Главная Обратная связь Поможем написать вашу работу!

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)






Парыжская мірная канферэнцыя. Версальская сістэма і яе супярэчнасці



Паставіць кропку ў першай сусветнай вайне павінна была Парыжская мірная канферэнцыя. (Паколькі яе пасяджэнні праходзілі ў сталічным прыгарадзе – Версалі, нараўне з назвай "Парыжская" выкарыстоўваецца і іншая – "Версальская".) Пачалася яна 18 студзеня 1919 г. і працягвалася да 28 чэрвеня 1920 г.

Удзел у канферэнцыі бралі звыш тысячы дэлегатаў з 27 краін (таксама прысутнічалі прадстаўнікі брытанскіх дамініёнаў ды Індыі). Краіны ўдзельніцы былі падзеленыя на чатыры катэгорыі:

- найбольш уплывовыя дзяржавы ("якія маюць інтарэсы найбольш агульнага характару") – Вялікабрытанія, ЗША, Італія, Францыя і Японія;

- дзяржавы, якія бралі ўдзел у сусветнай вайне ("якія маюць інтарэсы прыватнага характару") – Бельгія, Бразілія, брытанскія дамініёны, Грэцыя, Польшча і некаторыя іншыя;

- дзяржавы, якія знаходзіліся ў стане разрыву дыпламатычных адносін з "чацвярным блокам";

- нейтральныя і тыя дзяржавы, якія знаходзіліся ў стане стварэння.

Асаблівасцю гэтай канферэнцыі стала тое, што пераможаныя дзяржавы (таксама як ідэалагічна варожая Савецкая Расія), для ўдзелу ў ёй запрошаны не былі і вымушаны былі цярпліва чакаць прысуду пераможцаў. Работа канферэнцыі вялася ў 22 камісіях, але цэнтральнае значэнне для яе вынікаў адыгрывалі яе кіруючыя органы – Рада дзесяці, дзе былі прадстаўлены кіраўнікі ўрадаў і знешнепалітычных ведамстваў пяці вялікіх дзяржаў, і нефармальная "вялікая тройка" ў складзе старшыні канферэнцыі прэм’ер-міністра Францыі Жоржа Клемансо, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Дэвіда Лойд-Джорджа і прэзідэнта ЗША Вудра Вільсана.

Задачы мірнай канферэнцыі, галоўным чынам сфармуляваныя яшчэ ў студзені 1918 г. амерыканскім прэзідэнтам В. Вільсанам, зводзіліся да наступнага:

1. юрыдычна аформіць заканчэнне першай сусветнай вайны і падпісаць мірныя дагаворы з пераможанымі дзяржавамі;

2. цвёрда вызначыць дзяржаўныя межы новых дзяржаў і не дапусціць войнаў паміж імі;

3. стварыць усеабдымную міжнародную арганізацыю, якая б стала на абарону міру ва ўсім свеце і не дапусціла новай крывавай бойні;



4. выпрацаваць прынцыпы і формы ўзаемаадносінаў з Савецкай Расіяй, дзяржавай з прынцыпова адрозным грамадскім ладам.

Пры гэтым кожная з дзяржаў удзельніц звязвала з Парыжскай канферэнцыяй нямала ўласных спадзяванняў. Зразумела, толькі мацнейшыя маглі рэальна разлічваць на ўвасабленне сваіх мараў. Злучаныя Штаты, напрыклад, імкнуліся не дапусціць празмернага аслаблення Германіі, каб стрымліваць магутнасць Вялікабрытаніі і Францыі ў Еўропе. Вялікабрытанія, у сваю чаргу, займала падобную пазіцыю для абмежавання французскага ўплыву на кантыненце. Францыя жадала бачыць максімальна аслабленую Германію.

Пасля складаных абмеркаванняў 28 чэрвеня 1919 г. у Версальскім палацы быў падпісаны Версальскі мірны дагавор з Германіяй. На яе ўскладалася ўся адказнасць за развязванне сусветнай вайны, таму большая частка ўмоў дагавору насіла яўна прыніжальны характар для германскага боку і павінна была за кошт "вінаватага" узнагародзіць пераможцаў.

