Главная Обратная связь Поможем написать вашу работу!

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)






Тэма 4. Вялікабрытанія ў 1945-1960-х гг



 

Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя вынікі другой сусветнай вайны для Вялікабрытаніі. Прычыны эканамічнага адставання ад іншых краін Захаду. Устойлівасць палітычнай сістэмы. Рэформы лейбарысцкага ўрада ў 1945 – 1951 гг.

Як і ўсе іншыя еўрапейскія краіны (за выключэннем нейтральных), Вялікабрытанія выйшла з другой сусветнай вайны аслабленай. Брытанская зямля не была тэатрам буйнамаштабных ваенных дзеянняў. З ліпеня па кастрычнік 1940 г. ў небе вялася "Бітва за Брытанію", яе тэрыторыя зведала ўдары германскіх бамбардзіровак. Людскія страты аказаліся параўнальна невялікімі: загінула каля 93 тыс. чалавек цывільнага насельніцтва і 264 тыс. вайскоўцаў.

А вось матэрыяльныя страты былі значнымі. Вайна выклікала дэстабілізацыю фінансавай сістэмы краіны. Віной гэтаму ў значнай ступені сталі аграмадныя вайсковыя выдаткі – каля ₤25 млрд. У тры разы вырасла запазычанасць дзяржавы, а знешні доўг – у сем разоў. Упершыню з канца XVIII ст. Вялікабрытанія ператварылася з краіны-крэдытора ў краіну-даўжніка. Моцна пацярпелі знешнегандлёвыя сувязі, асабліва еўрапейскі і каланіяльны гандаль. Нягледзячы на істотны рост вайсковага сектару, прамысловая вытворчасць у цэлым скарацілася. Працягваўся застой ў працэсе абнаўлення сродкаў вытворчасці. Вялікабрытанія трапляе ў моцную эканамічную залежнасць ад Злучаных Штатаў.

З набліжэннем перамогі над Германіяй падыходзілі да заканчэння паўнамоцтвы кааліцыйнага ўраду. Яшчэ ў кастрычніку 1944 г. прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі У. Чэрчыль паабяцаў, што адразу пасля заканчэння вайны ў Еўропе будуць праведзены новыя парламенцкія выбары (апошнія адбыліся яшчэ ў 1935 г.).

Як і паўсюдна ў Еўропе, у Вялікабрытаніі з сярэдзіны 1940-х гг. адбываецца моцны зрух улева – узрастае папулярнасць лейбарыстаў і нават, хаця і не ў гэткай ступені, камуністаў. У шэрагах Лейбарысцкай партыі на той час знаходзілася больш за 3 млн. членаў. Але ўнутрыпалітычная сітуацыя ў вельмі традыцыйнай і кансерватыўнай Вялікабрытаніі адрознівалася ад той, што склалася ў сярэднім па Еўропе, куды большай стабільнасцю і прадказальнасцю. Шчыра антысістэмныя і ваяўніча рэфармісцкія сілы знаходзіліся ў значнай колькаснай меншасці.



У вышэйшых палітычных колах Вялікабрытаніі некаторы час абмяркоўвалася ідэя працягу кааліцыйнага супрацоўніцтва асноўных палітычных партый. Правае крыло лейбарыстаў схілялася да захавання "ваеннага кабінету". Аднак на партыйнай канферэнцыі выразна выявілася агульнае палявенне настрояў і левае крыло разам з шараговымі членамі прагаласавала за прывядзенне да ўлады самастойнага лейбарысцкага ўраду.

У. Чэрчыль пагражаў неадкладнымі выбарамі, калі лейбарысты і лібералы не пагодзяцца на стварэнне кааліцыі. У траўні 1945 г. яго асабісты рэйтынг у брытанцаў складаў астранамічныя для дэмакратычнай краіны 83%! Таму у інтарэсах У. Чэрчыля было правядзенне выбараў да таго, як яго яркі арэол пераможцы згасне. Лідэр лейбарыстаў Клемент Этлі прапаноўваў адкласці іх правядзенне на кастрычнік. Але У. Чэрчыль настаяў на сваім. У канцы траўня 1945 г. прэм’ер-міністр склаў з сябе паўнамоцтвы, кабінет быў расфармаваны. Апошні распараджэннем У.Чэрчыля было стварэнне пераходнага ўраду, куды ўвайшлі выключна правыя кансерватары. Выбары былі прызначаныя на 5 ліпеня 1945 г.

