Главная Обратная связь

Дисциплины:

Архитектура (936)
Биология (6393)
География (744)
История (25)
Компьютеры (1497)
Кулинария (2184)
Культура (3938)
Литература (5778)
Математика (5918)
Медицина (9278)
Механика (2776)
Образование (13883)
Политика (26404)
Правоведение (321)
Психология (56518)
Религия (1833)
Социология (23400)
Спорт (2350)
Строительство (17942)
Технология (5741)
Транспорт (14634)
Физика (1043)
Философия (440)
Финансы (17336)
Химия (4931)
Экология (6055)
Экономика (9200)
Электроника (7621)






Агульны стан вуснага маўлення ў школе і сістэма работы па яго развіцці на ўроках літаратуры



Мэты і задачы работы па развіццю маўлення.Развіццё вуснай і пісьмовай мовы на ўроках літаратуры мае на мэце павышэнне агульнаадукацыйнага ўзроўню вучняў, выпрацоўку навыкаў і ўменняў самастойнай дзейнасці, развіццё даследчых здольнасцей. Паспяховае авалоданне ведамі, усебаковае развіццё асобы вучняў, ідэйнае, маральнае і эстэтычнае іх выхаванне магчымыя толькі пры ўмове высокай культуры моўных зносін у школе і перш за ўсё на ўроку.

Яшчэ ў пачатковай школе дзеці авалодваюць неабходным запасам слоў і моўных зваротаў, якія забяспечваюць ім магчымасць весці нескладаную гутарку, расказваць пра пэўныя з’явы акаляючага жыцця вусна і пісьмова. У V – VIІI класах патрабаванні да моўнага развіцця школьнікаў павышаюцца. Школьная праграма прадугледжвае сістэматычнае ўдасканаленне іх моўных уменняў і навыкаў. У ёй сфармуляваны патрабаванні да развіцця навыкаў правільнага вымаўлення, выразнага чытання, свядомага карыстання вобразна-выяўленчымі сродкамі мовы ў вусных выказваннях і пісьмовых работах. У ІХ – XІІ класах патрабаванні да развіцця вуснай мовы, агульнай моўнай культуры вучняў яшчэ больш узрастаюць. Яны маюць на мэце вырашэнне комплексных задач адукацыі, выхавання і развіцця моладзі, накіраванасць навучання на канчатковы вынік, на развіццё самастойнасці вучняў, на фарміраванне ў іх творчага мыслення, умення працаваць з падручнікам, літаратурна-крытычнымі артыкуламі, складаць тэзісы, канспекты, пісаць сачыненні рознага віду, рэцэнзіі на прачытаную кнігу, прагледжаны кінафільм і інш.

Само паняцце развіцця маўлення выступае на сённяшні дзень як у навукова-метадычным, так і ў філасофска-псіхалагічным значэннях. Працэс авалодання маўленнем ідзе праз усё жыццё: ён непасрэдна звязаны з духоўным станаўленнем асобы, з узбагачэннем яе ўнутранага свету. Інтэнсіўнае развіццё маўлення школьнікаў адбываецца пры вывучэнні літаратуры, калі захоўваюцца і спалучаюцца тры падыходы: псіхалінгвістычны, лінгвадыдактычны і методыка-літаратурны, які непасрэдна ўлічвае магчымасці мастацкай літаратуры.



Найбольшы плён у працы па развіццю маўлення вучняў дасягаецца ва ўмовах камунікатыўнай дзейнасці. Таму ў педагагічную практыку настаўнікаў трывала ўваходзіць псіхалінгвістычны тэрмін “маўленчая дзейнасць”. Працуючы над развіццём маўлення школьнікаў на ўроках літаратуры, настаўніку неабходна абапірацца на веданне асаблівасцей камунікатыўнай дзейнасці, бо засваенне мовы (пашырэнне слоўнікавага запасу, удасканаленне тэхнікі маўлення) найбольш плённа адбываецца ў працэсе зносін.