У адпаведнасці з яго палажэннямі Германія панесла значныя тэрытарыяльныя страты. Эльзас і Латарынгія вярталіся Францыі. У распараджэнне апошняй таксама пераходзілі вугальныя радовішчы Саарскай вобласці, якая на 15 гадоў пераходзіла пад міжнародны кантроль (прыналежнасць вобласці ў будучым павінна была вырашыцца на плебісцыце). Рэшткі германскай тэрыторыі не левым беразе Рэйну, а таксама 50-кіламетровая стужка на яго правым беразе абвяшчаліся дэмілітарызаванай зонай (тут забаранялася будаваць умацаванні і размяшчаць войскі). Германія прызнавала нейтралітэт Бельгіі і перадавала ёй акругі Эйпен, Мальмедзі і Марэнэ. У Шлезвігу і Гальштэйне для вызначэння будучага гэтых тэрыторыяў – па-ранейшаму германскага ці ўжо дацкага – меркавалася правесці плебісцыт. Германія пацвярджала незалежнасць Польшчы, якой даставаліся часткі Верхняй Сілезіі і Памераніі з выхадам да Балтыйскага мора (т.зв. "польскі калідор"). Тым самым Усходняя Прусія аказалася адрэзаная ад асноўнай часткі дзяржавы. Германія абавязвалася паважаць незалежнасць Аўстрыі ў яе новых межах. Гэта азначала фактычную забарону магчымага аб’яднання дзвюх германскіх дзяржаў (аншлюсу). Таксама была прызнана страта Данцыга і Мемеля, якія неўзабаве як Гданьск і Клайпеда ўвайшлі ў склад, адпаведна, Польшчы і Літвы. Гэткім чынам Германію пазбавілі 13% даваеннай тэрыторыі (67 тыс. км2) з насельніцтвам каля 5,5 млн. чалавек. Акрамя таго Германія страчвала каланіяльныя ўладанні і адмаўлялася ад усіх сваіх канцэсій і прывілеяў у Кітаі.



На Германію накладаліся цяжкія ваенныя абмежаванні. Падлягала скарачэнню германская армія: была забаронена ўсеагульная вайсковая павіннасць, яе колькасць абмяжоўвалася 100 тыс. чалавек, а афіцэрскі корпус не павінен быў перавышаць 4 тыс. чалавек. Германіі не дазвалялася ні вырабляць, ні купляць за мяжой новыя віды ваеннай тэхнікі і ўзбраенняў. Былі практычна ліквідаваны яе ваенная авіяцыя і бронетэхніка, да смешнага зменшаны некалі ўзорны ваенна-марскі флот.

У дагавор былі ўключаныя іншыя палажэнні, якія абмяжоўвалі яе палітычны, фінансавы і эканамічны суверэнітэт. Прызнаная вінаватай ў развязванні вайны, Германія павінна была выплачваць пераможцам рэпарацыі. Іх памеры планавалася вызначыць пазней. Як трапна заўважыў адзін з амерыканскіх удзельнікаў канферэнцыі: вырашаць у той момант суму рэпарацыйных выплат – "усё адно, што пытацца ў чалавека, які пáдае ў Ніягарскі вадаспад, за колькі той прадасць свайго каня".



10 верасня 1919 г. у парыжскім прадмесці Сен-Жэрмен-ан-Ле быў падпісаны дагавор з Аўстрыяй. Сен-Жэрменскі мірны дагавор афіцыйна замацоўваў распад Аўстра-Венгрыі і ўтварэнне на яе землях новых дзяржаў, у тым ліку самой Аўстрыі. У дакуменце прызнаваліся: страта Паўднёвага Ціролю і Істрыі на карысць Італьянскага каралеўства, пераход Багеміі, Маравіі Сілезіі да Чэхаславакіі і Галіцыі да Польшчы і ўключэнне Букавіны ў склад Румыніі. Далмацыя, часткі Заходняй Крайны, Карынціі і Шцірыі перадаваліся Каралеўству Сербаў, Харватаў і Славенцаў. У выніку з вялікай дзяржавы Аўстрыя пераўтварылася ў маленькую монаэтнічную горную краіну з тэрыторыяй, каля 84 тыс. км2 і насельніцтвам у 6,4 млн. чалавек.

Гэтак жа, як і Германіі, Аўстрыі быў забаронены аншлюс і прадпісвалася выкананне строгіх ваенных абмежаванняў, напрыклад, скарачэнне ўзброеных сіл да 30 тыс. чалавек. Хаця Аўстрыя таксама прызнавалася адказнай за развязванне вайны, выплачваць рэпарацыі ёй так і не прыйшлося, бо з-за катастрафічнага эканамічнага становішча ў 1922 г. ёй далі адтэрміноўку, а потым і ўвогуле адмовіліся ад іх спагнання.

27 лістапада 1919 г. краіны Антанты падпісалі ў прыгарадзе Парыжу Нёйі-сюр-Сен дагавор з Балгарыяй. Нёйіскі мірны дагавор пазбаўляў краіну выхаду да Эгейскага мора (Заходнюю Фракію пазней перадалі Грэцыі), Паўднёвая Дабруджа дасталася Румыніі, а чатыры памежныя акругі перайшлі ў склад КСХС. Разам тэрытарыяльныя страты Балгарыі склалі каля 11% даваеннай тэрыторыі. На краіну накладаліся рэпарацыйныя выплаты ў аб’ёме 1/4 яе нацыянальнага багацця (выплаты раскладаліся на 37 гадоў). У дагавор былі ўключаны артыкулы, якія моцна абмяжоўвалі яе вайсковую магутнасць.