Лейбарыстам прыйшлося змірыцца. Яны выступілі з праграмай рэформаў "Тварам да будучыні" (англ. Let Us Face the Future), якая прадугледжвала нацыяналізацыю шэрагу галінаў брытанскай эканомікі, карэнную рэарганізацыю сістэмы сацыяльнага страхавання, а таксама шырокае развіццё жыллёвага будаўніцтва. Былая каланіяльная імперыя мусіла пераўтварыцца ў сацыялістычную Садружнасць Вялікабрытаніі. Лейбарысцкая партыя заяўляла аб сваёй рашучасці пакласці канец пяці “вялікім ліхам”: нястачы, галечы, хваробам, непісьменнасці, беспрацоўю. Галоўнай мэтай лейбарыстаў з’яўлялася стварэнне "дзяржавы дабрабыту". У сферы знешняй палітыкі лейбарысты рабілі акцэнт на важнасці захавання на пасляваенны перыяд альянсу пераможных дзяржаў.



Кансерватары, галоўныя фаварыты, дапусцілі ў ходзе выбарчай кампаніі нямала памылак. Негатывісцкі стыль вядзення агітацыі, перадусім выпады ў адрас канкурэнтаў, асабліва лейбарыстаў, ужо прыносіў плён у 1924 і 1931 гг., але аказаўся занадта прамалінейным для 1945 г. Пазітыўная праграма перспектыўнага развіцця дзяржавы і грамадства практычна адсутнічала. Галоўныя спадзяванні партыя ўскладала на асобу У. Чэрчыля, бясспрэчнага нацыянальнага лідэра. Дрэнную службу кансерватарам саслужыў пераходны ўрад: грамадства, якое хацела перамен, убачыла у ім магчымую пасляваенную перспектыву і сказала сваё рашучае "не".

Незаангажаваныя палітыкі і назіральнікі прадказвалі Кансерватыўнай партыі ўпэўненую перамогу. Разыходзіліся яны толькі ў тым, якой акажацца перавага партыі торы над асноўнымі канкурэнтамі. Але здарылася нечаканае. Ліпеньскія выбары прынеслі ашаламляльны поспех лейбарыстам. Яны заваявалі абсалютную большасць ў Палаце абшчынаў – 393 месцы (на 239 болей,чым у 1935 г.!). Кансерватары задаволіліся 197 мандатамі, а лібералы – толькі 12. У парламент былі абраныя нават 2 камуністы. Напрыканцы ліпеня быў сфармаваны першы лейбарысцкі ўрад большасці, які ўзначаліў К. Этлі (1945-1951).

Для ажыццяўлення абяцаных лейбарыстамі рэформаў быў абраны спрыяльны час. У першыя пасляваенныя гады брытанская эканоміка развівалася дастаткова хуткімі тэмпамі (асабліва ў параўнанні з таптаннем на месцы ў міжваенны перыяд). Напрыканцы 1947 г. краіна выйшла на свае даваенныя паказчыкі прамысловай вытворчасці. Да пачатку 1950-х гг. больш як на 50% адносна 1937 г. узрастае брытанскі экспарт.



Росту брытанскай эканомікі садзейнічала палітыка істотнага пашырэння дзяржаўнага сектару. Яна з'яўлялася адным з краевугольных элементаў сацыяльна-эканамічнай праграмы лейбарыстаў. Ужо напрыканцы 1945 г. у дзяржаўныя рукі быў перададзены Англійскі банк. Напачатку 1946 г. была праведзена нацыяналізацыя вуглездабывальнай галіны, у сярэдзіне 1947 г. – чыгуначнага транспарту і электраэнергетыкі. Потым прыйшла чарга ўнутранага воднага транспарту, шэрагу авіякампаній, значнай долі радыё- і тэлекамунікацый.

Галіновы выбар ураду быў невыпадковым. Пад адзяржаўленне ў першую чаргу траплялі тыя галіны і прадпрыемствы, якія забяспечвалі нармальнае функцыянаванне ўсяго вытворчага комплексу краіны ў цэлым. Многія з іх здаўна заставаліся стратнымі, а некаторыя згубілі эфектыўнасць і інвестыцыйную прывабнасць за час вайны. Дзяржава брала на сябе адказнасць за падтрыманне аптымальных умоў для развіцця ўзнаўлення і сацыяльнай стабільнасці (ад паспяховасці функцыянавання гэтых галінаў залежаў дабрабыт многіх соцень тысяч працоўных, у тым ліку, гэткага іх баявога атрада, як гарнякі).