На сённяшні дзень дамінуючым стаў дзейсны падыход да развіцця маўлення вучняў. Ён прадугледжвае, па-першае, узаемадзеянне маральна-эстэтычнага выхавання і маўленчага развіцця, сувязь апошняга з усімі кампанентамі ведаў па літаратуры, па-другое, выкарыстанне разнастайных метадычных форм і прыёмаў, па-трэцяе, захаванне сістэматычнасці, пераемнасці і практычнай накіраванасці дадзенай працы ў розных узроставых групах. З другога боку, у рэчышчы дзейснага падыходу для развіцця маўлення вылучаюцца наступныя накірункі: лексіка-фразеалагічная праца з тэкстам мастацкага твора і літаратурна-літаратурна-крытычнымі матэрыяламі; навучанне школьнікаў разнастайным відам і жанрам маналагічнай сітуацыі, калі вучням неабходна сціскаць і пашыраць, параўноўваць і проціпастаўляць, абагульняць і падсумоўваць матэрыял.

У такога роду навучальнай працы развіваюцца творчыя здольнасці, школьнікі разумеюць практычную накіраванасць сваёй дзейнасці, а таксама ацэньваюць уласныя магчымасці, што павышае зацікаўленасць у выніках. Такім чынам фарміруюцца свядомыя адносіны да інтэлектуальнай працы.



Вусная мова развіваецца праз:

- слуханне – гэта ўзорнае слова настаўніка, лекцыя, абмеркаванне вусных паведамленняў аднакласнікаў;

- чытанне – гэта чытанне тэкстаў літаратурных твораў, крытычных і іншых матэрыялаў, выразнае чытанне;

- назіранне – праца над мовай твора, лінгвістычны аналіз;

- выступленне – расказванне, пераказы, адказы на пытанні, разгорнутыя маналагічныя выказванні, выступленні з рэфератамі і дакладамі.

Ва ўсёй названай шматстайнасці ёсць стрыжнёвы тэхналагічны падыход. Вучняў важна нацэліць на тое, што рыхтуючыся выказвацца, неабходна намеціць асноўны тэзіс, яго сэрцавіну. Пасля прадумаць (у залежнасці ад жанру) падыход да гэтага сэнсавага вузла выступлення, а потым сфармуляваць высновы, канцоўку. Схема традыцыйная і, з аднаго боку, як бы фармальная, але, бясспрэчна, вуснае слова павінна мець сваю завязку, развіццё думкі, пэўную кульмінацыю і галоўную ідэю, галоўны тэзіс (выпрацоўку гэтага навыка настаўнік павінен трымаць пад пастаяннай увагай), які ён будзе выказваць, адстойваць. На аснове галоўнага тэзіса набудоўваецца схема, план выказвання, адносна апошняга размяшчэння ўвесь матэрыял, падбіраюцца прыклады, доказы, назіранні. Настаўніку ў гэтым працэсе важна захоўваць прынцып паступовасці, ісці ад больш простага да складанага. Калі вучні засвояць акрэсленую намі вышэй аснову і можна параўноўваць ужываць розныя метады разгортвання выказвання: храналагічны, канцэнтрычны, ступеньчаты, індуктыўны, дэдуктыўны, пытальна-адказавы і інш., вучыць выкарыстоўваць гэтыя метады ў залежнасці ад зместу матэрыялу.

Паспяховае развіццё вуснага маўлення рэалізуецца праз разнастайнасць форм працы. Таксама ад простага – адказ на пытанне, пераказ – да складанага – разгорнутае маналагічнае выказванне, даклад. Практычна колькасць канкрэтных заданняў невычарпальная – важна захоўваць асобасны падыход, выкарыстоўваць заданні, якія патрабуюць пасільнай самастойнасці мыслення, заахвочваюць да ўласнай творчасці.

Сістэма работ па развіццю вуснай мовы – гэта сукупнасць усіх відаў дзейнасці настаўніка і вучняў, накіраваная на далейшае развіццё і ўдасканаленне мовы апошніх, на ўзбагачэнне слоўнікавага запасу, на выпрацоўку ўмення лагічна выкладаць свае думкі, аргументаваць выказванні, гаварыць і чытаць выразна і эмацыянальна. Асноўнымі прыёмамі развіцця мовы вучняў з’яўляюцца выразнае чытанне, чытанне і завучванне на памяць, слоўнікавая работа, адказы на пытанні, пераказы, вуснае маляванне, складанне плана і інш.