Заключэнне пагаднення з Венгрыяй прыйшлося адкладваць з-за пачатку там рэвалюцыі і абвяшчэння Венгерскай Савецкай Рэспублікі. Дагавор быў падпісаны толькі 4 чэрвеня 1920 г. ў Трыянонскім палацы Версалю. Як і ў Сен-Жэрменскім дагаворы, у Трыянонскім мірным дагаворы канстатаваўся факт распаду Аўстра-Венгрыі і пазначалася немагчымасць аднаўлення дынастыі Габсбургаў. З былой "транслейтанскай" (венгерскай) часткі імперыі да Румыніі пераходзілі Трансільванія і ўсходняя частка Банату, да КСХС – Харватыя, Бачка і заходняя частка Банату, да Чэхаславакіі – Славакія і Закарпацкая Украіна і да Аўстрыі – Бургенланд. Гэткім чынам Венгрыю пазбавілі 2/3 тэрыторыі і насельніцтва. З ніводнай з пераможаных дзяржаў Антанта не абышлася настолькі жорстка. Падобна Аўстрыі, Венгрыя пераўтваралася ў маленькую (93 ты. км2) і монаэтнічную (каля 80% жыхароў – венгры) краіну.

Згодна з Трыянонскім дагаворам Венгрыі прадпісвалася адмовіцца ад абавязковай вайсковай павіннасці, скараціць армію да 35 тыс. чалавек і ліквідаваць цяжкія ўзбраенні.

Сеўрскі мірны дагавор з Турцыяй, падпісаны 10 жніўня 1920 г., узаконіў распад Асманскай імперыі, падзел і акупацыю яе тэрыторыі войскамі вялікіх еўрапейскіх дзяржаў. Вялікі нацыянальны сход Турцыі адмовіўся ратыфікаваць пагадненне з-за яго непрыхавана каланіяльнага характару. Паспяховая барацьба турак з акупантамі і нацыянальна-вызваленчымі сіламі суседніх народаў (армян, курдаў), перамога Кемалісцкай рэвалюцыі неўзабаве зрабілі дагавор нядзейсным.

4 ліпеня 1923 г. на міжнароднай канферэнцыі ў Лазане быў падпісаны новы Лазанскі мірны дагавор з Турцыяй, юрыдычна аформіў распад Асманскай імперыі і вызначыў дзяржаўныя межы (сучасныя) Турэцкай дзяржавы.

Адным з важнейшых вынікаў канферэнцыі ў Версалі стала ўтварэнне Лігі Нацый. Міжнародная арганізацыя была заклікана спрыяць развіццю супрацоўніцтва паміж народамі, гарантаваць мір і бяспеку. Стварэнне Лігі Нацый стала першай спробай фармавання прынцыпова новай міжнароднапалітычнай прасторы. Разам з тым, пад яе эгідай была ўсталяваная светабудова, якая найбольш адпавядала інтарэсам вялікіх дзяржаў.

Асабліва выразна супярэчнасць паміж гуманістычнай філасофіяй, на якой была заснаваная Ліга Нацыяў, і своекарыслівымі інтарэсамі мацнейшых праявілася ў перадзеле каланіяльнай спадчыны разбураных імперыяў. Для таго, каб некалькі прыкрыць свае непрыхавана каланіялісцкія памкненні, краіны пераможцы ўвялі г.зв "мандатную сістэму".

Пераможныя дзяржавы атрымлівалі мандат Лігі Нацыяў на кіраванне былымі калоніямі Германіі і Асманскай імперыі. Былыя асманскія землі былі аднесеныя да падмандатных тэрыторыяў першай катэгорыі і ў недалёкай перспектыве маглі разлічваць на набыццё незалежнасці. Падмандатныя тэрыторыі другой катэгорыі –былыя германскія калоніі Тога і Камерун – не маглі разлічваць на незалежнасць нават у нейкай аддаленай будучыні. Былыя германскія калоніі ў Ціхім акіяне, Паўднёва-Заходняй і Паўднёва-Усходняй Афрыцы практычна ператвараліся ва ўладанні дзяржаў, якім Ліга нацыяў перадавала мандаты на кіраванне, г.зн. Японіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўднёва-Афрыканскаму Саюзу. Найбольш ад мандатнай сістэмы выйгравалі буйнейшыя каланіяльныя дзяржавы – Вялікабрытанія і Францыя.

Нязгода амерыканскай дыпламатыі з мандатнай сістэмай, да якой у яе не было аніякага інтарэсу, прывяла да адмовы Кангрэсу ратыфікаваць Версальскі мірны дагавор і далучыцца да Лігі Нацый. Па відавочных прычынах па-за межамі новага міжнароднага форуму апынуліся пераможаная Германія і Савецкая Расія. Адсутнасць у складзе Лігі Нацый гэткіх важных для сусветнага міру і бяспекі дзяржаў безумоўна павінна была аслабіць і яе палітычную вагу, і выніковасць дзейнасці. Часткова гэтую праблему здолела вырашыць Вашынгтонская мірная канферэнцыя.


Просмотров 503

Эта страница нарушает авторские права




allrefrs.ru - 2021 год. Все права принадлежат их авторам!