Парламенцкая апазіцыя і прадпрымальніцкія колы Вялікабрытаніі адрэагавалі на нацыяналізацыю досыць спакойна. Яна ажыццяўлялася на аплатнай аснове, прычым, выкупныя сумы, як правіла, нават перавышалі рыначны кошт набытых дзяржавай кампаніяў. Буйны бізнес атрымаў значную матэрыяльную выгоду не толькі ад гэтага. Пераход пад дзяржаўнае крыло стратных прадпрыемстваў ды інфраструктуры вызваліла бізнес ад часткі выдаткаў і вызваліла іх сродкі для больш выгодных камерцыйных праектаў. Зусім іншая рэакцыя паследавала, калі ў 1948 г. гаворка зайшла пра нацыяналізацыю прадпрыемстваў чорнай металургіі, якія давалі каля 97% чыгуна і сталі краіны. Адпаведны законапраект загруз у Палаце лордаў і быў прыняты толькі ў 1949 г., а пачатак яго дзеяння быў адкладзены да 1951 г.

Актыўнасць лейбарысцкага ўраду не абмяжоўвалася прамысловым сектарам. Дзеля вырашэння праблемы харчовай бяспекі (Вялікабрытанія вельмі моцна залежала ад харчовага імпарту і асабліва яўна гэта праявілася ў гады вайны) у 1947 г. лейбарысты прынялі чатырохгадовую праграму развіцця сельскай гаспадаркі, якая прадугледжвала фіксаванне мінімальных коштаў і выдачу субсідый фермерам за павышэнне ўрадлівасці палёў і прадукцыйнасці жывёлагадоўлі.

Другім важнейшым элементам лейбарысцкай праграмы стала ўзмацненне ролі дзяржавы ў рэгуляванні сацыяльных працэсаў. У 1946 г. была створана Нацыянальная сістэма сацыяльнага забеспячэння. Яе прызначэннем стала назапашванне сродкаў на выплаты дапамогаў па мацярынству, інваліднасці, старасці, на выпадак смерці, на бясплатную медыцынскую дапамогу для малазабяспечаных і г.д. Фінансаванне яе часткова забяспечвалася страхавымі выплатамі наймальнікаў і наёмных работнікаў, але ў асноўным за кошт падаткаў. Сістэма сацыяльнага страхавання ахапіла звыш 23 млн. чалавек. У тым жа годзе пачалося стварэнне асобнай Нацыянальнай сістэмы аховы здароўя. Упершыню ў брытанскай гісторыі ўводзіўся прынцып дзяржаўнай бясплатнай медыцынскай дапамогі насельніцтву. Хаця неўзабаве пачалі з'яўляцца новыя і новыя платныя паслугі, напрыклад, афтальмолагаў і дантыстаў, у цэлым даступнасць медыцынскай дапамогу была палепшана на парадак. Дзяржаўная сістэма аховы здароўя Вялікабрытаніі стала ці не найбольш перадавой у заходнім свеце. Абедзве гэтыя праграмы сталі рэалізоўвацца з 1948 г.

Вялікае значэнне для краіны, нямала жыхароў якой страцілі дах над галавой у час вайны, мела беспрэцэдэнтная па сваіх маштабах праграма жыллёвага будаўніцтва. Пэўныя паляпшэнні зазнала сістэма народнай адукацыі. Нарэшце, важным дасягненнем арганізаванага рабочага руху стала скасаванне ў 1946 г. закону аб прафсаюзах 1927 г. Важным крокам у справе паглыблення дэмакратызацыі палітычнай сістэмы Вялікабрытаніі стала рэформа Палаты лордаў 1949 г.: права верхняй палаты на "адтэрміноўваючае вета", блакіраванне законапраектаў, ухваленых Палатай абшчынаў, было абмежаванае адным годам замест двух.

Ажыццяўленне гэтай грандыёзнай праграмы патрабавала значных асігнаванняў. А тым часам эканамічныя і фінансавыя праблемы краіны вырашаліся слаба. У сувязі з заканчэннем вайны з Японіяй Злучаныя Штаты спынілі пастаўкі па ленд-лізу. Рацыяніраванне прадуктаў харчавання ў 1945-1947 гг. стала яшчэ больш жорсткім, чым у гады вайны. Краіна была вымушана запрасіць у ЗША і Канады заем на суму $4,5 млрд., за які прыйшлося аднавіць свабодны курс фунта і знізіць прэферэнцыйныя тарыфы. Ужо за год гэтыя грошы былі растрачаныя, а дэстабілізацыя фінансавай сферы пераадолена не была. У 1947 г. урад К. Этлі быў вымушаны ісці на дэвальвацыю фунта. Адначасова ўлады пайшлі на скарачэнне імпарту прадуктаў харчавання, што выклікала іх далейшае падаражанне.