Дзейсным сродкам развіцця вуснай мовы школьнікаў з’яўляецца павучанне іх выразнаму чытанню мастацкіх твораў. Вучыць выразна чытаць неабходна на кожным уроку. Узорам для вучняў павінна быць выразнае чытанне твораў самім настаўнікам або майстрамі мастацкага слова. Такое чытанне выклікае ў школьнікаў эстэтычную асалоду, садзейнічае лепшаму разуменню ідэйнага зместу твора, фарміраванню культуры вуснай мовы.

Вусная мова ў жыцці чалавека адыгрывае выключна важную ролю. У прафесіі настаўніка, тым больш філолага, жывое слова інструмент і сродак яго працы. З дапамогай слова настаўнік вучыць дзяцей пазнаваць свет, успрымаць літаратуру, быць грамадзянінам. Слова настаўніка павінна быць выразным, зразумелым, эмацыянальным. Такой самай павінна быць і мова вучняў, якую настаўнік фарміруе, развівае, узбагачае, удасканальвае разам з бацькамі, сродкамі масавай інфармацыі і інш. Менавіта яму належыць у гэтым працэсе дамінантная роля.

Першаснае знаёмства вучняў на ўроку з мастацкім творам адбываецца ў працэсе яго выразнага прачытання настаўнікам, уздзеянне жывога слова на слухача мацней за ўздзеянне друкаванага тэксту на чытача пры ўмове, што чытальнік данясе мастацкую сутнасць твора, правільна перадасць яго тон, стыль, эмацыянальную афарбоўку. Выразнае чытанне літаратурнага тэксту настаўнікам папярэднічае аналізу твора і служыць ключом да разумення яго зместу. Школьнікі найперш, як правіла, спрабуюць капіраваць інтанацыі настаўніка і чытаць твор з яго голасу (безумоўна, прыклад чытання настаўніка нельга цалкам адмаўляць), але варта ў навучанні выразнаму чытанню ісці шляхам аналізу, асэнсавання мастацкага тэксту. Галоўная задача настаўніка – арганізаваць спасціжэнне вучнямі ўнутранага зместу твора, яго тэмы, прадмета адлюстравання, праблематыкі, і галоўнае – выяўленне аўтарскіх адносін да герояў і падзей. Настаўнік пры гэтым засяроджвае ўвагу вучняў і на канкрэтным слове, сказе, страфе, на ўнутраным рытме твора, яго гучанні і адначасова на чытанні тэксту кожным.

Каб удасканаліць уласнае чытальніцкае майстэрства, вучню неабходна авалодаць цэлым комплексам спецыяльных уменняў (выпрацаваць фанацыйнае дыханне, правільнае вымаўленне, дасканалую дыкцыю, валоданне сваім голасам) і ўменняў літаратурных (эмацыянальна адгукацца на твор мастацтва слова, узнаўляць малюнкі і карціны, створаныя пісьменнікам, разумець пачуцці герояў і суперажываць ім, арыентавацца ў сістэме вобразаў, спасцігаць аўтарскую пазіцыю, правільна вызначаць мэты чытання, каб перадаць неабходныя думкі і пачуцці і дапамагчы слухачам зразумець твор мастацтва і атрымаць ад яго асалоду).

Выразнаму чытанню варта вучыць на высокамастацкіх творах.

Сістэматычныя заняткі па выразным чытанні садзейнічаюць правільнаму асэнсаванню мастацкага твора. Працэс падрыхтоўкі школьнікаў да выразнага чытання літаратурнага твора прадугледжвае некалькі этапаў:

арганізацыя настаўнікам першаснага ўспрымання тэксту – момант непасрэднага азнаямлення вучняў з мастацкім тэкстам (твор чытае сам настаўнік або майстар мастацкага слова), іх пачуццёвага ўзрушэння, эмацыянальнага водгуку на твор слоўнага мастацтва;

аналіз – асэнсаванне (з дапамогай настаўніка) зместу твора шасцікласнікамі і паглыбленне іх уражанняў, развіццё эстэтычнага пачуцця;

падрыхтоўка да чытання – вызначэнне выканальніцкай задачы і ўдакладненне момантаў, як дапамагчы вучням узнавіць літаратурны твор у жывым вучнёўскім чытанні.

