ірландская рэспубліка дамаўляліся аб тым, што апошняя атрымлівала дарадчую ролю ў паўночнаірландскім парламенце, але прызнавала брытанскую юрысдыкцыю над Ольстэрам да таго часу, пакуль большасць яго насельніцтва не выкажацца за далучэнне да рэспублікі.

Пагадненне 1985 г. не здолела ні спыніць палітычны гвалт, ні прымірыць дзве варагуючыя этнаканфесійныя супольнасці. Тым не менш, з пункту гледжання доўгатэрміновай перспектывы яно мела важнейшыя наступствы. Галоўнае з іх палягала ў тым, што намецілася відавочнае збліжэнне пазіцыяў Лондана і Дубліна. Яно, у сваю чаргу, стала адным з важнейшых фактараў урэгулявання паўночнаірландскага канфлікту напрыканцы 1990-х гг.

У другой палове 1980-х гг. гэты эфект аднак яшчэ адчувацца не мог. Дзейнасць ІРА толькі актывізуецца. Сваю ролю ў гэтым адыграў лівійскі рэжым Муамара Кадафі, які помсцячы Вялікабрытаніі за яе падтрымку амерыканскіх авіяўдараў Лівіі ў 1986 г., шчодра фінансаваў антыбрытанскія тэрарыстычныя групоўкі ў Паўночнай Ірландыі.

Знешняя палітыка Вялікабрытаніі ў 1970 – 1980‑я гг. Адносіны да інтэграцыйных працэсаў у Еўропе. Англа-аргенцінская вайна. Стаўленне брытанскага кіраўніцтва да перабудовы ў СССР і дэмакратызацыі ў краінах Усходняй Еўропы.

Авантурныя дзеянні ЗША на міжнароднай арэне (найперш, вайна ва В'етнаме) ды ігнараванне Вашынгтонам інтарэсаў Лондану ў свеце з сярэдзіны 1960-х гг. выклікалі пэўнае ахалоджванне брытана-амерыканскіх адносінаў. Гэтая тэндэнцыя толькі ўзмацнялася за кошт узрастання інтарэсу Вялікабрытаніі да еўрапейскай палітыкі. Найбольш яркай праявай гэтага стала яе далучэнне ў 1973 г. да ЕЭС.



З вяртаннем да ўлады ў 1974 г. лейбарыстаў у адносінах паміж Лонданам і Вашынгтонам адбылося яўнае пацяпленне. Гэтаму спрыяла і агульная міжнароднапалітычная атмасфера той пары – дасягае свайго апагею "эпоха разрадкі". 1 жніўня 1975 г. прэм'ер-міністр Г. Вільсан бярэ ўдзел у падпісанні Заключнага акту Хельсінкскай нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. У час дзейнасці кабінету Дж. Калагэна курс Вялікабрытаніі на падтрымку палітыкі раззбраення, забеспячэння агульнаеўрапейскай бяспекі і актывізацыі супрацоўніцтва з СССР узмацняецца.

Важнейшым напрамкам знешняй палітыкі Вялікабрытаніі таксама заставаліся справы Брытанскай Садружнасці. Вялікае значэнне для вызначэння агульнай філасофіі і прынцыпаў яе дзейнасці мела Сінгапурская дэкларацыя, прынятая ў 1971 г. Садружнасць вызначалася гэтым дакументам як "добраахвотная асацыяцыя незалежных суверэнных дзяржаў, кожная з якіх адказвае за сваю ўласную палітыку, але ўсе яны кансультуюцца і супрацоўнічаюць паміж сабой у агульных інтарэсах сваіх народаў і ў мэтах садзейнічання міжнароднаму паразуменню і міру".

З'яўленне М. Тэтчар на Даўнінг-стрыт, 10 (рэзідэнцыя брытанскіх прэм'ер міністраў) практычна супала з аднаўленнем "халоднай вайны". Вялікабрытанія актыўна ўключылася ў яе як актыўная і прынцыповая антыкамуністычная сіла. Разам са Злучанымі Штатамі ды іх саюзнікамі яна байкатавала Алімпіяду-80 у Маскве, брытанскія ўлады пагадзіліся на размяшчэнне на тэрыторыі краіны 160 амерыканскіх ракет сярэдняй дальнасці і на ажыццяўленне праграмы мадэрнізацыі атамных падводных лодак. М. Тэтчар пазітыўна сустрэла амерыканскі праект Стратэгічнай Абарончай Ініцыятывы, г.зв. праграмы "зорных войнаў", што прадугледжвала перанос гонкі ўзбраенняў у касмічную прастору. Падобны курс на дастаткова крытычным фоне яе ўнутранай палітыкі не мог не выклікаць масавыя пратэсты брытанскай грамадскасці. Значных маштабаў у першай палове 1980-х гг. дасягае антываенны і антыядзерны рух.

Адной з найбольш значных перамог знешняй палітыкі М. Тэтчар стала адносна хуткая (ішла 11 тыдняў) і не крывавая (брытанцы страцілі забітымі каля 250 чалавек) вайна з Аргенцінай з-за Фалклендскіх (Мальвінскіх) астравоў.

Невялікі і зусім малазаселены архіпелаг у водах Атлантыкі ўжо даўно быў прадметам спрэчак паміж Лонданам і Буэнас-Айрэсам. На працягу амаль 150 гадоў ім распараджаліся брытанцы. Аднак у красавіку 1982 г. аргенцінскі вайсковы рэжым вырашыў аднавіць "гістарычную справядлівасць", а заадно здабыць народную падтрымку, і высадзіў на Фалклендскія астравы дэсант. Рэакцыя М. Тэтчар і брытанскага ўраду аказалася імгненнай і рашучай: адносіны з Аргенцінай былі разарваныя і для аднаўлення брытанскага суверэнітэту над архіпелагам была накіраваная ваенна-марская эскадра ў складзе 40 караблёў. Актыўныя і ўзгодненыя дзеянні флоту і ваенна-паветраных сілаў Злучанага Каралеўства не пакінулі Аргенціне аніякіх шанцаў на поспех. Гэтая перамога паспрыяла ўмацаванню пазіцыяў М. Тэтчар як нацыянальнага лідэра і ўзмацненню аўтарытэту Вялікабрытаніі на міжнароднай арэне.

Абапіраючыся на бясспрэчныя поспехі брытанскай эканомікі, кансерватары імкнуліся пашырыць адносна самастойны статус Вялікабрытаніі ў ЕЭС. Аднак скептыцызм М. Тэтчар адносна неабходнасці паглыблення еўраінтэграцыі з сярэдзіны 1980-х гг. увайшоў у супярэчнасць з пазіцыяй большасці вядучых дзяржаў ЕЭС, а напачатку 1990-х гг. ужо не знаходзіў паразумення і сярод значнай часткі брытанскай эліты, у тым ліку сярод яе аднапартыйцаў.

З прыходам да ўлады ў СССР М.С. Гарбачова і пачаткам палітыкі перабудовы адбываецца значнае паляпшэнне брытана-савецкіх адносін. Істотна пашырыліся кантакты па ўсім накірункам міждзяржаўных і грамадскіх адносін. У многіх сферах, перш за ўсё ў вырашэнні эканамічных, палітыка-прававых, экалагічных і гуманітарных праблемаў, адбывалася хуткае збліжэнне пазіцыяў дзвюх краін. Вялікабрытанія імкнулася таксама падтрымаць працэсы дэмакратызацыі ў краінах сацыялістычнага лагеру.

 

 


Просмотров 646

Эта страница нарушает авторские права




allrefrs.ru - 2021 год. Все права принадлежат их авторам!