Лейбарысцкі ўрад бачыў выйсце з гэтага няпростага становішча ў далучэнні краіны да "плану Маршала". У ліпені 1948 г. было падпісана адпаведнае двухбаковае пагадненне з ЗША. У перыяд дзеяння гэтага плану Вялікабрытанія атрымала звыш $2,3 млрд. у выглядзе паставак і яшчэ $337 млн. у якасці заёмаў, што, безумоўна, аказала станоўчы эфект на эканоміку. З пачаткам у 1950 г. Карэйскай вайны за кошт паставак ваенна-стратэгічнай сыравіны і размяшчэння часткі амерыканскіх заказаў на брытанскіх заводах эканамічнае становішча краіны палепшылася і Вялікабрытанія нават датэрмінова адмовілася ад дапамогі па "плану Маршала". Аднак фінансавыя праблемы вырашаныя не былі – у 1949 і 1951 гг. урад ізноў праводзіў дэвальвацыю.

Фінансавы крызіс вельмі адмоўна адбіўся на папулярнасці лейбарыстаў. З-за недахопу сродкаў на рэалізацыю амбіцыйных, але шматлікіх і дарагіх сацыяльных праграмаў урад быў вымушаны замарозіць частку з іх. Гэта не толькі падрывала давер выбаршчыкаў да правячай партыі, але таксама выклікала нарастанне супярэчнасцяў унутры яе кіруючага ядра.

Гэтыя праблемы не маглі не адбіцца на выступленні правячай партыі на чарговых парламенцкіх выбарах у 1950 г. Лейбарысты здолелі захаваць лідэрства ў Палаце абшчын (заваявана 315 мандатаў) і і права на фармаванне ўраду. Аднак кансерватары ў ніжняй палаце ўжо маглі разлічваць на 297 галасоў. З улікам дэпутатаў, што прымыкалі да апазіцыі, атрымлівалася што большасць лейбарыстаў грунтавалася толькі на 6 галасах!

У настолькі няўстойлівай сітуацыі ўрад К. Этлі быў вымушаны ісці на новыя непапулярныя рашэнні з далейшым скарачэннем сацыяльных выдаткаў. У выніку раскол у лагеры лейбарыстаў дасягае самага высокага ўзроўню. Неўзабаве апасля адстаўкі міністра аховы здароўя і лідэра левых лейбарыстаў Эньюрына Бівэна правячая партыя наважылася на правядзенне датэрміновых парламенцкіх выбараў. 25 кастрычніка 1951 г. перамогу святкавалі кансерватары – ім дастаўся 321 мандат супраць 295 у лейбарыстаў.

Праблемы эканамічнага развіцця ў 1950 – 1960‑я гг. Унутраная палітыка кансерватыўных урадаў (1951 – 1964 гг.). Перамога на выбарах 1964 г. лейбарыстаў. Унутрыпалітычны курс Г. Вільсана. Пачатак Ольстэрскага канфлікту.

1950-я гг. былі часам параўнальна павольнага (адносна кантынентальных дзяржаў Еўропы), але дастаткова стабільнага росту брытанскай эканомікі. За дзесяцігоддзе рост прамысловай вытворчасці склаў 18%, прычым толькі ў 1952 г. было зафіксаванае яе падзенне (3%), звязанае з сусветнай рэцэсіяй. Краіна ўтрымлівала 2-е месца ў эканоміцы капіталістычнага свету следам за ЗША, але доля Вялікабрытаніі ў сусветнай вытворчасці скарацілася з 12 да 10% і да яе сталі падбірацца больш паспяховыя канкурэнты, асабліва Заходняя Германія. Для эканамічнага развіцця краіны былі ўласцівыя хранічны знешнегандлёвы дэфіцыт і непамерны рост вайсковых выдаткаў (14 млрд. фунтаў у 1950-х і каля 20 млрд. у 1960-х гг.). Фінансавыя праблемы краіны былі звязаныя з пастаянным бюджэтным дэфіцытам і адтокам капіталаў за мяжу. Апошні таксама негатыўна ўплываў на ўнутраныя інвестыцыі і стрымліваў мадэрнізацыю брытанскай вытворчай базы. Дадатковыя складанасці для эканамічнага развіцця Вялікабрытаніі ствараў паступовы развал Брытанскай каланіяльнай імперыі. Найбольш паспяхова развіваліся навукаёмістыя навейшыя галіны прамысловасці – электраэнергетыка, машынабудаванне, хімічная прамысловасць.