Праца над выразнасцю чытання мастацкага твора пачынаецца са знаёмства з яго зместам. З вершамі і творамі, невялікімі па форме, вучняў знаёміць сам настаўнік, чытаючы іх у класе. Пачутае ці самастойна прачытанае асэнсоўваецца, чытаецца яшчэ раз, пасля чаго праводзіцца яго лагічны аналіз. Вучні вызначаюць тэму і задачу чытання. Пасля вызначэння тэмы і ідэі твора, яго сэнсавых частак праводзіцца лагічны аналіз. Лагічна правільна прачытаць тэкст значыць данесці да слухачоў яго змест. Гэта можна зрабіць цераз вызначэнне ў творы ключавых слоў, правільную расстаноўку паўз.

Найбольш значныя ў тэксце словы вымаўляюцца з большым акцэнтам, што робіцца з дапамогай лагічнага націску: асноўны націск ставіцца на самым значным па сэнсе слове, апорны на словах менш важных. Лагічныя паўзы, як і націскі, дапамагаюць перадаць змест твора. У час паўзы чытальнік мае магчымасць паглыбіцца ў сэнс твора, а слухачы асэнсаваць пачутае. Паўза дапамагае выканаўцу адчуць рэакцыю аўдыторыі, скарэкціраваць чытанне адпаведна яе настрою. Даўжыня паўз залежыць ад двух фактараў: эмацыянальна-інтанацыйнай напоўненасці твора і характару самога выканаўцы. Залішне зацяжныя паўзы стамляюць, расхалоджваюць аўдыторыю, празмерна кароткія павялічваюць тэмп чытання, што патрабуе напружанай працы думкі слухачоў. Выдзяляюць наступныя паўзы: кароткая, паўза першай даўжыні і паўза другой даўжыні. Кароткая паўза ставіцца звычайна ў канцы вершаванага радка, які не заканчваецца ніякім знакам прыпынку. У такім выпадку думка з гэтага радка як бы пераносіцца на другі, а паўза толькі падкрэслівае рытмічную структуру верша. Яе яшчэ называюць рытмічнай, прамежкавай ці нават вершаванай паўзай. Паўза першай даўжыні звычайна ставіцца на месцы косак і аддзяляе фраземы ў адным сказе. Паўза другой даўжыні ў 2 разы даўжэйшая за паўзу першай даўжыні і ставіцца звычайна на месцы кропкі, клічніка, пытальніка, двухкроп’я, працяжніка, шматкроп’я, калі стык фразем супадае са стыкам сказаў ці абзацаў.

Паралельна з вызначэннем лагічных націскаў і паўз патрэбна распрацоўваць партытуру ці, інакш кажучы, графічную схему чытання. У падручніках па методыцы выразнага чытання зафіксаваны наступныя ўмоўныя абазначэнні лагічных націскаў і паўз:

1. Асноўны націск _______ (слова падкрэсліваецца адной гарызантальнай рыскай).

2. Апорны націск ---------- (слова падкрэсліваецца пункцірам).

1. Кароткая паўза ┴ (перпендыкуляр).

2. Паўза першай даўжыні | (адна вертыкальная рыска).

3. Паўза другой даўжыні | | (дзве вертыкальныя рыскі).

Эмацыянальны бок твора перадаецца найперш цераз інтанацыю чытання. Голас чалавека то павышаецца, то паніжаецца, то гучыць на адным узроўні, тэмп яго робіцца то хуткім, то марудным, то пераходзіць у рытмічную аднастайнасць, гук то сціхае, то раптам выбухае з вялікай сілай. Усё гэта і складае інтанацыю чытання. Яе дамінантнай састаўной з’яўляецца мадуляцыя голасу, яго мелодыка. Выдзяляюць верхнюю і ніжнюю мадуляцыю. Пры распрацоўцы партытуры чытання верхнюю мадуляцыю абазначаюць стрэлкай уверх, ніжнюю стрэлкай уніз. Стрэлкі ставяцца над словамі, якія выдзяляюцца лагічнымі націскамі.