У параўнанні з кантынентальнымі дзяржавамі Заходняй Еўропы павольна падвышаліся рэальныя даходы брытанцаў. Тым не менш, нельга не адзначыць пазітыўную тэндэнцыю да скарачэння беспрацоўя: у 1953 г. яе ўзровень складаў толькі каля 500 тыс. чалавек, а ў 1955 г. – ўжо толькі 298 тыс. Значнае зніжэнне нараджальнасці на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, дэмаграфічныя наступствы вайны, натуральнае старэнне насельніцтва абумоўлівалі недахоп працоўнай сілы. Гэта падштурхнула ўлады да пачатку палітыкі заахвочвання працоўнай іміграцыі. У Вялікабрытанію ахвотна ехалі з Вест-Індыі, Індыі і Пакістану, краін афрыканскага кантыненту. Хаця ўжо напачатку 1960-х гг. змена сітуацыі на працоўным рынку прадыктавала неабходнасць правядзення больш суровай іміграцыйнай палітыкі, практыка ўз'яднання сем'яў і высокі ўзровень нараджальнасці сярод новых брытанцаў пачалі з кожным годам моцна змяняць расавае, нацыянальнае і канфесійнае аблічча гарадоў Злучанага Каралеўства.

У 1960-х гг. назіраецца падзенне асноўных эканамічных паказчыкаў Вялікабрытаніі. За дзесяцігоддзе сярэднегадавы прырост валавога нацыянальнага прадукту складаў толькі 2,9% (у Японіі – 11%, у Францыі – 5,8%, ФРГ – 4,8%). Адбывалася далейшае скарачэнне долі краіны ў капіталістычнай вытворчасці – з 8,3% у 1960 г. да 7,2% у 1965 г. Падобная тэндэнцыя назіралася і ў дачыненні брытанскай долі ў сусветным экспарце – яна ўпала да 8,9% (1970). Нягледзячы на адчувальныя поспехі пасляваенных дзесяцігоддзяў, прамысловасць Вялікабрытаніі значна саступала амерыканскай, заходнегерманскай і японскай па ўзроўні спецыялізацыі, тэхналагічнага аснашчэння і апярэджвала па сабекошце тавараў. Былыя лідары брытанскай эканомікі – каланіяльна-сыравінныя манаполіі – імкліва гублялі свае пазіцыі. Напрыканцы 1960-х г. Вялікабрытанія была адсунутая з пазіцыі другой прамысловай дзяржавы капіталістычнага свету ажно на чацвёртую. Яе апярэджвалі не толькі ЗША, а ўжо і ФРГ, і Японія. Эканамічныя і фінансавыя праблемы краіны паглыбляліся высокім узроўнем інфляцыяй.

З другой паловы 1960-х гг. абазначыўся пачатак пераарыентацыі Вялікабрытаніі ў знешнім гандлі. Гэта было звязана з глабальнымі сацыяльна-эканамічнымі працэсамі, а перадусім з распадам каланіяльнай сістэмы. Калі ў 1950 г. на краіны Брытанскай Садружнасці прыпадала каля 40% знешнегандлёвага звароту Вялікабрытаніі, то ў 1970 г. – толькі 23%. А вось у дачыненні Заходняй Еўропы назіралася адваротная тэндэнцыя – у той жа перыяд адбыўся рост з 23 да 41%. Вялікі інтарэс да заходнееўрапейскіх рынкаў быў таксама звязаны з пачаткам інтэграцыйных працэсаў на кантыненце.

Перамога кансерватараў на датэрміновых парламенцкіх выбарах 1951 г. адкрыла новую эру ва ўнутрыпалітычным жыцці Вялікабрытаніі. Торы заставаліся ўрадавай партыяй на працягу 13 гадоў (1951-1964 гг.). За гэты час пры ўладзе змянілася чатыры ўрады – Уінстана Чэрчыля (1951-1955), Энтані Ідэна (1955-1957), Гаральда Макмілана (1957-1963) і Алека Дугласа-Х'юма (Дугласа-Хоўма) (1963-1964)

Другі ўрад пад кіраўніцтвам У. Чэрчыля збольшага склалі прадстаўнікі "старой гвардыі". Тым не менш, нягледзячы на крытыку лейбарысцкіх рэформаў, новы кабінет адмовіўся ад рашучага перагляду заканадаўства першых пасляваенных гадоў. У духу лозунга "цярпімасць і канструктыўнасць" У. Чэрчыль нават не пайшоў на змены сацыяльнай палітыкі. Адным з асноўных накірункаў дзейнасці ўраду стала далейшае вырашэнне жыллёвай праблемы. Прычым, у адрозненне ад лейбарыстаў, кансерватары надавалі значэнне не толькі павелічэнню жыллёвага фонду і забеспячэнню яго даступнасці, але таксама прыярытэтнаму развіццю прыватнаўласніцкага сектара. Не зазнала істотных зменаў палітыка ўраду ў галіне аховы здароўя і адукацыі. Згодна са сваімі перадвыбарчымі абяцаннямі кансерватары ажыццявілі частковую дэнацыяналізацыю: у прыватныя рукі былі перададзеныя сталеліцейная галіна і аўтадарожны транспарт.