Немалаважнае значэнне пры захаванні правільнай інтанацыі чытання маюць псіхалагічныя паўзы, якія вызначаюць псіхалагічны стан чытальніка, дапамагаюць раскрыць унутраны свет героя, акцэнтуюць увагу на напружанасці развіцця дзеяння, пачуццяў у творы. На графічнай схеме чытання яны абазначаюцца значком, які нагадвае лацінскую літару V.

Пры падрыхтоўцы твора да чытання немалую ролю адыгрываюць правільнае вызначэнне аўтарскіх пачуццяў, закладзеных у змест, пазіцыя пісьменніка. Пачуцці мяняюцца ў адпаведнасці са зменамі эпічнага ці лірычнага сюжэту і ўплываюць на інтанацыю чытання. Інтанацыя выяўляецца таксама цераз сілу голасу і тэмп чытання. Абазначэннем мадуляцыі і псіхалагічных паўз, вызначэннем сілы і тэмпу чытання заканчваецца працэс распрацоўкі партытуры твора.

Чытанне тэксту будзе сапраўды эмацыянальным, калі яго выканаўца здолее ўявіць сабе мастацкія вобразы, карціны, дзеянне твора. Настаўнік дапамагае вучням выклікаць у іх вобразныя бачанні, якія складуцца ў своеасаблівую ўяўную кінастужку падзей. Тут нязменным дарадчыкам паслужаць вучнёўская фантазія, вопыт, набыты з прачытаных кніг, тэле-, відэа-, кінафільмаў, расказаў старэйшых людзей.

Пры падрыхтоўцы твора да чытання неабходна ўлічваць яго родавую і жанравую прыналежнасць.

У працэсе навучання школьнікаў уменням выразнага чытання нярэдка выкарыстоўваюцца тэхнічныя сродкі навучання, лінгафонныя кабінеты, аўдыё і відэатэхніка. Яе найбольшая карысць выяўляецца пры выпрацоўцы ў вучняў нормаў арфаэпіі, параўнанні свайго чытання з чытаннем майстроў слова, .аналізе варыятыўнага чытання. ТСН не варта захапляцца, трэба памятаць, што жывы кантакт настаўніка з вучнем не зможа замяніць ніякая самая дасканалая тэхніка, асабліва пры першасным знаёмстве з творам.

Важным сродкам узбагачэння памяці і мовы, развіцця і выхавання школьнікаў, прывіцця любві да літаратуры з’яўляецца завучванне мастацкіх тэкстаў па памяць. Два шляхі завучвання на памяць: запамінанне твора па частках, паступова, і адразу цэлага, ад пачатку да канца. Выбар канкрэтнага шляху залежыць ад асабістых схільнасцей вучня, ад тыпу яго памяці і г. д.

Паказчыкам развітасці мовы вучняў з’яўляецца іх слоўнікавы запас. Павялічваецца ён за кошт як авалодання новымі лексемамі, так і ўдакладнення значэння і сферы ўжывання ўжо вядомых слоў. Таму надзвычай важнай з’яўляецца дзейнасць настаўніка па ўзбагачэнню і актывізацыі слоўнікавага запасу школьнікаў. Даўно вядома, што асаблівае значэнне ў папаўненні слоўнікавага запасу мае чытанне. Чым болей чытае вучань, тым багацейшы яго слоўнік. Настаўнік павінен, аднак, памятаць, што чытанне само па сабе не забяспечыць вырашэнне гэтай задачы. Неабходна пастаянна ўдзяляць увагу выяўленню значэнняў слоў і правільнаму ўжыванню іх у мове, лексіка-семантычнай і тэматычнай групоўцы слоў, авалоданню ўменнямі звязнага і лагічнага выкладання думак.

Слоўнікавая работа павінна весціся не ізалявана ад зместу твора і яго формы. Каб вучні авалодалі навыкамі весці менавіта такі аналіз, рабіць лексічныя назіранні і абагульняць іх, яны павінны зразумець і адчуць неабходнасць ужывання таго або іншага слова ў творы, яго адпаведнасць аўтарскай задуме. Для таго каб пэўнае слова перайшло ў актыўны запас вучняў, яго неабходна замацаваць у вуснай і пісьмовай мове. З гэтай мэтай на ўроках літаратуры настаўнік дабіваецца, каб школьнікі ўжывалі іх у вусных адказах і ў пісьмовых работах. Характэрным недахопам мовы вучняў з’яўляецца таўталогія. Пры аналізе твораў неабходна звяртаць увагу на сінонімы, сінанімічныя рады. Можна, напрыклад, прапанаваць вучням наступныя практыкаванні з сінонімамі: знайсці сінонімы ў тэксце, правесці іх класіфікацыю; аб’яднаць сінонімы ў сінанімічныя рады, растлумачыць сэнсавыя і эмацыянальныя адценні кожнага слова раду; падрыхтаваць вуснае паведамленне з выкарыстаннем прапанаваных сінонімаў; запісаць тэкст, замяняючы ў ім словы, якія паўтараюцца, сінонімамі і г. д.

Вялікую ролю ў развіцці вуснай мовы вучняў адыгрывае авалоданне эпітэтамі. З гэтай мэтай даюцца розныя заданні: знайсці ў тэксце эпітэты і растлумачыць іх ужыванне; прыняць удзел у конкурсе на лепшае выкарыстанне эпітэтаў пры вусным пераказе або ў ізлажэнні; адрэдагаваць тэкст – ліквідаваць у ім няўдалыя эпітэты і замяніць іншымі словамі; падабраць эпітэты для апісання колеру неба і сонца, букета палявых кветак і г. д. Паколькі дзейснай формай павышэння эфектыўнасці слоўнікавай работы на ўроках літаратуры з’яўляецца лексічны аналіз мастацкіх тэкстаў, неабходна імкнуцца развіваць вусную мову школьнікаў не шляхам вылучэння ў творы асобных слоў ці выразаў і іх фармальнай канстатацыі, а правядзеннем вялікай мэтанакіраванай работы над тэкстам, яго ідэйна-мастацкімі вартасцямі. Толькі ў гэтым выпадку развіццё вуснай мовы школьнікаў арганічна спалучаецца з агульным працэсам навучання.

Садзейнічаюць узбагачэнню слоўніка вучняў, развіццю іх вуснай мовы пытанні і заданні па ідэйнаму зместу прачытаных твораў, па артыкулах падручнікаў, крытычнай літаратуры і г. д. Кожнаму этапу вывучэння твора адпавядаюць пэўныя віды пытанняў, вусных і пісьмовых практыкаванняў па развіццю мовы школьнікаў: на ўступных занятках – слова настаўніка як узор правільнай, вобразнай, выразнай мовы, каментарый некаторых слоў і выразаў; пры чытанні і засваенні зместу – выразнае чытанне, складанне планаў, вусны пераказ, завучванне ўрыўкаў на памяць, слоўнікава-фразеалагічная работа; на этапе аналізу – гутарка аб моўным майстэрстве пісьменніка, раскрыццё ролі і значэння вобразна-выяўленчых сродкаў, разнастайныя лексіка-фразеалагічныя практыкаванні і заданні; на заключных занятках – пераказы, складанне планаў, разнастайныя творчыя работы, ізлажэнні, сачыненні.

На ўсіх гэтых этапах вялікае значэнне мае сістэма лагічна прадуманых, грунтоўных і метадычна апраўданых пытанняў. Гутарка па пытаннях пры аналізе мастацкага тэксту з’яўляецца своеасаблівай падрыхтоўкай да звязнага пераказу на наступных уроках, да сачынення, у працэсе якіх яшчэ раз асэнсоўваецца прачытанае, замацоўваюцца моўныя навыкі і ўменні вучняў.

Пытанні настаўніка павінны адрознівацца выразнасцю і дакладнасцю фармуліровак, быць паслядоўнымі і лагічна зладжанымі. Задаючы імправізаваныя, прыдуманыя наспех пытанні, настаўнік парушае дыдактычныя прынцыпы свядомасці, трываласці, сістэмнасці вучэбнага працэсу. Акрамя таго, адказы на пытанні, якія ўзнікаюць стыхійна, не могуць выявіць сапраўднай глыбіні і якасці ведаў, моўнай і літаратуразнаўчай падрыхтоўкі школьнікаў.