У той жа час урад пазбягаў актывізацыі дзяржаўнага рэгулявання эканомікі і адмовіўся ад выпрацоўкі абноўленай стратэгіі развіцця вытворчасці. Унутрыпалітычная, асабліва сацыяльна-эканамічная праблематыка зусім мала займала У. Чэрчыля. Яшчэ з часоў другой сусветнай прыярытэтнай сферай яго інтарэсаў была знешняя палітыка. Акрамя таго, не маглі не браць сваё гады – у лістападзе 1954 г. У. Чэрчылю споўнілася 80 гадоў! Пераемнікі "вялікага прэм'ера" таксама не здолелі ў поўнай меры выкарыстаць палітычны, фінансавы, інтэлектуальны патэнцыял дзяржавы для максімальнага спрыяння навукова-тэхнічнаму прагрэсу. Пасіўнасць кансерватараў у галіне дзяржаўнага рэгулявання эканомікі і дазволіла іх крытыкам заяўляць аб 13 гадах "перыяду застою", "змарнаваных гадах".

У красавіку 1955 г. У. Чэрчыля ўсё ж пераканалі сысці ў адстаўку і яго месца заняў даўні прэтэндэнт на партыйнае лідэрства, "прагрэсіўны кансерватар" Энтані Ідэн (1955-1957). Ужо ў наступным месяцы новы лідэр прывёў торы да перамогі на парламенцкіх выбарах. Кансерватары заваявалі на 24 месцы болей, чым чатырма гадамі раней (усяго 345 мелі мандатаў). Прэм'ерства Э. Ідэна атрымалася непрацяглым і ў цэлым няўдалым. Суэцкі крызіс, агрэсія супраць Егіпта і яе поўны правал вымусілі яго зысці з палітычнай арэны, хаця і з фармулёўкай "па стану здароўя". Новым прэм'ер-міністрам стаў яшчэ адзін "памяркоўны" Гаральд Макмілан (1957-1963).

Эканамічнае ажыўленне, праблемы Лейбарысцкай партыі і паляпшэнне міжнароднай абстаноўкі напрыканцы 1950-х гг. стваралі для партыі торы ідэальную сітуацыю для правядзення датэрміновых выбараў. Пазітыўную ролю для кансерватараў павінна была адыграць і рэформа Палаты лордаў 1958 г.: з'явіўся тытул пажыццёвага пэра, якім пра прадстаўленню прэм'ер-міністра і па загаду манарха ўдастойваліся асабліва заслужаныя грамадзяне краіны. У кастрычніку 1959 г. кансерватары ўмацавалі сваю большасць у Палаце абшчынаў, заваяваўшы 365 мандатаў (лейбарысты толькі 258), а Г. Макмілан захаваў за сабой прэм'ерскае крэсла.

Кансерватыўныя кабінеты і далей не ўносілі прынцыповых зменаў у створаную пры лейбарыстах сістэму дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Праз дзяржаўны бюджэт і бюджэты мясцовых органаў улады урад пераразмяркоўваў больш за палову валавога нацыянальнага прадукту краіны. А ў 1962 г. была нават створана Нацыянальная рада эканамічнага развіцця (НРЭР). НРЭР з'яўлялася паўурадавай арганізацыяй для распрацоўкі планаў збалансаванага і паскоранага росту эканомікі, хаця яе рэкамендацыі насілі не абавязковы, а рэкамендацыйны (індыкатыўны) характары. Па сутнасці яна стала вышэйшым органам трохбаковага супрацоўніцтва дзяржавы, бізнесу і трэд-юніёнаў.

Напачатку 1960-х гг. сітуацыя ўнутры краіны і звонку стала змяняцца да горшага. Запаволілася эканамічнае развіццё, ударыла па аўтарытэце ўраду няўдалая спроба далучэння да ЕЭС. А самае галоўнае, грамадства стамілася ад панавання кансерватараў. Крытыку грамадства выклікалі не толькі палітычныя аспекты дзейнасці партыі торы, але таксама маральнае аблічча прадстаўнікоў кансерватыўнай эліты. Асаблівы ўдар па рэпутацыі ўраду нанесла "справа Праф'юма". Міністр абароны Джон Праф'юма быў абвінавачаны ў сувязі з маладой асобай, блізкай таксама з ваенна-марскім аташэ савецкага пасольства. Магчымая пагроза нацыянальнай бяспецы і хлуслівыя апраўданні міністра ў парламенце каштавалі Дж. Праф'юма пасады. Г. Макмілан быў вымушаны таксама зысці, хаця афіцыйная версія тлумачыла яго рашэнне пагаршэннем стану здароўя.

Новым прэм'ер-міністрам стаў Алек Дуглас-Х'юм. Яго шлях да лідэрства ў кансерватыўнай партыі адбывалася пры незвычайных абставінах. Па-першае, ён быў членам Палаты лордаў і як лорд не валодаў правам доступу ў Палату абшчынаў, а значыць і не меў аніякіх шанцаў стаць галавой ураду. Сітуацыя для яго змянілася да лепшага толькі дзякуючы адной з апошніх заканадаўчых ініцыятыў Г. Макмілана – Акту аб пэрах 1963 г. - спадчынным пэрам было дазволена дамаўляцца ад свайго тытулу. Па-другое, традыцыі торы ніколі не прадугледжвалі дэмакратычнай працэдуры абрання лідэра партыі кансерватараў. У 1963 г. годзе ўпершыню было праведзена апытанне членаў кансерватыўнай фракцыі Палаты абшчынаў. Хаця кандыдатура былога лорда не сустрэла вялікага энтузіязму і вырашальную ролю ў прызначэнні А. Дугласа-Х'юма адыграў выбар Г. Макмілана, новыя павевы бясспрэчна сведчылі пра дэмакратызацыю кансерватыўнай партыі.

На кастрычніцкіх выбарах 1964 г. лейбарысты адсвяткавалі перамогу, заваяваўшы 317 з 630 мандатаў. Пяты лейбарысцкі кабінет узначаліў Гаральд Вільсан (1964-1970). Напярэдадні выбараў лейбарысты абяцалі ажыццяўленне новых сацыяльна-эканамічных рэформаў, у тым ліку нацыяналізацыю сталеліцейнай прамысловасці, змяншэнне коштаў на зямлю, аднаўленне ўрадавага кантролю над кватэрнай платай, правядзенне некаторых мерапрыемстваў у галіне культуры, навукі, аховы здароўя і пенсійнага забеспячэння.

Напачатку ўрад сапраўды імкнуўся дзейнічаць у гэтым рэчышчы. Сярод першых рашэнняў новага ўраду былі: скасаванне платы за выпіску рэцэптаў, стрымліванне росту арэнднай платы за жыллё, падвышэнне пенсіяў па старасці. Пачалося буйнамаштабнае будаўніцтва муніцыпальнага жылля. Бюджэт на 1965 г. прадугледжваў далейшае павелічэнне сацыяльных выплатаў. Урад Г. Вільсана таксама паспрабаваў увесці элементы планавання эканомікі – ў 1965 г. быў прыняты "Нацыянальны эканамічны план".

Скарыстаўшыся спрыяльнай эканамічнай абстаноўкай і ў цэлым пазітыўнай ацэнкай значнай часткай грамадства ужо зробленага партыяй і запланаванага на перспектыву, лейбарысты пайшлі на датэрміновыя парламенцкія выбары. У сакавіку 1966 г. яны здолелі ўмацаваць сваё палітычнае становішча, заваяваўшы на 47 дэпутацкіх месцаў болей чым дзвюма гадамі раней (стала 364 мандатаў).

Эканамічныя і фінансавыя праблемы дыктавалі ўраду Г. Вільсана правядзенне больш узважанага курсу. Таму лейбарысты пайшлі на цэлы шэраг непапулярных рашэнняў. У 1966 г., напрыклад, быў праведзены закон аб цэнах і даходах, які прадугледжваў замарожванне заробкаў рабочых і служачых. Каб стрымаць незадаволенасць і актыўнасць рабочага руху, у 1969 г. урад нават паспрабаваў правесці праз парламент законапраект "Замест разладу", закліканы абмежаваць права на забастоўку. Прапанова выклікала вастрэйшыя дыскусіі ў грамадстве і ў самой правячай партыі, а таму законапраект быў адкліканы. Як адзін з важнейшых сродкаў паляпшэння плацежнага балансу краіны, разглядалася актывізацыя экспарту. Аднакі паўторная спроба далучыцца да "Агульнага рынку", зробленая ў 1967 г., сутыкнулася з вета Францыі. Новы віток араба-ізраільскага канфлікту ("Шасцідзённая вайна" 1967 г.) і часовае закрыццё Суэцкага каналу адмоўна адбілася на брытанскім знешнім гандлі.