Урок мастацкага расказвання. Узор мастацкага расказвання казкі дзеці чулі з вуснаў настаўніка, калі вывучалі народныя казкі. Пяцікласнікі ўжо ўсвядомілі, што казка дайшла да сваіх слухачоў дзякуючы казачнікам, якія з’яўляліся не толькі распаўсюджвальнікамі, захавальнікамі, але і стваральнікамі народнага эпасу. Патрэбна, аднак, улічваць той факт, што сёння вучні знаёмяцца з казкай у большасці выпадкаў праз друкаванае слова. Таму настаўніку неабходна пераканаць навучэнцаў, што казка ажывае, выяўляе сваю адметнасць толькі ў вуснай перадачы, і сёння мы маем багацейшую эпічную вусную спадчыну толькі дзякуючы руплівай працы казачнікаў, якія з пакалення ў пакаленне, з вуснаў у вусны, як самы мудры запавет жыцця перадавалі гэтыя творы фальклору. Важна, каб вучні ўсвядомілі значэнне казачнікаў у духоўным жыцці нашага народа і адчулі сябе прадаўжальнікамі гэтых традыцый.

Перш за ўсё неабходна вылучыць эпізоды, якія ствараюць казачны сюжэт, затым высветліць асноўную думку кожнага эпізоду, скласці план казкі. Асабліва карпатлівай адпрацоўкі патрабуе расказванне першага эпізоду. Разам з настаўнікам вучні высвятляюць, як яго лепш пачаць і закончыць, у чым ісці за тэкстам, змешчаным у падручніку, а дзе адступіць. Такой працы патрабуюць тыя раздзелы, дзе ёсць дыялогі, таму трэба высветліць, дзе іх трэба захаваць цалкам, а дзе скараціць. Настаўніку патрэбна зарыентаваць клас на выкарыстанне казачных формул. Пасля таго, як адпрацуецца ўменне расказваць асобныя часткі казкі, неабходна звярнуць увагу на тое, як іх лепш звязаць паміж сабой.

Мастацкае расказванне – тэатр аднаго акцёра, таму важна, каб вучні-казачнікі помнілі пра спалучэнне слова з мімікай і жэстам, улічвалі рэакцыю аўдыторыі, імкнучыся словам уздзейнічаць на яе. Падрыхтоўчая праца завяршаецца трэніровачнымі практыкаваннямі ў расказванні ўсёй казкі. Мэтазгодна падключыць клас да ацэнкі расказанай іх таварышам казкі.

Урокі па навучанні падрабязнаму пераказу. У пачатку ўрока настаўніку трэба высветліць, ці ведаюць сутнасць і адметнасць падрабязнага пераказу. Калі высветліцца, што гэтыя веды недастатковыя, то трэба шляхам гутаркі вызначыць асноўныя адметнасці гэтага віду пераказу. Пры падрыхтоўцы да яго важна стварыць на ўроку ўмовы, каб у вучня з’явілася жаданне заняцца такой творчай працай. З гэтай мэтай настаўнік просіць клас перачытаць твор яшчэ раз і падзяліцца тымі пачуццямі, якія ён выклікаў. Там прыведзены і план урыўка, карыстаючыся якім вучні вызначаюць межы кожнай часткі, выразна перачытваюць іх і спрабуюць пераказаць, захоўваючы лагічную паслядоўнасць і ужываючы аўтарскія словы. Пасля папярэдне праведзенай працы гэта будзе не механічнае запамінанне тэксту, а яго ўсвядомленае разуменне.

Урокі па навучанні сцісламу пераказу.Традыцыйна навучанне сцісламу пераказу адбываецца пасля таго, як вучні авалодалі ўменнем перадаваць змест твора падрабязна. Настаўнік арганізуе назіранні падлеткаў за гэтымі двума відамі пераказу шляхам іх параўнання на прыкладзе аднаго і таго ж твора ці ўрыўка з яго, высвятляючы пры гэтым, што ў іх агульнае і што рознае. Не адмаўляючы такога метадычнага падыходу, лічым мэтазгодным і іншае метадычнае рашэнне. Спачатку прачытаць, скласці план. Далей трэба прапанаваць вучням заданне падзяліць змест аповесці на сэнсавыя часткі, якія адпавядаюць пунктам плана. Пасля гэтага аналізуецца кожная частка і высвятляецца асноўнае і другараднае ў ёй. На падставе асноўнага ствараецца калектыўны варыянт сціслага пераказу. Такім чынам замацоўваецца ўменне асэнсоўваць змест кожнай часткі, свядома, а не механічна адбіраючы асноўнае і выключаючы другараднае.