У гэтых умовах дзеля падтрымання канкурэнтаздольнасці айчынных вытворцаў на сусветных рынках урад ажыццявіў дэвальвацыю фунту стэрлінгаў, але яна адначасова ўдарыла па дабрабыту насельніцтва. Для вырашэння фінансавых праблемаў лейбарыстам таксама прыйшлося ісці на падвышэнне існаваўшых падаткаў і нават уводзіць дадатковыя.

Кіруючыся аб'ектыўнымі нацыянальнымі эканамічнымі інтарэсамі, урад лейбарыстаў заахвочваў канцэнтрацыю банкаўскага і прамысловага капіталу. У выніку напрыканцы 1960-х гг. 8 брытанскіх прыватных кампаніяў уваходзілі ў лік 20 буйнейшых у Заходняй Еўропе. Вялікабрытанія утрымлівала першую пазіцыю ў Еўропе па ўзроўні канцэнтрацыі вытворчасці. Асабліва высокія яе паказчыкі назіраліся ў ваенна-прамысловым комплексе, новых відах вытворчасці, шэрагу галінаў апрацоўваючай прамысловасці, а таксама ў экспартна-арыентаваных галінах.

Нягледзячы на слабую асабістую ўвагу прэм'ер-міністра, урад ініцыяваў правядзенне праз парламент некаторых законапраектаў, якія былі скіраваныя на далейшую лібералізацыю брытанскага грамадства. Пачаліся заканадаўчае абмежаванне выкарыстання смяротнай кары, дэкрыміналізацыя (скасаванне крымінальнай адказнасці) гомасексуалізму, лібералізацыя заканадаўства адносна абортаў, спрашчэнне працэдуры разводу і г.д.

Відавочнае запавольванне тэмпаў эканамічнага развіцця краіны і нарастанне сацыяльна-эканамічных, нацыянальных, расавых супярэчнасцяў у грамадстве напрыканцы 1960-х гг. знайшло сваё найбольш поўнае ўвасабленне ў абвастрэнні грамадска-палітычнай сітуацыі ў Паўночнай Ірландыі. Пасля фактычнага адасаблення большай часткі Ірландыі ад мітраполіі ў 1921 г. у складзе Злучанага Каралеўства засталіся толькі шэсць паўночна-усходніх графстваў вострава. Паўночная Ірландыя, г.зв. Ольстэр (ад назвы адной з чатырох гістарычных правінцыяў Ірландыі), карысталася абмежаваным самакіраваннем і мела ўласны парламент – Стормант. Панавала ў Ольстэры пратэстанцкая Юніянісцкая партыя, якая прадстаўляла, галоўным чынам, нашчадкаў англійскіх і шатландскіх каланізатараў і выступала за захаванне англа-ірландскай уніі 1800 г. Каталіцкая меншасць была фактычна бяспраўная і з'яўлялася аб'ектам дыскрымінацыі па рэлігійнай прыкмеце.

У 1967 г. была створана Паўночнаірландская асацыяцыя барацьбы за грамадзянскія правы. Восенню адна з арганізаваных ёй мірных дэманстрацый была разагнана паліцыяй і пры гэтым пацярпела 77 чалавек. Гэта паслужыла магутным штуршком для разрастання рэлігійна-этнічныхсупярэчнасцяў у краі. З абодвух бакоў разгарнулі дзейнасць радыкальныя і тэрарыстычныя сілы. Найбольш актыўнай пратэстанцкай групоўкай быў "Ордэн аранжыстаў", а каталіцкай – часовая Ірландская рэспубліканская армія (ІРА). У жніўні 1969 г. урад Г. Вільсана увёў у Паўночную Ірландыю рэгулярныя брытанскія войскі. Гэтак пачаўся Ольстэрскі (Паўночнаірландскі) канфлікт, які расцягнуўся на некалькі дзесяцігоддзяў.

Да парламенцкіх выбараў 1970 г. лейбарысцкі ўрад падышоў з трывожнымі сімптомамі ў эканоміцы, стратай даверу часткі сваіх традыцыйных выбаршчыкаў, непрадказальнасцю падзеяў ў Паўночнай Ірландыі і шэрагам няўдач у знешняй палітыцы. Таму іх вынікі не абяцалі правячай партыі нічога добрага. Сапраўды, лейбарыстам не дапамагла нават чарговая выбарчая рэформа, што прадугледжвала зніжэнне ўзроставага цэнзу да 18 гадоў. Кансерватары здабылі ўпэўненую перамогу і атрымалі трывалую большасць у Палаце абшчынаў (заваявалі 330 дэпутацкіх мандатаў). Новым прэм'ер-міністрам стаў лідэр кансерватараў Эдвард Хіт (1970-1974).


Просмотров 347

Эта страница нарушает авторские права




allrefrs.ru - 2021 год. Все права принадлежат их авторам!