Наступны этап працы па навучанні сцісламу пераказу звязаны з самастойнай падрыхтоўкай вучнямі пераказу ўсяго твора.

Складаным для вучняў будзе ўменне спалучаць асобныя часткі ў цэлае, надаваць свайму выказванню сэнсава-лагічную завершанасць, пераказваць падзеі сваімі словамі з выкарыстаннем слоў аўтара (апошнія могуць выступаць як своеасаблівыя гатовыя блокі). Таму значнае месца на ўроку патрэбна адвесці на працу па скарачэнні і рэдагаванні зместу пераказу. Такая работа дапаможа вучням рабіць вывады, абгрунтоўваць свае меркаванні. Заняткі па навучанні сцісламу пераказу дапамогуць у выпрацоўцы ўмення канспектыўна выкладаць матэрыял.

Творчы пераказ. Творчым пераказам належыць асаблівая роля ў развіцці лагічнага мыслення, чытацкіх уяўленняў вучняў, навыкаў звязнай мовы. Вылучаюць такія яго разнавіднасці, як змена простай мовы ўскоснай, цяперашняга часу на прошлы ці наадварот, першай асобы на трэцюю і інш. Каб вучні здолелі пераказаць твор або ўрывак з яго са зменай асобы апавядальніка, ім трэба добра ўяўляць таго героя, ад імя якога яны будуць весці апавяданне. З гэтай мэтай варта правесці гутарку, накіраваную на высвятленне поглядаў героя на жыццё, яго перакананняў, характару адносін з іншымі персанажамі. Затым неабходна яшчэ раз перачытаць твор і скласці план творчага пераказу.

Пасля складання і абмеркавання плана можна папрактыкавацца ў пераказе. Поспех будзе дасягнуты, калі вучні навучацца пераўвасабляцца ў герояў прачытаных твораў, а сваё разуменне персанажаў раскрыюць праз характэрныя для іх мову, міміку і жэсты.

Выбарачны пераказ.Падрыхтоўка вучняў да выбарачнага пераказу павінна пачынацца з працы па ўсведамленні яго тэмы, бо пераказаць выбарачна значыць выбраць з твора тую частку, якая адпавядае асобнаму пытанню. Калі, напрыклад, пераказ накіраваны на выяўленне літаратурнага характару, то неабходна, каб вучні выразна ўсведамлялі, што значыць ахарактарызаваць героя твора; ахарактарызаваць літаратурнага героя значыць даць ацэнку яго дзейнасці, удзелу ў грамадскім жыцці, працы, адносін да іншых людзей, акаляючага свету.

Наступным этапам урока будзе адбор матэрыялу, які дапаможа вырашыць пастаўленую задачу. Вучні павінны ўмець выдзяляць са зместу твора ўсе тое, што адносіцца да прапанаванай ім тэмы, сканцэнтроўваць на гэтым сваю ўвагу, а таксама сачыць за тым, каб у выбарачны пераказ не ўключыць матэрыял, не звязаны з тэмай. Пры характарыстыцы літаратурнага героя ўвагу сямікласнікаў неабходна скіроўваць не толькі на дзеянні і ўчынкі героя, але і на мову, якая выяўляе душэўны стан чалавека, з дапамогай якой можна намаляваць яго партрэт. Паза ўвагай класа не могуць застацца і адносіны аўтара да свайго героя.

Пасля таго як будзе выбраны і асэнсаваны матэрыял, неабходна аб’яднаць асобныя часткі так, каб атрымаўся пераказ, у якім вучні выкажуць свае адносіны да прачытанага, а вывады падмацуюць вытрымкамі з тэксту.

 


Просмотров 1530

Эта страница нарушает авторские права

allrefrs.ru - 2020 год. Все права принадлежат их авторам!